З ваўкамі жыць – па-воўчы выць
13.01.2006 20:34
Анатоль Вярцінскі, Менск
Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Выць воўкам. З ваўкамі жыць – па-воўчы выць. І яшчэ – па асацыяцыі – Купалава: у піліпаўку воўк нема вые. Народна-фальклёрнае і адначасова рэалістычнае. Бо паказвае, дзе і чаму, зь якой прычыны вые воўк. Не ад добрага жыцьця. З холаду і голаду.
У піліпаўку воўк нема вые.
А што зьверу рабіць яшчэ?
Завываюць усе жывыя,
калі моцна вось так прыпячэ.
Паспрабуй не завыць тут нема,
заскуголіць адчайна ў журбе,
калі ўстануць супраць цябе
і зямля, і людзі, і неба.
Пагражаюць са сьвету зжыць…
Застаецца адно толькі – выць.
Ну ды гэта ў сэнсе прыроднай экзыстэнцыі. А ў сэнсе сацыяльным, маральна-чалавечым? Ці не супярэчыць прыказка з ваўкамі жыць – па-воўчы выць згаданай мной раней больш аптымістычнай: ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць? На першы погляд, супярэчыць. Але толькі на першы, толькі часткова. У людзкой асобіны застаецца ж магчымасьць выбару.
Так, без ваўкоў не абысьціся. І ў літаральным, і ў пераносным сэнсе. Прыгадаем у якасьці ілюстрацыі апошнюю частку Коласавай “Новай зямлі” альбо быкаўскія аповесьці, якія так і называюцца: “Воўчая зграя” і “Ваўчыная яма”. Але ж завыеш зьверам, пэўна, толькі тады, калі забаісься яго, падпарадкуесься ягонай драпежнай сіле. А не забаісься, выстаіш – то і не завыеш на ягоны лад, застанесься верным сабе, сваёй чалавечай годнасьці, сваёй мове, сваім спосабам выказацца. У тым ліку і падчас розных суровых жыцьцёвых піліпавак.
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Магія мовы: архіў 2005 (4-ы квартал)