Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Аляксандра Ахмача судзяць за плякат «Russian army go home»


Аляксандар Ахмач
Аляксандар Ахмач

У Ленінскім судзе Берасьця адбылося першае паседжаньне па справе Аляксандра Ахмача, які 8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы, сфатаграфаваўся ў Берасьцейскай крэпасьці з плякатам «Russian army go home».

Аляксандра Ахмача вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванай масавай акцыі. Сваёй віны ён ня бачыць, кажа, што фатаграфаваўся не публічна.

Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна вырашыў перанесьці разгляд справы на 2 сьнежня.

Флэшмоб, калі людзі фатаграфуюцца з надпісам «Russian army go home», адбываўся ў розных краінах сьвету. У інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Ахмач распавёў пра акцыю, у якой прымаў удзел.

— Аляксандар, суд вызначыў тваё фатаграфаваньне як пікет?

— Так, але ў тым жа законе аб масавых акцыях дакладна сфармулявана, што пікетам зьяўляецца «публічнае выражэньне грамадзянінам або групай грамадзянаў грамадзка-палітычных, групавых, асабістых ці іншых інтарэсаў або пратэсту (бяз шэсьця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаньнем або без выкарыстаньня плякатаў, транспарантаў ці іншых сродкаў».

А якая магла быць публічнасьць у мэмарыяльным комплексе, дзе той самай публікі — што ў жабрака грошай? Тым больш што я толькі рабіў фатаздымкі, не прыцягваючы да сябе ўвагі. І калі суд лічыць «публічнасьцю» тое, што я, знаходзячыся ў сваёй хаце, выклаў здымкі ў сеціва — то прабачце...

— Які сэнс быў удзельнічаць у флэшмобе? Чаму ты вырашыў выказаць такім чынам сваю пазыцыю?

— Заўсёды лічыў, што выраз «мая хата з краю» пасуе больш падданым нейкай манархіі а не грамадзянам дзяржавы з рэспубліканскай формай праўленьня. Таму для мяне як для грамадзяніна РБ больш актуальнае пытаньне: «Калі ня я, то хто?». У гэтым і самая сутнасьць панятку «грамадзянін» — то бок я лічу сябе асабіста адказным за далейшы лёс і шляхі разьвіцьця дзяржавы. Што да таго, чаму менавіта такім чынам, то тут усё залежала не ад мяне, а ад арганізатараў флэшмобу, якія і абралі такі фармат мерапрыемства. Тым больш што яно было міжнароднае.

— Як ты думаеш, ці нясе пагрозу прысутнасьць расейскіх вайсковых базаў у Беларусі?

— На мой погляд, прысутнасьць войскаў замежных дзяржаў у краіне, якая зьяўляецца нэўтральнай, — поўнае глупства. Тут, зноў жа, пытаньні ў заканадаўстве. Калі ўлады мяркуюць, што мы ўжо «наеліся» тым нэўтралітэтам, як і «дэмакратыяй», то не тлуміце людзям галаву і ў такім разе, ці то адразу абвясьціце Беларусь абсалютнай манархіяй, дзе ўсе рашэньні прымае адна асоба, ці правядзіце публічнае абмеркаваньне ды рэфэрэндум па праблеме знаходжаньня замежных войскаў на тэрыторыі краіны, калі яшчэ лічыце Беларусь рэспублікай. Што да пагрозы... то гэта, мабыць, яшчэ вельмі мяккая фармулёўка. Усе мы ведаем, чым скончылася для Ўкраіны ўтрыманьне базаў Чарнаморскага флёту ў Крыме — «аксамітнай» анэксіяй паўвострава ды яшчэ крывавай заварухаю ў Данбасе. І чаму гэта некаму падаецца, што падобныя падзеі ня могуць паўтарыцца ў Беларусі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG