пятніца, 10 лютага 2012, Менск 08:22

Грамадзтва

ЖРЭА патрабуе ад "Новага жыцьця" вызваліць будынак

Заўчора ўвечары на тэрыторыю пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, што ў менскім мікрараёне Сухарава, прыехалі людзі ў цывільным, якія назваліся прадстаўнікамі ЖРЭА Маскоўскага раёну. На словах гэтыя людзі паведамілі, што пасьля адпаведнай пастановы Вышэйшага гаспадарчага суду яны атрымалі загад Менгарвыканкаму паставіць на свой балянс будынак царквы.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Пра падрабязнасьці прыезду чыноўнікаў апавядае сьведка – юрыст “Новага жыцьця” Сяргей Луканін:

“Прыехала дзяржаўная “Волга”, зь якой выйшлі два чалавекі. Дакумэнты запатрабавалі, не адрэкамэндаваўшыся. Сказалі, што ўжо за будынак ўнесены грошы Менгармаёмасьцю. Я паведаміў ім: тыя грошы – 37 з паловай мільёнаў – мы вярнулі назад. І што царква “Новае жыцьцё” накіравала ліст у Менгарвыканкам, што мы адмаўляемся ад пераезду ў іншае месца і пакідаем будынак за сабой. На што прадстаўнік ЖРЭА сказаў, што яны павінны будуць прымаць меры для выкананьня загаду і што, па яго словах, “хутка яшчэ сустрэнемся”. На пытаньне, якія меры будуць прымаць, адказаў – “убачыце”.

Каб высьветліць, хто прыяжджаў насамрэч, тэлефаную намесьніку начальніка ЖРЭА Маскоўскага раёну Дзьмітрыю Сушко. Адказ зьдзівіў:

“А пра які будынак ідзе гаворка? Я ня ведаю, дзе царква “Новае жыцьцё”. А пры чым тут я? Я ня веру, што мы займаемся нейкім кароўнікам, бо кароўнікаў у нас на балянсе няма. Ня ведаю, кім мусіруецца, але ад вас я чую пра гэта першы раз...”

Загадчык аддзелу нежылога фонду ЖРЭА Ўладзімер Ерафееў, аднак, унік у сытуацыю, як кажуць, зь лёту.

“Гэта былі мы – вядома! Даручэньне – паглядзець, ці выкарыстоўваецца памяшканьне. Напісалі “акцік” і перадалі юрыдычнаму аддзелу. Зь ім зьвязвайцеся...”

Тэлефаную загадчыцы юрыдычнага аддзелу Людміле Булызе:

“У царквы “Новае жыцьцё” ўсе дакумэнты ёсьць. Ёсьць рашэньне касацыйнай калегіі Вышэйшага гаспадарчага суду ад 5 сакавіка, дзе ўсе патрабаваньні царквы пакінутыя без задавальненьня – і пра тое, каб зарэгістраваць правы на зямельны ўчастак і адмяніць рашэньні гораду. Ім трэба вызваляць памяшканьне, зямельны ўчастак у сувязі з тым, што ідзе нямэтавае выкарыстаньне. Пастанову суду будуць выконваць судовыя выканаўцы...”

Камэнтар юрыста царквы “Новае жыцьцё” Сяргея Луканіна:

“У Вышэйшым гаспадарчым судзе было відавочна, што ўсе законы на нашым баку, калі судзьдзя ставіла ў тупік прадстаўнікоў Менгарвыканкаму – яны нічога не маглі адказаць. Але потым выносіліся рашэньні супраць нас. Мы адчуваем, што выконваюць загад. Мы не пакінем свайго будынку, калі ўсе судзьдзі краіны зьбяруцца разам і падпішуць нейкую пастанову. Ня ведаем, ці скончыцца гэта зноў АМАПам і галадоўкамі вернікаў. Мы ведаем, што Бог за нас, і мы пераможам”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.