Гісторыя, якую я сабраўся вам распавесьці, -- акурат пра такія мэтамарфозы. Cёньня яе галоўнаму герою спаўняецца 125 гадоў. Гэта Антон Луцкевіч, выдатны чалавек, літаратар і пэдагог, айцец-заснавальнік сучаснай беларускай дзяржаўнасьці.
А ўчора ўвечары, напярэдадні юбілею, пра гэты сюжэт нагадала і польская тэлевізія TV Polonia, якую глядзяць па ўсім сьвеце. Праўда, Луцкевіч там зусім не юбіляр і не герой, а -- хутчэй адмоўны пэрсанаж.
Сьвятыня і прыбіральняАднак пачнём спачатку. З пачатку 1920-х гадоў, калі радныя места Вільні (улада ў горадзе была польская) заявілі, што ў Базыльянскіх мурах, дзе працуюць беларускія ўстановы, у мэмарыяльнай вязьніцы Адама Міцкевіча зробленая прыбіральня! (З чаго яны гэта ўзялі – невядома.) Абурэньню грамадзкасьці няма канца... Выселіць беларусаў са сьвятых месцаў!
Гаворка ідзе пра “цэлю (кельлю) Конрада” -- памяшканьне ў былым базыльянскім манастыры, дзе за сто гадоў перад тым царскія ўлады зрабілі турму для сяброў таемных студэнцкіх таварыстваў філяматаў і філярэтаў і дзе паміж іншых быў зьняволены Адам Міцкевіч. Што рабіў малады паэт у турме? Вядома ж, пісаў вершы. Прычым так натхнёна, што крытыкі ахрысьцілі вязьніцу “месцам, дзе нарадзіўся польскі рамантызм”...
І раптам нейкія беларусы зрабілі ў гэтым месцы клязэт!
У адказ на гэта Антон Луцкевіч дамагаецца стварэньня двухбаковай беларуска-польскай камісіі й дэтальнага дасьледаваньня справы. У камісіі – славутыя гісторыкі, мастакі Ян Клос, Фэрдынанд Рушчыц ды іншыя, у тым ліку й тыя радныя, што прыдумалі гэты скандал. Па выніках працы камісіі Луцкевіч выпускае брашуру па-польску “Праўда пра “цэлю Конрада”, дзе даказвае, што насамрэч “цэля” знаходзілася ў будынку, якога даўно ўжо не існуе, а прыбіральня абсталяваная ў прыбудове, якой у часы Міцкевіча яшчэ не існавала. Брашура становіцца галоўнай крыніцай па тэме. Беларускія ўстановы – “апраўданыя”.
Паколькі будынку сапраўднай “цэлі” няма ў прыродзе, для месца паломніцтва турыстаў і літаратурных спатканьняў вылучаецца пакой на другім паверсе ў тым самым манастырскім корпусе, дзе месьцяцца беларускія гімназія й музэй.
Пачынаючы з 1927 году ў “цэлі Конрада” было праведзена ажно 400 літаратурных вечарын. Пасьля была вайна і доўгі савецкі пэрыяд, а ў 1992-м у адраджэньні традыцыі “літаратурных серадаў” браў удзел нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш. І адразу ж пачала зноў не зарастаць “народная трапа”...
МэтамарфозаУсё скончылася раптоўна, хутка й амаль незаўважна.
Сёньня ў старажытных Базыльянскіх мурах пануюць украінцы. Ім належыць царква, у якой па-украінску адбываюцца грэка-каталіцкія службы. А нядаўна ўжо знаёмы нам манастырскі корпус з “цэляй Конрада” стаў чатырохзоркавым гатэлем. Яго кіраўнік -- украінскі актывіст і бізнэсовец Віктар Чарнышук. І ўсе паперы ў яго ў парадку.
Колькі дзідаў было зламана культуролягамі! А бізнэс усе пытаньні вырашыў бяз шуму і спрэчак. Ня месца для турмы, хай сабе й мэмарыяльнай, у гатэлі. Новыя гаспадары “вынесьлі” Міцкевічаву вязьніцу з будынку на двор, дзе пабудавалі для яе адмысловы дамок-муляж, на якім напісалі “Цэля Конрада”.
Публіка зноў абураная такой прафанацыяй. І мае рацыю. У векавечных мурах гэты навабуд больш нагадвае цяперашнія прыбіральні ў цэнтры Ашмян ці Астраўца, чым нешта, зьвязанае зь Міцкевічам.
І вось у сваё апраўданьне бізнэсоўцы дастаюць брашуру Антона Луцкевіча – чытайце! Усё дасьледавана й даказана, не было ніякай вязьніцы ў гатэлі. А “цэля” была акурат на месцы, на якім мы яе адбудавалі.
Атрымліваецца, што Луцкевіч сваімі высілкамі гэтую цёмную справу – прыкрыў? Ці мог ён і падумаць пра такое? Пра тое, што некалі “цэлю” зьнішчаць, апраўдваючыся ягонай брашурай, гісторыка-культурная каштоўнасьць якой ужо сёньня непараўнальна большая за новы муляж?
Няма таго, што раньш было...Праводзячы дасьледаваньне, Луцкевіч шматразова падкрэсьлівае, што “цэля” такая ж каштоўнасьць для беларусаў, як і для палякаў, бо гэта помнік агульнае спадчыны. За што ён змагаўся? За тое, каб усё было па-справядліваму і каб з-за нечых домыслаў у беларусаў не адымалі Базыльянскія муры, не выганялі адтуль Беларускую гімназію, Беларускі музэй, Беларускае навуковае таварыства і беларускіх дзеячоў, якія мелі ў мурах кватэры.
Ён перамог.
Але сёньня ў мурах нічога беларускага жывога – няма. Ані мілімэтра квадратнага!
Колькі спатрэбілася Луцкевічу аддаць часу, сіл, сродкаў, нэрваў, жыцьця, каб у пачатку 1920-х сьцьвердзіць і пераканаць усіх, што не было “цэлі” там, дзе цяпер прыбіральня, што прысутнасьць адной культуры зусім не абавязкова павінна азначаць, што другой тут не павінна быць, што, урэшце, беларусы – не дзікуны й выдатна разумеюць, хто такі Міцкевіч і наколькі важнае месца ягонага зьняволеньня, бо там, дзе так хораша пішуцца вершы, яны будуць пісацца заўсёды... Сьвердзіў, пераканаў, даказаў. І што ў “сухім выніку”?
Рукатворнае прадбачаньнеНіколі б не падумаў, што Польшча так проста “аддасьць” “цэлю”. Аддала. Затое, зусім прадказальна, што юбілей айца-заснавальніка сучаснай беларускай дзяржаўнасьці адзначаецца сёньня “на ўправе БНФ” і толькі. У Вільні пра яго й ня ўспомняць. Дзякуй, што ўспомнілі хоць на TV Polonia, хоць у такім кантэксьце – як міжвольнага адваката вось гэтага муляжа і таму, натуральна, “пэрсанажа хутчэй адмоўнага”.
Ці мог Луцкевіч прадбачыць?.. Ня ведаю. Прадбачыць – значыць, мець плян ці хоць бы візію будучыні. А тут на ўласнае жыцьцё абернесься і здаецца, таго, што адбылося з табой праз трыццаць гадоў, ня мог уявіць у самых сьмелых фантазіях. Ці мог ён прадбачыць, што Вільня надоўга стане савецкай ды яшчэ й літоўскай сталіцай? Тады яна здавалася яму больш беларускім горадам, хоць і пад польскай уладай. Ці мог прадбачыць, што ўсё беларускае будзе сіламоц выкарчавана зь Вільні? Што яго самога ў 1942-м расстраляюць і пастараюцца забыць?..
Варта заўважыць, што ўсё гэта, чаго ён прадбачыць, прынамсі, не хацеў, рабілася навечна. Нават калі ў 1939-м Вільня была на месяц абвешчаная сталіцай Заходняй Беларусі, гэта таксама абвяшчалася навечна...
А што мы сёньня можам сказаць пра Беларусь у будучыні -- праз 50 ці 30 ці нават 10 гадоў?
Падобна на тое, што людзі ў прынцыпе страчваюць здольнасьць прадбачыць, неяк плянаваць жыцьцё, рабіць будучыню сваімі рукамі.
Нішто ня вечнаеАле так не павінна быць, бо неразумна. Страчваючы сілу прадбачаньня, мы самі ўтвараем наперадзе свайго шляху хаос. У нас няма агульных інструмэнтаў рабленьня будучыні сваімі рукамі, але ёсьць уласныя лёсы – у кожнага свой. І тут сапраўды шмат чаго можна прадбачыць. Тады з прыватнасьцяў складзецца агульнае.
Толькі ці хочам мы гэтага? Многім хацелася б “проста плысьці”...
Думаючы пра гісторыю Луцкевіча й “цэлі Конрада”, мушу канстатаваць, што ня маю рацыянальнае высновы з гэтай мэтамарфозы. А зь іншага боку, гэта ж мы з вамі, каму зразумелы й блізкі ягоны клопат, мы і ўвасабляем сабою ягонае прадбачаньне й надзею?
Так ці інакш, а гэтая даўняя гісторыя, чарговы раз вынырнуўшы, зноў схаваецца ў хвалі часу. Прадбачу, што гэта не канец. Бо не на сваім месцы пакуль у сьвядомасьці беларусаў Луцкевіч. І не на сваім месцы Міцкевіч. І нішто ня вечнае ў вечнай Вільні.