Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лельчыцы: ксяндза аштрафавалі, усталяваны ім крыж пакінулі


Віталь Мышона
Віталь Мышона

Сёньня Лельчыцкі раённы суд абвясьціў пастановы па дзьвюх адміністрацыйных справах супраць пробашча каталіцкай парафіі ксяндза Віталя Мышоны.

Ён прызнаны вінаватым у невыкананьні патрабаваньняў службоўцаў на ўсталяваньне крыжа на ўезьдзе ў Лельчыцы і аштрафаваны агулам на 105 тысяч рублёў.



Лельчыцкі ксёндз Віталь Мышона заявіў, што разам зь вернікамі ён зьбіраецца аспрэчыць штрафы:

“Аблажылі пакараньнем. За першае прадпісаньне — адна базавая, за другое — дзьве базавыя велічыні штрафу. У дачыненьні да мяне асабіста. Адну скаргу ў суд падаваў архітэктар, другую — землеўпарадчая служба”.

Што да ўсталяванага крыжа, то зносіць яго Лельчыцкі раённы суд не патрабаваў:

“Наконт крыжа сказалі, што трэба рабіць усе дакумэнты на яго. Ніхто ня супраць, каб ён стаяў, але патрэбны дакумэнты”.

Крыж на ўезьдзе ў Лельчыцы вернікі з ксяндзом усталявалі летась пасьля адпаведнага ліста з райвыканкаму. Распавядае адвакат лельчыцкіх вернікаў Аляксандар Галіеў:

“Быў адказ за подпісам непасрэдна старшыні райвыканкаму Гамолкі. Там дакладна напісана, што пытаньне наконт крыжа вырашана станоўча. Трэба ўзгадніць крыж са службамі ДАІ й ДЭУ. Вернікі атрымалі ўсе гэтыя ўзгадненьні й паставілі крыж. Пасьля ўжо зьявіліся нейкія такія пытаньні, што трэба крыж панізіць, ну й так далей”.

Раённы архітэктар Вячаслаў Асіпенка, які цяпер служыць у войску, склаў адміністрацыйны пратакол нібыта за самавольнае ўсталяваньне крыжа. Ён патрабаваў да 28 сьнежня ўзгадніць плян-схему, як сказана ў папярэджаньні, “дадзенай канструкцыі з усімі зацікаўленымі службамі”. Узгадніць трэба таксама “плян добраўпарадкаваньня зямельнага ўчастку й вышыню дадзенай канструкцыі”.

У студзені начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы і аформіў на адрас ксяндза прадпісаньне, у якім патрабаваў або зьнесьці крыж, або аформіць адвод зямлі пад яго ўсталяваньне. Такім чынам і ўзьніклі дзьве адміністрацыйныя справы супраць ксяндза Віталя Мышоны за невыкананьне распараджэньня службоўцаў. І судзьдзя Бялоцкі, які разглядаў справы, пакараў каталіцкага сьвятара ў абодвух выпадках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG