Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 29 жніўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Вітаю вас! Галоўнай, бадай, тэмаю ў беларускім Сеціве стала абмеркаваньне ініцыятывы часткі стваральнікаў беларускай інтэрнэт-энцыкляпэдыі Вікіпэдыі пісаць артыкулы, паводле правілаў “наркамаўкі” – афіцыйнага напісаньня.

Адзін зь іх – карыстальнік “booxter” – у сваім ЖЖ даводзіць: “Вікіпедыя — ня месца для палітычных боек і экспэрымэнтаў над мовай (можа, нават і пазытыўных)… Гэта не таталітарнае мысьленьне, а прагматычнае. Чаму я павінен ведаць 2 (3, 4....) варыянты белмовы, калі магу эфэктыўна атрымліваць веды, карыстаючыся адным?..”

Карыстальнік “vovansystems” на ўласнай старонцы ў ЖЖ пярэчыць: “Усе “вікіпэдыйцы” і тыя, каму цікавы гэты праект, каму неабыякавая клясычная беларуская мова зарэгіструйцеся і прагаласуйце супраць тых, хто наводзіць фэадальную раздробленасьць ў Інтэрнэце ў 21 стагодзьдзі!”

Актыўнае абмеркаваньне гэтай сытуацыі вядзецца таксама пад адрасам “meta.wikimedia.org” , разьдзел “Беларуская мова”.

На форуме сайту “studenty.by” ў сувязі з сёньняшняй інфармацыяй аб тым, што міліцыя нібыта зацікавілася некаторымі адказнымі работнікамі БРСМ, нехта researcher выказваецца адносна гэтай сябраў арганізацыі: “Бачыў так званых “вэртыкальнікаў” з майго курсу, якія яшчэ нядаўна (2 гады назад) былі цалкам нармальнымі хлопцамі. Адным словам, жах. Гарнітурчык такі баксаў халера-яго-ведае-за-колькі. Такія ж пантофлі. Партфэль! Клясічны, як у “прэдседацеляў”. Зарабляюць там шмат. Вось у чым праблема. Таму і людзі добраахвотна там зьнікаюць”.

Удзельнікі Жывога журнала ў суполцы “minsk_by” абмяркоўваюць зьяўленьне свастыкі на помніку Якубу Коласу. zlobniy_monstr адзначае: “Мне вось цікава пазыцыя ўлады, якая гэтак ганарыцца перамогай у ВАВ, шануе ветэранаў, праводзіць сьвяты з гэтай нагоды, а з другога боку падтрымлівае прафашысцкія арганізацыі і партыі. І ці гэта не агіда беларускаму народу-пераможцу свастыка ў цэнтры Менску?”

Сайт “telegraf.by” праводзіць апытаньне на тэму “Як доўга будзе існаваць Рэспубліка Беларусь у цяперашніх межах як незалежная дзяржава?”. 24 чалавекі з 86, цьвердзяць, што менш за 5 гадоў, 6 — ад 5 да 10 гадоў, 3 — ад 10 да 20, 11 — ад 20 да 50 гадоў, 42 чалавекі лічаць, што яна будзе існаваць заўсёды.

Я нагадваю вам, каб вы дасылалі свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся …
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG