Праграмы / Экспэртыза Свабоды

“Казулін мае шанцы стаць пэрсанальнай альтэрнатывай Лукашэнку”

20.08.2008 22:39

Удзельнікі: журналіст Вадзім Казначэеў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Якія агульныя ўражаньні ад сваёй прэсавай канфэрэнцыі пакінуў Аляксандар Казулін? Ці падаліся пераканаўчымі ягоныя камэнтары і ацэнкі сытуацыі? У чым палітычная пэрспэктыва Казуліна, якую нішу ён можа знайсьці ў цяперашняй палітычнай канфігурацыі?

Цыганкоў: “Мы з вамі ўсе прысутнічалі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Казуліна. Перш чым мы пачнем ацэньваць ягоную палітычную пэрспэктыву, я б папрасіў вас падзяліцца агульным уражаньнем ад Казуліна. Якім вы знайшлі яго пасьля вызваленьня? Ці паказаў ён што не адарваўся ад рэаліяў, ці падаліся вам пераканаўчымі ягоныя камэнтары і ацэнкі, што найбольш запомнілася?”

“Казулін выглядаў лепш, чым я чакаў”

Казначэеў: “Што да палітычных рэаліяў, то Казулін адарваўся ад іх натуральным шляхам, але мяне парадавала, наколькі хутка ён у іх “уехаў”. Бо прайшло літаральна некалькі дзён, пры тым, што ён першыя дні на волі займаўся сумнымі справамі, пахаваньнем цесьця. Тым ня менш, ягоныя ацэнкі і меркаваньні падаліся мне разумнымі, цьвярозымі і адэкватнымі”.

Цыганкоў: “Што канкрэтна вам падалося найбольш дакладным і палітычна вывераным?”

Казначэеў: “Бачна, што ў Казуліна ёсьць цьвёрдая пазыцыя, што тычыцца сытуацыі ў ягонай партыі БСДП(Г), і што тычыцца выбараў – парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх, і пра тое, што ў дэмакратычны сілаў павінна быць кансалідаваная пазыцыя. Па-мойму, усё гэта прагучала вельмі дакладана”.

Старыкевіч: “Казулін выглядаў лепш, чым я чакаў. Я ня думаў, што ён здолее так хутка і адэкватна ацаніць сытуацыю. Усё ж 2,5 гады за кратамі, цяжкія рэчы выпалі ня ягоную долю сёлета. Шэраг ягоных заяваў, зробленых падчас лютаўскай прэс-канфэрэнцыі, калі ён быў на волі з прычыны пахаваньня жонкі, яны гучалі вельмі неадназначна.

Сёньня гэта быў палітык. Так прыкладна магла гучаць прэсавая канфэрэнцыя любога зь лідэраў АДС – так што ў гэтым сэнсе Казулін парадаваў. Хаця, канешне, быў трошкі шматслоўным, было відаць, што ў калёніі ён чытаў кнігі па ўсходняй філязофіі – і час ад часу яго ў гэта заносіла. Але я думаю, гэта з часам паправіцца”.

Цыганкоў: “Калі ўжо мы пра гэта загаварылі... Можа быць гэтая шматслоўнасьць і перавод размовы на філязофскія катэгорыі “цемры і сьвятла” – ці не паказвае, што вобраз прапаведніка сёньня пераважаў над вобразам палітыка?”

Старыкевіч: “Я думаю, хутчэй ён проста быў трошкі не сканцэнтраваны ў сваіх выказваньнях. Ня думаю, што ён мяркуе быць прапаведнікам, але часам ён гаварыў менавіта з такіх пазыцыяў. Я б не сказаў, што гэта пераважала – проста было заўважным”.

Цыганкоў: “Пагаворым пра палітычную пэрспэктыву Казуліна на фоне сёньняшняга вызваленьня Кіма і Парсюкевіча. Як Казулін здолее знайсьці сабе месца ў палітыцы, сваю палітычную нішу? Ён ужо сустракаўся з асноўнымі палітычнымі лідэрамі. Ці здолее апазыцыя адказаць на гэты выклік – знайсьці адпаведную ролю для палітычнага патэнцыялу Казуліна?”

Ніша пэрсанальнай альтэрнатывы Лукашэнку вольная

Казначэеў: “Безумоўна, у гэтай сытуацыі шмат залежыць ад самога Казуліна, ад таго, як ён будзе сабе паводзіць і якую лінію праводзіць. Але глеба для старту ў яго зараз вельмі спрыяльная. У кожным разе, пэрсанальны расклад у апазыцыі зьменіцца. Якая ніша, якой “глыбіні і шырыні” знойдзецца для Казуліна – пакуль сказаць цяжка. Але ня будзем забывацца, што пэрсанальны чыньнік вельмі важны, і што ніша палітычнага лідэра, пэрсанальнай альтэрнатывы цяперашняму кіраўніку – вольная. На жаль, апазыцыя з сярэдзіны 1990-х на гэтае пытаньне адказу не давала.

Цыганкоў: “Вы лічыце, што Аляксандар Мілінкевіч гэтую нішу не займае?”

Казначэеў: “Ні ў якім выпадку. Ці ўдасца Казуліну заняць гэтую нішу, ці здолее ён яе заняць – гэта іншае пытаньне, якое загадзя прагназаваць вельмі цяжка. Але Казулін тут мае шанцы”.

Цыганкоў: “І тут – тэст на сталасьць апазыцыі. Дапусьцім, Казулін захоча заняць гэтую нішу і пачне нейкія дзеяньні ў гэтым накірунку. Як павядзе сабе апазыцыйная эліта – будзе дапамагаць яму альбо перашкаджаць?”

Казначэеў: “Я магу сказаць упэўнена, што ня будзе адназначнай пазыцыі на гэты конт. Частка яго падтрымае, чыстка – не. Пытаньне ў тым, наколькі вялікімі будуць гэтыя часткі. А гэта ў значнай ступені залежыць ад самога Казуліна.

Тое, што адбылося на апошнім зьезьдзе ягонай партыі, калі Казуліна адхілілі з пасады старшыні – то гэта было малапрыстойна. Але калі казаць пра нейкі палітычныя наступствы, то гэта хутчэй працуе на Казуліна. Ён ня будзе ўспрымацца як кіраўнік нейкай партыі. Яму ў той ролі было б цяжэй, бо ў АДС усе кіраўнікі партыяў, усе быццам на роўных правах... А тут ён у той ролі, пра якую ён казаў на прэсавай канфэрэнцыі, гаворачы “я пачынаю з нуля”.

Выйсьці за межы апазыцыйнага гета

Старыкевіч: “Сытуацыя, у якую трапіў Казулін, дастаткова складаная. Перад тым, як яго выпусьціць, улады фактычна ліквідавалі тую легальную палітычную пляцоўку, якую ён займаў. Фармальна цяпер – хто ён, акрамя таго, што былы кандыдат у прэзыдэнты.

Але гэта нават ня самае галоўнае пытаньне. Праблема ў тым, што калі Казулін пачне дзейнічаць у межах існуючай апазыцыі, то сур’ёзнага посьпеху дамагчыся не атрымаецца. Будзе нейкі перадзел, напрыклад, нешта ён адваюе – і тады стане АДС не чатырох, а пяцігаловая. Але прынцыпова сытуацыю ў краіне гэта ня зьменіць. Таму яму трэба ствараць новую нішу, значна больш глыбокую, чым тая, якую займае аб’яднаная апазыцыя. Але выйсьці за гэтыя межы будзе надзвычай складана. Бо ўлады, стварыўшы пэўнае апазыцыйнае гета, дазваляюць дэмакратам там існаваць. Але любыя спробы выйсьці за гэтае гета вельмі жорстка караюцца”.

Цыганкоў: “Ці ня кажаце вы пра тое, што Казулін павінен стаць нейкай трэцяй сілай? Мары пра гэта жывуць ад 1990-х гадоў, але яны ніколі не ажыцьцяўляліся. Бо кожны, хто прэтэндаваў на статус трэцяй сілы, усё роўна ў выніку станавіўся на бок улады ці апазыцыі”.

Старыкевіч: “Я не кажу пра трэцюю сілу. Гэта можа быць другая сіла, калі жадаеце. Бо ў нас сёньня другой сілы няма. Апазыцыя, па сутнасьці, пераўтварылася ў дысыдэнцкі рух, які ня мае ўплыву на грамадзтва. Я кажу не пра тое, што трэба ісьці нейкім новым шляхам. Калі ласка, няхай сабе і ад апазыцыі, але выходзіць за тыя межы, у якіх яна сёньня існуе. Пашыраць поле сваёй падтрымкі, у гэтым палягае галоўная задача”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Лявон Горад:: Гомель
21.08.2008 10:09

Тым не менш, Казулiн быу i застаецца адзiным яскравым прадстаунiком апазiцыi, якi не аднойчы дэманстравау сапраудныя бясстрашныя паводзiны на мяжы скандалу. Гэткiя паводзiны сёння зауважаюцца усiмi гульцамi на палiтычным полi i найперш электаратам. Таму для паскарэння развiцця палiтычнай сiтуацыi ягонае знаходжанне на волi вельмi важна.


Імя:: Серж Горад:: Мінск
21.08.2008 10:21

Я бачу Беларусь як парламентскую рэспубліку без паста прэзідэнта. Спадар Казулін можа стаць добрым міністрам унутранных спраў, Мілінкевіч - міністрам знешніх адносін. А краінай правіць павінен абраны народам парламент.


Імя:: Mikola Горад:: Rodam z BSSR
21.08.2008 18:50

Прабачце паважаныя палітолягі і журналісты, але мы белаэмігранты бачым пэрспэктыву пана Казуліна зуўсім іначай.
На лідэра нацыі ён зуўсім не мае асабістых парамэтраў. Не валодае беларускай мовай, па характару вялікі гістэрык і моцна нестрыманы, ён нават быў не ў стане сыйсьці на час з старшынь партыі і яго выкінулі - з такім розумам
краінай ці МУС не пакіруеш(адзін такі ў вас цяпер кіруе і яго не пускаюць на парог у цывілізаваным Сьвеце). Пэрспэктыў ніякіх на падставе аднаго матыва помсты
былому гаспадару і неадэкватных паводзін
нават на старшыню маленькай партыі.
Беларусы маюць адзін лігітымны спосаб перайсці ў сістэму дэмакратычных каштоўнасьцей Захаду. Пачніце масава прыймаці грамадзянства БНР і браці пашпарты БНР, а тады да вас прыедзе прэзыдэнтка БНР і праз 2-3 ракі будзеце мець магчымасьць выбраці дэмакратычную уладу Беларусі і прэзыдэнта без такіх махлярстваў як цяпер,
Вашы прапановы па Казуліну не маюць ніякай пэрспэктывы і будзеце яшчэ мучыцца аж з цэсарэвічам Міколкай, пасьля старэйшых сынкоў. а цяперашнія гульні ЭЗ у РБ, як былі памылковыя і безвыніковыя так і застаюцца неадэкватныя ў буфернай зоне Эўропы(прыкладна як мадэрн пакта Молатава-Рыббентропа). Захаду патрэбен нейкі час, каб выпрацаваць стратэгію
адкіданьня палітыкі расейскіх чэкістаў
-алігархаў і іх сатэлітаў сярод якіх РБ пакуль адна на белым буслу лётае і клякоча падтрымку агрэсіям і марадзёрству.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb
ПАМЕР ШРЫФТУ