Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява Турчынава пра разьмяшчэньне ПРА — спроба спыніць умацаваньне расейскай групоўкі ў Крыме, — Алесін


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што Ўкраіна можа пачаць кансультацыі па разьмяшчэньні кампанэнтаў сыстэмы проціракетнай абароны на сваёй тэрыторыі. Якія наступствы будзе мець такое разьвіцьцё падзеяў, у тым ліку для Беларусі?

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін у інтэрвію карэспандэнту Свабоды назваў «нерэальным» разьмяшчэньне кампанэнтаў амэрыканскай ПРА ва Ўкраіне:

— Хоць са стратэгічнага пункту гледжаньня гэта было б вельмі выгадным. Бо пазыцыі ПРА былі б так блізка ад раёнаў базаваньня расейскіх стратэгічных ракет, што маглі б перахопліваць іх на старце. І, канечне, для Расеі было б вельмі адчувальным такое разьмяшчэньне. Таксама ўзрасла б напружанасьць у гэтым рэгіёне. Ужо ёсьць расейскі адказ, і экспэрты кажуць, што расейцы адразу ж разьмясьцілі б дадатковую колькасьць «Іскандэраў», у тым ліку ў Крыме, і групоўку крылатых ракетаў. Беларусь мае пэўнае стратэгічнае становішча, нібы бальконам навісае над Украінай. Таму зусім імаверна, што маглі б зьявіцца і на тэрыторыі Беларусі «Іскандэры», крылатыя ракеты і дадатковыя зьнішчальнікі. Таму разьмяшчэньне кампанэнтаў амэрыканскай ПРА ва Ўкраіне рэзка б зьмяніла ўсю стратэгічную сытуацыю ў рэгіёне, прывяло б да росту напружанасьці і гонкі ўзбраеньняў. Я думаю, што ЗША не зацікаўленыя ў такім рэзкім абвастрэньні сытуацыі, бо калі зьвера, нават мядзьведзя, прыпіраюць да сьценкі, ёсьць небясьпека, што ён не ўцячэ, а накінецца. Сытуацыя была б аналягічная той, калі б прыперці да сьценкі. Расея б адчула сябе вельмі прыступнаю для нападу.

— Але Ўкраіна мяркуе зрабіць такі крок, бо сытуацыя для яе, відаць, безвыходная?

— Я думаю, што гэта найперш элемэнт інфармацыйнай вайны. Той жа Турчынаў казаў, што калі ва Ўкраіны ня будзе магчымасьці аднавіць ядзерны патэнцыял, яны могуць зрабіць «брудную бомбу» з адкідаў АЭС. То бок прадукты распаду зарадзіць і падарваць, расьсеяць, напрыклад. над тэрыторыяй Расеі масу радыеактыўных элемэнтаў. Гэта складнік інфармацыйнай вайны. Гэта спроба спыніць умацаваньне расейскай групоўкі ў Крыме, бо некаторыя гарачыя галовы ў расейскай эліце кажуць пра тое, што нядрэнна было б разьмясьціць у Крыме ядзернае ўзбраеньне, што дазволіла б кантраляваць увесь поўдзень Эўропы. І гэта таксама было б рэзкае абвастрэньне сытуацыі. Я думаю, што пакуль ідзе абмен слоўнымі ўдарамі. Бо зьяўленьне расейскай ядзернай зброі ў Крыме і стварэньне пазыцыяў ПРА ва Ўкраіне дэстабілізавала б усю стратэгічную сытуацыю ў гэтым рэгіёне.

— То бок Лукашэнка дазволіць на беларускай тэрыторыі разьмясьціць тыя ж расейскія «Іскандэры»?

— У нас ёсьць саюзьніцкія абавязаньні. У сваім нядаўнім выступе Лукашэнка сказаў, што многія эўрапейскія саюзьнікі не падтрымлівалі апэрацыю ЗША ў Іраку, але ўсё ж пайшлі на гэта, бо яны саюзьнікі. І што калі нават Расея ўвяжацца ў нейкі канфлікт, то мы як саюзьнікі падтрымаем. Таму, калі сытуацыя абвострыцца да такой ступені, то гэтага не выключаю. Хоць раней прагучала заява ЗША, што яе ПРА не накіравана супраць расейскіх ракет, а што яны супраць КНДР і Ірану. У прынцыпе, ЗША абазначылі сваю пазыцыю. Ніякіх іншых проціракетных комплексаў, апроч амэрыканскіх, няма. Альбо яны зробленыя пры ўдзеле ЗША. Таму без ЗША тут нічога ня можа адбыцца. Але я думаю,што ЗША не зацікаўленыя ў далейшай эскаляцыі напружанасьці. Асабліва калі на Блізкім Усходзе абвастраецца сытуацыя і напэўна спатрэбіцца садзеяньне Расеі, каб спыніць мусульманскіх фундамэнталістаў. Я думаю, далей за зьнешняе абвастрэньне ня пойдуць ні Расея, ні ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG