Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы сьледчы Воўчак: Пацярпелыя апынуліся паміж Сьледчым камітэтам, МУС і пракуратурай


Алег Воўчак, архіўнае фота
Алег Воўчак, архіўнае фота

Ці варта спрашчаць працэдуру завядзеньня крымінальнай справы? Чаму заяўнікам часта адмаўляюць у завядзеньні крымінальных спраў як у міліцыі, гэтак і ў пракуратуры і сьледчым органе? Які вынік дасьць датэрміновае вызваленьне карумпаваных чыноўнікаў і вяртаньне іх ва ўладу?

На гэтыя пытаньні карэспандэнту Свабоды адказаў былы сьледчы пракуратуры, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

— Частка грамадзян заўсёды скардзілася на тое, што іхнія заявы як пацярпелых адфутбольваюць у міліцыі і сьледчых органах. Але чаму пра гэта загаварылі зноў? Вось на ўчорашняй нарадзе ў Сьледчым камітэце Аляксандар Лукашэнка закрануў праблему «дакладна і недакладна заведзеных спраў». Зазначыў, што гэта робіцца дзеля «добрай статыстыкі». Але чаму гэтая практыка застаецца?

— Так, шмат людзей скардзіцца на тое, што іх заявы аб завядзеньні крымінальных спраў не даюць выніку. Нехта пацярпеў ад злодзеяў, нехта ад дзяржаўнай структуры, і гэтак далей. Людзі пішуць заявы ў пракуратуру ці Сьледчы камітэт, а там перакідваюць гэтыя заявы ў міліцыю. Але міліцыянты, якія працуюць з гэтымі заявамі, ня ўсе юрысты, яны праводзяць праверкі недастаткова прафэсійна, часта неаб’ектыўна і павярхоўна, і ў выніку здараецца, што неабгрунтавана адмаўляюць у завядзеньні крымінальных спраў. Зразумела, людзі з гэтым не пагаджаюцца, пішуць зноў ва ўсе інстанцыі, не давяраюць як сьледчым, гэтак і міліцыі з пракуратурай. Замкнёнае кола.

Некаторыя чыноўнікі прыдумалі выйсьце з гэтага кола: замест таго каб павысіць якасьць сьледзтва, давайце спросьцім працэдуру. Калі адмоўлена, дык ужо ўсё, больш не правяраем. Такія прапановы цяпер гучаць, але мне такі падыход падаецца цалкам незаконным і неканстытуцыйным.

Асобна спынюся на ролі пракуратуры, бо сам былы супрацоўнік пракуратуры Менску. Што адбываецца цяпер, калі людзі скардзяцца ў пракуратуру, не знайшоўшы праўды ў міліцыі? Замест таго каб умяшацца паводле сваіх паўнамоцтваў і завесьці крымінальную справу, пракуроры вяртаюць гэтыя заявы грамадзян зноў у міліцыю. У выніку міліцыянты загружаныя праверкамі, яны злуюць, і гэта можна зразумець.

Чаму тыя ж участковыя мусяць займацца фактычна папярэднім расьсьледаваньнем? У іх іншыя задачы і часта няма патрэбных ведаў.

Мне даводзілася сутыкацца зь міліцыянтам па заведзенай на мяне справе, які паводле адукацыі быў выкладчыкам фізкультуры. Дык у чым ён мог разабрацца?

Да таго ж міліцыя ўвогуле не павінна вырашаць, заводзіць крымінальную справу ці не заводзіць, гэта павінен вырашаць Сьледчы камітэт. Але адбываецца наадварот, і сьледчыя адпачываюць на працоўных месцах.

Гэтаксама няма і эфэктыўнай барацьбы з карупцыяй. Людзі пішуць, паведамляюць пра карупцыю начальнікаў, а сьледчыя чакаюць, калі за іх усё зробяць опэрупаўнаважаныя зь міліцыі.

— Але Аляксандар Лукашэнка адпускае аднаго за адным былых карупцыянэраў на волю, хоць і кажа публічна пра непазьбежнасьць пакараньня. Які вынік будзе ад такога змаганьня з карупцыяй?

— Ну, так, ужо неаднойчы камэнтаваў гэтую сытуацыю, якая і мне падаецца супярэчлівай. Сапраўды, як тым жа сьледчым СК працаваць далей, калі яны вядуць год справу нейкага карупцыянэра, як Аляксандра Архіпава, былога намесьніка генпракурора — а яго потым праз год, замест пяці, вызваляюць, ды яшчэ і прызначаюць на кіроўную пасаду? Хоць у прысудзе было запісана, што на пэўную колькасьць гадоў забаронена займаць кіроўныя пасады. Дый у астатніх, каго вызвалілі, тая ж сытуацыя: па году ці меней адбылі — і вышлі на волю ды зноў пашлі ў кіраўнікі.

Вось ехаў праз Баранавічы, дык простыя людзі ў цягніку паміж сабой абмяркоўваюць, што іхні былы віцэ-мэр, які браў хабар, выйшаў на волю датэрмінова і прызначаны дырэктарам. Сьмяюцца з такой барацьбы з карупцыяй ды кажуць, што гэтак нічога ня зьменіцца.

І ў мяне таксама пытаньне: навошта тады стварылі гэты Сьледчы камітэт як орган папярэдняга расьсьледаваньня, а ён фактычна не змагаецца з карупцыяй?

— Як вы пракамэнтуеце ініцыятыву праваахоўнікаў спрасьціць працэдуру адмовы ў завядзеньні крымінальнай справы? Гэтыя галасы з боку праваахоўнікаў раздаюцца ўсё гучней.

— Ды ўжо ёсьць спрошчаная працэдура, якая прадугледжана законам, што калі бакі прымірыліся, дык ніякай справы заводзіць ня трэба. Але звычайную працэдуру завядзеньня справы спрашчаць, на маю думку, ня трэба. Як запісана ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, гэтак і трэба рабіць. Ёсьць падставы для завядзеньня справы — заводзьце і вядзіце папярэдняе расьсьледаваньне. Што значыць спрасьціць? Заяўнік лічыць, што было злачынства — дык трэба завесьці справу і альбо даказаць, што сапраўды ёсьць злачынства, альбо — што яго няма. Ніякіх спрошчаных схем.

Допыты, сьледчыя экспэрымэнты — усё павінна быць у межах крымінальных спраў, а ня ў межах нейкай праверкі.

Тлумачу зноў. Калі справа заведзеная, тады ў пацярпелага грамадзяніна больш магчымасьцяў абараніць свае правы. А калі ідзе толькі праверка, дык такія магчымасьць мінімальная. Там няма вочных ставак, няма шэрагу экспэртыз, тым часам сьляды злачынства губляюцца. Таму і людзі незадаволеныя тым, як вядуць праверку ў міліцыі. Пацярпелыя апынуліся паміж Сьледчым камітэтам і МУС, а тыя перакідаюць адказнасьць адзін на аднаго. Тым часам злачыннасьць расьце, толькі статыстыка штучна заніжаецца праз гэтыя адмовы.

— Вы даўно не працуеце як сьледчы пракуратуры. Адкуль у вас зьвесткі пра сытуацыю са сьледзтвам?

— Вось толькі сёньня мне званіў прадпрымальнік з Зэльвы, які актыўна змагаецца зь мясцовымі чыноўнікамі некаторых раённых устаноў. Ён падаў заяву на імя пракурора, каб завялі крымінальную справу супроць чыноўнікаў, якія, паводле ягоных зьвестак, пайшлі на фальсыфікацыю і злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, склалі на яго фіктыўны пратакол. Што паводле гэтага сыгналу робіць пракурор? Ён адпраўляе заяву прадпрымальніка ў міліцыю — як зварот грамадзяніна, але не паводле артыкула аб злоўжываньні. Але пры чым тут міліцыя, калі трэба адпраўляць сыгнал у СК, каб там рабілі захады? Бо чалавек скардзіцца на службовую асобу, абвінавачвае ў злачынстве. А ў міліцыі потым нібыта правераць, прыкмет ня знойдуць і адмовяць у завядзеньні. Вось гэтак чыноўнікі ў мундзірах пакрываюць чыноўнікаў пры гальштуках.

— Кіраўнікі праваахоўных ведамстваў заяўляюць, што колькасныя паказчыкі ў іх даўно адмененыя. Цяпер нават Лукашэнка прызнаў, што ёсьць пагоня за «добрай статыстыкай». Ад якіх паказчыкаў вы б найперш адмовіліся?

— Калі разабрацца, дык «палачная» сыстэма, уласьцівая савецкім часам, шмат у чым засталася. Прыкладам, за значную колькасьць закрытых спраў па-ранейшаму могуць пакараць, бо лічыцца, што гэта паказьнік дрэннай працы. Але гэта спрэчна. Вось калі я быў у Нямеччыне, дык пытаўся ў пракурораў, ці ёсьць у іх такое, што начальства карае за закрытыя справы? Зьдзіўляюцца, кажуць: а што тут дрэннага, калі справу завялі, а потым закрылі? А ў нас дагэтуль за гэта караюць, таму як міліцыя, гэтак і Сьледчы камітэт імкнуцца адмовіць у завядзеньні справы, калі ёсьць хоць якія сумневы, што яе ўдасца давесьці да суду. А сумневы ёсьць амаль заўсёды, толькі ў іх трэба разьбірацца. У большасьці спраў аб службовых злачынствах фігуруюць фальшывыя дакумэнты, якія трэба выявіць, правесьці экспэртызы, даказаць матыў. Ня дзіва, што павярхоўная праверка нічога не дае. Таму і мяркую, што час адмаўляцца ад гэтых нічога ня вартых праверак, лепш заводзіць справы і ўжо ў іх межах вырашаць, ёсьць злачынства ці няма. І найперш гэта тычыцца карупцыйных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG