Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Сажыч – адзіны з былых старшыняў Рады БНР, які цяпер жыве


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 11 студзеня 2005). Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнік: Язэп Сажыч (ЗША).

Сёньняшняя старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла свае паўнамоцтвы пераняла ў 1997 годзе ад сп. Язэпа Сажыча. Ён цягам 15 гадоў выконваў гэты пачэсны абавязак . Цяпер сп. Сажыч, якому споўнілася 87 гадоў, жыве ў Флорыдзе. Ягоны лёс быў цалкам зьвязаны з лёсам Бацькаўшчыны, якую давялося яму пакінуць напрыканцы вайны.

Сп. Язэп Сажыч – зараз адзіны, хто жыве, з былых старшыняў Рады БНР.

Мне запомнілася першае знаёмства са сп. Сажычам у 1993 годзе, калі ён прыяжджаў у Беларусь на сьвяткаваньне 75–х угодкаў абвяшчэньня БНР. Тады нас усіх ўразіла ягонае выступленьне на сьвяточнай вечарыне ў дзяржаўнай філярмоніі, мы пабачылі, што Рада БНР – гэта не далёкая гісторыя, што яна рэальна жыве і дзейнічае. А пад час паездкі ў Вільню на Росах сп. Язэп замест прамовы нечакана прасьпяваў беларускую ваярскую песьню, якая моцна ўзрушыла прысутных.

Сп. Язэп, напачатку - традыцыйнае пытаньне пра Вашы карані, адкуль паходзіць Ваш беларускі патрыятызм, дзе, у якім асяродку выхавалася Ваша любоў да Бацькаўшчыны?

(Сажыч: ) ”Я нарадзіўся пад Наваградкам, вёска Гарадэчна. Род мой паходзіць з Нягневічаў, пад Шчорсамі. Дзед Тамаш праслужыў у маскалях 25 гадоў, у войску, калі іх адпусьцілі, ім далі па нейкіх дзьве дзесяціны зямлі каля Наваградку. Яны пабудавалі пасёлак. Наша вёсачка была не батрацкая, а як бы калёнія. У бацькі было мала зямлі, ён быў жанаты і меў 4 дзяцей. У той час многія выяжджалі на заробкі. І ён паехаў на заробкі напачатку мінулага стагодзьдзя, у Амэрыку. Ён, відаць, добра падзарабіў, жыў у Нью-Ёрку, развозіў піва, як мне распавядалі. Прысылаў даляры і старэйшага сына паслаў ў вышэйшую народную вучэльню ў Наваградку. Потым дастаў вестку, што ягоная жонка памерла, і ён мусіў вярнуцца, бо дзеці засталіся адны. Прыехаў сюды, прывёз даляры, дакупіў яшчэ зямлі і ажаніўся з маёй мамаю.

У 1919 годзе была эўрапейская пандэмія і ён памёр, мне было ўсяго 2 гады. Старэйшы брат быў жанаты і я ўжо гадкоў ў дзесяць стаў гаспадаром”.

А ці давялося Вам вучыцца?

(Сажыч: ) ”У сем гадоў пайшоў у школу. Там была памешчыца Керсноўская, яна прыходзіла да нас у школу вучыць каталікоў рэлігіі. Калі я скончыў 4 клясы, яна мяне завяла – басанож я бег за ёю да Наваградка – у 7-клясную школу і там запісала на вучобу. Я тры гады там вучыўся. Мамачка цешылася, што сынок будзе можа нейкім пісарчуком.

А потым войт гміны сп. Сокал – я якраз касіў сенажаць у свае 14 гадоў – прыехаў і кажа :"Сынку, гэта не твая работа, я чуў, што ты добра вучышся, ідзі вучыцца. Прыйдзі да мяне заўтра у гміну".

Я прыйшоў, ён мне выдаў пасьведчаньне і адправіў мяне ў Беларускую гімназію. Казаў: "Дырэктар гімназіі – мой добры прыяцель, і там яшчэ доктар Аляксандр Орса настаўнікам – яны табе дапамогуць, каб не плаціць за навуку". Ён быў патрыёт беларускі, войта тады выбіралі людзі. Перахрысьціў мяне :"Ну, сынку, ідзі, вучыся". І вось я паступіў у 4 кляс.

Мы скончылі 4 клясы, і раптам Беларускую гімназію зачынілі і сказалі, што ўсе, хто хоча далей вучыцца, маюць права перайсьці ў польскую гімназію. Мы перайшлі, а хто быў заможнейшы, паехалі вучыцца ў Вільню ў Беларускую гімназію. А я хадзіў босы ў Наваградак кожны дзень і таму пайшоў у польскую.

І вось я ў польскай гімназіі скончыў 8 клясаў, здаў матуру з добрымі вынікамі, дастаў узнагароду – збор твораў Адама Міцкевіча”.

Гэта быў 1938 перадваенны год. Хлопца, якому споўнілася тады 20 гадоў, узялі ў польскае войска.

(Сажыч: )”Я меў адукацыю, і мяне паслалі ў афіцэрскую школу, сяржантам выйшаў.

І раптам 1 верасьня 1939 году пачалася вайна. 1 верасьня а чацьвёртай гадзіне раніцы я ўжо сядзеў у акопах. Я быў камандзірам узводу. 14 верасьня мяне цяжка паранілі, і я трапіў у нямецкі палон. Яны бачылі, што я афіцэр, і яны тады яшчэ стараліся выконваць канвэнцыю і даволі добра да мяне паставіліся. Адразу адправілі мяне на мэдпункт. Там быў маёр – хірург нямецкі. Ён агледзеў рану, потым пагладзіў мяне па галаве і сказаў: "Не пераймайся, мы цябе вылечым". Ведаеце, я там расплакаўся, я думаў, што мяне расстраляюць.

Я патрапіў у шпіталь у Лодзі. Калі паправіўся, яны мне кажуць, што мусяць мяне выпісаць, і тады мяне пашлюць у лягер для палонных. Адзін афіцэр "фольксдойч" пашкадаваў мяне і даў мне пасьведчаньне, што я маю права пайсьці за браму ў аптэку за лекамі. Я выйшаў, перахрысьціўся і падумаў, што я сюды больш не вярнуся.

Я пайшоў на станцыю, сеў у цягнік, даехаў да Беластоку. Якраз трапіў у той час, калі там ішоў Усенародны сход. Я плакаў, гледзячы, што ўсё па-беларуску напісана. Потым я праз Баранавічы дабіўся неяк да Наваградку. Там ужо саветы былі.

Цікава, што сталася. У маю вёску прыйшоў хлопец з суседняй вёскі і сказаў маёй маці. што бачыў, як мяне забілі, што ён на свае вочы гэта бачыў. А ён служыў у маім узводзе і сапраўды бачыў, як я паранены перакуліўся. Маці проста ўпала. Яна пайшла, канешне, да бацюшкі, і паніхіду адслужылі па мне.

І вось восень, дождж, я іду праз грады да хаты, а маці ідзе з вядром, стала, угледзела і раптам кінула вядро і паляцела ў хату з крыкам, там самлела, думала, што нейкая здань. Памятаю, яе адлівалі вадою”.

Вы, як польскі афіцэр, пры савецкай уладзе ў Наваградку, пэўна, мусілі там хавацца?

(Сажыч: ) ”Спачатку я не баяўся. Я нават пайшоў на сход. Бачыце, мяне ведалі, як бедняка. І я ўжо пачаў далей хадзіць на сходы. І быў чарговы сход, калі прыехалі дэлегаты са Сходу ў Беластоку, была сустрэча зь імі. Вялікі быў сход, я сеў наперадзе, бо мне было вельмі цікава. Палітрукі сядзелі, дэлегаты распавядалі , як там было. А ў канцы запыталі: "Вопросы есть?". Я падняў руку і кажу, што я якраз быў у гэты час у Беластоку, я так цешыўся, што ўсё было па-беларуску напісана. А тут выступалі з прамовамі па-руску, чаму не гавораць па-беларуску? Мы, дзякаваць Богу, дачакаліся сваёй роднай мовы. А яны ў адказ: "Да, это интересно. Но у нас, конечно, свобода и каждый говорит, как хочет". Але, мяне ўжо запісалі , што я тут нацыяналіст”.

Чым Вам тады давялося займацца, трэба ж было неяк жыць?

(Сажыч: ) ”Тады на сходах выбіралі ўсё на нейкія пасады і часта прапаноўвалі мяне: "Юзік – ён адукаваны". Чыноўнікі адказвалі: "Нам грамотных не надо, нам хорошие патриоты нужны". Але, урэшце мяне ўсё ж зрабілі скарбнікам сельпо. Аднак, начальства ў майго кіраўніка усё пытаецца: "Хто он такой?". І вось аднойчы ён прыходзіць і кажа: "Юзік, табе тут, браток, не мейсца, за табою наглядаюць, змывайся". Ён пайшоў да старшыні нашага сельсавета і выпісаў мне даведку, што Іосіф Сажыч, грамадзянін з паходжаньня бядняк, пасылаецца на далейшую вучобу”.

Але, куды Вы маглі тады паехаць вучыцца?

(Сажыч: ) ”Трэба было выбіраць, куды ехаць. Нашы вучні з гімназіі, якія вучыліся ў Вільні, калі Вільню раптам аддалі літоўцам і трэба было вучыцца па-літоўску, паехалі працягваць вучыцца ў Львоў, дзе адукацыя была па-украінску . Я меў там двух знаёмых студэнтаў, і я паехаў у Львоў з Барысам Рагулем. Барыс вярнуўся дадому, з палону уцёк. Там наш сябра ужо год вучыўся і нам дапамог. Мы хацелі на мэдыцыну пайсьці, але ужо было запозна. Потым аб''явілі дадатковы набор на ўлікова-эканамічны факультэт.

Рагуля вярнуўся дахаты, потым яго бальшавікі арыштавалі і пасадзілі ў вязьніцу. А я там зашыўся, пачаў вучыцца, стаў выдатнікам. Потым выбухнула вайна, немцы напалі на Савецкі Саюз. Мяне мабілізавалі ў войска. Нас вялі калёнамі, сотні людзей гналі. Потым нямецкія самалёты пачалі нас абстрэльваць. Мы хаваліся ў пшаніцу. Чатырох нас, мы вырашылі не ісьці далей, схаваліся і пайшлі назад у Львоў. Але, дзе ж там , далёка ўжо адышлі. Зайшлі ў нейкую вёску, вялікая вёска. Тады я пабачыў нацыяналізм украінскі.

Я шчыра скажу, што я стаў беларускім нацыяналістам, будучы ва Ўкраіне. Дзяўчаткі, я гляджу, з куфраў выцягваюць жоўта-сінія сьцягі, прасуюць іх і вывешваюць на хатах. Божа, думаю, каб у нас так у Беларусі! У іх ужо была падпольная арганізацыя, хлопцы ўсе былі ўзброеныя .

Мы вярнуліся ў Львоў і бачым, што нідзе немцаў няма. Яны аддалі Львоў галіцкай украінскай дывізіі. Украінцы ўжо арганізавалі свой самаўрад. І я бачыў, як на плошчы абвяшчалі незалежнасьць, сьпявалі "Шчэ не вмэрла Украіна...". Стэцко стаў прэм’ер-міністрам. Яны перанялі ўсю адміністрацыю”.

Вы вярнуліся ў Львоў, а што было далей?

(Сажыч: ) ”Далі мне добры занятак. Мяне там ужо ведалі і далі мне краму харчовую, бо я вучыўся на ўлікова-эканамічным факультэце. Аказалася, што ў Львове тады было шмат беларусаў-студэнтаў. Пачалі зьбірацца разам. Прыйшлі весткі зь Беларусі, запрашалі студэнтаў вяртацца на Бацькаўшчыну як найхутчэй, бо патрэбныя людзі, каб будаваць сваю адміністрацыю. Зрабілі сход, і потым цэлымі групамі адсылалі студэнтаў у Беларусь. А мне загадалі сядзець там да канца, таму, што я меў краму і забясьпечваў харчамі. Калі прыходзіла група, я напакоўваў ім торбы ў дарогу. Нарэшце, давялося ад''ехаць і мне пасьля таго, як я там прабыў месяц ад пачатку акупацыі”.

Вы вярнуліся ў Наваградак, горад ужо быў акупаваны немцамі, Вы былі адным тых, хто распачынаў там беларускую працу – наколькі гэта было магчыма?

(Сажыч: ) ”У Наваградку ў адміністрацыі быў Барыс Рагуля. Ён цудам уцёк з савецкай турмы і вярнуўся ў Наваградак.

Ён схапіў мяне, пацалаваў і кажа: "Ну, давай, ідзі сюды, ты будзеш акруговым камандзірам паліцыі". А у той час там быў паляк, палякі апанавалі паліцыю.

Бачыце, я адмовіўся таму, што я не хацеў супрацоўнічаць зь немцамі. Я ўЛьвове бачыў, што калі ўкраінцы абвясьцілі незалежнасьць, хутка прыйшлі камісары нямецкія, усіх у турму іх і заявілі, што Лембэрк (Львоў) ёсьць сталіцаю Галіцыі, а Галіцыя прылучаецца да рэйху. Стэцко пасадзілі ў турму. І ўсё гэта было на маіх вачах, якая была трагедыя, тады украінцы пайшлі ў падпольле. І таму я ўжо тады ўсё зразумеў.

Але сталася так, што не было сваіх людзей, і ў Наваградку занялі адміністрацыю палякі. Рагуля настойваў , каб паліцыю ўзяць у свае рукі. Але я казаў, што пайду толькі ў войска – калі нам дадуць зброю і войска, то я пайду.

Я пайшоў дадому на гаспадарку. "Не хачу нічога ведаць, – кажу, – я немцаў ненавіджу". Але потым усё ж патрэбная была дапамога, і я дапамагаў, суд арганізаваў народны”.

А як сталася, што Вы ўсё ж заняліся беларускімі вайсковымі справамі?

(Сажыч: ) “Потым я ўсё ж пасяліўся з Рагулем у доміку, разам жылі, і ён усё недзе ездзіў. І вось аднойчы ўночы прылятае з Менску, цэлую папку папераў кінуў мне: "На табе тваё войска. Гляджу, а там нейкі генэрал дае загад, што дазваляецца беларусам арганізаваць самаахову – войска. І тады гавораць, што ў кожным раёне будзе стаяць батальён беларускай самааховы. У Наваградку будзе цэнтраля. Будзе закладзена школа падафіцэраў. І Рагуля даў мне загад , каб я быў камандзірам падафіцэрскай школы ў Наваградку. Я вярнуўся і сарганізаваў гэту школу. Тады быў вялікі вайсковы пад''ём. І немцы спалохаліся, закрылі і не дазволілі самаахову. Я быў ізноў страшна расчараваны і не хацеў ужо нічога”.

Але на гэтым Ваша вайсковая кар’ера не скончылася?

(Сажыч: ) ”Раптам мяне выклікаюць у Менск, сустракае там мяне Кушаль у чыгуначнай уніформ, і зь ім палкоўнік Мірскі – князь Мірскі. Кушаль кажа: "Такая справа: немцы нас зараз падвялі, але нам трэба захопліваць зброю дзе толькі можна. Я вам загадваю, каб вы ехалі ў Ліду і там арганізавалі чыгуначны батальён. Вы афіцэр, ніякіх дыскусій, я вам загадваю". Канешне, я паехаў. Мне з Наваградку дазволілі ўзяць добраахвотнікаў з маёй школы. Я забраў з сабою 50 чалавек, прыехаў, пайшоў да камандзіра станцыі. Была ў Лідзе фабрыка галёшаў, і там зрабілі кашары. Я меў там 250 чалавек, перашколіў іх, хлопцы мяне любілі. А потым мяне ўжо забралі ў Маладэчна. Там перашколіў, тады перакінулі ў Стоўбцы, і там перашколіў. Нарэшце адправілі мяне ў Баранавічы, там быў цэнтар”.

Давялося Вам удзельнічаць у Другім Усебеларускім Кангрэсе?

(Сажыч: ) ”Канешне, удзельнічаў. Родзька прыехаў, вярнуўся зь Віцебску. Ён тады рэкамэндаваў мяне ў партыю БНП – Беларускую незалежніцкую партыю. Ён потым быў яе кіраўніком, праўдападобна, гэтую партыю залажыў ксёндз Гадлеўскі . Я здаў прысягу. Добра была арганізаваная партыя. Усевалад Родзька – калі быў Кангрэс, ён быў там дзеяч . Я – афіцэр, і мне загадалі на другім паверсе ўзяць хлопцаў і ахоўваць, бо немцы ці партызаны могуць напасьці. Я чуў, як там гаварылі, сьпявалі”.

Вядома, што Кангрэс адбываўся ў апошнія дні нямецкай акупацыі, з Усходу ўжо наступалі савецкія войскі. Дэлегаты кангрэсу мусілі пакінуць Менск і ад’яжджалі на Захад. Вы таксама тады выехалі з Беларусі?

(Сажыч: ) ”Я адразу паехаў на сваю базу ў Баранавічы. І адтуль мы самым апошнім цягніком ад''яжджалі. Я меў 300 чалавек з сабою, усе ўзброеныя. Мы ахоўвалі ўсе іншыя цягнікі, бо мы былі чыгуначная ахова.

Нас завязьлі на францускую мяжу, у Саарбрукен, каля Страсбуру. Там Родзька мне даў загад" "Трымай хлопцаў у кучы і, калі будзе магчымасьць, мусіш перайсьці да францускіх партызанаў". Потым раптам зьявіўся Рагуля і кажа "Зьбірайся, у Бэрлін мусіш ехаць". Паехалі ў Бэрлін. Астроўскі там быў і Езавітаў. Езавітаў прапанаваў новую 20-ю беларускую дывізію арганізаваць. Але Рагуля забраў мяне і павёз у Дальвіц – туды, дзе была школа парашутыстаў. Ён хацеў прызначыць мяне камандзірам групы, якую хацелі закінуць у Беларусь. Але я сказаў, што я нічога у гэтай справе не разумею – які я буду камандзір? І якраз там я сустрэўся зь Міхасём Вітушкам. Ён прыйшоў і сказаў: "Не пераймайся, я вазьмуся за гэтую справу". Ён быў ужо гатовы адлятаць, ён мяне абняў і сказаў, што быў у гэтай школе і лепш ведае, а я буду тут больш патрэбны”.

Вы засталіся і што было далей – вайна ўжо ж канчалася?

(Сажыч: ) ”Там застала нас капітуляцыя. Нам парадзілі ехаць на Захад. Мы паехалі. Дабраліся ў Цюрынгію, дзе была мая ўжо цяпер нябожчыца жонка, а тады нарачоная, і Люда – жонка Рагулі. Я там і ажаніўся.

Даехалі да сваіх наваградзкіх, там была цэлая група. Нашы дзяўчаты, калі амэрыканцы прыйшлі, яны адчынілі рэстаран, і яны там працавалі гаспадынямі, варылі, чысьцілі. Гэтыя афіцэры паведамілі, што паводле дамовы Сталіна з Рузвэльтам амэрыканцы аддалі саветам дзьве вялікія правінцыі – Цюрынгію і Саксонію за кавалак Бэрліну. Мы пачулі і бачым, што трэба ўцякаць. Нам дапамаглі гэтыя амэрыканскія афіцэры. Рана, у 4 гадзіны, пад''ехалі два грузавікі за намі, і нас праз горы перавезьлі ў Гэсэн. А там ужо была амэрыканская зона акупацыі. Нас там сабралася каля 20 чалавек беларусаў, пераважна наваградзкія. Рагуля даведаўся, што там блізка быў унівэрсытэт у Марбургу. Ён пазнаёміўся з адным студэнтам і мы пайшлі туды, прынялі нас на мэдыцыну.

У мяне дачушка там нарадзілася – Алена. Я пайшоў працаваць на туберкулёзную станцыю, і неяк пражылі. Я скончыў унівэрсытэт у Марбургу і атрымаў дакумэнты ў Амэрыку”.

Калі гэта сталася, калі Вы выехалі ў Амэрыку і куды менавіта?

(Сажыч: ) ”1950 новы год я ўжо сьвяткаваў у Дэтройце. Мая жонка мела тут дзядзьку і ён нас спансараваў у Дэтройце.

Адна прафэсарка з унівэрсытэту – там была такая арганізацыя пры царкве, якая дапамагала прыежджым. І вось яны даведаліся, што малады доктар едзе з дзіцяткам, і спаткалі нас на станцыі. Адразу ў свой дом завязьлі, далі нам два пакоі. Паслалі мяне да дырэктара шпіталю – ён сказаў, што знойдзе мне працу. Але, я мовы ангельскай ня ведаў. Далі мне працу памочніка анэстэзіёляга і зарплату 150 даляраў у месяц.

Так я троху пасядзеў, навучыўся. Потым знайшоў маленькі шпіталь і сам ужо даваў наркозы. А потым ужо падумаў, што трэба мне вучыцца. Калі ўжо дастаў патрэбныя дакумэнты, мяне прынялі на рэзыдэнта, і я выбраў спэцыялізацыю: анэстэзію. Скончыў два гады вучобы па анэстэзіі.

Потым, калі я здаў экзамэны, дастаў усе дакумэнты, і мяне прынялі ў вялікі шпіталь, толькі што заснаваны, я адпрацаваў там 25 гадоў. Мне далі 1000 даляраў на месяц. Купіў домік, жыць стала лепей. У нас нарадзіўся хлопчык Язэп, Язэпчык. Потым жонка ў мяне памерла”.

Вы далучыліся ў Амэрыцы да беларускага жыцьця?

(Сажыч: ) ”Безумоўна, адразу. Прыехаў да мяне Мікола Абрамчык, прыяжджаў Васіль Тамашчык. Эпіскап Васіль прасіў мяне, каб я высьвеціўся на сьвятара.

Калі я ўжо уладкаваўся, пачаў арганізоўваць у Дэтройце беларускае жыцьцё. Залажыў аддзел БАЗА у Мічыгане. Зарганізаваў царкоўную парафію. За свае грошы знайшоў шчасьліва – за 25 тыс. даляраў нейкая цэркаўка пратэстанцкая прадавалася – купіў. Выпісаў сьвятара Васіля з Беласточчыны з сям''ёю, аддаў яму паўхаты сваёй”.

Сп. Язэп, калі Вы сталі старшынём Рады БНР?

(Сажыч: ) "Старшынём стаў у 1982 годзе. Я тады якраз ужо скончыў працу, памерла мая жонка, я меў ужо 60 гадоў і атрымаў пэнсію, фінансава чуўся даволі стабільна.

Канешне, я ужо быў даўно да БНР далучаны, Абрамчык прыняў у мяне прысягу ў 1952 годзе. Мне Абрамчык прыслаў ліст і надаў мне чын палкоўніка і прасіў, каб я працаваў з вэтэранамі, каб быў сакратаром Рады БНР у справе вэтэранаў. Я быў”.

Скажыце, калі ласка: тады ў 1993 годзе, калі сьвяткаваліся 75 –я ўгодкі БНР, Вы упершыню былі ў Беларусі пасьля ад’езду? Якія былі Вашы ўражаньні?

(Сажыч: ) ”Тады мяне Народны фронт запрасіў у Менск. Першы раз. Плакаў, у мяне сьлёзы цяклі. Кажу: "Божа мой, у сьне не думаў, што гэтага дачакаюся". Некалькі разоў у залі ўставалі: Жыве Беларусь, Жыве Беларусь...

І тады прэса, радыё – усе загаварылі пра БНР”.

Сп. Язэп, Вы аднойчы мелі нагоду сустрэцца з прэзыдэнтам ЗША – як гэта было?

(Сажыч: ) “Я дома маю фота, дзе мне паціскае руку прэзыдэнт ЗША Буш старэйшы. Я працаваў у руху паняволеных народаў, і да нас прыяжджалі Рэйган і Буш. Кожнаму прадстаўніку можна было падыйсьці і прывітацца з прэзыдэнтам.

Ідуць, ідуць, прыйшоў і я. Я сказаў, што я беларус і зьвярнуўся да яго з просьбаю: "Пан прэзыдэнт, я чытаў, што вы зьбіраецеся ехаць у Маскву, калі ласка, едучы назад, заедзьце ў Менск, падыміце на духу наш народ". Ён узяў маю руку і кажа, што гэта добрая думка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG