Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег «Джагер» Мінакоў: Я не цікавы Беларусі, бо не даю хабару


Чаму беларусам ніяк не паддаецца вяршыня сьпеўнага конкурсу «Эўрабачаньня»? Ці вінаватыя ў тым мясцовыя стратэгі, якія не пасьпяваюць за музычнай модай?

Алег «Джагер» Мінакоў, лідэр культавага ў сярэдзіне 1990-х гурту «Rouble Zone», на хвалі папулярнасьці амаль два дзясяткі гадоў таму перабраўся ў Бэльгію. Увесь гэты час ён зьвязаны з музычнай індустрыяй, займаецца прадусаваньнем і выкладаньнем, з бэльгійскімі музыкамі заснаваў калектыў «Moonshine». Некалькі разоў прапаноўваў свае паслугі беларускім арганізатарам адбору кандыдатаў на «Эўрабачаньне», але паразуменьня не знайшоў.

— Алег, як ты і прадказваў напярэдадні, «Эўрабачаньне» не скарылася беларусам і гэтым разам. Пры тым, што чыста візуальна нумар Uzari&Maimuna правальным нібыта не выглядаў.

— У прынцыпе, за песьню ня сорамна — за песьню саму па сабе. Гук добры, выканаўца — шыкоўны, прыгажун, дзяўчына — таленавітая, адчуваецца адразу. Бачыў прэс-канфэрэнцыю, падчас якой на скрыпачцы на шалёнай хуткасьці яна грала «Палёт чмяля». Малайцы, так. Але матэрыял прайграе, таму што песьня вельмі роўная. А роўныя песьні, як правіла, для агульнай публікі малацікавыя. Як музыкант я яшчэ магу зразумець, дзе якое гарманічнае разьвіцьцё. Ну, а шараговыя людзі гэтага ня чуюць, бо яно вельмі слабое. А як песьня роўная, то яна не застаецца ў памяці — няма яркасьці, няма індывідуальнасьці. Груба кажучы, нават ніякіх паўзаў няма ў песьні: яна як пачалася, так і скончылася.

Проста граньнем на скрыпачцы цяпер ня зьдзівіш і не зачэпіш, а выглядае, што яны рабілі стаўку менавіта на скрыпку. Нават ангельскія камэнтатары сказалі, што падчас прагонаў, падчас сола артысты спыняліся і казалі, што будзе сюрпрыз. Дык вось усе чакалі сюрпрызу, а яго так і ня здарылася. Вядома ж, шкада, крыўдна, але цалкам прадказальна. Гэта ня яркая песьня, якая магла б спадабацца народу. Але ж, сам ведаеш, тыя, хто за Беларусь мог бы галасаваць, яны ў краінах учорашняга паўфіналу не жывуць. То бок — не атрымалася, каб сусед за суседа, брат за брата. Таму галасоў і не набралі. Хоць я лічу, што беларуская песьня нашмат лепшая, чым македонская, сэрбская ці румынская. Ва ўсялякім разе, ня горшая. Тыя прайшлі з-за таго, што за іх галасавалі з суседніх тэрыторыяў, а беларусы — не. Але ўсё роўна слабенька. Няма ікс-фактару. Што такое ікс-фактар? Нешта невытлумачальнае, але тое, што бах — і працуе. Гэтага, на жаль, няма.

Алег «Джагер» Мінакоў
Алег «Джагер» Мінакоў

— У Беларусі адбор на конкурс праходзіць на высокім дзяржаўным узроўні, нават Лукашэнка вымушаны «перабіраць» канкурсантаў, як тую бульбу. А якое стаўленьне да імпрэзы ў эўрапейцаў, сярод якіх ты жывеш амаль 20 гадоў?

— Трэба быць аб’ектыўным: у 1970–80-я і нават да сярэдзіны 1990-х усё было дакладна на такім жа сур’ёзным узроўні. Але пачнём з таго, што, па-першае, шоў-бізнэс — як бізнэс — на сёньняшні дзень перастаў існаваць. Адпаведна, інтарэс здорава зьменшыўся. Па-другое, таксама зьменшыўся інтарэс у Эўропе да «Эўрабачаньня» — з-за таго, што шмат прыйшло з Усходу краінаў, у якіх мэнталітэт не адпавядае ўзроўню заходніх дзяржаў. Зараз патлумачу, што маю на ўвазе. Мы тут, у Заходняй Эўропе, жывём па законах. То бок, усё ў адпаведнасьці з законам. А Ўсход жыве па «паняцьцях». І вось гэтая барацьба законаў і «паняцьцяў» да сёньня ідзе на ўсіх узроўнях: на палітычным — у першую чаргу, але ў культуры, музыцы — таксама.

У «Эўрабачаньня» ёсьць просты закон: людзі галасуюць за добрую песьню. А тым — пофіг песьня, у іх «паняцьці», ім галоўнае — за сваё. Захад да гэтага быў не гатовы. Што ў выніку атрымалася? Асабліва калі згадаць галоўнае правіла: ты ня маеш права галасаваць за сваю краіну, толькі за ўпадабаную песьню. Раней такога не было, каб сусед нешта даваў суседу, усё было аб’ектыўна. Калі, скажам, француская песьня клёвая, Англія за яе галасуе. Таму што яна рэальна клёвая. А што здаралася, калі да «Эўрабачаньня» прыстала ўсходняя брація? У Францыі агромністая армянская дыяспара, у Нямеччыне — турэцкая. Вось і вынік. Чаму за Брытанію ніхто не галасуе? Дык назаві мне, дзе англічане жывуць, апроч Англіі? А вось гэтая ўся, прабачце, балканска-сэрбская цыганшчына, якая распаўзлася па Эўропе, пачынае арганізоўваць свае галасаваньні. І пайшла карусэль. Я ўжо не кажу пра туркаў: глядзіш, і Нямеччына так любіць Турэччыну, што проста ляснуцца можна. Пры тым, што мэнталітэты розныя, песьня — «эль-агіль-агіль-агіль» — ну ніяк ня можа падабацца, для немца гэта сьмерць. Але ўся Нямеччына галасуе за туркаў. І як пайшло парушэньне правілаў, усё зламалася.

Алег Мінакоў часоў гурту «Inspector»
Алег Мінакоў часоў гурту «Inspector»

— На тваю думку, усё ж у чым прычына няўдачаў беларускіх прадстаўнікоў на «Эўрабачаньні»? Не даганяюць Эўропу?

— Калі гаварыць пра музыку, то, натуральна, Беларусь адстае. Прычым так, што ня можаш сабе нават уявіць. Я шчыра кажу. Хоць калі летась быў Юрка (Тео) са сваім «Cheesecake», ужо адчувалася нейкае набліжэньне. Скажам так, адсталасьць была гадоў на шэсьць. Ён зрабіў дыхтоўную, якасную песьню, за якую мне ўпершыню не было сорамна. Бо звычайна, калі сьпяваюць беларусы, мяне проста пачынае калаціць. Шкада тых артыстаў, бо ўжо зь першага позірку бачна, што нічога ня будзе. Асабліва калі паехала дзеўка, якая сьпявала «Ай лав Беларусь». Віньнікава, здаецца. Ну дык гэта быў увогуле джаз, ніколі не забудуся.

Мы заўсёды глядзім «Эўрабачаньне» праз Брытанію, па BBC, там самыя крутыя чувакі, якія вядуць гэтае шоў. І адзін зь вядучых сказаў, лепш і не прыдумаеш: «Ніколі не задумваўся, дзе тая Беларусь, а цяпер дакладна туды не паеду». Гэта гавораць докі ў шоў-бізе! То бок, артысты робяць антырэкляму сваёй краіне! Або калі езьдзіла Ліка, тады яшчэ Агурбаш. Гэта ж была хохма: як толькі ня кпілі, што толькі не казалі наконт яе шмотак, пераапрананьняў! Столькі сьцёбу было, не перадаць. Разумееш, глядзіш на ўвесь гэты балаган, і так балюча — маса вартых артыстаў, якім проста не даюць ходу. Усё ж, як ні круці, радзіма ёсьць радзіма, глыбока ў сэрцы сядзіць, за ўсё перажываеш. Таму дзіка крыўдна, бо яшчэ ад савецкіх часоў лічылася, што ў Беларусі — адны зь лепшых музыкаў. Але праз тыя ж «паняцьці» карупцыі справа зьнішчаецца.

З мастаком Уладзімерам Цэсьлерам
З мастаком Уладзімерам Цэсьлерам

— Для сёлетняга «Эўрабачаньня» праект пад назвай «Мілкі» падрыхтаваў эўратрыюмфатар 2009 году, нарвэскі беларус Аляксандар Рыбак. Якія шанцы былі ў гэтага варыянту?

— Рыбак зрабіў фірмовую песьню. Хай гэта нават не мае музычныя густы, ня тое, што я люблю. Справа ня ў гэтым. Але я бачу тут камэрцыйны патэнцыял, бо гэта тое, што народ потым бы сьпяваў, што было б у ратацыі. Вельмі граматна расставіў усе акцэнты, і, думаю, быў рэальны шанец на посьпех. А яго разьвялі як пацанёнка, хоць ён уклаўся «бабкамі», запусьціў цэлы мэханізм. Зрэшты, дакладна гэтак жа, як і я калісьці падпісаўся. Я ва ўсё ўпрогся, з усімі дамовіўся; бязь лішняй сьціпласьці, мы б зрабілі добры, якасны, эўрапейскі прадукт, прычым па мінімуме выдаткаў. Аднак у Беларусі нікога гэта не цікавіць, людзі сядзяць і чакаюць, калі ім нехта дасьць хабар. У мяне няма 100-працэнтнага доказу, што гэта так, але я нюхам адчуваю, што гэта сапраўды так.

Я спрабаваў «прапхнуць» на два «Эўрабачаньні» дзяўчынку, якую прадусірую. Гэта сьпявачка NaTtA. Яна ніводнага разу не прайшла ўнутраныя адборы. Таму што людзі, якія ўсё гэта ладзяць, ведаюць, што я грошай ня дам. А каб я сказаў — чувакі, хачу, каб мая дзеўка была ў фінале, колькі вам «адшпіліць» — больш чым упэўнены, што прайшла б. Само сабой, ня буду нічога сьцьвярджаць, бо ня вёў такую гульню. Аднак у мяне ёсьць такое адчуваньне, што дзесьці там у некага ёсьць свой шкурны інтарэс. Я маю на ўвазе людзей, якія групуюцца вакол усёй гэтай падзеі.

— То бок, прапаноўваў Беларусі свае паслугі неаднаразова, так?

— Я прапаноўваў свае паслугі ад 2010 да 2013 гадоў. Казаў ім: мужыкі, калі хочаце — даверцеся, бо я ж зраблю гэта ўсё тут, у Бэльгіі, дзе ўмовы непараўнальныя з вашымі. Каб я гэтым заняўся, то не на пустым месцы, я ведаю многіх прафэсіяналаў гэтай галіны. Справа ў тым, што я працую на «рэкард-лэйбле»: груба кажучы, у музычнай краме, якая па сутнасьці зьяўляецца «рэкард-лэйблам». У нас тры паўнавартасныя аддзелы з кірункамі ад хаўс-музыкі да панку. Я знаёмы зь вялікай колькасьцю прадусараў, ведаю шмат аўтарытэтных людзей.

Каб гэта было прынцыпова і мне сказала Беларусь — наперад, толькі глядзі, не выйгравай, бо прымаць няма бабак, але ад другога-трэцяга месца не адмовімся, — гэта тое, што ажыцьцявіць цалкам рэальна. Я б выкруціў гэтую сытуацыю і зрабіў бы радасьць для краіны. Але біўся з гэтым некалькі гадоў, і ўсё марна: я нікому не цікавы, бо не даю хабару. Хоць я ім тлумачыў: пацаны, мы ўсе заробім. Не пад сталом 5 штук і, што называецца, хавай артыста, а наадварот, каб артыста ўзьняць і зрабіць яго знакамітым. Ведаеш, дарэчы, колькі Рыбак зарабіў за год пасьля перамогі на «Эўрабачаньні»?

Віртуальны дуэт з «братам- Джагерам»
Віртуальны дуэт з «братам- Джагерам»

— Думаю, што расейцы на карпаратывах адвалілі нямала...

— Не, я пра афіцыйныя эўрапейскія грошы — on air, радыё, тэлебачаньне. Дык вось — 8 мільёнаў эўра. Салідна, так? Я менавіта пра гэта. Бо калі ты ня толькі выйграеш, але ўваходзіш у пяцёрку, то зарабляеш рэальныя грошы. Прыкладам, узяць каманду з Латвіі «Brainstorm», дык хлопцы да сёньня ў нас гастралююць, да гэтага часу іх на радыё круцяць, дагэтуль у іх папулярнасьць. І яны не былі першыя, проста песьня была годная і народу спадабалася. Я таксама прапаноўваў зрабіць артыста і зарабіць на гэтым. Прычым зарабіць мільёны. Ня скрасьці 5 штук, а атрымаць нармальныя, прыстойныя грошы. Але мяне ня чуюць. І я перастаў з гэтым змагацца.

Удзельнікі праекту «Moonshine»
Удзельнікі праекту «Moonshine»

— Каб Беларусь нарэшце пачулі ў Эўропе, можа, паспрабаваць прасоўваць нешта аўтэнтычнае, той жа асучасьнены фолк?

— Ні ў якім разе, ніякіх экспэрымэнтаў з аўтэнтыкай. Забудзьцеся пра фолк на «Эўрабачаньні», бо даўно ўжо даказаная яго марнасьць. Што такое фолк? Фолк — гэта этнічнае мастацтва, гэта карані той зямлі, да якой мае піетэт канкрэтны індывідуўм. І яно можа цешыць сэрца і душу толькі тых, у каго гэтыя карані ўрастаюць. Таму гэта вельмі індывідуальная рэч. Вось скажы мне: цябе мангольская нацыянальная песьня патэнцыйна зачэпіць? Не выключаю, што, магчыма, цябе і зачэпіць, але астатніх 10 чалавек — не. Бо гэта амаль на ўзроўні родавай сувязі, а хто да яе не далучаны — таму папросту гэта нецікава.

У чым, па вялікім рахунку, прыкол «Эўрабачаньня»? Трэба ўмець стварыць тое, што аб’ядноўвае ўсіх, каб ва ўсіх па целе мурашкі пабеглі. Вось у Рыбака гэта атрымалася. Пры тым, што ў ягонай песеньцы насамрэч вельмі шмат беларускага — тая наіўнасьць, тая скрыпачка. І ня толькі я, а ўсе, хто заглыблены ў гэты працэс, чуюць беларускую мэлядыйнасьць. Але яна пададзена ў такой аранжыроўцы, у такой форме, што чапляе літаральна ўсіх. Не закранутыя нэгатыўныя ноты, задзейнічаныя ноткі толькі пазытыўныя. А калі чалавек выйдзе на сцэну і пачне гартанна выводзіць «ўаў-ўаў-ўаў», то каму гэта, прабач за грубасьць, ...? Ды нікому. Так, я з табой згодны, што ў гэтым ёсьць арыгінальнасьць. Але трэба з усяго аб’ёму беларускасьці, нацыянальнай культуры выбраць якраз такую мэлёдыю, якая б узяла за жывое, незалежна ад этнічнай прыналежнасьці. А ня проста выйсьці і нешта засьпяваць ад імя народа. Досыць рызыкоўны такі падыход, дый у любым выпадку патрэбны будзе круты прадусар.

Уганараваны альбом «Rouble Zone»
Уганараваны альбом «Rouble Zone»

— Калі гаворка пра правакацыю, то найлепшым варыянтам падаецца «Brutto» — адно што Міхалок і кампанія пад нефармальнай забаронай...

— Цалкам магчыма — як правакацыя, як што заўгодна. Найперш, Міхалок — прыгажун, разумнік, Сярогу я дзіка абажаю. Адзінае, калі ён сышоў ужо ў рэвалюцыйны панк, у ім зьнікла, як бы лепш сказаць, мінорнасьць. Вось калі ён быў у «Ляпісе», у яго былі вельмі арганічныя мэлёдыкі, а цяпер у яго ўсё на адбой, на раз-два-тры. Яму б крыху таго старэнькага зачапіць пад сёньняшняе, і ён нашмат большай колькасьці людзей зайшоў бы ў сэрцы. Таму што тыя, хто любіў яго як «Ляпіса», яны, па вялікім рахунку, цяпер ня вельмі слухаюць «Brutto». Каб ён пакінуў тое сваё «чаплялава» — праз гумарок, праз іронію — было б крута. Ён занадта сур’ёзна зайшоў у тэму, а трэба проста сьцябацца з гэтага. Вядома, не мая справа даваць яму парады, але хлопцы сапраўды маглі б нешта ўчыніць — адзінае, паўтаруся, павінна быць мэлёдыя. Такая, каб ты паслухаў песьню, а потым, блін, хоць галаву ідзі мый, бо немагчыма ад яе пазбавіцца. Вось такая трэба, каб была, каб захрасла ў башцэ.

— Ці можна чакаць кардынальных зьменаў, пакуль працэсамі ў беларускім шоў-бізнэсе, пры гэтым яшчэ і падкантрольным дзяржаве, кіруюць наскрозь старарэжымныя людзі?

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00
Наўпроставы лінк

— Пра гэта ж і размова, што ў Беларусі, аб’ектыўна кажучы, ад «Эўрабачаньня» нічога не залежыць. Гэта ня той выпадак, што з сазлучанымі сасудамі. Беларускі бок прыняў свой плян дзеяньняў і ня хоча інтэгравацца ў агульнаэўрапейскі саюз хоць бы на ўзроўні музычным. То бок — каб усё рабіць сумесна, каб усе былі зацікаўленыя, як я ўжо казаў, у зарабляньні грошай і г.д. Селі па прынцыпе «мая хата з краю», кінулі ім костку, яны і радуюцца — маўляў, статусна, ганарова. Вядома, нічога з гэтага ня выйдзе. Але яны сядзяць на сваіх месцах і нікога туды ня пусьцяць — дакладна як і прэзыдэнт, дакладна як і гэты Калігула маскоўскі, які ўжо перайшоў усе рамкі прыстойнасьці.

Самае крыўднае, што я раней заўсёды гнаў на палітыкаў — куды ж, вы, гады, ведзяце народ? А ў апошні час ужо бачу, што народзец, аказваецца, задаволены. Бо калі бачу на машынах у Менску «Спасибо деду за победу», «Куплю шкуру Обамы», «Обама — чмо», то разумею: народзец таго, відаць, варты. І галоўнае, самы прыкол, нікому ў мазгі ня прыйдзе разгледзець адзін просты прыклад, а менавіта: канчатковы вынік ад супрацьборства дзьвюх сыстэмаў. Можна рэальна назіраць, што будзе, калі дзеліцца краіна. Калі, скажам, амэрыканцы, заходнікі ратуюць адну частку, а другую — Расея (раней СССР). Гэта Паўночная і Паўднёвая Карэя, вэлкам паглядзець. Амэрыка ў 1950-я ваявала з Савецкім Саюзам. Што змаглі адваяваць — стала Паўднёвай Карэяй. А тое, што Масква адгрэбла, стала Паўночнай Карэяй. Дык вось, чувакі, бярыце і рабіце высновы — дзе б вы хацелі жыць і супраць каго вы змагаецеся?

У антуражы «вінілу»
У антуражы «вінілу»

— Прынамсі, Расея, як спадкаемца СССР, дакладна абірае варыянт паўночнакарэйскі...

— Так, людзі хочуць у Паўночную Карэю, хочуць, каб іх жыцьцё падзялілася паводле іхняга любімага прынцыпу — жыцьцё не па законах, а па «паняцьцях». Вось і ўсё. А калі людзі жывуць па «паняцьцях» — гэта вельмі складана, бо «паняцьці» мяняюцца кожны дзень, а законы — наадварот, з гадамі робяцца толькі мацнейшымі. Зараз Чачня ўсяму сьвету прадэманстравала, што яна ўвогуле на ўсіх і на ўсё «кладзе». У іх прынцып кіраваньня — султанат, з усімі наступствамі. Дзяўчат прымусам аддаюць за старых, любыя дзьверы адчыненыя — заходзьце, калі ласка, выбірайце. А парушэньне Асноўнага закону Расейскай Фэдэрацыі цяпер называецца «традыцыяй народнай». Разумееш, гэта жах, што робіцца! Таму, скажу шчыра, у сувязі з усім тым, што адбываецца, я пра «Эўрабачаньне» нават ужо асабліва і не задумваюся.

Тры вечары шоў па тэлевізары — гэта добра, але ж, як кажуць, няма таго, што раньш было. Найперш, ніколі «Эўрабачаньне» не было палітычнай падзеяй. Заўсёды гэта было сьвятам музыкі. Палітычным зрабілі яго таварышы з усходу. Натуральна, у першую чаргу Расея ды яе атачэньне. Таму што ў Расеі, так гістарычна склалася, існуе комплекс непаўнавартасьці. Расейцы чамусьці на ўсё рэагуюць неадэкватна. Зусім нядаўні прыклад: што вытварылі іхнія хакеісты на чэмпіянаце сьвету, адмовіўшыся слухаць гімн Канады? Гэта ўсё той жа комплекс непаўнавартасьці. Бо калі ты ня ўмееш прайграваць — гэта першая прыкмета таго, што ты не адпавядаеш статусу пераможцы. Трэба ўмець прайграваць, трэба ўмець своечасова зьняць капялюш перад годнымі.

З жонкай Вольгай
З жонкай Вольгай

— Алег, дзякуй за гутарку, пасьпяховай рэалізацыі новага праекту «Moonshine» — балазе, у Бэльгіі ніхто на ідэалягічны ўлік вас не паставіць.

— Калі ласка. Яшчэ раз дзіка выбачаюся за сваю беларускую мову, прабач, што напружыў расейскай гаворкай. Я акурат з таго пакаленьня, калі з нас сілком выбівалі ўсё беларускае, гэта яшчэ добра, што людзі хоць неяк выстаялі ў гэтай барацьбе. Але, дзякуй Богу, расьце новае пакаленьне: гляджу, як зьяўляецца моладзь, якая гаворыць, сьпявае па-беларуску — ой, дык гэта бальзам проста. Самае крыўднае, што няма палітычнай апазыцыі. То бок, культурная апазыцыя існуе, а вось палітычная — не.

Прынамсі, адсюль я нікога ня бачу, каб хтосьці мог быць, як у Расеі ёсьць той жа Аляксей Навальны ці Барыс Нямцоў, царства яму нябеснае. Гэта палітыкі, якія насамрэч нешта сабой уяўляюць і ўяўлялі. У Беларусі? Абсалютна шчыра — я рэгулярна гляджу беларускія навіны. Я не ізаляваны, у мяне ёсьць беларускія каналы — як «Белсат», так і асноўнае беларускае тэлебачаньне. І я не магу сказаць, што, прыкладам, Рымашэўскі ці Янукевіч могуць напраўду ўзяць на сябе ролю лідэраў. Адзіны чалавек быў, у каго я верыў, — гэта, канечне, Андрэй Саньнікаў. Гэта інтэлект, гэта культура — усё на вышэйшым узроўні, разумееш? Таму яго напалохаліся ў першую чаргу і нэўтралізавалі. Гэта вельмі сумная гісторыя, бо мне, яшчэ раз кажу, хацелася верыць, што Саньнікаў зьменіць сытуацыю ў Беларусі.

Алег Мінакоў нарадзіўся ў 1964 годзе ва Ўзьдзе на Меншчыне. Ад раньняга дзяцінства займаўся музыкай, але пасьля школы паступіў ў вайсковую вучэльню на спэцыяльнасьць «вайсковы псыхоляг». Музыка ўрэшце перамагла вайсковую кар’еру: пры канцы 1980-х дэбютаваў у гурце «Праспэкт» пры Беларускай філярмоніі. Ад 1990-га пачаў працаваць з камандай Віктара Смольскага «Inspector», зь якой выехаў у першы замежны ваяж па Эўропе. У 1993 годзе заснаваў джаз-блюз-рокавы калектыў «Rouble Zone» з англамоўным рэпэртуарам. У 1996-м сэнсацыя беларускага шоў-бізу з альбомам «Put Your Money...Now!» атрымала адразу чатыры «Рок-кароны». Неўзабаве каманду запрасілі ў Кіеў выступіць на разагрэве ў легендарных «Deep Purple». У 1997-м на хвалі папулярнасьці эмігруе ў Бэльгію. Алег Мінакоў займаецца актыўнай творчасьцю, дае прыватныя ўрокі музыкі, выступае сольна і ў складзе свайго новага калектыву «Moonshine».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG