“...здайся, вораг, ляжы і застынь!” (1947)
18.01.2007 10:09
Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі
“Віцебскі пролетарый”, 1937 год. Надрукаваны такі рапарт:
“Выконваючы ўказанні таварыша Сталіна аб шырокім разгортванні стаханаўскага руху, наш рабочы калектыў рапартуе Вам аб датэрміновым выкананні плана другой пяцігодкі на 141,7 проц. Выработана ў 1936 годзе 425.114 скрынак курыцельнай махоркі, супроць плана апошняга года другой пяцігодкі 300 тысяч скрынак… У адказ на заклік Наркома калектыў рабочых, ІТР і служачых абавязуецца датэрмінова закончыць план першага квартала, даўшы звыш плана 10.100 скрынак махоркі…”
“ЛіМ”, 1947 год. Да гадавіны з дня сьмерці Леніна падаецца ўрывак з паэмы “Владимир Ильич Ленин” Маякоўскага ў перакладзе Ўладзімера Шахаўца:
“Словы ў нас, да самага галоўнага
Зносяцца і стануць нічога не вартыя.
Хачу прымусіць ззяць па-новаму
Велічнае слова — партыя.
Адзінка! Каму патрэбна яна?!
Голас адзінкі — танчэй ад піску.
Хто яе пачуе? — жонка адна!
І то, калі не на рынку, а блізка.
Партыя — гэта адзіны віхор,
спрасаваны з галасоў і ціхіх, і тонкіх,
ворага умацаванні лопаюцца ад яго,
Як ад гармат у кананаду перапонкі.
Аднаму чалавеку — кепска зусім.
Гора аднаму, адзін не воін, —
Кожны моцны пануе над ім,
І нават слабыя, калі іх двое.
Калі-ж малыя з’яднаюцца ў партыю, —
здайся, вораг, ляжы і застынь!
Партыя — рука мільённапальцая,
сціснутая ў моцны кулак адзін”.
* “Знамя юности”, 1957 год. Студэнт В.Баластаў піша:
“Мне хочацца сказаць: адукаванасьць яшчэ не гаворыць пра тое, што чалавек валодае ўсімі нормамі культуры. Узяць хоць бы наш Гомельскі чыгуначны тэхнікум. Як часта на нашых вечарах можна ўбачыць студэнта, які танцуе ў шапцы, з цыгаркай у зубах. Часам можна пачуць і вульгарныя словы кшталту “ня цяўкай”, “ідзі-тка вон”. Але ж мова — сьведка культуры. Іншым разам юнака, які захапляецца вершамі, з іроніяй і нейкім зьдзекам завуць “паэтам”. Ну, а што ж дрэннага ў ягоным захапленьні?! Правільна і прыгожа размаўляць, ляканічна перадаваць сваю думку на паперы, умець карыстацца выдатнымі слоўнымі багацьцямі нашай расейскай мовы ўмець павінен кожны культурны чалавек”.