пятніца, 10 лютага 2012, Менск 01:14

Культура

125 гадоў “бацьку беларускай дзяржаўнасьці”

29 студзеня – 125 гадоў зь дня нараджэньня Антона Луцкевіча, бацькі беларускай дзяржаўнасьці, вядомага беларускага палітычнага і грамадзкага дзеяча, публіцыста, літаратурнага крытыка, гісторыка, лінгвіста, выдаўца. У дзень юбілею ва ўправе БНФ гісторыкі распавядалі моладзі пра Луцкевіча.

Антон Луцкевіч
x
Антон Луцкевіч
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Менавіта Антон Луцкевіч сказаў словы: “Трэба абвясьціць незалежнасьць Беларусі”. Менавіта Антон Луцкевіч зьяўляецца аўтарам тэксту ІІІ Устаўной граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Акту 25 сакавіка 1918 году. Хаця яго подпісу пад дакумэнтам няма. Быў старшынём Рады народных міністраў і міністрам замежных спраў БНР.

Антон Луцкевіч нарадзіўся ў 1884 годзе ў цяперашнім Шаўляе, што ў Літве.

Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады . У 1904 годзе быў арыштаваны за распаўсюд партыйнай літаратуры. Першы свой артыкул апублікаваў у першым нумары «Нашай долі», уваходзіў у склад рэдакцыі «Нашай долі» і «Нашай Нівы», кажа гісторык Анатоль Сідарэвіч, які яшчэ ў 1985 годзе ў віленскіх архівах пачаў вывучаць жыцьцё і творчасьць Луцкевіча:

«Ён адзін з заснавальнікаў першых беларускіх газэт. Ён – і ніхто не аспрэчвае тэзіс Гарэцкага – лепшы беларускі публіцыст. Ніхто не аспрэчвае тэзіс, што па праву першым беларускім крытыкам можа лічыцца Антон Луцкевіч. Гарэцкі шчыра прызнаецца, што ў аснову яго гісторыі беларускай літаратуры легла кніга Антона Луцкевіча «Нашы песьняры».

Менавіта Антон Луцкевіч – аўтар канцэпцыі дзяржаўнага ўладкаваньня Беларусі, Літвы і Украіны:

«Ідэю Злучаных штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора сфармуляваў сваёй рукой Антон Луцкевіч. Кажуць, не без Міхайлы Грушэўскага, вялікага ўкраінскага гісторыка і старшыні Цэнтральнай Рады».

Луцкевіч ня скончыў польскай школы – і быццам бы за гэта быў звольнены ў 1931 годзе зь Віленскай беларускай гімназіі. Нягледзячы на тое, што атрымаў бліскучую адукацыю: вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту, на юрыдычным факультэце Дэрпцкага унівэрсытэту, распавядае Анатоль Сідарэвіч:

«Яго былы вучань, Мар'ян Пецюкевіч назваў Луцкевіча «вэрсальчыкам». Гэта азначае галянтнасьць, добрыя манэры, уменьне добра гаварыць па-француску. І ня толькі па француску. Ён бліскуча валодаў польскай мовай».

Лёс Луцкевіча склаўся трагічна: у верасьні 1939 году ён быў арышатаваны савецкімі ўладамі ў Вільні, этапаваны ў Менск. У чэрвені 1941 году атрымаў 8 гадоў зьняволеньня. Памёр 23 сакавіка 1942 году – па іроніі лёсу, менавіта ў той дзень, калі ў 1918 годзе напісаў тэкст ІІІ Устаўной граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэабілітаваны толькі ў 1989 годзе. Гаворыць гісторык Анатоль Сідарэвіч:

«Ён ужо становіцца вельмі цытаваным аўтарам у дысэртацыях, у навуковых працах. Надзвычай цытаваным аўтарам. А гэта азначае, што імя Луцкевіча вяртаецца. На падыходзе яго трэцяя кніга. Кніга будзе ёмістая – ня менш як 600 старонак».

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Rrollo
30.01.2009 11:44
АДНА З САМЫХ ВЕЛІЧНЫХ ПОСТАЦЯЎ У БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ НІЧОГА НЯ СКАЖАШ!!!
Дзякуй сп.Сідарэвічу за ўчарашнюю (29студз.)лекцыю на вечарыне :)

Імя:: Сяржук Горад:: Мінск
30.01.2009 16:12
Антон Луцкевіч - цудоўны чалавек, герой таго часу. Беларусі трэба ганарыцца такімі людзьмі.

P.S. Ёсць адно пытанне да Сідарэвіча ці іншых гісторыкаў, недзе чытаў што Луцкевіч меў перагаворы ў Крамлі з Леніным В.І. пра беларускую дзяржаўную незалежнасьць. Ці праўда гэта? Калі праўда, ў якім годзе гэта было? Якія вынікі тых перагавораў?