(Багдана Касьцюк: ) “Калі я слухала малітву, мяне ўразіла, што яна на ўкраінскай, расейскай, іўрыце і на мове крымскіх татараў гучэла абсалютна гарманічна, поўнасьцю сугучна адна адной. Калі прамаўлялі кіеўскі рабін ці муфці крымска-татарскага народу, усё роўна на іхных мовах можна было зразумець сэнс малітвы. Прадстаўнікі хрысьціянскіх канфэсіяў, юдэі й крымскія татары-мусульмане зьвярталіся да Ўсявышняга з просьбай, каб Ён блаславіў ўкраінскі народ на сумеснае дасягненьне дэмакратычных пераўтварэньняў”.
(Бандарук: ) “Сярод тых, хто з самага пачатку ўдзельнічаў ў мірных дэманстрацыях на Майдане Незалежнасьці, быў Прафэсар Кіеўскай Духоўнай Акадэміі Дмытро Стэповік. Ён таксама згодны з тым, што ня толькі сумесная малітва, але ўсё стаўленьне да падзеяў на Ўкраіне засьведчыла аб адзінстве большасьці вернікаў самых розных канфэсіяў”.
(Дмытро Стэповік: ) “Аранжавая рэвалюцыя ў Кіеве, на дзіва, выклікала якраз кансалідуючы эфэкт, адзінства розных канфэсіяў, прычым ня толькі хрысьціянскіх. Аб’ядналіся ня толькі праваслаўныя, каталікі, грэка-каталікі й пратэстанты, але да акцыі далучыліся таксама прадстаўнікі юдэйскай рэлігіі. Ёсьць толькі адно выключэньне: гэта праваслаўныя Маскоўскага Патрыярхату. Насуперак існуючаму заканадаўству Ўкраіны, яны адкрыта, вуснамі Мітрапаліта Ўладзіміра Сабадана, яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі падтрымалі Віктара Януковіча. Іншыя цэрквы, паважаючы закон, не ўключаліся ў прапаганду. Яны толькі гаварылі й маліліся за тое, каб выбары прайшлі па-хрысьціянску, каб не было фальсыфікацыяў, падману. На вялікі жаль, мы бачылі дэманстрацыі, пераважна бабуляў на чале са сьвятарамі Маскоўскага Патрыярхату, якія выкрыквалі на адрас тых з аранжавымі колерамі “анафема, анафема”. Мы ня надта зьвяртаем увагу на гэтую жменьку. Яны расплыліся ў моры жаданьня свабоды, дэмакратыі. Перамога будзе за дабром, за згодай, за мірам, за любоўю. Мы цяпер на Ўкраіне поўныя энтузіязму, радаснага прадчуваньня, што Новы Год і Раство Хрыстова мы сустрэнем цалкам у новай сытуацыі, і, зразумела, з новым, нашым, украінскім прэзыдэнтам”.
(Бандарук: ) “Прафэсар Стэпавік кажа, што УПЦ Маскоўскага Патрыярхату адкрыта падтрымала Віктара Януковіча. Сапраўды, выступаючы на тэлеканале “Інтэр” Мітрапаліт Уладзімер паведаміў, што “прэм’ер наведаў Лаўру і атрымаў маё блаславенства на ўдзел у выбарах”. У шэрагу храмаў распаўсюджваліся каляндарыкі і ўлёткі з адмыслова складзенай малітвай “за слугу Божага Віктара Януковіча”. Сам Януковіч падпісаўся пад малітвай наступнага зьместу: “Госпадзе, Божа, вялікі цару спрадвечны! Пашлі Арханёла Твайго Міхаіла на дапамогу слугу Твайму Віктару, каб выратаваў яго ад ворагаў бачных і нябачных. Дэманаў сакрушыцелю, паўстрымай усіх, якія змагаюцца са мною, разжані іх, бы авечак, і расьцяруш бы попел перад абліччам ветру. Зь любоўю, Віктар Януковіч”.
Некаторыя сьвятары называлі Юшчанку “антыхрыстам”. У сам дзень галасаваньня ў шматлікіх храмах адбыліся малебны за перамогу Януковіча. У Адэсе Мітрапаліт Адэскі і Ізмаільскі Агафангел зьвярнуўся да вернікаў з афіцыйным зваротам падтрымаць “праваслаўнага прэзыдэнта Віктара Януковіча”. Вось што на пытаньне, ці сапраўды герархі адкрыта падтрымалі аднаго з кандыдатаў адказаў сакратар адэскай Епархіі а.Андрэй Новікаў, які пры гэтым патлумачыў – чаму:
(а.Андрэй Новікаў: ) “Так, сапраўды падтрымалі, але менавіта таму, што ў сваёй дзейнасьці ён адкрыта дэманструе адданасьць кананічнаму Праваслаўю, Украінскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату. Пад патранатам Віктара Януковіча быў адноўлены і асьвечаны буйны Сьвятаўсьпенскі манастыр на данецкай зямлі, які цяпер атрымаў статус Лаўры. Таму, натуральна, мы яго падтрымліваем. Ягоная палітыка накіраваная на адзінства з Расеяй, а наша Царква заўсёды гэтае адзінства падтрымлівала і бласлаўляла. Наша Царква арыентуецца на адзінства і з Расеяй і з Расейскай Праваслаўнай Царквою, як найбуйнейшым цэнтрам Праваслаўя ў сьвеце. А што тычыцца Віктара Юшчанкі, дык ён яўна дэманструе сымпатыю да раскольніцкай структуры, так званага “Кіеўскага патрыярхату”. Перад выбарамі паказвалі, як ён удзельнічаў у малебне ў Міхайлаўскім Саборы, які цяпер належыць вось гэтай філарэтаўскай сэкце. Менавіта адсюль у нас такое насьцярожанае стаўленьне да яго. Мы наагул катэгарычна асуджаем рэвалюцыйныя дзеяньні, якія адбываюцца ў Кіеве й на Захадзе Ўкраіны. Любая рэвалюцыя любога колеру – гэта зло. Нас вельмі гэта хвалюе, усе гэта абмяркоўваюць. Звычайныя людзі і духавенства вельмі ўстрывожаныя. Мы ня хочам нейкай нестабільнасьці. Ня дай Бог – вайна”.
(Бандарук: ) “Прафэсар Дмытро Стэпавік кажа пра ўсяго “жменьку” фанатычных праціўнікаў “аранжавай рэвалюцыі”. Некаторыя аглядальнікі сьцьвярджаюць, што эпіскапы так званага “маскоўскага Праваслаўя” проста падтрымалі таго, каго падтрымлівае афіцыйны Крэмль, а ўсьлед за Крамлём – пры гэтым вельмі актыўна – Патрыярх Аляксей Другі. На думку шматлікіх палітычных аглядальнікаў і журналістаў, вернікаў розных хрысьціянскіх канфэсіяў, тое, што сабе дазваляе Патрыярх Аляксей – гэта проста грубае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны.
Затое шматлікія ніжэйшага рангу сьвятары гэтай Царквы заклікаюць да згоды паміж усімі часткамі Ўкраіны, моляцца за божае блаславенства і дэмакратыяю на Ўкраіне. З другога боку, нельга забываць, што УПЦ Маскоўскага Патрыярхату – гэта, акрамя Мітрапаліта, 38 епіскапаў, 10384 парафіі, 151 манастыр, 15 духоўных школаў і мільёны вернікаў. Праўда, паводле апытаньняў, усяго 7% выбаршчыкаў зьвязваюць свае палітычныя сымпатыі з канфэсійнай прыналежнасьцю. Але ж гэта 2 мільёны выбарцаў, якія прыслухоўваюцца да голасу сваіх пастыраў. Гэта можа адыграць вырашальную ролю на выбарах. Багдана Касьцюк:”
(Багдана Касьцюк: ) “Мяркуючы па ўсім – так. Але Мітрапаліт Ўладзімір Сабадан, кіраўнік УПЦ Маскоўскага Патрыярхату, меней актыўна заклікае сваіх вернікаў і духавенства галасаваць за Януковіча. Можна сказаць так, што ён сваім падначаленым, духавенству на Ўсходзе і Поўдні Ўкраіны проста не забараняе агітаваць за Януковіча. Я яшчэ дадам, што ў сэнсе сваіх поглядаў Ўладзімер – не гарачы й не халодны. Акрамя таго ён хварэе, і, на маю думку, рэальна Царквою кіруе ня ён, але людзі зь ягонага атачэньня, якія настроеныя і да аранжавай мірнай рэвалюцыі, і да дэмакратычных зьменаў на Ўкраіне даволі агрэсіўна”.
(Бандарук: ) “Тым ня менш, нельга не згадаць адну гучную фразу, якую выказаў Мітрапаліт Уладзімер. Гаворачы пра Віктара Януковіча, ён сказаў : “Я бачу ў ім сапраўды веруючага праваслаўнага чалавека, які варты стаць на чале нашай дзяржавы”. Праўрадавыя СМІ паведамлялі пра набожнасьць прэм’ера, пра ягонае захапленьне Бібліяй і крыжык на грудзях ледзь не з юнацкіх гадоў. Януковіч у Сьвятой Зямлі, на Афоне, зь іконай, са сьвечкай і гэтак далей. Прафэсар Дмытро Стэповік лічыць, што гэта – фальшывая набожнасьць, у адрозьненьне ад шчырай веры Віктара Юшчанкі.
(Дмытро Стэповік: ) “Мы спадзяемся, што Віктар Юшчанка стане прэзыдэнтам Украіны, бо гэта веруючы чалавек, з хрысьціянскім мэнталітэтам. Юшчанка жыве недалёка ад Міхайлаўскага залатакупальнага манастыра ў цэнтры Кіеву. Яшчэ да таго, як ён стаў кіраўніком Нацыянальнага Банку, а потым прэм’ерам, ён амаль кожную нядзелю прыходзіў у храм. З жонкаю і дзеткамі, без асаблівай аховы, бо, як я разумею, яго ахоўваў Арханёл, ён прыходзіў і шчыра маліўся з намі падчас Сьвятой Літургіі. Гэта сапраўднае хрысьціянства. Такіх людзей рэдка можна сустрэць сярод палітычных элітаў. А Януковіч толькі паводле неабходнасьці стаў праваслаўным. Перад першым турам выбараў ён заявіў, што атрымаў блаславенства ад нейкага манаха на Афоне. Для прапагандысцкай кампаніі можна пакланіцца каму заўгодна. Я ня супраць Афону, але чаму ён не атрымаў блаславенства ад тых рэлігійных лідэраў, якія 6 сьнежня маліліся на Плошчы Незалежнасьці? Ягоная вера вельмі сумнеўная. Ён ніколі раней не дэманстраваў яе. У яго фальшывае хрысьціянства. На кожным кроку яно выяўляецца ў ягонай грубай мове, тэрміналёгіі, якая абсалютна не ўкладаецца ў тэрміналёгію хрысьціяніна”.
(Бандарук: ) “Можна з упэўненасьцю сказаць, што поўная апалітычнасьць нейкай царквы ці канфэсіі – гэта міт. Гэта бачна, у прыватнасьці, ва Ўкраіне. Нейкім чынам усе канфэсіі далі зразумець, на чыім яны баку. Аднак, на думку некаторых аглядальнікаў, форма, у якой гэта зрабіла УПЦ Маскоўскага Патрыярхату, чарговы раз засьведчыла аб ейным “традыцыйным бізантыйска-савецкім сэрвілізьме”, аб тым, што яна спрабуе павярнуць назад плынь ракі, альбо дзьмуць супраць ветру.
Як мне падаецца, найбольш вартая перайманьня пазыцыя Грэка-каталіцкай Царквы. Ужо 1 ліпеня яна распачала малітвы за справядлівыя выбары. Сьвятары атрымалі папярэджаньне, каб не пасьмелі агітаваць за канкрэтнага кандыдата. Затое ўсім рэкамэндавалася маліцца: “Божа, прыйдзі мне на дапамогу, калі я буду супрацьстаяць злой волі і маніпуляваньню галасамі бліжніх, каб дагадзіць чыімсьці карысьлівым інтарэсам”.