Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўдачнік “Эўрабачаньня” Ялфімаў зьбіраецца да Лукашэнкі


Беларускі сьпявак, які ня выйшаў у фінал конкурсу “Эўрабачаньне”, Пятро Ялфімаў, абвінавачвае ў сваёй няўдачы кіраўніцтва беларускай дэлегацыі, а таксама журналістаў Беларускага тэлебачаньня, якія не зьвярталі на яго ўвагі ў Маскве.


"Комсомольская правда" в Белоруссии" зьмешчае інтэрвію са сьпеваком. "Мне вельмі хацелася б, каб Аляксандр Лукашэнка задаў пытаньне: куды ж пайшлі грошы на падрыхтоўку сьпевака, і чым беларуская дэлегацыя тут займалася", -- паведамляе газэта меркаваньне Пятра Ялфімава, які заявіў, што зьбіраецца пайсьці на прыём да кіраўніка Беларусі.

"Народная воля" праз гутарку зь вядомым дырыжорам з Украіны Віктарам Пласкінам падымае праблемныя пытаньні ня толькі разьвіцьця культуры, але і палітыкі. Распавядае журналістка Марына Коктыш.

"Я рабіла рубрыку "За кубачкам кавы" з галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатру опэры і балета Віктарам Пласкінам. Мы размаўлялі ня толькі пра тэатар, але і пра чыноўнікаў, пра палітыку, параўноўвалі, як жывецца артыстам ва Ўкраіне і ў Беларусі".

Як жывецца дробным беларускім прадпрымальнікам? Пра гэта паведамляе чарговы нумар інфармацыйнага бюлетэня "Мы і рынак", які выпускае ў Віцебску былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Паводле Сяргея Парсюкевіча, ягонае выданьне карыстаецца попытам ня толькі ў Віцебску, але і ў Магілёве і Гомелі. У чым сакрэт папулярнасьці?

"Асноўнай тэмай апошніх двух выпускаў была сытуацыя вакол ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, галадоўка Аўтуховіча, акцыі падтрымкі. Таксама аналізуем палітычныя падзеі ў краіне, падзеі, зьвязаныя з прадпрымальніцтвам. Дзе падаткі паднялі, дзе страйк адбыўся. Матэрыял зьбіраецца і пішацца. Аналітыку ці я пішу, ці адмыслоўцы. Вось ў апошнім нумары быў артыкул пра сэртыфікацыю – вельмі балючую тэму для індывідуальных прадпрымальнікаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG