Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое перад Галгофай — Дыктатар паўстаньня Каліноўскі і нарачоная Марыйка


Анатоль Бароўскі
Анатоль Бароўскі

Выйшла новая кніга пра нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. У рамане «Воляй абраны» Анатоль Бароўскі піша пра каханьне Кастуся і Марыі Ямант.

У менскім выдавецтве «Кнігазбор» апублікаваны раман гомельскага пісьменьніка Анатоля Бароўскага «Воляй абраны». У сваёй новай кнізе Анатоль Бароўскі піша пра каханьне кіраўніка вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага і яго нарачонай Марыі Ямант.

— Анатоль Мікалаевіч, вобраз Кастуся Каліноўскага, як кіраўніка паўстаньня беларускія творцы адлюстравалі ў шэрагу эпічных палотнаў. Напісаныя аповесьці і п’есы. Ёсьць знакаміты раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», драматычная паэма «Хамуціус» Аркадзя Куляшова. Што вас натхніла напісаць раман?

— Я пранікся павагай, чалавечай павагай да гэтай асобы — Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага, Кастуся Каліноўскага. І калі я даведаўся, што ў яго была нарачоная, Марыська чарнаброва, і яны апынуліся ў турме, разьдзеленыя некалькімі турэмнымі сьценкамі, мяне гэта вельмі ўзрушыла. У іх не было нейкага такога палкага каханьня — у абдымках і пацалунках. Гэта было асаблівае пачуцьцё, пачуцьцё рэвалюцыянэраў, калі можна так сказаць. Гэта было каханьне дваіх апантаных, велічных людзей, асобаў, якія перажывалі за сваю Бацькаўшчыну, за народ, за несправядлівасьць, якая існавала вакол, чынілася царскімі ўладамі. Яны жылі і каханьнем, і думкамі пра тое, якім чынам прыгнечанага мужыка падняць на паўстаньне. Гэта трагічная старонка нашай гісторыі, а магчыма, і сусьветнай гісторыі. Таму што з маленькага вогнішча разгараецца і вялікае полымя.

— Вы адначасна з гісторыяй каханьня Кастуся і Марыйкі спрабуеце разабрацца, чаму паўстаньне атрымала паразу і адначасова перамогу, бо, як сказана ў анатацыі, імя Каліноўскага і яго духоўны подзьвіг на стагодзьдзі застануцца ў памяці нашчадкаў. Наколькі складана было супаставіць высокае каханьне і трагічны фінал?

— Нехта казаў, што ніводная рэвалюцыя не прыносіць шчасьця. Але ж як тады быць, калі табе накінулі на шыю пятлю і заціскаюць яе цясьней і цясьней? Хрыстос казаў, калі ўдарылі цябе на адной шчацэ, то падстаўляй другую. Але там было зусім іншае разуменьне — не талерантнасьць, якую прыклеілі нашаму беларусу, не зьмірэньне з тымі абставінамі, якія склаліся.

Каліноўскі казаў: людцы мае, давайце падрыхтуем мужыка, давайце зброю назапасім, фураж падрыхтуем. Давайце ва Ўкраіну кінем нашы дарогі, у Расею, дзе некаторыя расейскія афіцэры згодныя былі ўключыцца. Усё як быццам было падрыхтавана, але грунтоўна не падрыхтаваліся. І вось «Воляй абраны» — я даў такі загаловак раману, бо Каліноўскага абрала воля народу. Усе імкнуліся да волі — і мужыкі, і афіцэры, і, дарэчы, паны, і сьвятары-ксяндзы бралі значны ўдзел у гэтым паўстаньні. На вялікі жаль, праваслаўная царква аказалася тут не на вышыні, а, наадварот, адыграла сваю ролю ў здушэньні паўстаньня. І было шмат фактаў, калі, каб адпомсьціць, вешалі ксяндзоў, забівалі іх блізкіх.

І пра Каліноўскага мы кажам, што ён — супярэчлівая постаць. Ён заклікаў да крыві. Але калі здаралася, што ў карэце ехаў чыноўнік, якога меліся зьнішчыць бомбаю, Кастусь папярэджваў: «Ня кідай — там і дзеці едуць».

— Але ж зварот да асаблівасьцяў паўстаньня — гэта ж не галоўнае ў рамане. Гэта ягоная другасная канва.

— Гэта паралельна. Я ўзяў за аснову два сэрцы, два закаханыя сэрцы — Кастуся Каліноўскага і Марыі Ямант. Я веру і ведаю, калі высокія людзі, асобы, абраныя Богам, кахаюць адно аднаго, ім не патрэбны ніякія тэлефоны, гаджэты, мабільнікі. У іх свая сувязь — сувязь сэрцаў і розуму. І Кастусь Каліноўскі пасьля жорсткіх допытаў, на якіх яго зьбівалі, аблівалі вадою, адчувае, як над ім нахіляецца Марыйка, яго нарачоная — яна ж сядзіць у тых жа лукіскіх казэматах. Яна глядзіць на яго й кажа: «Вытрымай, вытрымай!» Яны пішуць адзін аднаму лісты — так мне падавалася. Адзін зь іх, Кастуся да Марыйкі, прачытаю:

«Ня ведаю, колькі дзён не гаварыў з табою, мая чарнаброўка». Ён жа насамрэч ня можа гаварыць зь ёю, але ў іх ідзе размова: «Ня ведаю, колькі яшчэ Богам адпушчана мне пражыць на гэтым сьвеце, але мне жадаецца, каб пасьля майго сыходу ўсе мае пісьмы і думкі ты надрукавала ў „Мужыцкай праўдзе“. „Лісты з-пад шыбеніцы“ — то тэкст-зварот да Радзімы. А „Лісты да чарнаброўкі“ прызначаныя толькі для цябе.

Марыська! Так шмат хочацца сказаць і расказаць, паведаміць пра тыя старонкі майго жыцьця, пра якія ты ня ведаеш (і ніхто ня ведае)... Я прасьвечаны перад людзьмі, ад каранёў валасоў на галаве да падэшваў ног. Ніякіх тайнаў ад людзей у мяне няма і не было. Перад людзьмі я чысты, ні ў чым ня здрадзіў народу: ні ў думках, ні сваімі ўчынкамі й дзеяньнямі.

А мяне водзяць і водзяць на допыты. Да мяне адно і тое ж пытаньне — выдай сваіх сяброў і паплечнікаў.

Паміж намі жыве завядзёнка — калі пасьля катаваньняў і допытаў мы вяртаемся назад, у свае камэры, то, ідучы паўз позіркі паплечнікаў і сваіх таварышаў, паказваем ім знак — накладаем палец на палец правай рукі і кладзем на грудзі. Тое азначае, што вязень выстаяў на допыце і ня выдаў сваіх асуджаных і не асуджаных сяброў — значыць, ня здрадзіў, значыць, з чыстым сумленьнем пойдзем на споведзь і падводзіць рахункі да Госпада. З такім умоўным знакам і я пайду на Галгофу, калі яшчэ здольны буду ісьці».

— Марыйка, як вядома, на Галгофу не ўзышла — яна апынулася ў ссылцы ў расейскім Табольску, памерла ў 1908 годзе і пахаваная ў Варшаве на Паванзкоўскіх могілках. Кастуся і многіх ягоных паплечнікаў Галгофа не абмінула.

— Калі вешалі аднаго з героеў маёй кнігі, ён сарваўся з шыбеніцы. Як па канонах дабрадзейнасьці, любові да чалавека, у такіх выпадках пакідаюць чалавека жыць, робяць судовы перагляд ягонай справы. А героя дабілі. Дабілі там, дзе Бог яго ўратоўваў ад сьмерці. Гісторыя, на жаль, паўтараецца. З усходу і для Ўкраіны, і для Беларусі паходзіць небясьпека — тады й сёньня.

— Як бачацца вам постаці Кастуся і Марыйкі, заручаных яшчэ да паўстаньня маладых людзей? Ён — кіраўнік, як казалі тады, дыктатар нацыянальнага паўстаньня, яна — высокаадукаваная 22-гадовая дзяўчына, знаўца некалькіх моваў...

— Калі гаварыць пра гэтыя сьвятыя душы, асьветленыя Боскай энэргіяй, дабраславеньнем Боскім, канечне, яны сьвятыя. Бо яны ахвяравалі сабою, сваім жыцьцём ня толькі для сябе ці дзеля нейкага багацьця, пра што мы сёньня кажам, што гэта грэх, — яны змагаліся за душы людзей, іхнюю боскасьць, каб людзі гэтыя ішлі сваім вольным шляхам. І каб іх заўсёды азарала самая вялікая зорка — Зорка Бога, Зорка Каханьня.

— Каб напісаць раман, вам даводзілася працаваць у архівах, зьбіраць нейкія маладасьледаваныя факты пра сваіх герояў, пра паўстаньне 1863–1864 гадоў?

— Я ня корпаўся ў архівах, бо ня ўмею гэта рабіць. Проста за ўсе гады я зьбіраў зьвесткі то з часопісаў, то ў газэце нейкая іскрынка прамільгне. Гістарычны часопіс шмат даваў, дзе дасьледаваньні друкавалі вельмі вядомыя людзі. Не кажу, што нешта я скраў. Я іх «залацінку» высьвеціў. Пра каханьне часам проста сказаныя два словы. А мне давялося быць Кастусём, быць Марыйкай і весьці дыялёг паміж імі. Я не імкнуўся літаратурна падняцца вышэй за факты, бо факты, кажуць, рэч дакладная, і я ад іх не адступаў — усё гістарычна праўдзіва. Але вось лісты і само каханьне — дзесьці я гэта ўзьняў да нябёсаў. Каханьне чыстае, сьветлае можа служыць — і павінна служыць — нашым маладым людзям, нашым хлопцам і дзяўчатам, прыкладам таго, як трэба кахаць, нягледзячы ні на якія абставіны, бо каханьне вышэй за ўсё.

Раман Анатоля Бароўскага «Воляй абраны» рэдагаваў пісьменьнік Віктар Казько. Мастацкія вартасьці рамана ён ацаніў гэтак:

Віктар Казько
Віктар Казько

«Аўтару ўдалося стварыць запамінальны вобраз супярэчлівага і адданага адраджэньню і волі роднага краю Дыктатара, вылучыўшы на першы плян каханьне дзьвюх выбітных асобаў — Вікенція Канстанціна Каліноўскага і яго нарачонай — Марыі Ямант. І я асабіста веру, што прыйдзе той час, калі раман „Воляй абраны“ будзе ўключаны ў школьныя праграмы, каб вучні, і ня толькі яны, змаглі паглыбіцца ў атмасфэру таго часу і адчуць, як занепакоена білася сэрца кіраўніка паўстаньня, Рыцара Свабоды — Кастуся Каліноўскага».

Раман Анатоля Бароўскага «Воляй абраны» — 68-мы твор у сэрыі «Бібліятэка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў „Кнігарня пісьменьніка“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG