Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Барозу і іншыя казлы

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка ў часе паездкі па Гомельшчыне, адказваючы на пытаньне — чаму ён не наведвае разам з прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі Чарнобыль, заявіў, што гэтае пытаньне трэба адрасаваць украінскаму кіраўніцтву.

"Вашывасьці хапае ў кіраўнікоў Украіны"

Па яго словах, Кіеў пачаў танчыць пад дудку Брусэлю ў адносінах да Беларусі: «На жаль, вашывасьці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны, — цытуе Лукашэнку «Інтэрфакс».

Вашывасьці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны
Апроч таго, Лукашэнка назваў «нягоднікамі» тых, хто намагаецца ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі: «Проста нягоднікі. Таму не хачу гаварыць аб усялякіх Барозу, іншых казлах, быках і таму падобных».

Лукашэнка: падазраваны ў тэракце ў менскім мэтрапалітэне 11 красавіка разглядаў і іншыя варыянты выбухаў.

"Калі б мы цяпер гэта не спынілі, то былі б выбухі ў цягніку, а ён гэта бачыў па "Неўскім экспрэсе", на аўтобусным прыпынку і ў аўтобусе. Усё, як у Расіі, а выкладваюць гэта ўсё ў Інтэрнэце", -- заявіў Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, "гэты чалавек асвоіў гэтае рамяство, бачачы ўсё гэта па тэлебачаньні і вывучаючы ў Інтэрнэце". "Гэта зь яго паказаньняў", -- сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: за сьпіной падазраванага ў зьдзяйсьненьні тэракту ніхто не стаіць

Паводле Лукашэнкі, "на нашае шчасьце, ніякай сыстэмы тут няма (у выкананьні тэрактаў)". "Да гэтага часу ні сьледчыя, ні апэратыўнікі не паведамілі, што гэта была група змоўшчыкаў, якія працавалі на нейкія сілы", -- працягнуў А.Лукашэнка. Ён таксама ня бачыць у тэракце ў мэтро міжрэлігійнай або міжнацыянальнай асновы. "Нават палітычна мы тут нічога не выявілі пакуль", -- заявіў ён. "Проста ўнікальны чалавек, якому задавальненьне дастаўляла тое, што ён тэрарыст", -- адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у часе допытаў па выбуху 3 ліпеня на Дзень незалежнасьці ў 2008 годзе затрыманы заявіў: "Я пакрыўдзіўся, што гэта было кваліфікавана, як злоснае хуліганства, а не тэракт. А я хачу быць тэрарыстам, я хачу ўвайсьці ў гісторыю", -- сказаў А.Лукашэнка, цытуючы затрыманага ў справе аб тэракце ў менскім мэтро.

Лукашэнка падкрэсьліў, што "сьвет рухаецца да глыбокай інтэграцыі, узаемапранікненьня. На жаль, і гэта ўсё інтэгруецца". Таму, паводле яго, "праблемы Расеі сталі праблемамі Беларусі, а праблемы Беларусі сталі праблемамі Расеі". "Ад гэтага нікуды не падзенесься", -- заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь «ні пры якіх умовах не адмовіцца ад будаўніцтва атамнай электрастанцыі»:

«АЭС у Беларусі будзе збудаваная, гэта пытаньне часу», — заявіў ён. І, як перадае «Інтэрфакс», прывёў дадзеныя: у Францыі АЭС даюць 80% электраэнэргіі, у Заходняй Эўропе — 30%. Лукашэнка таксама заклікаў беларусаў не зьвяртаць увагі на лямант «праплочанай» апазыцыі.

Лукашэнка не разьлічвае на дапамогу

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не разьлічвае на дапамогу міжнароднай супольнасьці ў справе ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, паведамляе агенцтва Інтэрфакс.

“Я іх прасіць ня буду, яны нам адвалілі аж паўпрацэнты ад усіх затратаў, якія мы выдаткавалі на адраджэньне гэтых зямель... Але ж ня мы эксплуятавалі (Чарнобыльскую АЭС – Свабода), ня мы ўзрывалі. Гэта – гора наша, але прычыны ня ў нас... Калі б яны былі сумленнымі, дык нам дапамаглі б. А так – яны плоцяць тым, хто часткова нарадзіў гэтую праблему, яны ім, «пятай калёне», плоцяць. Значыць, ім не адраджэньне патрэбна, ім патрэбна наша гібель. Але яны гэтага не дачакаюцца” - заявіў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG