У “Доме літаратара” Ірына Багдановіч, Уладзімер Сіўчыкаў, Уладзімер Крукоўскі, Сяргей Харэўскі
30.05.2006 16:17
Радыё Свабода
(эфір 27 траўня) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Іна Студзінская. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.
Аўтар і твор
Ірына Багдановіч: “Літаратура патрабуе свабоды”
Асноўныя ноты новай кнігі Ірыны Багдановіч “Прыватныя рымляне” — камэрнасьць і інтымнасьць, нават калі яе героямі зьяўляюцца такія слынныя постаці, як Адам Міцкевіч ці Ўладзімер Дубоўка. “Прыватныя рымляне” паэткі — беларусы, адкрытыя для сяброўства і каханьня, шляхотныя і высакародныя людзі. З аўтаркай кнігі сустрэўся Міхась Скобла.
(Скобла: ) “Ірына, чаму ўсё ж вы вырашылі прыватызаваць рымлянаў? І Юлі Цэзар, і Гай Валеры Катул да гэтай пары належалі ўсім, а цяпер яны — толькі ваша ўласнасьць?”
(Багдановіч: ) “Назва такая нарадзілася з роздуму над дзёньнікамі Ўладзімера Караткевіча. У яго ёсьць думка: “У чым сэес пісьменьніка? У тым, што ён ня толькі за Цэзара гаворыць, ён — добра ці дрэнна — гаворыць за ўсіх прыватных рымлянаў”. Магчыма, тут ёсьць нейкая пераклічка з ранейшымі часамі рамантызму, таму што часы рамантызму актывізавалі каштоўнасьць такіх прыватных пачуцьцяў чалавека, як сяброўства, каханьне. Вядома ж, мае прыватныя рымляне — гэта тыя самыя беларусы, зь якімі мне штодзённа даводзіцца сустракацца. Многія вершы прысьвечаныя маім сябрам, блізкім духоўна людзям”.
(Скобла: ) “Нядаўна Міністэрства адукацыі зьбірала адмысловую нараду, на якой спэцыялісты спрабавалі вырашыць, у курсе якой дысцыпіны вывучаць расейскамоўную літаратуру Беларусі? Так і не вырашылі. А што б вы параілі?”
(Багдановіч: ) “Падобны фэномэн ужо быў у гісторыі беларускай літаратуры. У ХІХ стагодзьдзі гэта “краёвая літаратура” польскамоўных аўтараў, цяпер нашых клясыкаў — таго ж Адама Міцкевіча, Уладыслава Сыракомлі. Ну і Дунін-Марцінкевіч таксама ж пісаў па-польску. Да гэтага фэномэну я залічаю польскамоўную літаратуру, у якой адлюстраваная Беларусь. Цяпер мы яе спакойна вывучаем у межах айчыннай літаратуры. І гэта — нармальна. Што датычыць сёньняшняй расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі, то гэта не аналягічная, на маю думку, зьява. Таму што ў ХІХ стагодзьдзі не было друкаў беларускіх, выданьняў беларускіх, дзе можна было б прафэсійна паказваць айчыннае прыгожае пісьменства. А сёньня яны ўсё ж ёсьць. Таму расейскамоўная літаратура ў Беларусі, на маю думку, — гэта ўсё ж фэномэн правінцыйнай расейскай літаратуры”.
(Скобла: ) “А можа, не ламаць надарэмна галавы й перакласьці таго ж Алеся Адамовіча на яго родную мову, паколькі па-расейску ён пісаў усё ж вымушана?”
(Багдановіч: ) “Думаю, што гэта слушная прапанова. Быў бы прыўлашчаны гэты абсяг літаратуры ў нацыянальнае поле беларускае. Бо адрываць такіх творцаў, як Алесь Адамовіч, ад Беларусі было б памылкаю”.
(Скобла: ) “Вы выкладаеце беларускую літаратуру на філфаку БДУ, які здаўна быў кузьняй айчыннага прыгожага пісьменства. А што сёньня? Ці ідуць новыя пакаленьні ў літаратуру?”
(Багдановіч: ) “Ідуць, прычым вельмі актыўна. У нас ёсьць вельмі таленавітая моладзь, беларуская, нацыянальна сьвядомая, якая піша, друкуецца. Нават ёсьць студэнты, якія маюць уласныя кніжкі. Я магу назваць Віку Трэнас, Ганну Серыхан, Алеся Гізуна, Тацьцяну Нядбаеву, якая выступае з рэцэнзіямі. Так што патэнцыял творчы ў філфаку ёсьць. Іншая справа, што пасьля філфаку таленавітым выпускнікам, бывае, няма дзе падзецца. Месцы ў асьпірантуры засталіся лічаныя”.
(Скобла: ) “Ірына, у вас ёсьць верш пра Галоўнага Ягамосьця… Раней у ЦК КПБ існаваў аддзел літаратуры, дзе, дарэчы, працавалі вядомыя пісьменьнікі Анатоль Кудравец, Сяргей Законьнікаў. Цяпер ва ўладзе беларускіх пісьменьнікаў няма. Гэта добра ці кепска?”
(Багдановіч: ) “Кіраўніцтва літаратурай — няўдзячная справа. Таму што літаратура патрабуе перш за ўсё свабоды. Беларуская літаратура ў розныя часы зазнавала часы ўціску, калі трэба было трымацца пэўных ідэалягічных пастулятаў. Пісьменьнік ня быў вольны ў выказваньнях. Вось гэта для літаратуры — сьмерць. Таму — васількі мусяць расьці свабодна пад сінімі нябёсамі”.
(Скобла: ) “Калісьці Іван Чыгрынаў павучаў маладых літаратараў, маўляў, для сапраўднага творцы неабходныя дзьве рэчы — вечарам буфэт, а раніцай кабінэт. А для вас што важна?”
(Багдановіч: ) “Мне не абавязкова патрэбен кабінэт. Вершы нараджаюцца з эмоцый, зь нечаканага павароту думкі. Зьяўляецца ідэя, вобраз, зь якога вырастае верш. Мне толькі патрэбна, каб побыт не навісаў нада мной. Але мне мае блізкія дапамагаюць вызваліцца ад яго. Добра, калі цябе ў сям’і падтрымліваюць, калі поруч з табой — твае “прыватныя рымляне”. Горш за ўсё адзінота”.
Ірына Багдановіч. З новых вершаў
КУР’ЕР
Сьветлай памяці
Ігара Герменчука
Шаноўны рэдактар “Свабоды”,
Твой почырк у хлудзе папер
Пазнае вандроўнік заўсёды
Па імені руху — “Кур’ер”.
*
Калі адкінуць летуценьне,
Дык невядома, спадары:
Ці мы прайгралі адраджэньне,
Ці ў новай мы яго пары?
Паміж сабой плялі інтрыгі —
Хто большы вершнік на кані.
Пагоню спуталі вярыгі,
І не ўзышло на камяні...
Хто ж славу даўняе Пагоні
Упіша ў новы інтэр’ер?
Чакаюць вершнікі і коні.
Імчыць, імчыць да іх кур’ер.
Кур’ер — між заўтра і учора,
Між небам нацыі й дрыгвой,
Між чынам вольнасьці і зморай,
Пакуль гучыць па-над прасторай
Хлусьлівы барабанны бой.
Ён пасланец таго змаганьня,
Што не сьціхае ў грамадзе,
Сымболь свабоднага дыханьня
І новых будучых надзей,
Што Беларусі поўнай мерай
Калісьці выпадуць дары
Вясны, прынесенай “Кур’ерам”
На заняпалыя двары.
ШПАЦЫР
Шпацырую, шпацырую,
Думкі сумныя цырую
Вохкім водарам паветра:
Крок — паўметра, крок — паўметра...
Раўнамернае дыханьне
Дапаўняе цыраваньне.
Слота, сьнег, сабачы брэх.
Не сьпяшаюся дадому,
Як прапісваў доктар Брэг,
Так здымаю стрэс і стому.
Шпацырую, шпацырую,
Думкі сумныя цырую
Пра самоту, пра цэнзуру,
Негламурную фрызуру,
Непадпіс на “Нашу Ніву”,
Згубную адданасьць піву,
Пра партрэты на экране,
Рост тарыфаў, цэн у краме,
Тэрарызм і грып курыны,
Рэдкасьць шчырае сябрыны...
І таму падобны рой
Думак, што псуюць настрой...
Так на ўпалы дух, на страты
Шые мой шпацыр заплаты,
Як прапісваў доктар Брэг,
Пад сабачы гучны брэх...
Хтосьці скажа: ну, паэтка,
Галава ж — дык не шкарпэтка!
Шпацырую, шпацырую,
Галаву сваю
ц
ы
р
у
ю.
ДЭКАДЭНТ
Трывожным подыхам натхненьня
Паэт зьбіраўся зразумець
Лістоту колеру зьнікненьня,
Якой кіруе толькі сьмерць.
І ў бел-чырвона-белым полі
Ён, быццам рыцар на кані,
“Жыве... аднак... Яна!..”, — прамовіў
Ды не пачуў адказ... ані...
І ў даўгаполым палітоне,
Далей ад п’яных мар-спакус,
Паэт пайшоў у глыб сутоньня,
Паслаўшы к чорту ўвесь хаўрус.
НАД ПРЫПЯЦЬЦЮ
(Аповед ксяндза Юзафа Дзеконьскага)
Тут, над Прыпяцьцю, мышак касьцёльных
У закрыстыі чуюцца танцы.
Павукі тут жывуць і павольна
Вырабляюць для Бога ружанцы.
Тут жывуць і пабожныя мухі,
На алтар яны чынна сядаюць —
З Панам Богам самім размаўляюць,
Сапраўды — то пабожныя мухі.
Часам пёс прыпляцецца кульгавы,
Стане сьціпла ў дзьвярах, не скавыча.
На імшы тут каты пяюць: “Авэ...”,
Хоць ніхто іх сюды і ня кліча.
КЛЯСЫКА З КУТАСІКАМІ
(З падручніка па гісторыі беларускай літаратуры
перапісаў Тодар Брохвіч)
Васількі
Нябёсаў сінь цячэ з-за бору,
і тчэ, забыўшыся, рука
замест капусты, як узору,
цьвяток радзімы васілька...
Яго зьбіралі інсургэнты
ў палях Айчыны для красы,
каб дарагія кампанэнты
заткаць у цуда-паясы...
“Дый нам ня нада тое цуда —
зачэм яно? Капуста ёсьць!
І хопіць з нас яе пакуда”, —
сказаў Галоўны Ягамосьць.
“І ў цэлым поле папсавана
тым пустазельлем праз вякі!
Было ж і прагаласавана:
скасіць усюды васількі!
І насадзіць наўкруг капусты —
зь яе карысьць грамадзтву ёсьць,
а ад красы — адны распусты!” —
сказаў Галоўны Ягамосьць.
І так змаганьне павялося,
каб васількі з зямлі прыбраць,
адно ніяк не задалося —
нябёсы перафарбаваць!
Гражына
Да Наваградка мчыць фурманка,
Над ёй вясновыя гракі.
Гара, як годная шляхцянка,
глядзіць удалеч з-пад рукі.
Над ёю замак, як магерка,
заўжды трымае небакрай,
хоць слаўны час, хоць паняверка,
ён шэпча сам сабе: “Трывай!
Трывай, як продкі, паціхутку
перамаглі крыжацкі зброд,
Герой быў, хоць не ў Навагрудку, —
таемна-змрочны Валенрод.
Тады і мужная Гражына
паганьбіць не дала свой край…”
“Ды ўжо тут іншая айчына
і новы час тут, выбачай!
Ад гістарычных аналогій
карысьці сёньня нам няма:
даўно збылі мы лад убогі
і сьлед крыжацкага ярма.
І ўжо даўно тут край свабодны,
і сам народ тут гаспадар,
і князь нам – быццам бацька родны...” —
нясецца гучны голас хмар…
Маўкліва замак пазірае
на хмар дзівацкі выкрунтас:
“Ну-ну, вас шмат тут пралятае,
ды вецер дзьме — й няма ўжо вас…”
І замак, мёртва ўрослы ў глебу,
дзе пачынае памяць род,
“Трывай...”, — шаптаў сабе і небу,
як годны рыцар Валенрод.
Літпрацэс
Напярэдадні дня памяці Максіма Багдановіча ў выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла новая кніга паэта з інтрыгоўным назовам “Інтымны дзёньнік”. З укладальнікам і выдаўцом кнігі Ўладзімерам Сіўчыкавым гутарыць нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.
(Валянціна Аксак: ) “Інтрыгоўную назву далі вы гэтай кнізе вялікага паэта. А які быў прынцып выбраньня твораў для яе?”
(Уладзімер Сіўчыкаў: ) “У прадмове да кнігі Рыгор Барадулін напісаў, што паэзія — рэч вельмі інтымная. І ўся творчасьць паэта, асабліва такога паэта, як Максім Багдановіч, можа лічыцца спавядальнай лірыкай і своеасаблівым інтымным дзёньнікам”.
(Аксак: ) “Некалькі месяцаў таму ў інтэрвію нашаму ж радыё вы сказалі, што маеце намер уключыць у гэты том і інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча, які захоўваецца ў Менску ў Літаратурным музэі паэта і які да гэтага часу не апублікаваны. Ці зьдзейсьнілі намер?”
(Сіўчыкаў: ) “Да дырэктара музэю я дайшоў, прычым дайшоў з афіцыйнымі лістамі. Прычым ня толькі ад выдавецтва, але і ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў быў ліст-просьба паспрыяць публікацыі тых рэчаў, якія яшчэ не патрапілі на старонкі кніжак. Атрымаў у адказ наступнае (цытую): “Паведамляем, што ўсе вядомыя на сёньняшні дзень творы Максіма Багдановіча ўключаныя ў Поўны збор твораў у трох тамах, які быў падрыхтаваны Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Але далей ідзе абзац, які абвяргае напісанае папярэдне: “Аўтографы, якія захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча і якія раней не друкаваліся, рыхтуюцца да публікацыі і будуць надрукаваныя ў “Музэйным сшытку” № 3”. Гэтага “Музэйнага сшытка” я ня бачыў, ён да гэтага часу так і ня выйшаў, а том выбранага — перад вамі.
Прыватным чынам дзёньнік Багдановіча здабыць мне ўдалося, а патрапіў ён у кніжку ці не… Я хацеў бы, каб інтрыга засталася”.
(Аксак: ) “А чым адрозьніваецца любоўная лірыка Максіма Багдановіча ад тых нататак, якія вам давялося прачытаць у ягоным інтымным дзёньніку?”
(Сіўчыкаў: ) “Ну, давайце згадаем ягоны цыкль “Эрас”. Я вам скажу, што ступень адкрытасьці паэтычных радкоў у ім і ў дзёньніку гэткая ж самая”.
(Аксак: ) “І вы лічыце, што ягоны інтымны дзёньнік у пэўным сэнсе ёсьць таксама паэтычным творам?”
(Сіўчыкаў: ) “Несумненна!”
(Аксак: ) “На прэзэнтацыі папярэдняе кнігі вашага выдавецтва “Яна і я”, якую таксама склалі вершы інтымнае лірыкі беларускіх паэтаў, мастак Рыгор Сітніца назваў вас рахункаводам беларускага каханьня…”
(Сіўчыкаў: ) “Было такое”. (Сьмяецца.)
(Аксак: ) “З выхадам гэтае кнігі на рахунку вашага выдавецтва ўжо два тамы беларускага паэтычнага каханьня. Ці будуць наступныя?”
(Сіўчыкаў: ) “Неўзабаве павінен быць сыгнальны асобнік яшчэ адной паэтычнай кнігі, на вокладцы якой чытач прачытае: “Рыгор Барадулін. Руны Перуновы. Выбраныя творы”. І натуральна, у гэтай кнізе будзе цэлы разьдзел вершаў пра каханьне”.
Вэрнісаж
У менскай кавярні “Добрыя мысьлі” адкрылася выстава “ART-інкогніта”, на якой прадстаўленыя графічныя творы 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя беларускіх мастакоў Мікалая Дучыца, Пётры Сергіевіча і Міхася Сеўрука. Выстава цікавая тым, што творы, паказаныя на ёй малавядомыя ня толькі аматарам прыгожага, але і мастацтвазнаўцам-дасьледчыкам, бо паходзяць не з музэйных калекцыяў, нават не з запасьнікаў музэяў, а з прыватных збораў. На выставе пабывала Іна Студзінская.
Выставу зладзілі энтузіясты, сябры мастацкай суполкі “Пагоня” Ўладзімер Крукоўскі, Віктар Маркавец і Тацьцяна Гаранская. Яны здабылі з прыватных калекцыяў унікальныя графічныя творы выбітных мастакоў Мікалая Дучыца, Пётры Сергіевіча і Міхася Сеўрука. Дарэчы, адкрываюць выставу іхныя графічныя партрэты, напісаныя Ўладзімерам Крукоўскім. На жаль, з-за невялікай плошчы кавярні тут зьмясьцілася разоў у 10 менш гравюр, чым маглі рэпрэзэнтаваць арганізатары выставы. Распавядае мастак Уладзімер Крукоўскі.
(Крукоўскі: ) “Гэты пласт, калясальны пласт жывапіснай графічнай культуры, асабліва даваенная графіка, якой па нашых сьціплых падліках на руках у прыватных уладальнікаў больш трох соцень. І мы ведаем, дзе яны. Але іх ніхто ня ведае, таму мы і назвалі выставу “ART-інкогніта”, з падзагалоўкам: “Невядомыя творы вядомых мастакоў” .
Дарэчы, уладальнікі выстаўленых шэдэўраў з задавальненьнем пагадзіліся, каб гравюры былі паказаныя шырокай публіцы. Значная частка твораў належыць сям’і Яўгена Куліка. Гаворыць мастаўцтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
(Харэўскі: ) “Пераважная частка твораў паходзіць з прыватнай калекцыі выдатнага беларускага мастака, які нядаўна пакінуў гэты сьвет, Яўгена Куліка. Выстава цікавая тым, што бальшыня гэтых твораў — гравюры і малюнкі — невядомыя нават спэцыялістам. І знаёмства са сьветам несавецкага выяўленчага мастацтва ёсьць надзвычай цікавым”.
Жывучы і працуючы ці то ў царскай Расеі, ці то ў Польшчы, ці то ў СССР-БССР, ні Дучыц, ні Сергіевіч, ні Сеўрук ніколі не прыслужвалі палітычнаму рэжыму, ніколі не былі ў фаворы, асабліва ў савецкія часы. Таму іх даваенная творчасьць амаль невядомая. Гэтых мастакоў ігнаравалі, не выстаўлялі ў дзяржаўных музэях. І гэта беларускае сучаснае мастацтва адчувае і зараз. Вось меркаваньне мастака Віктара Маркаўца.
(Маркавец: ) “Гэтая “мастацкая паўза” вялікую шкоду нанесла як духоўнасьці, так і школе беларускага мастацтва. Каб не было перарыву, каб айчыннае мастацтва кіравалася тымі прынцыпамі, што былі закладзеныя яшчэ з часоў Рушчыца, Віленскай акадэміі, каб іх пераняць і на гэтай базе рухацца далей, то ў нас сучаснае мастацтва мела б большы прагрэс”.
Мікалай Дучыц першыя ўрокі жывапісу браў у свайго дзядзькі-настаўніка ў Троках, а потым вучыўся ў Пецярбургу. На выставе прадстаўленыя вельмі цікавыя гравюры старога Менску. Гаворыць Уладзімер Крукоўскі.
(Крукоўскі: ) “Гэта неіснуючы Менск — Камароўка, Няміга, дамкі над Сьвіслаччу — тое, чаго даўно няма. Мала людзей нават у Менску засталося, якія могуць сказаць: “А, я памятаю, вось гэты дамок там стаяў, я там быў”. На выставе паказаныя таксама некалькі краявідаў у лінарыце”.
(Харэўскі: ) “Гравюры Дучыца каштоўныя для дасьледчыкаў гісторыі менскай архітэктуры тым, што на іх прадстаўленыя многія куткі Менску — Ніжні Рынак, Няміга, якіх сёньня ўжо няма. Гэта дае магчымасьць уявіць сабе стары горад, прасякнуцца духам даваеннага, ваеннага Менску”.
Пётра Сергіевіч – прадстаўнік віленскай школы жывапісу, ён вучыўся ў Кракаўскім унівэрсытэце. Гэта мастак вельмі шырокага дыяпазону: партрэт і пэйзаж, гістарычнае палатно, малюнак вугалем, алоўкам, сангінай. Міхась Сеўрук нейкі час вучыўся ў Маскоўскай мастацкай гімназіі, потым — у Віленскім унівэрсытэце. Распавядае Ўладзімер Крукоўскі:
(Крукоўскі: ) “Мы хацелі паказаць славутую сэрыю партрэтаў Сергіевіча, беларускі тыпаж: студэнты, жаўнеры, знаёмыя, калегі. У творчасьці Сеўрука, хоць ён вядомы па ўсіх падручніках і даведніках як жывапісец, мы заакцэнтаваліся на ягонай бліскучай графіцы, эстампах”.
(Харэўскі: ) “Гравюры Сеўрука і Сергіевіча дэманструюць нам той узор, той кшталт эстэтычны, які давала беларускім мастакам адукацыя ў міжваеннай Вільні. Гэта такі тонкі, філігранны, я б нават сказаў, “рафаэлеўскі малюнак”, вельмі трапныя характарыстыкі партрэтныя, цікавыя, вельмі рамантычныя кампазыцыі. Усе тры творцы, якія нам вядомыя з большага як жывапісцы, паўстаюць ў малавядомым сваім амплуа”.
Шмат твораў, якія дэманструюцца зараз на выставе “ART-інкогніта” ў фальварку “Добрыя мысьлі”, раней знаходзіліся па-за межамі Беларусі.
(Крукоўскі: ) “Колькі было намаганьняў, каб прыцягнуць увагу больш-менш заможнай інтэлігенцыі, каб гэтыя працы не сплылі ў Літву (Сергіевіч, напрыклад усё жыцьцё пражыў у Вільні), а засталіся ў Беларусі. Многія вядомыя людзі, Гаўрыла Гарэцкі, Ніл Гілевіч у свой час куплялі творы. І яны цяпер хоць і ў прыватных калекцыях, але дома, на радзіме”.
Год таму арганізатары выставы зьвярталіся ў Нацыянальны мастацкі музэй з прапановай, каб музэй выкупіў гэтыя ўнікальныя графічныя творы ў прыватных калекцыянэраў, але адказу дагэтуль няма.
(Крукоўскі: ) “Дзяржава павінна ўсім гэтым валодаць. Няважна, які ўрад, якое кіраўніцтва, які рэжым — усё роўна шэдэўры мастацтва павінна быць у дзяржаўных сховішчах ці ў дзяржаўных музэях. Гэта агульнанародныя вартасьці, гэта ня проста там нейкія прыватныя зацікаўленасьці. Гэта сур’ёзны дзяржаўны ўзровень”.