пятніца, 10 лютага 2012, Менск 08:27

Грамадзтва

“Радыяцыя надзейней за снайпэра”

Судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Ігар Мільто сёньня на нявызначаны тэрмін спыніў разгляд пазову ініцыятараў стварэньня “Цэнтру чарнобыльскіх ініцыятываў” да Міністэрства юстыцыі краіны.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
СЛУХАЦЬ:


Сваё рашэньне спадар Мільто абгрунтаваў неабходнасьцю правесьці экспэртызу почырку некалькіх удзельнікаў устаноўчага сходу. Мін’юст зь мінулага году адмаўляецца рэгістраваць гэтую арганізацыю.

Міністэрства юстыцыі сумняецца ў сапраўднасьці подпісаў трох удзельнікаў устаноўчага сходу, які праходзіў амаль год таму. Ініцыятары прасілі Вярхоўны суд выносіць свой вэрдыкт без графалягічнай экспэртызы. Адзін са стваральнікаў чарнобыльскага цэнтру, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка абураны чарговай зацяжкай. Ён кажа, што ўся Беларусь фактычна пакрытая радыяцыяй. І людзі павінны пра гэта ведаць:

Іван Нікітчанка
“Проста яны ня хочуць гэтага разумець. Калі б радыяцыя мела пах, колер, смак, тады б асьцерагаліся і змагаліся зь ёю. І вось заяўляе адзін начальнік, што ў нас сёньня радыяцыі няма. А насамрэч яна б’е надзейней за снайпэра. Снайпэр яшчэ можа неяк прамахнуцца. А тут не прамахнецца”.

Навуковец распавядае пра свае апошнія дасьледаваньні:

“Я цяпер выканаў праект інфармацыйнага забесьпячэньня насельніцтва. Выбарка — выпадковая. У 24 раёнах праверылі па два населеныя пункты. І які вынік? Нават у Менску кожны трэці мае малую паглынутую долю радыяцыі. У Бабруйску — два з трох. А ў астатніх месцах — усе.

Праверылі ў Маладэчне 41 чалавека. Там разам зь імі былі і прадстаўнікі Смаргонскага раёну. Там усяго адзін чалавек быў чысты. Завуць Каця. Ёй усяго тры годзікі, і яна харчуецца пакуль дзіцячымі сумесямі. Правяралі Віцебскую вобласьць. Там у Полацку ёсьць інтэрнат для таленавітых дзяцей. Там больш за 70 чалавек правяраліся. І няма ніводнага (!) чыстага”.

Сярод тых, хто зьвярнуўся ў Вярхоўны суд са скаргай на міністэрства юстыцыі, і Юрась Меляшкевіч. Ён тлумачыць, чаму так неабходна як мага хутчэй зарэгістраваць “Цэнтар чарнобыльскіх ініцыятываў”:

“У выпадку рэгістрацыі мы будзем ажыцьцяўляць статутныя мэты. Сярод іх — стварэньне сыстэм радыяцыйнага маніторынгу. Мы зьбіраемся рэалізаваць пляны, пад якімі калісьці паставіў свой подпіс Іван Нікітчанка. Яны цяпер дзяржавай прымаюцца як дзяржаўныя, але не выконваюцца абсалютна. Мы будзем дамагацца, каб адпаведныя дзяржаўныя органы, Дзяржкамчарнобыль, міністэрства надзвычайных сытуацый, міністэрства аховы здароўя прымянілі да Беларусі канцэпцыю нулявога назапашваньня радыяцыі. То бок каб не існавалі канцэпцыі мінімальнага назапашваньня дозаў, а дзяржава імкнулася б цалкам забясьпечыць людзей чыстымі прадуктамі харчаваньня”.

Каля паловы грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў (з агульнай колькасьці каля 3000) дагэтуль ня могуць афіцыйна зарэгістравацца ў Беларусі. Такую лічбу назвалі на гэтым тыдні арганізатары Асамблеі няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: ВІТАЎТ Горад:: Менск
27.02.2009 14:38
Радыяцыя б’е трапней за снайпэра - так і ёсьць. Я амаль дзесяць гадоў працаваў ( ў кіраваЎ)па чарнобыльскай праграме ў Акадэмііі Навук.Я на узроўні (малекул, энзімаў) даказаў вялікую небяспеку радыёнуклідаў і , фактычна. стварыў у Беларусі Школу біянеарганічаскай хіміі.
Маі парады (як дапамагчы людзям) былі ў выніках даследваньняў. Але і да гэтага часу Урад не скарыстаўся з нашых рэкамендацый. Дарэчы, нядаўна акадэмік Я.Канапля і інш. надрукаваў артыкул аб удзеяннні Cs137 (Радыяцыя б’е) на сэрдца.
Гэта ЯШЧЭ ( мільённы) прыклад вялікай шкоды ад радыяцыі.