Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Хадановіч: Раздражняе неадэкватнасьць месца літаратуры


Госьць “Начной Свабоды” – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч. На мінулым тыдні Хадановіча абралі на старшыню Беларускага ПЭН-цэнтру – арганізацыі, якая аб’ядноўвае літаратараў.

Бушлякоў: Кожны, каму цікавая літаратура, ведае ў Беларусі Хадановіча як паэта, перакладчыка, крытыка, пэдагога... Цяпер Андрэй Хадановіч яшчэ й старшыня літаратурнай арганізацыі. Андрэю, нашто вам яшчэ гэтае старшынёўства? Час будзе забіраць адназначна...

Хадановіч: Перажыву гэта з сваім графікам дня, перажыву з сваімі звычкамі... Я задумаўся, што ў прынцыпе ёсьць справы, якіх у нашай краіне ніхто ня зробіць, калі ня зробіш ты. Ня я канкрэтна, а кожны з маіх калегаў на сваім месцы.

Мяне раздражняе неадэкватнасьць месца літаратуры ў беларускім грамадзтве. Мяне раздражняе неадэкватная роля творцы, якога, з аднаго боку, палітыка, улада выпіхваюць на маргінэс, а з другога боку, ён аўтаматычна робіцца больш чым творцам, спэкулюе на сваім палітычна заангажаваным становішчы, а таму ёсьць і менш, чым творцам. Мяне раздражняе сытуацыя, калі аўтары самі мусяць дбаць пра свае сустрэчы з чытачамі, бо больш пра гэта няма каму паклапаціцца, мусяць браць чынны ўдзел у выданьні сваіх кніжак, бо больш няма каму, гэтага ніхто ня робіць. Урэшце, я думаю, што мне будзе спакайней жыць, калі я паспрабую хоць штосьці невялікае ў гэтым кірунку зрабіць, каб і мне самому, і маім калегам, асабліва малодшым, было камфортней, каб яны больш часу спакойна трацілі на напісаньне сваіх твораў.

Бушлякоў: Што такое сёньня Беларускі ПЭН-цэнтар? Хто ў ім, для чаго ён?

Хадановіч: Кажуць, што Пэн-цэнтар – гэта літаратурная арганізацыя. І так, і не. ПЭН-цэнтар не замяняе ніякага літаратурнага саюзу, якіх у нас два. Лёгка здагадацца, да якога зь іх я стаўлюся з большай сымпатыяй...
У краіне, дзе ёсьць праблемы з свабодай слова, ПЭН-цэнтар мусіць пашыраць тэрыторыю свабоды...


Беларускі ПЭН-цэнтар – частка сусьветнага ПЭН-клюбу, а таму для мяне гэта сымбаль улучанасьці Беларусі ў шырэйшы культурны кантэкст, у эўрапейскі і сусьветны кантэкст. Хочацца, каб гэта было ня толькі намінальна, хочацца, каб пра беларускую літаратуру шырэй ведалі ў сьвеце, а мы ў Беларусі ведалі сусьветную літаратуру шырэй і глыбей. Таму ідэальны ПЭН-цэнтравец для мяне – ня толькі арыгінальны літаратар, але яшчэ прамоўтэр культуры, культуртрэгер, пасярэднік, перакладчык.

Ня будзем забывацца, што, акрамя творчай іпастасі, ПЭН-цэнтар – гэта яшчэ й арганізацыя ў пэўным сэнсе праваабарончая – бароніць правы літаратара. У краіне, дзе ёсьць праблемы з свабодай слова (Беларусь, відавочна, тэрыторыя, дзе маюць месца цэнзура і самацэнзура), ПЭН-цэнтар мусіць пашыраць тэрыторыю свабоды, тэрыторыю незалежнай, ня ўшчэмленай ніякай палітычнай заангажаванасьцю думкі, каб пісьменьнік кіраваўся творчасьцю ў сваім выказваньні.

Бушлякоў: У афіцыйных мэдыях нярэдка ПЭН-цэнтар паддаюць крытыцы, вінавацячы яго чальцоў у розных нібыта грахох, напрыклад, у сувязях з замежнымі фундатарамі, у адстойваньні нейчых небеларускіх інтарэсаў і г.д. Андрэю, на вашую думку, з гэтым трэба нешта рабіць? А калі трэба, то што можна рабіць?

Хадановіч: З чуткамі? З чуткамі па азначэньні ня зробіш нічога. Калі ты вядомая пэрсона, хто б ты ні быў, будуць чуткі, у тым ліку брудныя. Калі ты вядомая пэрсона і займаеш пэўную пазыцыю, абавязкова аббрэшуць, хоць у прынцыпе адразу магу сказаць: каб жа адпавядаць гэтым чуткам!
Няма тут дзе злоўжываць становішчам, хіба што амбіцыі свае пацешыць...


Няма тут дзе злоўжываць сваім становішчам, няма тут дзе зарабляць, і пасада старшыні ПЭН-цэнтру абсалютна грамадзкая. Хіба што амбіцыі свае крышачку пацешыць... Але й шмат праблемаў займець для вырашэньня. Праўда, праблемы цікавыя. І сувязі, найперш творчыя: паміж аўтарам і замежным перакладчыкам, замежным аўтарам і беларускім перакладчыкам.

А калі ўжо даходзіць да канкрэтнага матэрыяльнага вымярэньня, то яно абсалютна прагматычна абмяжоўваецца такімі рэчамі, як выдаць кніжку, якой інакш выдаць немагчыма, як аплаціць працу, якая павінна быць аплачаная, бо на пачатку XXI стагодзьдзя неразумна патрабаваць, каб нехта займаўся вёрсткай, карэктурай, рэдактурай, афармленьнем кніжкі, мастацкім перакладам з голага спартовага інтарэсу.

Бушлякоў: Практычна штогод выходзіць новая кніга Хадановіча. Сёлета выйшлі “Бэрлібры”. Што далей?

Хадановіч: Найбліжэйшай кніжкай, калі ўсё ўдала складзецца, будзе выданьне пад назваю “Разам з пылам”. Гэта будзе іпастась Хадановіча-перакладчыка паэзіі зь некалькіх моваў. Старонак 200 ці, можа быць, крышачку больш перакладаў маіх улюбёных аўтараў – ад лацінян Катула і Гарацыя да яшчэ жывых украінцаў праз французаў, ангельцаў і англа-ірляндцаў, палякаў, расейцаў (п'еса Цьвятаевай “Каменны анёл” увойдзе ў гэтую кніжку).

Другая кніжка, якая па-добраму моцна мяне зачапіла і пішацца цяпер – кніжка дзіцячых вершыкаў. І, я спадзяюся, нешта з гэтага будзе. Кантакты з маленькай Аленай Андрэеўнай, якой два з паловай гадочкі, вельмі натхняюць на напісаньне сяго-таго. Дачка ёсьць музай, з аднаго боку, а з другога боку, першай чытачкай і, відаць, самым суровым крытыкам гэтых тэкстаў.

Бушлякоў: Летась падчас онлайн-канфэрэнцыі на нашым сайце вы казалі, што даўно ўжо хочаце “выдаць гульлівую, хуліганскую кніжку “Дурка беларуская”. Ці не раздумалі?
Хуліганскія задумы не разьвеяліся – будзе і "Дурка"...


Хадановіч: Хуліганскія задумы не разьвеяліся – дагэтуль актуальныя. Так, будзе, відавочна, і “Дурка”: хочацца верыць, што нядоўга яе засталося чакаць. Яна збольшага зробленая. Праблема – дачакацца яшчэ належнага мастацкага афармленьня. Як і кніжка лімэрыкаў, яна будзе суправаджацца несур'ёзнай, сьмешнай, прыкольнай, добрай беларускай графікай. Затрымка пакуль што за гэтым.

Бушлякоў: Вяртаючыся да абраньня вас на высокую пасаду, хачу яшчэ спытацца, якая цяпер найбольшая, асноўная мара як старшыні ПЭН-цэнтру.

Хадановіч: Ёсьць некалькі задумак. Па-першае, хочацца, каб у ПЭН-цэнтар прыйшла пэўная колькасьць новых сяброў – маладых, крэатыўных людзей, якія павысілі б імідж і пашырылі вядомасьць ПЭН-цэнтру.

Другая думка – хочацца актыўнай, наколькі гэта магчыма ў Беларусі, фэстывальнай дзейнасьці, новага дэсанту беларускіх творцаў за мяжу і новых замежных літаратараў у Беларусі. Думаю, што рэгулярны літаратурны фэстываль цалкам альбо часткова пад эгідай ці з удзелам Беларускага ПЭН-цэнтру добра б выконваў гэтую функцыю.

Зразумела, я ўжо даўно і да абраньня на пасаду займаўся штогод з найбліжэйшымі калегамі – з Ганнай Кісьліцынай, напрыклад – арганізацыяй конкурсаў для маладых літаратараў. Хочацца верыць, што мы ўжо ў найбліжэйшы час абвесьцім і пачнем рыхтаваць новы конкурс для маладых літаратараў.


Андрэй Хадановіч нарадзіўся і жыве ў Менску. Перакладае з ангельскай, францускай, польскай і ўкраінскай моваў. Аўтар кніг “Старыя вершы”, “Лісты з-пад коўдры”, “Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі”, “From Belarus with Love”, “Сто лі100ў на tut.by”, “Бэрлібры”. Выкладае замежную літаратуру ў БДУ. Таксама выкладае ў ліцэі імя Коласа і Беларускім калегіюме. Займаецца інтэлектуальнымі гульнямі кшталту “Што? Дзе? Калі?”.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG