пятніца, 10 лютага 2012, Менск 00:44

Дзяды-1988

«Тады яшчэ ня білі дубінкамі. Ужывалі газ”

30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў – Дзядоў. Віктар Івашкевіч прыгадаў падзеі 20-гадовай даўніны. Ён тады быў сябрам моладзевага аб’яднаньня “Талака”.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

19 кастрычніка 1988 году сябры “Талакі” і аб’яднаньня літаратараў “Тутэйшыя” зьвярнуліся ў аргкамітэт БНФ з прапановай правесьці масавую акцыю на Дзяды. Віктар Івашкевіч прыгадаў, што іх ідэю не падтрымалі, і тады дзьве арганізацыі правялі інфармацыйную кампанію, каб забясьпечыць масавасьць акцыі.

“Некалькі соцень улётак давалі яўку некалькі тысяч чалавек - у адрозьненьне ад сёньняшняй сытуацыі. Мы дамовіліся, што панясем туды бел-чырвона-белыя сьцягі.

Станцыя мэтро, якая была апошняя перад могілкамі, была зачыненая - людзі ішлі пехам. Сустрэлі там ачапленьне міліцыі. Міліцыянты пачалі выпіхваць людзей. Тады яшчэ ня білі дубінкамі. Дубінак не было ў міліцыянтаў. Яны былі чамусьці ў параднай форме.

Але ж яны калёнамі расьсякалі натоўп на часткі і выціскалі з таго месца. Там ужывалі газ.

Людзі пайшлі ад Усходніх могілак, ад таго ачапленьня, на Курапаты і пасярэдзіне, спыненыя зноў ланцугамі міліцыі, арганізавалі мітынг, на якім упершыню ад 40-х гадоў быў адкрыта ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг, і Пазьняк выступіў з прамовай.

Гэта было 30 кастрычніка 1988 году.

Мой удзел у гэтым быў натуральны, таму што на маё жыцьцё паўплывала далучэньне да нацыянальнага руху, калі я далучыўся да нефармальнай моладзевай арганізацыі, якая потым дзейнічала легальна пад выглядам культурніцкай арганізацыі “Талака” -  гэта было недзе за 4 гады да гэтай акцыі. Але для мяне падзеі 30 кастрычніка былі лягічным працягам. Акцыя тых Дзядоў для мяне не была паваротным пунктам”.


Дзяды-1988: "Яны мяне і кусалі, і за ногі цягнулі"

Дзяды-1988. Успаміны ўдзельнікаў шэсьця

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Vadzim Aleksandrovič Горад:: Miensk
25.10.2008 18:46
Ja b raspačaŭ heny apoviad vidać ci nia z momantu vyjścia słavutaha artykuła ŭ LiMie "Kurapaty — daroha śmierci". U tuju subotu (a LiM vychodziŭ pa subotach) my, maładziony z "Tałaki" (dy paru čalcoŭ "Tutejšych"), jechali ŭhanaravaci pamiać insurgientaŭ Kalinoŭskaha, jakija dali boj maskalam pad Miłavidami (kali nia mylusia). Zrazumieła, što - na čyhunačnym vahzale - nabyli "LiM"... Zrazumieła, što vandroŭka prajšła pad znakam pračytanaha (chacia impreza ŭ Miłavidach była arganizavana ładna). Voś užo tady padčas henaj vyciečki siarod kolkich maładzionach-tałakoŭcaŭ i naradziłasia jdeja pravieści mityng-rekvijem... Ale nia pamiataju — ci adrazu nam da hałavy pryjšła pryviazka nakont "Dziadoŭ", ci heta byli dumki pra mityng naahuł? Bo "Dziady" hodam raniej (1987 h.) ŭžo ładzilisia ŭ Kupałaŭskim skvery... Paźniej byli pasiedžańni argkamitetu na kvatery Viktara Ivaškieviča, raskidvańnie ŭlotak (ź im ž)... U noč na 30 — rychtavaŭ razam z Valancinaj Jakimovič žałobnuju atrybutyku... Ale na sam mityng nie patrapiŭ — vidać maja aktyŭnaść pryciahnuła da taho času ŭvahu "kampetentnych vorhanaŭ" — tamu byŭ zatrymany jašče pry pierachodzie skryžavańnia ciapierašniaha prašpekta Niezaležnaści ("niezalenina") dy vuł. Kalinoŭskaha... Tamu žałobnyja stužki j nie dajšli da "miejsca pryznačeńnia"... Dopyty dy sud pa henaj spravie — heta ŭžo asobnaja historyja...