Міхась Чарот
14.03.2007 10:36
Уладзімер Арлоў, Менск
7.11.1896, м. Рудзенск (цяпер Пухавіцкі раён) — 29.10.1937, Менск.
У энцыкляпэдычным даведніку “Беларускія пісьменьнікі” аб’ёмам бібліяграфіі да прысьвечанаму яму артыкулу Міхась Чарот спаборнічае з клясыкамі. Зласьліўцы казалі, што выдаваць па тры кнігі на год і надзвычай часта друкавацца ў пэрыёдыцы яму дапамагалі найперш кіроўныя пасады. Аднак рэдактар газэты “Савецкая Беларусь”, сябар ЦВК БССР, стваральнік аб’яднаньня “Маладняк” і ўладальнік ягонага пасьведчаньня № 1 пры ўсіх ягоных літаратурных рэвэрансах у бок улады (а часам і проста ідэалягічных агітках) быў надзелены несумнеўным талентам, што, як вядома, бывае надзвычай аўтаномным ад асобы свайго ўладальнікі.
Усхадзілася завея —
Вее, вее, вее...
І даліна
Ў белы іней —
Гіне, гіне, гіне...
А палозьзі гурбы рэжуць
Падкаванымі нагамі
І мінаюць гай за гаем...
Сівагрывых
Чутна ржаньне...
Ці шмат хто лепей напісаў пра зімовы шлях?
Самы вядомы Чаротаў твор — паэма “Босыя на вогнішчы” — таксама вытрымала выпрабаваньне дзесяцігодзьдзямі і друкуецца цяпер у хрэстаматыях, часам набываючы нечаканыя, незалежныя ад волі аўтара падтэксты:
...І вы, хто гімны пеў гаротным,
Хто ў цемру слаў жыцьця праменьні,—
Ў руках трымаеце каменьні
І нас пабілі бы ахвотна...
Чарот назаўсёды застаўся і ў гісторыі беларускага кінэматографу: паводле ягонага сцэнару рэжысэр Юры Тарыч зьняў у 1926-м першы айчынны мастацкі фільм “Лясная быль”.
У 1930-я паэт з такімі заслугамі перад нацыянальнай культурай ня мог застацца па-за ўвагаю “органаў”. Трывожным званком была страта пасадаў, у выніку чаго паэт, якога яшчэ нядаўна афіцыйна ставілі побач з Янкам Купалам, мусіў зарабляць на хлеб кансультантам у кабінэце маладога аўтара ўжо амаль цалкам арыштаванага Саюзу пісьменьнікаў.
Ягоная чарга сесьці ў “варанок” надышла ў студзені 1937-га. Разам зь яшчэ 21 калегам Міхася Чарота вывелі на расстрэл у ноч з 28 на 29 кастрычніка таго самага чорнага году. Апошні свой твор “Прысяга”, дзе кляўся ў невінаватасьці, ён напісаў на сьцяне сумна і страшна вядомай “амэрыканкі”, менскай унутранай турмы НКВД.