Праграмы / Грамадзкі рэдактар

Ніна Стужынская: “Жанчыны мужчын разбэсьцілі”

29.01.2008 05:05

Грамадзкая рэдактарка “Свабоды” на гэтым тыдні – кандыдат гістарычных навук, стваральніца і старшыня грамадзкай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга” Ніна Стужынская.


Цягам тыдня ў ранішнім эфіры – гутаркі з грамадзкай рэдактаркаю пра розныя грані сацыяльнага партрэту сучаснай беларускі. Гэтым разам размова пра тое, у якой сацыяльнай ролі бачыць грамадзтва сваю сучасьніцу.

Стужынская: “Калі размаўляць зь любым прадстаўніком нашага грамадзтва, незалежна ад яго ўзросту, статусу, ён скажа, што найперш жанчына запатрабаваная грамадзтвам як маці. Другая запатрабаванасьць – гэта жанчына-жонка. Абсалютна станоўча разглядаецца грамадзянскі шлюб – каханак і каханка. Такім чынам, нашае грамадзтва разглядае жанчыну ў абсалютна традыцыйных ролях: як было сто год таму... Паглядзіце на прыклады сусьветныя: калі дзеці вырасьлі, жанчына рэалізуецца як палітык. Шмат прыкладаў...”

Уліцёнак: “Давайце назавем...”

Стужынская: “Мадлен Олбрайт. Дзеці вырасьлі, яна зрабіла кар’еру выкладчыка ВНУ... І аднойчы зранку муж ёй сказаў: “Слухай, ты мне надакучыла... Я знайшоў іншую...” Пасьля гэтага пачынаецца зусім новая старонка ў яе жыцьці. Гэта быў гэткі штуршок, ведаеце, яна як быццам з касьмічнага карабля – у палітычную прастору!”

Уліцёнак
: “А што вынікае з гэтага досьведу для жанчыны беларускай? Жанчыны, якая таксама вылецела з аднаго жыцьця ў другое...”

Стужынская
: “А ведаеце, я вам скажу гэтак: адны дзьверы ў жыцьці зачыняюцца, а новыя двое, а можа й трое – адчыняюцца. І жанчына павінна гэта ведаць. У беларускім грамадзтве – шмат самотных жанчын. Высьпявае праект “Я ў сябе адна”.

Уліцёнак: “Досьвед нашых суседзяў, якія прайшлі гэткі самы шлях – прыкладам, палякі. Развалы сем’яў, злом укладаў жыцьця... Што там цяпер? Выкараскалася гэтая самотная жанчына?

Стужынская: “Польская жанчына заўсёды вызначалася самастойнасьцю. Полька не здаецца – гэткая прымаўка ёсьць. Але тамака традыцыі крыху іншыя”.

Уліцёнак: “А наша жанчына? Пасьля вайны, пасьля 1945-га году яна ж таксама засталася адна і на сабе цягнула траіх, чацьвярых, пяцярых дзяцей”.

Стужынская: “І разбэсьцілі настолькі мужчыну, што ён дагэтуль ня можа адысьці ад той ласкі і стацца самастойным...”



 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb