“Начная аБЛОГа” – 31 жніўня
31.08.2006 20:43
Юлія Шарова, Менск
Вы слухаеце “Начную аБЛОГу” – мы блукаем па беларускім сеціве.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць сытуацыю на Менскім гадзіньнікавым заводзе. Як вядома, падатковыя органы ініцыявалі пачатак справы аб банкруцтве гэтага прадпрыемства. Вось што пішуць удзельнікі форуму:
“Нешта на мяне гэтая навіна сум навяла. Ня ведаю чаму. Прыгадалася, што ў мяне калісьці быў гадзіньнік “Луч”, а потым згубіўся. Мабілка зьявілася, і ён стаў ужо непатрэбны. І прыгадаліся шапікі з таннымі кітайскімі гадзіньнікамі зь нізкімі цэнамі. Не, у заводу няма будучыні”.
“…Станоўчы прыклад заводу “Луч” вось у чым: перад намі яскравы прыклад таго, што выкананьне прагнозных паказьнікаў па аб’ёме вытворчасьці значыць толькі ступень загружанасьці складоў, і нічога больш”.
На форумах афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму адзін з удзельнікаў прапануе паразважаць наконт патрэбнасьці, законнасьці й справядлівасьці прапіскі: “На мой погляд, адзіны вынік гэтага патрабаваньня – стварэньне нелегальнага рынку прапіскі за грошы ў прыватных асобаў, то бок людзі, маючы прыватны дом у Менску, могуць рабіць неблагія грошы проста з паветра (па 300 ўмоўных адзінак за адну прапіску на год). Наколькі гэта справядліва, улічваючы, што ахвярамі сытуацыі робяцца маладыя людзі пасьля ВНУ альбо маладыя сем’і, якім і бяз гэтага няпроста станавіцца на ногі”.
На сайце Радзіма майго духу зьявіліся новыя здымкі беларускіх мясьцінаў – там царква Сьвятой Тройцы ў вёсцы Востраў Ляхавіцкага раёну, а таксама фота з гомельскага палацава-паркавага ансамблю. На адным са здымкаў відаць, што наведнікі гомельскага парку ператварылі дэкаратыўную гармату ў сьметнік...
Літаратар паводле захапленьня й піяніст паводле прафэсіі Віталь Стахіевіч зьмяшчае ў сваім “ЖЖ” уласны верш:
Ціха сонца ўстае над местам,
Прачынаюцца далягляды
Віядукаў, будынкаў і лесьвіцаў,
Што вядуць на вакзальчык. І ў неба.
Я брыду пад мастом, над дарогаю,
І ня чую зямлі пад нагамі,
І блукаю, губляюся ў зьмесьціве
Гэтых ліній, і гукаў, і фарбаў.
Я хацеў бы зайсьці на плятформу,
Ўзяць цягнік і паехаць на лётнішча,
Каб адправы ў кірунку Радзімы
Праваджаць неспакойна вачамі.
Я ня бачу нікога навокал,
Быццам трапіў у кіно ці на фота,
Я бязмэтна адмерваю крокі
І маўчу вельмі гучна. На forte.
Магілёўскі літаратар Аляксей Бацюкоў прапануе чытачам свайго інтэрнэт-дзёньніка народную песьню пра камбайнёра Колю, запісаную ў вёсцы Лазаравічы Быхаўскага раёну. Песьня была запісаная для супольнага музычнага праекту “Народны альбом”, аднак на дыску яе няма.
* * *
Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.