Блогі

Чаўшэску, 1968 – Лукашэнка, 2008

28.08.2008 18:15

Адказ Аляксандра Лукашэнкі на прапанову Масквы прызнаць сэпаратысцкія аўтаноміі Грузіі сьведчыць пра тое, што кіраўнік Беларусі займае сваю пасаду ўжо 15-ы год невыпадкова. Палітык, што ні кажы.


Большасьць назіральнікаў схілялася да таго, што ну хай сабе не адразу, хай сабе пагандляваўшыся, але ж прызнае, стане ў расейскі фарватэр, куды ж падзенецца, павязаны па руках і нагах. Але – не прызнаў.

Не, фармальна кажучы, рашэньне як бы адкладзенае, прапанавана разгледзець пытаньне на Радзе дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Але гэта проста бюракратычны хітрык -- Казахстан зь яго вялікай расейскай меншасьцю, Кіргізія са сваімі міжэтнічнымі праблемамі, ды іншыя чальцы дамовы зусім не дэманструюць намеру падтрымаць Расею ў гэтым пытаньні. Ну абмяркуюць і што? Як прымаць рашэньне будуць – большасьцю галасоў? Так што ветлівая прапанова з Менску – гэта адмова і ні што іншае.

Можна ўявіць сабе, што далося гэтае рашэньне Лукашэнку няпроста. Бо пытаньне – сапраўды найважнейшае, пытаньне вайны і міру, пытаньне жыцьця і сьмерці. Лукашэнка ня мог не разумець, што за ягонае рашэньне ў вачох Масквы, асабліва ў тым псыхалягічным стане, ў якім яна знаходзіцца, ён будзе здраднікам.

І тое, што ініцыятыву Расеі не падтрымаў ніхто іншы, ад гэтага прысуду яго не ўратуе. Ну Кітай адмовіўся, ну нават Вэнэсуэла з Кубай маўчыць – гэта ж далёка, у іх свае расклады. А тут – Беларусь, ды колькі грошай ёй дадзена, ды колькі ад таго ж Лукашэнкі пра спрадвечнае адзінства выслухана -- пра танкі, пад якія беларусы будуць класьціся, калі НАТА на Маскву пойдзе. Ну вось і пайшлі – ва ўяўленьні расейцаў цяперашняя сытуацыя – менавіта нешта падобнае. А Лукашэнка гаворыць – не. На словы ён шчодры, ў Сочы, праўда, пад прымусам разьліваўся пра тое, як мудра, спакойна і прыгожа дзейнічала Расея ў Грузіі, сустрэўся нават з лідэрамі Паўднёвай Асетыя і Абхазіі. І ў сёньняшняй тэлеграме Мядзьведзеву Лукашэнка таксама аддае даніну рыторыцы, маўляў, Расея ня мела іншага маральнага выбару, як прызнаць. Словы, словы, словы ... Але калі прыйшоў час прымаць канчатковае адказнае рашэньне, яно прымаецца.

Гэта я да таго, што кіраўнік Беларусі павінен быў ўяўляць маштабы расейскай помсты за тое, што тым палічаць здрадай. У гэтым сэнсе і сёньняшняе рашэньне, і вызваленьне палітвязьняў, і новыя умовы правядзеньня выбараў укладаюцца ў адзін ланцуг – у ланцуг вялікага павароту, у спадзеў, што на Захадзе ён знойдзе абарону і падтрымку ад расейскага ўдару ў адказ. У свой час Захад вельмі падтрымліваў дыктатара Румыніі Нікалае Чаўшэску фактычна за некалькі крокаў, зробленых ім, за некалькі дэманстрацыяў таго, што ён – ня поўная марыянэтка Крамля. Сярод такіх крокаў была і адмова 40 гадоў таму далучыць румынскія войскі да ўварваньня ў Чэхаславаччыну сілаў Варшаўскай дамовы.

Сёньняшняе рашэньне Лукашэнкі вельмі падобнае на тагачаснае рашэньне Чаўшэску.

І мяркую, што за яго Лукашэнка атрымае ад Захаду спаўна, як тады Чаўшэску. А беларускай апазыцыі давядзецца прыняць, прызнаць рэальнасьці сучаснага сьвету, у якім рашэньні прымаюць сапраўдныя палітыкі, а ня проста добрыя людзі з добрымі намерамі.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-11 (з 11)
Імя:: Vitavt Горад:: Mensk
28.08.2008 19:11

Вось тут, Юры, я цалкам з вамі пагаджаюся.
Асабліва , наконт, Захада, бо я ведаю.


Імя:: Ясь
28.08.2008 20:56

Чаўшэску праводзіў сталініскую ўнутраную палітыку і гэта галоўнае чаму Крэмль яму дараваў некаторую самастойнасць у знешняй палітыцы: адмову ў інтэрвэнцыі 1968, добрыя стасункі з Кітаем, Ізраілем, удзел у Лас-Анджелескай Алімпіадзе 1984,крытыку СССР за напад на Аўганістан. А вось чэхам " сацыялізм з чалавечым тварам" не даравалі, хоць і Дубчак запэўніваў Маскву, што не збіраецца пакідаць Варшаўскі Пакт. Тoеж самае і з Лукашэнкам. Яго ўнутраная палітыка поўнасцю задавалняе Крэмль: ніякай дэмакратыіь як і ў Расеі + русіфікацыя. Як кажуць расейцы :" Ворон ворону глаз не выклюет "


Імя:: drakakhrust Горад:: praha
28.08.2008 21:20

Ясь, я і не кажу, што Лукашэнка - анёл. Я кажу толькі, што ён палітык. Вы, магчыма, і правільна тлумачыце матывы, чаму Масква цярпела самастойнасьць Чаўшэску. Хаця і тут можна запярэчыць - у Ціта ці Мао была прыкладна такая ж сталінісцкая ўнутраная палітыка, але іх самастойнасьць Крэмль успрымаў надзвычай хваравіта. Але тут цікавей пытаньне, чаму Захад Чаўшэску "ўсяляк прыманьваў і заахвочваў" (паводле выразу Бжэзінскага)? У Вас ёсьць тлумачэньне гэтага? Вы ня лічыце, што па тых жа прычынах заходняя палітыка можа стаць такой жа і адносна Лукашэнкі?


Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
29.08.2008 07:45

Паважаны Юры. Усе што Вы сказалі ляжыць у полі прагматыкі, альбо ў полі таго, што асабіста я называю “палітыкай у стылі Макіявеллі”. Аднак я прашу Вас адказаць на адно пытаньне. Зараз ранак 29 жніўня (7.40). Я працую у канструктарскім аддзеле прадпрыемства. Тут нас 14 чалавек у дадзеным кабінэце. Сярэдні ўзрост каля 30 год, асабіста мне 40. Дык вось, адзін хлопец раптоўна кажа: “Беларусь прызнала незалежнасьць Асэтыі і Абхазіі”. Я запярэчыў, што гэта на сеньня зусім ня так, што Лукашенка хутчэй хітруе, чым прызнае. І вось 10 чалавек (адукаваных і маладых) мне ў голас (на падвышаных танах) заявілі: “Расея вялікая страна, скора ЗША капец. Расея маладзец, гэдак і нада”. На мае пярэчаньні адносна Косава, Ічкерыі, Баскаў і г.д., на мае пярэчаньні аб міжнародным праве, аб недапушчальнасьці выкарыстаньня бруднай моцы ў міжнароднай палітыкі, аб тым, што Расеі да лямпачкі незалежнасьць згаданых тэрыторый, а галоўнае нафта Каўказа – толькі выкрыкі супраць. Сьмех, альбо маўчаньне. Заўважце: 1 спраць 13. Дык колькі на Ваш погляд Лукашенка пратрымаецца, і ці здолее ен хоць трошкі нагадаць Чаушеску?


Імя:: Zmicier Горад:: Praha
29.08.2008 09:26

Kazachstan pryznau nezaležnasc, i nia treba zajmacca geapalityčnym gistaryčnym relativizmem - Lukashenka padobny ci ne padobny u času i prastory.


Імя:: Вядомы
29.08.2008 11:51

"і новыя умовы правядзеньня выбараў укладаюцца ў адзін ланцуг – у ланцуг вялікага павароту"

дык вось, няма ані новых умоваў правядзеньня выбараў, ані вялікага павароту. Тут вы, Юра, зноў не ўгадалі, як гэта часта з вамі бывала і раней. З Захадам Лукашэнка толькі дражніцца, па-сур'ёзнаму -- толькі з Расеяй. А калі і рабіць паварот, то не зараз, калі большасьць насельніцтва ў гэтым канфлікце на баку Расеі, і нават тыя, хто супраць Лукі, лічаць, што рэспублікі трэба прызнаваць. Бо -- "справядліва"! Увогуле, я Луке спачуваю. Змагаўся з "нацыяналізмам", выгадаваў "саюзнае" пакаленьне, хай цяпер зь імі і змагаецца


Імя:: ulmarut Горад:: Масква
29.08.2008 12:42

Усё гэта добра, але ўсе ведаюць, чым скончыў Чаўшэску!


Імя:: drakakhrust Горад:: praha
29.08.2008 14:31

Лысевічу

У свой час Юры Шаўцоў трапна заўважыў: “Беларускае нацыянальнае не маніфэстуецца, а праяўляецца”. Калі рабіць высновы пра беларусаў толькі на падставе таго, што яны гавораць, дык абавязкова памылісься. Вашы калегі гавораць... Дык і Лукашэнка гаворыць – і пра “мудра, спакойна і прыгожа”, і пра “ня мела іншага маральнага выбару”. Проста калі прыходзіць час прымаць рашэньне , яно атрымліваецца не зусім адпаведным гэтай балбатні.
Гэтак і роўна 6 гадоў таму і Лукашэнка, і, пэўна, Вашы калегі казалі, як яны любяць Расею і жадаюць аб’яднацца зь ёй. І увесь народ казаў тое самае, апроч зразумела, “купкі агалцелых нацыяналістаў”. Але калі ў жніўні 2002-га Пуцін і запрасіў Беларусь у РФ – шасьцю губэрніямі, то “раптам” і Лукашэнка сказаў “не”, і што самае галоўнае – ніякага ня тое што пратэсту, а нават зьдзіўленьня гэта ні ў кога не выклікала (хіба ў той самай “купкі”): “А як жа ж, ну пэўна ж не, навошта нам туды”.

Зьмітру

Казахстан не прызнаў , Назарбаеў “падтрымаў прызнаньне”. Дык і Лукашэнка “падтрымаў”. Прызнаньне – канкрэтная юрыдычная працэдура, а Назарбаеў не вар’ят , маючы велізарную долю этнічных рускіх ў сябе на поўначы, гуляць у такія гульні. А наконт гістарычнага рэлятывізму – ну прабачце, калі наступны раз прыйдзе ахвота ім заняцца, спытаю Вашага дазволу

Вядомаму

Вы часткова маеце рацыю, гэта не зусім ужо поўны паварот, ня ў НАТА і ЭЗ Лукашэнка зараз пабяжыць. Але параўнаньнем з Чаўшэску я, здаецца, патлумачыў, пра які паварот ідзе гаворка. “Геній Карпатаў” шлях у Маскву не забываў і цалаваўся з Брэжневым з зайздроснай рэгулярнасьцю і ў сацлягер Румынія ўваходзіла. Але ў адрозьненьні, скажам, ад ЧССР ці ГДР Чаўшэску меў і нейкае заходняе апірышча, заходнюю падтрымку. Вось менавіта такога ж становішча Лукашэнка і дамагаецца


Імя:: Zmicier Горад:: Praha
29.08.2008 18:36

Spadar Juryj.
Lukashenka ni czym ne adroznivajecca ad usech astatnich liderau krain, jakija by jany ne byli. S koznym uves czas razmauliali i pryznavali. S Hitleram i Stalina dobra razmauliali, u hosci jezdzili. I s Lukashenka buduc razmauliac.

Na kont histarychnaha reliatyvizmu ja vam paraju ne rabic "hi-hi" bo ne u dziciachym sadku, ale zauzdy paraunouvajce situacyji ne s 2008 goda u 1968, a merkami 1968 goda, bo Čaušesku niamaje niczoha adnilkavaha z Lukashenka.

Dziakuju za uvahu


Імя:: Мельянцоў Горад:: Менск
29.08.2008 21:54

Цалкам з вамі згодны, Юры. Вось толькі ці мае намер Масква таксама ставіцца да Лукашэнкі, як яна калісь ставілася да Чаушэску?


Імя:: drakakhrust Горад:: praha
30.08.2008 01:32

Мельянцову
Думаю, што ў рэшце рэшт так, але не адразу. Ня выключана, што , скажам, зімой 2009 году адбудзецца чарговая "вайна" (дзякаваць Богу, не вайна), падчас якой пакыўджаная Масква паспрабуе пакараць "здрадніка". Гэта, дарэчы, будзе выпрабаваньнем ўсёй канструкцыі павароту -ці ўстане Захад на абарону Лукашэнкі (дзіка гучыць) і не глыбокай занепакоенасьцю, а канкрэтнай, у тым ліку і грашовай дапамогай. Лукашэнка ў прынцыпе моцна рызыкуе. Але калі гэты раўнд будзе зьведзены хаця б унічыю, то мяркую, што статус новага беларускага Чаўшэску Масква прыме. Ня надта ведаю гісторыю Румыніі, але цікава, як уласна Н. Чаўшэску заваяваў сабе такі статус, у прынцыпе савецкі Крэмль такія конікі, мякка кажучы, не вітаў. Ня варта выключаць экзатычны варыянт, калі рускі мядзьведзь, нарэшце прачнуўшыся, пачне на вядомы манер фармаваць у Беларусі сваю сетку грамадзскага ўплыву. Напрацоўкі ёсьць, але нейкія аглабельныя, нават шкада Сяргея Іванавіча. Праўда, ня выключана, што менавіта да прасынаньня мішкі Лукашэнка загадзя і рыхтаваўся, плён аналёгіі з Чаўшэску палягае, магчыма, і ў тым, што румынскі рэжым быў адным самых рэпрэсіўных у сацлягеры, дысыдэнты там адсутнічалі як зьява, іх проста нішчылі. Аднак ня толькі іх, але і нават магчымасьці стварыць сетку савецкага ўплыву.

Камэнтары 1-11 (з 11)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb