Праграмы / Вольная студыя

“Славянскі базар” з прыстаўкай “псэўда”

20.07.2008 18:32

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 20 ліпеня

“Славянскі базар” з парадкавым нумарам 18, які праходзіў у Віцебску з 11 па 18 ліпеня, быў абвешчаны рэкордным у многіх адносінах. І колькасьць удзельнікаў-артыстаў пераваліла за 3000, і колькасьць прадстаўленых краінаў перасягнула за тры дзясяткі, і нават марозіва на фэстывалі зьелі рэкордную колькасьць – больш за 30 тонаў. Падобная статыстыка, зразумела, не адлюстроўвае мастацкай значнасьці фэстывалю, пра якую мы гутарым з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком.

“На ранейшых фэстывалях маскоўскія “зоркі” паводзілі сябе інтэлігентна, адчувалі, што яны ў гасьцях”

Міхась Скобла: “Леанід, ты браў удзел у “Славянскім базары” яшчэ ў 1995 годзе, дый пазьней бываў на віцебскім фэстывалі. Параўнай тое, што адбывалася раней, з тым, што дзеецца цяпер на гэтым галоўным, як прынята лічыць, песенным фэстывалі Беларусі”.

Леанід Дранько-Майсюк: “Першыя фэстывалі ў Віцебску былі больш творчыя, больш беларускія, больш паэтычныя. Са сцэны гучала сапраўдная паэзія, чытаў свае цудоўныя вершы Ўладзімер Някляеў, беларуская мова была гаспадыняй. У рамках фэстывалю тады выступалі з паказам сваіх фільмаў кінарэжысэры, мастакі ладзілі выставы, ноччу давалі канцэрты джазавыя музыканты. І што цікава: маскоўскія “зоркі” паводзілі сябе інтэлігентна, адчувалі, што яны ў гасьцях. Так было ў 1995 годзе. А недзе з 2001 году, па маіх назіраньнях, надышла пэўная стомленасьць, творчае паветра паволі пачало зьнікаць, таму фэстываль пачаў ператварацца ў базар, і гледачы зрабіліся больш пасіўнымі. А самае непрыемнае тое, што нашы выканаўцы амаль забыліся на родную песьню. Праўда, на сёлетнім фэстывалі выступіў “Палац”, і я з задавальненьнем паслухаў Алега Хаменку і яго цудоўных сяброў”.

“Вы шуміце, бярозы” – гэта клясыка, а з клясыкі нельга зьдзеквацца”

Скобла: “Сапраўды, сёлетні “Славянскі базар”, мабыць, ня толькі самы сьпякотны (33 адсоткі па Цэльсію), але й самы небеларускі. Сярод дзясяткаў і дзясяткаў песьняў на самых розных мовах, што гучалі са сцэны, толькі лічаныя – беларускамоўныя. Чаму беларускай песьні на гэтым фэсьце адводзіцца ўсё больш сымбалічная роля?”

Дранько-Майсюк: “Пры Шушкевічы па-беларуску сьпявалі ўсе – кажучы па-народнаму, і жук, і жаба, і мох, і балота. Мой кватэрны тэлефон у пачатку 90-х гадоў чырванеў ад напругі, на дзень было па 10 званкоў. Званілі сьпевакі, кампазытары, аранжыроўшчыкі, рэдактары музычных рэдакцый, кіраўнікі песенных фэстываляў, дырыжоры, нават мамы і таты будучых сьпевакоў і сьпявачак. Усім патрэбны былі беларускія тэксты, беларускія вершы. Тады на тэлебачаньні быў фэстываль “Песьню бярыце з сабою”, дзейнічала дзяржаўная праграма па прапагандзе беларускай песьні. Тады вельмі шмат у гэтым кірунку рабіла Беларускае радыё і Людміла Георгіеўна Палкоўнікава – выдатны музычны рэдактар. Шмат было выязных канцэртаў, на якіх гучалі толькі беларускія песьні. Сёньняшняя сытуацыя не патрабуе глыбокіх аналізаў. У нашай краіне прапагандуюцца расейская і ангельская мовы, таму на сцэне лічаныя беларускія песьні”.

Скобла: “Дый з тымі абыходзяцца ня вельмі пачціва. Ты бачыў, як гурт “Стэнакардыя” выканаў “Вы шуміце, бярозы”? Сьпявак крыўляўся ў камэру і паказваў язык, ды й самой песьні было не пазнаць. Няўжо выканаўца можа рабіць з чужым творам усё, што захоча?”

Дранько-Майсюк: “Гэты музычны твор Эдуарда Ханка на цудоўны верш Ніла Гілевіча – сапраўдны песенны шэдэўр, гэта любімая песьня народа. Гэта клясыка, яна гучыць паўсюль. Я чуў “Вы шуміце, бярозы” нават ва Ўладзівастоку, прычым, сьпявалі не беларусы, але – па-беларуску. Паўтаруся, гэта клясыка, а з клясыкі нельга зьдзекавацца. І сапраўдныя майстры, як, напрыклад, Анатоль Ярмоленка, зь вялікім шанаваньнем ставяцца да гэтага твору, а вось той выканаўца, якога я ня ведаю, але пра якога ў нас зайшла гаворка, мусіць кепска выхаваны. У яго адсутнічае густ – і музычны, і паэтычны. Гэтым усё й тлумачыцца”.

Скобла: “Раней на “Славянскім базары” выступалі беларускія паэты. Сёлета ў амплюа вершатворцы на сцэну нечакана выйшаў старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў, драматург Аляксей Дудараў. І глядзеўся ён там ня горш за “базарнага” заўсёдніка Мікалая Дабранравава…”

Дранько-Майсюк: “Мяне вельмі ўсьцешыла, што на сцэну “Славянскага базару” выйшаў беларускі пісьменьнік. Скажу шчыра – я парадаваўся за Аляксея Дударава, за ягонае выступленьне. У зьвязку з гэтым я хачу сказаць вось пра што. У нас ёсьць “паэты”, іх на ўвесь сьвет абвяшчаюць “паэтамі Свабоды”, а яны ня ўмеюць рыфмаваць. У адрозьненьне ад такіх “паэтаў” Аляксей Дудараў рыфмаваць умее, ён валодае ня толькі драматургічным мастацтвам, але й мастацтвам вэрсыфікацыі. Адну са сваіх п’есаў ён завяршыў вершам і сказаў, што гэта верш Някляева. Але верш гэты быў яго, Дударава. І п’еса ёсьць у нашага славутага драматурга цалкам вершаваная. І ёсьць таксама цудоўныя, складныя, ёмістыя эпіграмы. Ня горшыя, дарэчы, чым у Рыгора Барадуліна. Так што для мяне нічога незвычайнага няма ў тым, што на “Славянскім базары” Аляксей Дудараў выступіў як паэт”.

“Беларусь да Расеі павернутая не вачыма ці плячыма, а так, як Бог паставіў”

Скобла: “Цікавую песьню пачула краіна ў дзень фэстывальнага гэтак званага яднаньня народаў Беларусі й Расеі. У выкананьні Анатоля Ярмоленкі й “Сяброў” прагучала літаральна наступнае: “Россия – рядом, Литва – направо, а Украина – слева за рекой. Соседка Польша – по курсу прямо, а мы тут в центре, и до нас подать рукой”. Адразу напрошваецца пытаньне – якой часткай цела Беларусь павернутая да брацкай Расеі й куды яна рухаецца? Песьня, на першы погляд, гучыць парадыйна, але потым падумалася: а раптам гэта палітычная заява, выказаная ў гэткай арыгінальнай форме?”

Дранько-Майсюк: “Тэкст працытаванай табою песьні нагадвае геаграфічны эцюд. Увогуле ж, “Славянскі базар” – бясспрэчна, зьява палітычная. На ім заўжды прысутнічаюць вядомыя палітыкі. І гэта невыпадкова. Памятаю, як некалькі гадоў таму ў сваім выступленьні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін зрабіў акцэнт адносна таго, што Віцебск – гэта беларускі горад. Чуць такое было вельмі прыемна. Хацелася б, каб гэты фэстываль з нашага беларускага боку быў не інтэрнацыянальна-славянскім, а беларуска-славянскім. У гэтым была б самая лепшая палітыка. Адносна таго, як стаіць Беларусь да Расеі – вачыма ці плячыма… Мяркую, што не вачыма і не плячыма, а так, як Бог паставіў”.

Скобла: “Цяпер назіраецца мода на старыя песьні. Алесь Камоцкі нават выпусьціў цэлы альбом “Песьні з бацькоўскай кружэлкі”: там расейскія песьні, перакладзеныя ім на беларускую мову. А на маё зьдзіўленае пытаньне, дзе ж беларускія старыя шлягеры, адказаў, што ў падкорцы ягонай – толькі расейскія. А ты ведаеш нашы песьні, вартыя вяртаньня ў эфір і на сцэну?”

Дранько-Майсюк: “Я ведаю шмат такіх песьняў, мяне, шчыра прызнаюся, зьдзівіла выказваньне паважанага Алеся Камоцкага. Зрэшты, гэта так па-нашаму, гэта так па-беларуску – ня ведаць сваё, а то й наогул прытаптаць сваё. Аднойчы калега Камоцкага ў газэце “Наша ніва” выказаўся яшчэ хітрэй – маўляў, беларускія пісьменьнікі пішуць не па-людзку. Не ўяўляю, каб армянскі артыст так сказаў пра армянскіх пісьменьнікаў, а эстонскі – пра эстонскіх. Дарэчы, шлягер – гэта ня толькі папулярная песьня, гэта панятак больш шырокі. Шлягер – гэта яшчэ й проста модны музычны твор, скажам, інструмэнтальная п’еса. Такіх твораў у нас дастаткова. Успомнім песьні Ісака Любана на словы Адама Русака: “Бывайце здаровы”, “Не глядзі на другіх”, “Толькі з табою”, “Не шукай”. Успомнім інструмэнтальныя п’есы Яўгена Глебава, напрыклад, славутае адажыо з балету “Маленькі прынц”. А песьні Ігара Лучанка, вядомыя кожнаму, як і песьні Эдуарда Ханка! Іх проста немагчыма пералічыць. А песьні Зьмітра Вайцюшкевіча, дарэчы, на словы таго ж Камоцкага, – хіба яны не беларускія шлягеры?! Хіба яны ня вартыя ўвагі?”

“Я – за разумную цэнзуру, таму што ў нашым эфіры пануе анархія, гучыць тое, што абражае душу, пануе ня музыка, а псэўдамузыка, не паэзія, а псэўдапаэзія”

Скобла: “Леанід, калі я слухаю сучасныя песьні, у тым ліку й тыя, што гучаць на “Славянскім базары”, мне часам робіцца непамысна. Як пазбавіцца ад той безгустоўшчыны й графаманіі, якая запаланіла песенны эфір?”

Дранько-Майсюк: “Я – за разумную цэнзуру. Я – за тое, каб на тэлебачаньні й радыё, на тым жа “Славянскім базары” існавалі мастацкія рады. На нашай эстрадзе, у эфіры пануе анархія, гучыць тое, што не павінна гучаць, што абражае душу. Пануе ня музыка, а псэўдамузыка, не паэзія, а псэўдапаэзія. Часам нашы выканаўцы паводзяць сябе так, нібыта яны не грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а работнікі якой-небудзь “Рязанской областной филармонии”. Я ўпэўнены, што сёньняшняя папсовая антыкультура разбэшчвае дзяцей. Ну добра, вывелі вы 14-гадовую дзяўчынку на сцэну, навучылі яе скакаць, аднак жа ня трэба дзіця па-панэльнаму агаляць і фарбаваць яму вусны і вочы…”

“Нашы сьпевакі, якія пяюць па-расейску, сьвядома ставяць сябе ў дзясяты рад суседняй культуры; я ўжо не кажу, дзе яны апынаюцца, калі пачынаюць сьпяваць па-ангельску…”

Скобла: “У сувязі з тым, што эфірная прастора беларускай песьні звужаецца, кампазытары часта замаўляюць паэтам расейскамоўныя тэксты. Ці не спрабаваў ты пісаць песьні па-расейску?”

Дранько-Майсюк: “Я заўсёды адмаўляўся ад прапановы пісаць для нашых сьпевакоў па-расейску. А прапановы такія былі, і даволі зманлівыя, грашовыя, а то і наогул фінансава-пэрспэктыўныя. Лічу для сябе гэта непрымальным – пісаць не па-беларуску. Нашы сьпевакі, якія пяюць па-расейску, сьвядома ставяць сябе нават не ў другі і ня ў трэці, а ў дзясяты рад суседняй культуры. Я ўжо не кажу, дзе яны апынаюцца, калі пачынаюць сьпяваць па-ангельску. Ну, калі хочуць там быць, то й няхай… Мы цікавыя сьвету толькі беларускай песьняй, толькі беларускай мовай! Вядома, разумнаму сьвету, а не папсоваму”.

“Пра ганарары аўтараў лепей маўчаць, бо яны незаўважныя, як радасьць у старасьці”

Скобла: “Песенная творчасьць, як і любая творчасьць, павінна адпаведна ацэньвацца. Вось і днямі мы даведаліся, што ордэнам Скарыны быў узнагароджаны кіраўнік расейскага казацкага хору, а кампазытар Аляксандра Пахмутава атрымала прэмію гэтак званай саюзнай дзяржавы, і нават была названая сума – 112 тысячаў даляраў. А ці мае сёньня нейкае фіксаванае матэрыяльнае ўзнагароджаньне аўтар песьні? Ці тут ужо як хто з кім дамовіцца?”

Дранько-Майсюк: “Я вельмі рады за кіраўніка Кубанскага казацкага хору і за Аляксандру Мікалаеўну Пахмутаву. Думаю, што такія вялікія грошы не пашкодзілі б і беларускім творцам. Пра нашы ганарары лепей маўчаць, бо яны незаўважныя, як радасьць у старасьці. Хоць нейкая ганарарная палітыка ў нашай краіне ёсьць, магчыма, яна не зусім прадуманая з пункту погляду аўтараў – паэтаў і кампазытараў. Ведаю, што яны не заўсёды задаволеныя тымі ганарарамі, якія атрымліваюць. Але я аптыміст, я веру ў шчасьлівую будучыню беларускай песьні. У свой час Пятро Глебка прыходзіў да высновы, што песьня – гэта асноўны беларускі жанр, таксама як асноўны расейскі жанр – быліна, а асноўны ўкраінскі жанр – дума. І таму беларуская песьня на беларускай зямлі будзе жыць!”

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Стары
21.07.2008 08:07

...сапраўдныя майстры, як, напрыклад, Анатоль Ярмоленка, зь вялікім шанаваньнем ставяцца да гэтага твору...

Як мне вядома, сам Ніл Сымонавіч найлепшым выканаўцам песьні “Вы шуміце, бярозы” лічыць Данчыка. Наагул, гэтую песьню некалькі гадоў нельга было пачуць на беларускім радыё ці БТ. Прычына - ня надта вялікая павага аўтара да сёняшняе ўлады.
Цікава, што сёлета на базары І. Кабзон расказаў у прысутнасьці Лукашэнкі, як ён зь ім некалі разам сьпяваў гэтую песьню. Дарэчы, выкананьне "Нёмана" Н.Сакалоўскага І. Кабзонам лічу да гэтае пары найлепшым сярод традыцыйных выкананьняў.

А Вам, спадар Леанід, неадменны рэшпект!


Імя:: Кацярына Горад:: Смаленск
21.07.2008 09:08

Вельмi хацелася б даведацься, хто ёсць аутарам тэксту "Россия рядом..." i г.д.
Гэдак "падставiць" Ярмолу!!
Па расейскай прымаукi - "поделом вору и мука!"
Гэта яму за "Слухай бацьку!" !!!!!!!


Імя:: Зьміцер.
21.07.2008 12:48

Вялікі дзякуй Леаніду Дранько-Майсюк за яго адданасьць Беларускасьці й Беларускай мове.
Не ўсё і не ўсе у гэтым жыцьці прадаюцца.
Штатная апазыцыя павінна браць прыклад з таленавітых непрадажных Беларусаў.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb