чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 22:58

Грамадзтва

“Хачу, каб мяне судзілі прынародна!”

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік скончыў знаёмства са справай, распачатай супраць яго абласной управай КДБ. У хуткім часе дакумэнты будуць перададзеныя ў пракуратуру, а пасьля — у суд. Сваёй віны ні ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, ні ў паклёпе на прэзыдэнта праваабаронца па-ранейшаму не прызнае.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
СЛУХАЦЬ:


Паводле Леаніда Сьвеціка, матэрыялы крымінальнай справы супраць яго займаюць 11 тамоў па 250-300 старонак кожны. У распальваньні міжнацыянальнай варожасьці паводле артыкулу 130 часткі 1 Крымінальнага кодэксу яго вінавацяць з нагоды зьяўленьня ў Віцебску лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”, якія цягам 2006-2007 гадоў атрымлівалі мясцовыя грамадзкія і апазыцыйныя актывісты. Перасьлед з боку КДБ спадар Сьвецік лічыць помстай за праваабарончую дзейнасьць — за тое, што дапамагаў абражаным актывістам складаць скаргі ў міліцыю і пракуратуру, каб адказныя структуры знайшлі тых, хто дасылае гэтыя лісты. Міліцыянты адмаўляліся шукаць аўтараў, цьвердзячы, што іх знайсьці немагчыма, бо арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістраваная.

Леанід Сьвецік, у сваю чаргу, неаднаразова падкрэсьліваў, што за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый у Беларусі караюць, згадваючы прыклад “Маладога фронту”, і патрабаваў, каб актывістаў РНЕ таксама прыцягнулі да адказнасьці. Але ў крымінальнай справе, распачатай урэшце абласной управай КДБ, ён сам апынуўся спачатку сьведкам, потым падазраваным, а згодна з пастановай ад 31 сакавіка — ужо і абвінавачаным. У верасьні 2008 году крымінальную справу супраць праваабаронцы прыпынілі, а ў сакавіку гэтага году аднавілі зноў.

Дарэчы, хоць суду па справе яшчэ не было, аднак учора ў газэце “Советская Белоруссія” зьявіўся артыкул віцебскага журналіста Сяргея Галесьніка, які піша як пра нібыта ўжо даказаны факт, што “жыхар Віцебску дасылаў лісты з пагрозамі ад імя РНЕ”.

Імя Леаніда Сьвеціка ў артыкуле “Шіворот-навыворот” не згадана, аднак “герой” пазнавальны“, і ён лічыць гэты газэтны матэрыял непраўдзівым:

“Лічу гэты матэрыял недакладным і непраўдзівым, бо ўсе абвінавачаньні супраць мяне грунтуюцца на экспэртызах. Аўтаразнаўчая экспэртыза на 100% засьведчыла, што лісты напісаныя ня мной, а Сяргей Галесьнік піша, што менавіта яна даказвае маю віну. Яшчэ ў артыкуле ні словам не згадана пра тое, што мяне вінавацяць яшчэ й паводле артыкула 367 часткі 2 Крымінальнага Кодэксу — у паклёпе на прэзыдэнта краіны”.

Леанід Сьвецік лічыць, што пра нібыта паклёп на прэзыдэнта ў “Советской Белоруссіі” не згадана знарок — каб залішне не прыцягваць увагу грамадзкасьці да будучага судовага працэсу. Аднак, на ягоную думку, гэтае абвінавачаньне выстаўлена супраць яго з разьлікам якраз на тое, каб зрабіць суд закрытым для журналістаў, праваабаронцаў і сяброў.

Заўжды, калі ў сьледзтва мала доказаў, імкнуцца зрабіць закрыты працэс.
“Заўжды, калі ў сьледзтва мала доказаў, імкнуцца зрабіць закрыты працэс, каб не было бачна хібаў — што справа зроблена зь вялікай нацяжкай і на замову. Таму я хачу, каб мяне судзілі прынародна. Бо толькі ў адкрытым судовым працэсе можна даказаць сваю невінаватасьць”.

Сьведкамі і пацярпелымі ў крымінальных справах супраць праваабаронцы прызнаныя тыя, хто атрымліваў лісты ад РНЕ — рэдактар газэты “Вітебскій курьер” Уладзімер Базан, загадчыца літаратурнай часткі тэатру “Лялька” Вікторыя Дашкевіч, былая старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская, шэраг мясцовых сябраў КХП БНФ і вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

Паводле абвінавачаньняў, выстаўленых супраць Леаніда Сьвеціка, па кожным з двух крымінальных артыкулаў яму можа пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Таццяна Горад:: Віцебск
10.04.2009 06:04
Шэраговая бязглуздзіца дзеянняў улады, якая можа скончыцца стратай волі для праваабаронца.У Віцебску пражывае шмат люзй,каму сп. Свецік дапамог абараніць свае правы. Мы прыйдзем на суд, але мы добра ведаем, як ён можа скончыцца. Бо на Беларусі не суды, а судзілішчы. Феміда адпачывае!Не даць расправіцца над чалавекам--наша задача.Цмок прагне крыві, Яны Паляковай яму мала...