Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адны ўліліся ў армію „дармаедаў“, іншыя рушылі ў Менск, хоць на трохмільённы заробак!..»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

На працягу апошніх некалькіх месяцаў у эканоміцы Беларусі адбываюцца істотныя зьмены — большасьць людзей адчувае гэта на ўласных кішэнях. Тэма наступстваў вострага эканамічнага крызісу стала адной з галоўных у пошце Свабоды.

Наш слухач Алесь Раткевіч з пасёлку Чысьць Маладэчанскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, згадвае, як Свабода ў 2007 годзе, расказваючы пра пасёлак, назвала яго «маленькай Швайцарыяй». Тады Чысьць была дагледжанай і заможнай, паколькі мясцовыя будаўнічыя прадпрыемствы «Забудова» забясьпечвалі ўсіх працай і прыстойным заробкам. Але цяпер, як піша спадар Алесь, усё непазнавальна зьмянілася:

«На сёньняшні дзень на ўсіх без выключэньня цэхах „Забудовы“ вісяць замкі! Калі які-небудзь папрацуе ў месяц тыдзень, то гэта вельмі добра! Канторы пераведзеныя на трохдзёнку і на дзьве траціны заробку. Заробак спэцыялістаў і рабочых зваліўся на два з паловай — паўтара мільёна рублёў (!), якіх толькі на аплату «камуналкі» і хапае. Людзі пачалі нехаця масава звальняцца. Адны ўліліся ў армію „дармаедаў“, а іншыя рушылі ў Менск, хоць на трохмільённы заробак!

Сярод мясцовага насельніцтва ходзяць розныя чуткі — чаму так здарылася. Адны спасылаюцца на цяжкасьці агульнадзяржаўнага эканамічнага становішча. Іншыя тлумачаць, што гэта нейкая мафіёзная сіла мэтанакіравана збанкруціла прадпрыемства-карміліцу, каб пасьля завалодаць ім за капейкі. Існуе яшчэ і вось такая вэрсія — „Дажынкі“ ў Маладэчне! Усім вядома, што „Забудова“ ўклала львіную долю ў падрыхтоўку гораду да сьвята. А вось ці заплаціла дзяржава за гэта — пытаньне цьмянае. Я таксама, як і шматлікія пасялкоўцы, схіляюся больш да апошняй вэрсіі банкруцтва.

...А цяпер пытаньне наконт нашага «бясплатнага» мэдыцынскага абслугоўваньня. Чаму яно нам так дорага абыходзіцца? Напрыклад, ужо на працягу некалькіх год у Чысьцінскай бальніцы няма стацыянарнага рэнтгенабсьледаваньня. Паводле графіку двойчы на тыдзень павінна прыяжджаць перасоўная аўтафлюараграфія. Але з-за частых паломак аўтамабіля графік парушаецца. Былі выпадкі, што машыны тыднямі не было. У Чысцінскай бальніцы ёсьць два стаматалягічныя кабінэты, інфэкцыйнае аддзяленьне, тэрапія. Адкажыце, хто зможа, на якую якасьць лячэньня без рэнтгенаўскіх абсьледаваньняў у гэтых аддзяленьнях можна разьлічваць?

Я сам у мінулую восень, каб вызначыцца зь лёсам аднаго зуба (рваць ці лячыць), вымушаны быў тройчы езьдзіць у Маладзечна на рэнтгенздымак. Літаральна днямі дачка двойчы езьдзіла па падазрэньні на запаленьне лёгкіх. Дзясяткі чысьцінцаў кожны дзень, хворыя ці здаровыя, на сваім транспарце альбо нанятым, вымушаныя ехаць за дваццаць пяць вёрст, каб зрабіць здымачак, безь якога доктар проста ня ў стане вызначыцца з захворваньнем»…

Падобная сытуацыя цяпер на многіх беларускіх прадпрыемствах, якія яшчэ нядаўна выглядалі зусім пасьпяховымі. Ня думаю, спадар Алесь, што справа тут у фінансаваньні «Дажынак». З прычыны таго, што ўлады доўгі час штучна стрымлівалі курс беларускага рубля адносна цьвёрдых валют, адначасова падвышаючы заробкі, беларуская прадукцыя рабілася ўсё менш канкурэнтаздольнай на вонкавых рынках. Двухразовая дэвальвацыя расейскага рубля гэтую тэндэнцыю абвастрыла, зрабіўшы экспарт у Расею ў шэрагу выпадкаў проста нявыгадным. Вытворчасьць будматэрыялаў гэтая сытуацыя зачапіла самым непасрэдным чынам.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў, гэтым разам зьвяртае ўвагу на тэму, далёкую ад палітыкі — глябальнае пацяпленьне клімату:

«У нас у Беларусі надвор’е даўно насьцярожвае. Паглядзіце на вынікі маніторынгу — ад пачатку сыстэматычных назіраньняў з 1880 году, то бок за 135 год, топ-10 самых цёплых гадоў прыпадае на 2000-я! Я, напрыклад, ужо 2 гады не стаяў на лыжах з-за адсутнасьці належнай колькасьці сьнегу. Мае родныя паведамляюць з Каліфорніі, што ў гэтым годзе (як, дарэчы, і ў мінулым) сэзону дажджоў практычна не было. У Каліфорніі, як вы ведаеце, узімку замест сьнегу ідуць дажджы, папаўняючы запасы вады ў адмысловых вадаёмах. У Каліфорніі праблемы з вадой. Глябальнае пацяпленьне ў дзеяньні, шаноўнае спадарства! Падобна да таго, што запушчана ланцуговая рэакцыя! Чым гэта пагражае, цяжка нават уявіць — пачнецца масавая міграцыя з засушлівых краін у паўночныя, пачнецца голад у шмат якіх рэгіёнах Зямлі, успыхнуць войны, у параўнаньні зь якімі луганскі канфлікт падасца дзіцячай забавай... Ох, шаноўнае спадарства, мне цяжка нават падумаць, з чым сутыкнуцца ў зусім недалёкія часы нашы дзеці і асабліва ўнукі! Вось чым трэба нам, жыхарам плянэты Зямля, займацца сёньня, а ня крымы-луганскі-данецкі дзяліць-перадзельваць ды карыкатуры на старажытных прарокаў маляваць!».

Сапраўды, спадар Кастусь, яшчэ ня так даўно — у 70-я і на пачатку 80-х гадоў — нават уявіць было цяжка, каб у лютым у Беларусі не было сьнегу, каб пасярод зімы на палёх зелянела трава... Для беларускага клімату і зьвязаных зь ім галінаў гаспадаркі пацяпленьне на 1–2 градусы, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, фатальнымі наступствамі нібыта не пагражае. Вунь Аляксандар Лукашэнка ў сябе на гародзе нават кавуны пачаў вырошчваць. Беларускі клімат, кажуць, усё больш пачне нагадваць цэнтральнаэўрапейскі — як у Нямеччыне ці Чэхіі. Іншая справа, што ў глябальным маштабе такое пацяпленьне сапраўды можа выклікаць катастрафічныя наступствы — асабліва калі ў выніку раставаньня леднікоў падвысіцца ўзровень Сусьветнага акіяна і шмат якія тэрыторыі апынуцца пад вадой.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG