Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнікі, пра якія ня дбае ўлада


За 17 гадоў незалежнасьці ў Беларусі сіламі грамадзкіх актывістаў, краязнаўцаў усталявана некалькі дзесяткаў новых помнікаў слынным дзеячам Бацькаўшчыны.

Пераважная большасьць гэтых скульптураў, помнікаў і надмагільляў знаходзяцца ў рэгіёнах. Хто і як даглядае іх?

Нядаўна ў вёсцы Парэчча на Піншчыне, дзе жыў першы кіраўнік ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі Раман Скірмунт, усталяваны яшчэ адзін памятны знак. Паведамляе пінскі краязнаўца Аляксандар Рамановіч:

“Усталяваны вялікі камень, які яшчэ калісьці прывёз сам Раман Скірмунт. Гэты камень знаходзіцца цяпер на відным месцы, і да яго прымацаваная памятная шыльда”.

Шыльда — з граніту. На ёй надпіс: “У вёсцы Парэчча нарадзіўся і жыў вядомы беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868-1939)”. Гэта, па сутнасьці, першае афіцыйнае прызнаньне мясцовымі ўладамі ролі Скірмунта ў гісторыі беларускай дзяржавы.

Рамана Скірмунта застрэлілі пры бальшавіках у 1939-м. За савецкім часам на месцы пахаваньня не было ніякага помніка. Толькі ў 1990-я гады пінскія дэмакраты паклапаціліся пра апошні прытулак Скірмунта, яго жонкі і жончыных братоў. Аляксандар Рамановіч працягвае:

“Вырабілі жалезны крыж, добраўпарадкавалі месца тратуарнай пліткай. На крыжы прымацаваная шыльда. Гэтае надмагільле цяпер выдатна выглядае. Я нават бачыў, што здымак яго зьмешчаны ў адным з фотаальбомаў”.

Менавіта ў рэгіёнах дадаецца помнікаў славутым асобам беларускай гісторыі.

  • У Полацку — Усяславу Чарадзею, Эўфрасіньні Полацкай і Сімяону Полацкаму,
  • у Наваградку — Міцкевічу,
  • у Бабруйску — Дуніну-Марцінкевічу,
  • у Заслаўі — Рагнедзе і Ізяславу,
  • у вёсцы Мурагі на Віцебшчыне — Яну Баршчэўскаму,
  • у Сьвіслачы — Рамуальду Траўгут

Шарагоўцы ня толькі даглядаюць помнікі, але дбаюць і пра стварэньне новых. Удакладняе берасьцейскі гісторык Ігар Бараноўскі:
“Цяпер у нас зь сябрамі ёсьць жаданьне наведаць Лунінеччыну, дзе быў “Зялёны дуб”, Булак-Булаховіч і застаюцца невядомыя пахаваньні дзеячаў, які толькі-толькі становяцца вядомыя шырэйшай грамадзкасьці.

У справе ўшанаваньня шмат залежыць ад матэрыяльнага становішча. Бізнэс беларускі цяпер баіцца фінансаваць такія мерапрыемствы. Праекты ад замежных фундатараў таксама ў Беларусі складана рэалізаваць, “дзякуючы” цяперашняму беларускаму заканадаўству“.

Праблемы гэтыя, як лічыць філёзаф Валянцін Акудовіч, — з-за таго, што цяперашняя беларуская ўлада выйшла з былога камуністычна-камсамольскага асяродзьдзя.

“Яны і па сёньня трымаюць яго дамінацыю. У дадзеным выпадку нават больш цікава тое, што гэтыя ж улады ўсё-ткі пакрысе дазваляюць нацыянальнай гістарычнай Беларусі выяўляцца тут у помніках. І раней ці пазьней, безумоўна, адбудзецца і ў гэтай справе радыкальная зьмена ў дачыненьні да сваёй гістарычнай памяці”, — робіць выснову Валянцін Акудовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG