Імёны Свабоды: Леся Беларуска
?, Маладэчна (?) — 1948, лягер Эльген, Якутыя.
12.01.2007 12:45
Уладзімер Арлоў, Менск
Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.
Калісьці мой украінскі сябар-літаратар запытаўся: “А ў вашай культуры ёсьць свая Леся Ўкраінка?” Я назваў некалькі годных імёнаў, але пытаньне ўсё ж засталося. Мне падумалася, што, напэўна, яшчэ не нарадзілася ці ня вырасла тая, якую талент і сам Бог надзеляць адвагаю ўзяць псэўданім — Беларуска. Тады я (дый наагул практычна ніхто) ня ведаў, што ў нашай літаратуры ўжо была паэтэса, якая стварала менавіта пад такім імем — Леся Беларуска, відавочна падкрэсьліваючы сваю духоўную лучнасьць з той, украінскай Лесяю, а магчыма, і кідаючы ёй своеасаблівы творчы выклік.
Я сказаў “была”. Не, яна, Леся Беларуска, ужо ёсьць і застанецца. Хацелася працягнуць: “у нацыянальным прыгожым пісьменстве”, але яе паэзія дысануе з словам “прыгожая”. Яна — іншая: пякучая, страшная, народжаная нечалавечымі пакутамі, якія пакідаюць у душы і ў словах толькі самае сутнае:
Пішу і крэсьлю... Не, усё ня так!
Не сатвары куміра — помню гэта.
Я апяваю лягерны барак,
а сопку называю цэнтрам сьвету...
А над тайгою высьпявае гнеў
і пагражае катам ён трывожна.
Цьвік забівае хтосьці ў ногі мне
і ў галаву... і выцягнуць няможна.
Зьвесткі пра жыцьцё Ларысы Марозавай — гэта “зямное” імя Лесі — адрывістыя й фрагмэнтарныя. У 1938-м яна выйшла замуж за афіцэра НКВД, які празь некалькі месяцаў быў арыштаваны й расстраляны. Ёсьць меркаваньне, што на вясельлі ў падначаленага на неверагодна прыгожую Ларысу паклаў вока высокі чын з “ворганаў”.
Аднак неўзабаве за калючым дротам апынулася і сама паэтэса. Пакараньне яна адбывала ў лягеры Эльген (у перакладзе зь якуцкай Мёртвы) разам з расейскай пісьменьніцкай Яўгеніяй Гінзбург. У сваіх успамінах тая напіша пра ахматаўскую сілу паэтычнага дыханьня беларускі, вядомай зьняволеным пад яшчэ адным псэўданімам — Эрынія.
І крыжыкам, і гладзьдзю сум расшыты...
Схуднелая... Дзе тая прыгажосьць?
Здаецца, школьны сьпісаны ўжо сшытак,
і ў ім усё, што мной пражыта, ёсьць.
У ім усё: учора, сёньня, вечна
і нашых мрояў воблік залаты.
Я запісала ўсё — душой,
і неаспрэчна! —
тут,
на скрыжалях
вечнай мерзлаты.
Вершы Лесі Беларускі, якую аднойчы знайшлі ў сьнезе замерзлай, перавандроўвалі зь лягеру ў лягер. Вязьні завучвалі іх, а часам сьпявалі, як песьні. Частку створанага Лесяй аднавіў па памяці і перахоўваў украінскі паэт Васіль Малагуша, таксама былы палітзэк. Толькі пры канцы 1990-х вершы трапілі ў рэдакцыю часопісу “Полымя”, які тады яшчэ, на шчасьце, узначальваў Сяргей Законьнікаў. Дзякуючы сучаснай паэтэсе Валянціне Коўтун адбылася першая публікацыя. Думаю, усе, хто дакрануўся да Лесінай паэзіі, чакаюць кнігі...
Я ўсё стрываю і, як ты, змагу
Прайсьці жыцьцё — упэўнена і прама.
Ты мураваныя апекавала храмы,
Я ж душы тут, як храмы, берагу...—
зьвяртаючыся да сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, пісала Леся Беларуска ў сваім эльгенскім 1945-м. Яна мела права размаўляць з выдатнай палачанкаю на “ты”.