чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 22:44

Грамадзтва

Менск рыхтуе канкардат з Ватыканам

Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка ў Горадні заявіў, што рыхтуецца падпісаньне адмысловага пагадненьня — канкардату — з Ватыканам.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Яшчэ ў 1990-х дзяржава падпісала дакумэнты аб супрацоўніцтве зь Беларускай праваслаўнай царквой. У чым перавага дакумэнтальна пацьверджанага пагадненьня?

Што сабой уяўляе канкардат? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прадстаўніка сакратарыяту Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксяндза Аляксандра Амяльчэні:

“Канкардат — гэта дакумэнт, які ў дадзеным выпадку рэгулюе адносіны Ватыкана і дзяржавы пад назвай Беларусь. Рэгулюе перш за ўсё пытаньні рэлігійныя, адносіны дзяржавы і Касьцёлу ў канкрэтнай краіне. Што тычыцца каталіцкага Касьцёлу на Беларусі, то ён адкрыты да падпісаньня канкардату. Герархі лічаць, што гэты дакумэнт патрэбны, што патрэбна вызначыць менавіта шляхі, якія маглі б дапамагчы разьвівацца Касьцёлу тут і нейкім чынам падкрэсьліць існаваньне і дзейнасьць Касьцёлу ў сфэры рэлігійнай, сацыяльнай”.

Карэспандэнт: “Леанід Гуляка казаў, што такіх пагадненьняў у сьвеце вельмі мала, таму, маўляў, і за прыклад штосьці ўзяць складана...”

“Сапраўды, гэта даволі ўнікальны дакумэнт. Іх ня так шмат у сьвеце. Але і ня так мала, я сказаў бы. Гэтыя дакумэнты падпісаныя з многімі кранамі сьвету, Эўропы. У прыватнасьці, з нашымі суседзямі: у Польшчы, напрыклад, у Літве існуе такі дакумэнт. Але, сапраўды, сытуацыя ў Беларусі ўнікальная, і таму гэты канкардат, калі ён будзе мець месца, сапраўды будзе такім унікальным дакумэнтам у тым сэнсе, што ён будзе закранаць такія рэчы, якія, магчыма, у іншых краінах папросту не існуюць”.

У Камітэце ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў не камэнтуюць, калі менавіта будзе падпісаны канкардат з Ватыканам. Вярнуўшыся з гарадзенскай камандзіроўкі, нейкія тэрміны мусіць агучыць сам Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка.

Ня маюць наконт гэтага ніякай інфармацыі і ў сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

У Беларусі дамінантнай рэлігіяй лічыцца праваслаўе. Кіраўнікі краіны на вялікія рэлігійныя сьвяты наведваюць царкву, а ў 2006 годзе мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт уганараваны званьнем Героя Беларусі.

Ад канца 1990-х цэлы шэраг дзяржаўных установаў падпісалі ўласныя пагадненьні зь Беларускай праваслаўнай царквой. Гэта ня толькі структуры агульнай гуманітарнай скіраванасьці, але нават сілавыя ведамствы, сярод якіх МУС, Міністэрства абароны, памежны і мытны камітэты.

Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка на выязной калегіі ў Горадні падкрэсьліў: дакумэнт, які мяркуецца падпісаць з Ватыканам, будзе яшчэ вышэйшага ўзроўню, чым зь Беларускай праваслаўнай царквой. Паколькі гэта будзе канкардат паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавай Ватыкан. Дакумэнтам, у прыватнасьці, будуць замацаваныя прававыя нормы стасункаў паміж дзяржавамі ў розных пытаньнях.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Сяргей Горад:: Варшава
27.05.2008 12:16
Гэта вельмі добра што ідуць размовы пра прававыя падставы супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла і дзяржавы ў Беларусі. Але, на мой погляд, яшчэ не надышоў час для падпісання двухбаковай умовы паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю. Прычыны ўсім нам добра вядомыя...
А адносна словаў Гулякі што няма з чаго браць узор - гэта не праўда. Канкардатаў у свеце існуе многа, трэба па-просту пра гэта спытаць н.п. у Апостальскага нунцыя ў Мінску :))

Імя:: Сяргей Горад:: Варшава
27.05.2008 12:19
Яшчэ трэба заўважыць, што Канкардат падпісваецца не з Ватыканам, а з Апостальскай Сталіцай, а гэта вялікая розніца.