Блогі

Наконт байкоту

28.08.2008 17:37

Дыскусія наконт таго, ці трэба апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах да самага канца, разгараецца ў дэмакратычным асяродку з новай сілай. Прычым аргумэнты прыхільнікаў байкоту носяць больш эмацыйны характар. Маўляў, паколькі выбары недэмакратычныя, то навошта ўдзельнічаць у фарсе, давайце назло рэжыму здымем усіх кандыдатаў і такім чынам падарвем легітымнасьць гэтых выбараў.

Такая пазыцыя даволі сумнеўная зь некалькіх прычын.

Па-першае, зьняць усіх кандыдатаў усё роўна ня ўдасца. Пачатак выбарчай кампаніі паказаў, што кіравальнасьць апазыцыйных сіл — ня ў лепшым стане. З боку апазыцыі ў выбарах удзельнічаюць два аб’яднаньні — АДС і Эўрапейская кааліцыя, дачыненьні паміж якімі даволі напружаныя. Самі гэтыя аб’яднаньні — ня столькі палітычныя блёкі, колькі каардынацыйныя структуры. Любая арганізацыя, якая ўваходзіць у кааліцыю, можа адмовіцца выконваць яе рашэньні, што ўжо і адбываецца. У некаторых акругах папярэднія дамоўленасьці наконт разьмеркаваньня кандыдатаў парушаныя. ПКБ на зьезьдзе пастанавіла ўдзельнічаць у выбарах да канца. Нават унутры партый кіравальнасьць працэсу пад пытаньнем, пра што сьведчаць пэрыядычныя скандалы і канфлікты. Частка кандыдатаў, якія паклалі шмат сілаў на кампанію, прынесьлі пэўныя ахвяры, адмовяцца здымацца, нават калі кіраўнічыя органы прымуць адпаведныя рашэньні. Тым больш ва ўмовах, калі зьявіліся чуткі, што кагосьці ўлады ўсё ж такі прапусьцяць у Палату прадстаўнікоў.

Другая праблема: як апазыцыйным кандыдатам зьняцца так, каб палітычны эфэкт атрымаўся станоўчым, а не адмоўным? Паводле чэрвеньскага сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД 46% насельніцтва лічаць выбары свабоднымі і справядлівымі, а 35% — наадварот (гэта ў асноўным дэмакратычны электарат). Калі апазыцыя здымаецца з выбараў, то гэта трэба неяк растлумачыць народу. Чаму яны спачатку прасілі выбарцаў паставіць подпісы ў іх падтрымку, абяцалі бараніць іх інтарэсы, а потым сышлі? Адной заявы, якая распаўсюдзіцца праз інтэрнэт-сайты, недастаткова. Трэба будзе надрукаваць улётку і закінуць яе ў кожную паштовую скрыню. Калі гэтага не зрабіць, то электарату ўсё “растлумачаць” улады з дапамогай сваіх магутных мэдыяў. У такім разе палітычны эфэкт для апазыцыі будзе адмоўны.

І вось уявіце сабе задачу: надрукаваць каля двух мільёнаў улётак, прычым, хутчэй за ўсё, за мяжой, завезьці іх у краіну, разьвезьці па рэгіёнах і ўкінуць у кожную паштовую скрыню. І гэта ва ўмовах жорсткага процідзеяньня КДБ і міліцыі на кожным этапе. Прычым зрабіць усё гэта трэба ў кароткі тэрмін. Наколькі рэальная гэтая задача?

Пра байкот як сур’ёзную кампанію і казаць не выпадае. На гэта няма ўжо ні часу, ні рэсурсаў. Бо каб насамрэч арганізаваць байкот, то бок дамагчыся, каб менш за 50% выбарцаў прыйшло на ўчасткі, трэба значна больш намаганьняў, чым на выбарчую кампанію. Гэта пра легітымізацыю ўнутраную.

А цяпер наконт вонкавай легітымізацыі. Здаецца, гэтым разам назіральнікі АБСЭ прыехалі з пазытыўным настроем. Вось на сайце naviny.by начальнік палітычнага аддзелу генэральнага сакратара Рады Эўразьвязу сп-ня Шміт заявіла, што калі выбары ў Беларусі пройдуць лепш, чым папярэднія, то гэта дасьць новы імпульс разьвіцьцю нашых дачыненьняў. То бок плянка патрабаваньняў зьніжана, правядзеньня дэмакратычных выбараў як умовы паляпшэньня стасункаў ЭЗ ужо не патрабуе. Галоўнае, каб яны былі трохі лепшыя за папярэднія.

Калі спрасьціць, то ацэнка выбараў складаецца зь дзьвюх частак: у якіх умовах праходзіла выбарчая кампанія і ці справядлівы быў падлік галасоў пасьля галасаваньня? Дык вось, па першай частцы ўжо цяпер можна ставіць станоўчую адзнаку. Самі прадстаўнікі апазыцыі адзначаюць, што гэтым разам значна менш адмоваў было і пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп, і пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў. Факты ціску на сябраў ініцыятыўных груп з гледзішча эўрапейскага юрыста цяжка давесьці і пацьвердзіць. Бо, напрыклад, пагрозы звальненьня з працы адбываюцца не публічна, сам-насам, чыноўнікі не пацьвярджаюць іх.

Адзінае, што застаецца апазыцыі, гэта дачакацца дня галасаваньня і паказаць замежнікам, як адбываецца падлік галасоў, як назіральнікаў пазбаўляюць магчымасьці назіраньня. Калі ж апазыцыя здымаецца з выбараў, то патрэба ў фальшаваньні вынікаў галасаваньня адпадае. Тады ня трэба будзе гнаць людзей на датэрміновае галасаваньне. Тады дадуць поўную свабоду назіральнікам, дапусьцяць іх да самага стала зь бюлетэнямі, няхай глядзяць, якія ў нас справядлівыя выбары. І ў назіральнікаў не застанецца ніякіх іншых варыянтаў, як зафіксаваць адсутнасьць парушэньняў.

Парадокс сытуацыі ў тым, што давесьці недэмакратычнасьць выбараў можна толькі пры ўмове ўдзелу ў іх апазыцыі да самага канца. Але прыхільнікі байкоту, якія хочуць такім чынам дэлегітымізаваць выбары, дамогуцца якраз адваротнага.

І дарэчы, калі апазыцыя здымаецца з выбараў, то супраць чаго тады пратэставаць у дзень галасаваньня? Супраць фальсыфікацый? Дык іх якраз і ня будзе.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-5 (з 5)
Імя:: А.
28.08.2008 19:32

Такiм чынам, цiпа апазiцыя, спачатку ўлезла ў выбары, зьела гранцiк, а цяпер ўжо як бы i позна здымацца...
Зноў та ж самая клаўнада, пад мудрым кiраўнiцтвам КДБ. Пляскаю ў далонi!!!


Імя:: Korj Горад:: Менск
28.08.2008 22:14

Ага, і Вічыху сабе новую знайшлі... І прагаварыўся ж - каб быў байкот, трэба _было_ нешта рабіць. А каб "чэсна прайграць" вырабы напружвацца сэнсу няма - здаў аналіз ка... подпісы і іншыя паперкі куды трэба, яшчэ гранцік які атрымаў ад гаспадароў - чым не жыцьцё!
Лёгіка, бач! Нямецкія смаўжы прыехалі прызнаць луковыя вырабы, аб чым кажуць адкрытым тэкстам, дык што рабіць? - Ведама! Прыняць удзел і легітымізаваць іх! Бо гаспадарам усё ж складана будзе прызнаць выбары паміж Папковым ды Папковым, тады раззлуюцца і бяз грантаў зусім пакінуць - так ім і сказала Вік-2: хутчэй, вышэй, мацней удзельнічайце ў вырабах, а то грошы ўзялі, а данчыць хто будзе?! Гоп!


Імя:: Дмитрий
29.08.2008 00:30

Оппозиция в своем разноголосом репертуаре или прям как в басне.


Імя:: Mikola Горад:: Litva
29.08.2008 09:25

Усё ідзе так як 9 ракоў назад сплянаваў нямецкі супершпіён Г.Г.Вік разам з КДБ РБ,
Немцам зноў удалося пагандляваці Беларусьсю і гэтыя выбары з апазыцыяй з агэнтуры КДБ і былых паплечнікаў Лукі, камуністаў плянавы фарс, а не дэмакратыя,
Можна чакаці, што немцы кінуць нейкую костку Лукашэнку пасьля выбараў зьняўшы нейкія эканамічныя санкцыі за вызваленьне аднаго палымянага рэвалюцыянера, а драконаўскія цэны на візы ў ЭЗ для беларусаў пакінуць, каб задушыць беларускі народ у лукашэнкаўскай прапагандзе і дэмакратыі,
Напэўна з выбараў не здымуцца, бо трэба ж засьвяціцца і адпрацаваці нямецкія гранты, магчыма новая хваля "дэструктыўных" элемэнтаў з ліку дробных гандляроў у бліжэйшы час нешта зробіць у Беларусі,бо іх прыціснулі з указам Лукашэнкі так як пры сталіну грабілі лепшых сялян Беларусі, а з старых апазыцыянераў ,... надта далёкія яны ад народу, надта моцна правальваліся раз за разам у сваіх рэвалюцыйных дзеяньнях у мінулым. Сам народ РБ мусіць вызначыцца ці зямлю капаці ў Сібіры для славянскіх братоў яшчэ 200 р., ці ў цывілізаваны Сьвет да тэхналёгій, крэдытаў, рынкаў?


Імя:: Лёкса Горад:: Салігорск
29.08.2008 16:09

лягічна як ба

Камэнтары 1-5 (з 5)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb