Цытаты мінулага – 14 студзеня
14.01.2005 11:59
Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі
Беларуская прэса розных гадоў 14 студзеня
“Беларуская доля”, 1925 год:
“Ужо трэці год, як я зусім адышла ад беларускага палітычнага жыцьця і стала на шлях выключна культурна-нацыянальнай дзеяльнасьці. З прыездам у Латвію летам 1922 г. я праз увесь гэты час была адорвана ад Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў, да якой належала, і не прымала ў ёй ніякага чыннага ўдзелу. Вось дзеля чаго, ня могучы прыняць на сябе адказнасьці за дзеяльнасьць Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў і жадаючы ў будучыне працаваць на чыста культурна-нацыянальным груньце, — я выходжу з ліку сяброў Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў, аб чым адначасна апавяшчаю Цэнтральны Камітэт Партыі і беларускае грамадзянства. Паўліна Мядзёлка”.
“Звязда”, 1935 год. Верш Янкі Купалы, прысьвечаны ХІ усебеларускаму зьезду Саветаў:
“Знатныя людзі
Совецкай зямлі
З добраю весткай
На з’езд свой прыйшлі.
Кожны свой рапарт
Даложа на сходзе,
Што ў пяцілетку
Зрабілі стагоддзе.
Намі збудован
Магнітабуд,
Шлях Беламорскі —
Тэхнікі цуд.
Мы зачынілі
Парогі Дняпра,
Сваёй радзіме
Прыдбалі дабра…
Здраднікаў подлых
Нішчым мы ўшчэнт,
Нам пераможцам
Дзівуецца свет.
Песню прынеслі
Сваю песняры
Вам, зямлі вольнай
Гаспадары.
Партыя ж наша
І мудры наш Сталін
Да перамогі
Шляхі паказалі”.
“Народная газета”, 1995 год:
“Як мы ўжо паведамлялі, адбыўся візіт вядомага грамадскага дзеяча Д.Сораса на Беларусь, у час якога ён быў прыняты Прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам… Лукашэнка і амерыканскі фінансіст на працягу амаль дзвюх гадзін абмяркоўвалі праблемы стварэння адкрытага грамадства, свабоды прэсы і некаторыя іншыя. Аляксандр Лукашэнка запэўніў Д.Сораса ў тым, што на Беларусі будуць спрыяць дзейнасці фонду, і папрасіў прабачэння за дзеянні папярэдняга ўрада. Нагадаем, што ў свой час былы прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч адмовіўся нават сустрэцца з Д.Сорасам. Д.Сорас паведаміў, што ў некаторых краінах фінансаванне фондаў будзе скарачацца, але гэта не датычыцца Беларусі”.