Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вераніка Чаркасава (12.1.1959, Менск — 20.10.2004, Менск)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Прафэсія журналіста — адна з самых небясьпечных у сьвеце. Магчыма, супрацоўнікі “Советской Белоруссии” або БТ (дарма што ня раз закіданыя ў сакавіку сьнежкамі) і сумняюцца ў гэтай ісьціне. Незалежная ж айчынная журналістыка цягам апошніх гадоў нясе цяжкія страты — зьнікаюць і гінуць самыя сьмелыя, таленавітыя, непадкупныя: Зьміцер Завадзкі, Васіль Гроднікаў, Вераніка Чаркасава...

Я ня быў блізка знаёмы зь ёю, але за некалькі тыдняў да зьверскага забойства Веранікі яна брала ў мяне інтэрвію пра беларуска-расейскія дачыненьні ў Сярэднявеччы. (Дагэтуль памятаю яе дакладныя й не заўсёды “камфортныя” пытаньні, зьвязаныя, скажам, зь нязводнай вераю часткі нашых продкаў у добрага маскоўскага цара.) Мой нумар тэлефону знайшлі ў яе ў нататніку, і неўзабаве я апынуўся на допыце.

Сьледчы пацікавіўся маёй вэрсіяй трагедыі. “Мяркую, што прычына забойства — прафэсійная дзейнасьць”,— адказаў я. “Напрыклад?” “Напрыклад, публікацыі кшталту “КГБ усё яшчэ сочыць за табой”.

Сьледчы абурана ўскочыў з крэсла і забегаў па кабінэце, пераконваючы мяне, што такая вэрсія — абсалютнае глупства, а ў наяўнасьці — самы банальны крымінал, які вельмі хутка будзе імі раскрыты.

Вярнуўшыся дадому, я зьняў з паліцы тэчку з публікацыямі Чаркасавай і паспрабаваў сфармуляваць адказ на пытаньне, што змушала мяне рабіць гэтыя выразкі і інтэрнэт-раздрукоўкі. Яе тэксты ня проста заўсёды пазнаваліся, дзякуючы свайму непаўторнаму стылю, падсьветленаму вытанчаным пачуцьцём гумару. Сабраныя разам, яны ператвараліся ў своеасаблівы гіпэртэкст, дзе адлюстравалася ўся наша найноўшая гісторыя — зь яе трагедыямі, камэдыямі і трагікамэдыямі, зь яе перамогамі, трансфармаванымі ў паразы, і паразамі, якія дзіўным чынам запальвалі сьвятло ў канцы тунэлю...

Яе героямі былі дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык, вядомы ўва ўсім сьвеце беларускі мастак зь Беласточчыны Лёнік Тарасэвіч, лідэр рок-гурту “Neura Dubel” Аляксандар Кулінковіч, геніяльны майстар Сьцяпан Яфімчык, які стварыў адзіны на плянэце цалкам драўляны, прычым “жывы”, а не дэкаратыўны гадзіньнік...

У адным з апошніх сваіх эсэ — “Чырвоным па беламу” — Вераніка пісала пра лёс нашага нацыянальнага сьцяга. У прыватнасьці — пра паталягічную нянавісьць да яго з боку цяперашняга рэжыму, што выявілася ў паводзінах колішняга прэзыдэнцкага заўхоза Івана Ціцянкова, які пасьля рэфэрэндуму 1995 года па-нэандэртальску рваў галоўны сымбаль дзяржавы на шматкі, пакідаючы на іх аўтографы. Нягледзячы на ўсю горыч, фінал тэксту зусім ня дыхаў безнадзейнасьцю: “Тое, што склалася цягам стагодзьдзяў, усё роўна будзе прарастаць у народзе знутры, як упарта цягнуцца да сонца каласы жыта на даўно забытым палетку. І змагацца за свабоду і незалежнасьць ідуць пад сьцягам, за які паміралі продкі, бо ён — як намоленая ікона, якая вякамі зьбірала ў сябе надзею і любоў народу”.

Менавіта гэтае эсэ дало назву кнізе выбраных тэкстаў Веранікі, выдадзенай сябрамі праз год пасьля яе сьмерці.

...Нядаўна я сустрэў сьледчага, што так непахісна верыў у крымінальную вэрсію забойства. Як прафэсіянал, ён відавочна пазнаў мяне, а таму адно паскорыў крок...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG