чацьвер, 24 красавіка 2014, Менск 09:32

УСЕ НАВІНЫ / Палітыка

Дэбаты "Свабоды": А.Янукевіч супраць У.Навасяда

Дэбаты ў ранішнім эфіры “Свабоды”. Кандыдат у дэпутаты ў Палату Прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд супраць намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Ганна Соўсь: “Спадар Янукевіч, Вы былі зарэгістраваныя кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і ўчора заявілі, што здымаеце сваю кандыдатуру з выбараў. Чаму? Патлумачце сваю пазыцыю”.


Аляксей Янукевіч:
“Самы асноўны фактар, які прымусіў мяне гэта зрабіць у цяперашніх умовах, калі відавочна нельга казаць пра тое, што выбары могуць быць дэмакратычнымі і свабоднымі, ужо цяпер гэта цалкам відавочна. Калі паступаюць сыгналі з розных эўрапейскіх краінаў, што ёсьць верагоднасьць прызнаньня гэтай Палаты гэтымі краінамі, я лічу, што такі сцэнар быў бы надзвычай небяспечным для будучыні Беларусі. І каб па магчымасьці прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, я прыняў рашэньне зьняць сваю кандыдатуру”.

Соўсь: “Спадар Навасяд, Вы застаяцеся кандыдатам у дэпутаты, і будзеце працягваць удзел у кампаніі. Вашыя аргумэнты? У чым Вы ня згодныя з пазыцыяй спадара Янукевіча?

Уладзімер Навасяд:
“Ёсьць дэмакратычныя народы, але ў іх на сёньняшні дзень няма ўласнай краіны. У нас ёсьць краіна, у нас ёсьць нейкая гіерархія ўлады, так званая вэртыкаль, таму, калі мы хочам зьмяніць сытуацыю да лепшага, патрэбна прымаць удзел у выбарах. Хаця многія насамрэч называюць іх не выбары, а вырабы. Таму для мяне асабіста не зьяўляецца абраньне дэпутатам самамэтай, проста я ўпэўнены, што выбары становяцца дэмакратычнымі, калі ў іх насамрэч прымаюць удзел дэмакраты”.

Соўсь: “Спадар Уладзімер, Вы былі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня. Скажыце, калі ласка, з Вашага досьведу, ці ёсьць рэальныя рычагі для ўплыву на сытуацыю ў краіне ў дэпутата. Чаго вы дамагліся, як дэпутат, чым можаце ганарыцца?”

Навасяд: “Апазыцыя становіцца дэмакратычнай сілай, калі ў яе ёсьць публічная трыбуна, за якой яна можа выказаць пазыцыю, якая адрозьніваецца ад афіцыйнай. Толькі тады дэмакраты становяцца апазыцыяй. Зараз мы ўсе простыя дэмакраты, нам яшчэ неабходна стаць апазыцыяй. Канечне, я ганаруся сваёй працай у Палаце прадстаўнікоў 2-га скліканьня, паколькі мне ўдалося распрацаваць тры законапраекты, у тым ліку аб альтэрнатыўнай службе. Я меў легальную магчымасьць працаваць у сваёй выбарчай акрузе на працягу ўсіх гэтых чатырох гадоў. І зараз, калі я працую кандыдатам у сваёй акрузе, гэта мне вельмі дапамагае”.

Соўсь: “Спадар Янукевіч, а каб Вы не зьнялі сваю кандыдатуру і трапілі ў парлямэнт, што б найперш спрабавалі зрабіць як дэпутат?”

У цяперашніх умовах трапіць у гэтую палату можна, я цалкам перакананы, толькі калі будзе палітычнае рашэньне цяперашніх уладаў, палітычнае рашэньне Лукашэнкі
Янукевіч
: “Перадусім хачу сказаць, што ў цяперашніх умовах трапіць у гэтую палату можна, я цалкам перакананы, толькі калі будзе палітычнае рашэньне цяперашніх уладаў, палітычнае рашэньне Лукашэнкі. Калі можна сабе ўявіць, што ўсё ж было б такое рашэньне ў дачыненьні да нейкага з кандыдатаў з Партыі БНФ, у прыватнасьці да мяне, у чым я моцна маю сумнеў, то я тут згодны з Уладзімерам, што нельга рэальна ажыцьцяўляць уладу праз гэтую Палату, але можна выкарыстоўваць гэтую пазыцыю як трыбуну дзеля таго, каб агучваць тыя праблемы, якія стаяць, і дзеля таго, каб патрабаваць больш поўнай інфармацыі. Каб хаця б праз сяброў Палаты незалежнае грамадзтва магло даведвацца аб тым, што насамрэч адбываецца ў дзяржаве -- у пэўных сфэрах эканомікі, бо інфармацыі татальна закрытая ад грамадзтва”.

Соўсь
: “Спадар Уладзімер, многія гавораць пра складзеныя ўладамі сьпісы кандыдатаў, якія пройдуць у парлямэнт. Які Ваш прагноз, колькі дэмакратычных дэпутатаў могуць трапіць ў парлямэнт. Паводле Сяргея Калякіна, 5 кандыдатаў маюць шанцы патрапіць у парлямэнт. У нас на сайце была дыскусія на гэты конт. Які Ваш прагноз, колькі апазыцыянэраў стане дэпутатамі?”

 шанцаў прайсьці вельмі мала, але гэтыя шанцы трэба выкарыстоўваць, да канца змагацца за гэтыя мандаты
Навасяд:
“Напрыклад на маёй акрузе кандыдат ад улады -- заслужаны артыст Генадзь Давыдзька, дык ён увогуле ў нейкай публікацыі выказаўся так: "Я расчараваны ў выбарніках, я ўвогуле за прэзыдэнцкую манархію". Калі такія кандыдаты становяцца ізноў дэпутатамі, то, канечне, нейкія сьпісы існуюць, бо ў здаровым розуме такіх кандыдатаў папросту ня могуць абраць дэпутатамі. Таму я зараз не валодаю інфармацыяй, апроч тых акругаў, дзе ёсьць нашы кандыдаты ад Партыі справядлівасьці і прагрэсу. Галоўнае два-тры дні да галасаваньня, таму зараз ужо такія тэндэнцыі ёсьць, калі ў школах арганізуюць сходы для тых кандыдатаў, якіх патрэбна правесьці. Гэта наконт тых сьпісаў, пра якія мы вялі размову. Я мяркую так, што шанцаў прайсьці вельмі мала, але гэтыя шанцы трэба выкарыстоўваць, да канца змагацца за гэтыя мандаты”.

Соўсь: “А Вы, спадар Янукевіч, як мяркуеце, колькі дэмакратычных кандыдатаў стануць дэпутатамі?”

Янукевіч: “Максімум гэта будзе два чалавекі, і відавочна, гэта будзе, паўтаруся, у выпадку палітычнага рашэньня. Я перакананы, што такое палітычнае рашэньне будзе прымацца ў апошні момант, як уласьціва прымаць такія рашэньні і іншага кшталту рашэньні А.Лукашэнку. Я перакананы, што гэта ня будуць самыя моцныя прадстаўнікі дэмакратычных партый”.

Тэгі: выбары, янукевіч, навасяд


Ганна Соўсь

sousa+rferl.org

Ганна Соўсь нарадзілася ў 1971 годзе ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце "Народная воля«(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), "Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011"(ідэя і ўкладальніца). Сябра БАЖ.
Блог Ганны Соўсь
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Фрабел.
23.09.2008 10:49
Вось чарговы "пераканаўчы" аргумент :
Сп.Навасяд :" проста я ўпэўнены, што выбары становяцца дэмакратычнымі, калі ў іх насамрэч прымаюць удзел дэмакраты”.
Во як ! 14 год дэмакраты прымаюць удзел у
так званых выбарах і з кожным годам у нас выбары становяцца ўсё дэмакратычнее...
У гэтым годзе безпрецедентные дэмакратычныя выбары і пры тым па стандартам Западу і ЗША.
Брава, сп. Навасяд !!!, што вочы нам усім адкрылі, а то мы і не чакалі такога прагрэсу.

Імя:: ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК
23.09.2008 19:57
Янукевічу.Мне вельмі шкада( як БНФ-цу) , што нават вашая адукацыя ("міжнароднік") вам не дапамагла зразумець сутнасьць ПАЛІТЫКІ Захаду, бадай . вы таксама спалохаліся цяжкой вулічнай агітацыі і размовы з людзмі. Шкада. Гэта маё другоя расчараваньне пасля Міхалевіча. Вы ня здольны быць лідэрам.
Навасяду. (выдалена за парушэньне правілаў форуму -- рэд.) .
Але галоўнае , пра што ён гаворыць? Чым ганарыцца? Тым , што праштамповал Указы і падтрымліваў антыдэмакратычны рэжым ? Смех , ды годзе! Увогуле, адна балбатня.
Якая трыбуна! Няхай ён узгадае. напрыклад, колькі разоў яму далі выступіць па ТБ , ці іншым палатнікам.
Мэта ягоная відавочна! Чарговы раз, коштам дэмакратычных сілаў і на шкоду ім, "засвяціцца" хоча. А можа, Пан, ізноў яго пусьціць у палатку . як бяззубага "дэмакрата".
Відэа