Праграмы / Беларускае замежжа

Нядзельная школка ў Нью-Ёрку: рэальная і віртуальная

15.06.2008 13:39
Тацяна Поклад

Ці праўда, што беларуская нядзельная школа за мяжой ужо не цікавая сучасным дзецям і іх бацькам?


А як наконт віртуальнай нядзельнай школкі – дарэчы, першай у гісторыі беларускага замежжа? І, пакуль яна ствараецца маладымі амэрыканскімі беларусамі, новае жыцьцё ўжо пачала нядзельная школка ў Нью-Ёрку для беларусаў розных канфэсіяў.

Пра сучасную нядзельную беларускую школу – віртуальную і рэальную – у перадачы распавядаюць дзеці і іх бацькі.

Пяцігадовая Паўлінка Падлеская жыве ў Нью-Ёрку. У Амэрыцы яна нарадзілася. Яе бацькі – беларусы, і беларускіх песенак і вершыкаў Паўлінка ведае столькі, што хапіла б не на адну перадачу. Паўлінка расказвае беларускія вершы пра вясковыя хатнія каўбаскі, пра разумнага Антосіка, пра цяцерку, якая ў вазёрным люстэрку пабачыла сястрыцу...

У свае пяць гадоў Паўлінка сапраўды шмат што ўмее – яна ўжо пачала вучыцца, і яна чытае і па-ангельску, і па-беларуску.

“Мне падабаецца”

“Я сама ўмею чытаць. У нас ёсьць шмат кніжак, і мы ў бібліятэцы шмат ўзяўшы. Мяне мама вучыла літарам, калі я была маленькая. Пасьля я пачала складаць словы па маленькіх складах, пасьля – па вялікіх, так і навучылася”, – распавядае Паўлінка.

Паўлінка мае малодшага браціка Данілу – яму 2 гады з паловай, ён таксама сьпявае і ведае беларускія вершы. Разам з іншымі дзеткамі зь Нью-Ёрку Паўлінка і Даніла наведваюць беларускую нядзельную школку ў Брукліне.

“Мне падабаецца, што там мы малюем, упрыгожваем, наклееваем. Я на Дзень Мамы намалявала кветачку і сабачку, прыязджайце паглядзець, як прыгожа!”

Паўлінка і Даніла ў нядзельную школку езьдзяць, вядома, не адны – іх прывозяць бацькі. І ня толькі прывозяць. Галіна і Андрусь Падлескія самі шмат робяць для таго, каб дзеці і бацькі мелі такую нядзельную школку, якая падабалася б ім самім і іх дзецям.

Яны пачалі ствараць віртуальную беларускую нядзельную школку. Сайт “Дзяцінства” зь беларускімі песнямі і дыяфільмамі, якім займаецца найбольш Андрусь, ужо існуе. А рэальная беларуская нядзельная школа, якой найбольш апякуецца Галіна, пачала свае заняткі ў Нью-Ёрку, у Брукліне, ад 2 сакавіка сёлета.

“Гэтая ідэя ўжо круцілася цягам гадоў у паветры. Цягам пяці гадоў, то ўжо дакладна, – кажа Галіна, якая выкладае цяпер ў гэтай школцы. – Усе гаварылі пра тое, што патрэбная школка, што ёсьць шмат маладых беларусаў, маладыя сем'і зь дзецьмі. Пра гэта гаварылі-гаварылі, усе казалі пра тое, што трэба пачаць – і ніяк не пачыналі. Вось, урэшце рэштаў, сабраліся”.

Пачалі самі бацькі

Так што школка ствараецца тымі, хто адчувае ў ёй патрэбу. І выкладаюць самі бацькі.

Галіна распавяла, што цяпер далучаецца яшчэ адна маладая мама з двума дзеткамі, Ганна Сурмач, яна будзе выкладауь скокі – танцы. Усё іншае выкладае Галіна Падлеская. Даводзіцца, вядома, рыхтавацца да заняткаў – каб было цікава ўсім, а прыходзяць дзеткі рознага узросту, пачынаючы ад двух гадоў:

“Падрыхтоўка займае даволі шмат часу. Хочацца зрабіць для дзяцей і размалёўкі, падрыхтаваць розныя вырабы, якія можна рабіць разам, пашукаць сьпевы, і сам урок прадумаць: што расказваць, малюнкі якія паказаць. Добра, што ў Амэрыцы бібліятэкі выдатныя: вялікі выбар кніг, і на кожны занятак, па кожнай тэме біблійнай, можна знайсьці кніжку з прыгожымі малюнкамі. Прадумваю пытаньні, шукаю гульні”.

Дзе і як шукаюцца беларускамоўныя матэр'ялы?

“Карыстаюся англамоўнымі матэр'яламі, якія ёсьць, – кажа Галіна. – Калі я паказваю малюнкі з ангельскай кніжкі, я папросту ўсё расказваю па-беларуску. Ад таго часу, як у нас нарадзілася Паўлінка, я навучылася вельмі добра і хутка ўсё паралельна перакладаць.

Ідзеш у бібліятэку, набіраеш прыгожых кніжак з малюнкамі і паралельна ёй усё па-беларуску расказваеш. Так што для мяне гэта ня вельмі вялікая праблема. Мульцікаў, гульняў кампутарных, вядома, не стае, – але гэтым жа ў школе не займаемся”.

Не хапае дзіцячых песенек

“Вось што мяне вельмі хвалюе, так гэта праблема сьпеваў дзіцячых па-беларуску – сапраўды іх не хапае, – кажа Галіна. – Я спрабую песенькі зараз шукаць усюды, але я знайшла можа адзін-два дзесяткі, і толькі. Я не вядаю, дзе іх шукаць. Здаецца, на Радыё Рацыя існуе неблагая дзіцячая праграма, недзе на паўгадзіны, і там часам у іх таксама гучаць сьпевы – беластоцкія дзеткі вельмі добра сьпяваюць. Можа, яны маглі б падзяліцца нотамі, тэкстамі, – ці знайсьці тых, хто мог бы дапамагчы. Я спрабую зараз зь імі праз электронную пошту скантактавацца, можа, мне адкажуць”.

Грашовыя праблемы не істотныя

Ці паўстаюць фінансавыя праблемы ў працы школкі? Я папрасіла Галіну падзяліцца сакрэтам, як вырашаюцца фінансавыя праблемы – але высьветлілася, што іх папросту няма.

“Вы ведаеце, увогуле нешта іх і няма, гэтых фінансавых праблемаў, – кажа Галіна. – Царква (Сабор Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, у Брукліне) з нас за памяшканьне нічога ня бярэ, гэтая школка пры царкве. Што яшчэ? Алоўкі там, крэйды, кніжкі... Ну, кніжкі ў мяне беларускія ёсьць свае, я прыношу, каб пачытаць казкі, напрыклад. Што-нішто можна ўзяць у бібліятэцы.

Калі і бываюць нейкія выдаткі, то ня вельмі вялікія – колькі там папера ды алоўкі каштуюць... Прычым, некаторыя беларусы з тых ранейшых хваляў эміграцыі таксама заўсёды прапаноўваюць дапамагчы, так што фінансавых праблемаў у нас абсалютна ніякіх няма.

Людзі вельмі самаахвярныя. Самае галоўнае, што патрэбна для нядзельнай школкі – гэта знайсьці пару сем'яў самадданых, каторыя гэтым займаюцца, а астатнія праблемы не такія і складаныя, іх можна вырашыць”.

Галіна не згадала пра тое, што, сапраўды, напэўна, і так выглядае цалкам натуральна, – дабрачынную працу. Выкладчыкі за сваю працу заробкаў, вядома, не атрымліваюць, і ня дзеля заробкаў гэтым займаюцца. Людзі папросту робяць тое, што ім цікава, тое, што патрэбна ім самім і іх дзецям.

“Вядома, мне вельмі падабаецца гэтым займацца...Так, гэта ахвярнасьць, але мне сапраўды падабаецца тое, што я раблю, – сьмяецца Галіна. Яна вырашыла не працаваць, каб быць разам са сваімі дзецьмі, пакуль яны падрастуць. – Спачатку ў нас была няня, але я адчула, што губляю нешта надзвычай важнае, калі я чула, што нехта іншы распавядае пра тое, што ўпершыню сказала ці зрабіла мая маленькая дачка”.

Нядзельная школка – гэта сучасна

Вядома, беларускай мове можна навучыць і ў сям'і, але на занятках дзеці вучацца, гуляюць, размаўляюць разам з іншымі беларускамоўнымі сябрамі, і ў гэтым – вялікая каштоўнасьць школкі.

Камунікацыі, асяродзьдзе, супольныя справы і заняткі – гэта неабходны складнік сучаснага выхаваньня дзяцей, і навучаньне роднай мове і культуры толькі ў сям'і ня можа замяніць цалкам тое, што даюць дзецям сустрэчы зь сябрамі-аднагодкамі.

Нядзельная школка дае магчымасьць засвоіць з самага раньняга ўзросту: беларуская мова – ня толькі хатняя і кніжная мова, але і мова, на якой можна размаўляць з самымі рознымі людзьмі з шырокага сьвету.

“Заняткі ўключаюць гісторыю зь дзіцячай Бібліі, сьпевы, маляваньне, выцінанку альбо які іншы мастацкі выраб”, – гаворыцца ў артыкуле пра школку ў газэце “Беларус”.

На першым занятку было 8 дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Першая тэма – стварэньне сьвету. Дзеці сьпявалі, слухалі адпаведную гісторыю з дзіцячай Бібліі, малявалі, паглядзелі і паслухалі пару цікавых кніжак з малюнкамі і разам зрабілі з паперы і аднаразовых талерак сапраўдны мастацкі твор – краба-скрыпача.

Цяпер дадаюцца і танцы, і мультфільмы-дыяфільмы, а заняткі адбываюцца двойчы на месяц па нядзелях, падчас набажэнства, з 10 да 12 гадзінаў. Бацькі могуць падчас заняткаў пайсьці на набажэнства, калі жадаюць, але школка стваралася ня толькі дзеля гэтага. Яшчэ адна рыса сучаснай беларускай нядзельнай школы – яна адкрытая для дзяцей з сем'яў розных хрысьціянскіх канфэсыяў.

Яна – праваслаўная, ён – каталік

Нядзельную школу ў залі беларускага праваслаўнага сабору наведваюць дзеткі і са зьмяшаных руска-беларускіх сем'яў, і зь сем'яў, дзе бацькі належаць да розных канфэсіяў, – як да прыкладу зь сям'і Алены і Пётры Рыжых. Яны маюць двое дзяцей – трохгадовага Янку і Алеську, якой паўтары году. У гэтую нядзелю, калі былі чарговыя заняткі ў школцы, я пагаварыла зь іх мамай – Аленай. Яна – праваслаўная, яе муж Пётра – каталік.

Пытаюся, ці ня было праблемай тое, што нядзельная школа – у праваслаўным саборы?

“Не, гэта не праблема зусім, мы нават пра гэта і ня гаварылі, – кажа Алена. – Ідэя была – хадзіць у школку, вучыць дзяцей, каб яны сустракаліся з іншымі дзеткамі-беларусамі.

У школе мы трохі вывучаем Біблію, трохі альфабэт, песьні розныя. Мы нават не тлумачым дзеткам, да якой яны належаць канфэсіі. Мы вывучаем Біблію. Мы ж усе – хрысьціяне. У нас ніколі і гаворкі пра гэта ня было, – так выйшла і ўсё. Каб была такая школка ў каталіцкай царкве, мы б туды пайшлі. Ня мае ніякай розьніцы для нас. У сям'і мы шануем рэлігію адно аднаго, і нашыя дзеткі належаць да хрысьціянаў – як і мы.

Нашыя дзеці пачынаюць размаўляць на 5 мовах – яны ведаюць польскую і расейскую, ангельскую, а таксама гішпанскую – ад няні, але з намі яны звычайна гавораць па-беларуску. Вельмі важна, што ў школцы яны сустракаюцца зь іншымі беларускамоўнымі дзеткамі.

У такой школцы даўно ўжо было патрэба, а для нас гэта проста цудоўна, што яна адкрылася. Дзеткі маленькія, ім там цікава, і мы вельмі ўдзячныя за гэтую школку”.

“Тут нас канфэсіі не падзяляюць, – кажа Галіна Падлеская. – Далікатныя моманты што да розных канфэсыяў і не закранаюцца на занятках з маленькімі дзеткамі – і патрэбы такой няма. Мы вывучаем біблійныя гісторыі, Біблія для ўсіх адна. Сьпяваем песьні, гімны. Дарэчы, у Амэрыцы ў розных цэрквах можна пачуць адныя і тыя ж гімны, і ў пратэстанцкіх, і ў каталіцкіх храмах... Сьпевы, гімны – унівэрсальныя для ўсіх хрысьціянаў”.

“Чытай Біблію, маліся штодня,
Чытай Біблію, маліся штодня,
Чытай Біблію, маліся штодня,
І расьці, сталей!”, – сьпявае Паўлінка.

Дзеці ў школцы сьпяваюць ня толькі хрысьціянскія, але й самыя розныя дзіцячыя песенкі – і пра аўтобус, колы якага круцяцца, і ў якім столькі ўсяго адбываецца, і пра сьвет, які “ўрэшце рэшт такі малы”... Тэксты і мэлёдыі гэтых песенак ёсьць на сайце, на якім неўзабаве зьявіцца віртуальная школа.

Дзіцячы сайт

“Зараз мы абмяркоўваем ідэю пасьля кожных заняткаў разьмяшчаць тэксты ўрокаў з малюнкамі, пытаньнямі, тэкстамі сьпеваў і музыкай на сеціве, – кажа Галіна Падлеская. – Наколькі мы ведаем, у інтэрнэце яшчэ не існуе такой беларускай нядзельнай школкі, ды і ў самой Беларусі ня так шмат беларускамоўных нядзельных школак. Лічым, што ў цяперашніх умовах гэта будзе вельмі актуальна і карысна. Гэта дапаможа беларускамоўным бацькам у выхаваньні сваіх дзетак па ўсім сьвеце”.

Беларуская нядзельная школа працуе ў рэальнай прасторы. Разам з тым Галіна і Андрусь Падлескія займаюцца інтэрнэт-сайтам з дыяфільмамі, мультфільмамі і песьнямі для малых па-беларуску.“ Дзяцінства: сеціўная мясьціна для дзетак-беларусаў”  -- гэты сайт і распачынае праект першай віртуальнай беларускай нядзельнай школкі. Галіна падала ідэю і робіць пераклады, але, як яна кажа, Андрусь займаецца гэтым найбольш.

“Ведаеце, нам даводзіцца ствараць зараз віртуальную Беларусь, фактычна, – кажа Андрусь Падлескі, які вымушаны быў пакінуць радзіму, ратуючыся ад палітычнага перасьледу. – Бо тая Беларусь, якая цяпер існуе, пры тым антыбеларускім і прамаскоўскім рэжыме ў самой Рэспубліцы Беларусь – гэта не тая Беларусь, якую мы бачым у сваіх марах.

Так што, калі там нічога не атрымліваецца пакуль што, будзе іншая Беларусь – віртуальная. Яна ўжо існуе і, думаю, яна будзе толькі ўзмацняцца на гэтай непадуладнай таму рэжыму тэрыторыі”.

“Бачу плён”

І на гэтай непадуладнай рэжыму тэрыторыі Андрусь працуе для сваіх і іншых беларускіх дзяцей. Апрача таго, Андрусь мае і вучыцца, і працаваць, – ён адзіны ў сям'і працуе. Цікава, як знаходзіцца час для дабрачыннай працы ў сеціве?

“Спраўляюся неяк... Калі мэта ёсьць у жыцьці, можна даць рады. Ёсьць такая высакародная ідэя, і калі ёй жывеш, то час на гэта заўсёды знойдзецца. Хочацца гэта рабіць. Бачу плён і для сваіх дзяцей. Пачалося ж гэта як праца для сваіх дзяцей, для Паўлінкі і Данілкі. Шмат матэрыялаў назапасілася, захацелася даць магчымасьць і іншым бацькам гэтым пакарыстацца.

Час – не праблема. Вядома, хацелася б крыху больш часу мець – каб было больш часу, то хутчэй бы рабіліся і аднаўленьні. Пляны вялікія. Ужо ў нас на сайце больш за 20 дыяфільмаў ёсьць, і недзе тры новых яшчэ ў распрацоўцы. І пляны, прынамсі, на дзясятак наперад яшчэ ёсьць. Так што, будзем працаваць”.

Дапамога

Так, можа быць, варта зьвярнуцца з заклікам пра дапамогу?

“Ня думаю, што нам нейкая асаблівая дапамога патрэбная. Кожны дзень па гадзінцы пасядзіш, і новы матэр'ял за тыдзень атрымліваецца. Так што неблагое аднаўленьне ідзе. Толькі хацеў бы выказаць падзяку за тую дапамогу, якую мы ўжо атрымалі, вельмі значную, – вялікі дзякуй “Беларускаму моладзеваму руху Амэрыкі”, асабіста спадару Алесю Вінакураву, – за рэгістрацыю нашай вэб-адрэсы, і таксама хостынг бясплатны нам даюць. Так што, мы тут маем людзей, каторыя нам дапамагаюць.

А наконт матэрыялаў – нешта мы самі робім, а калі хто мае ідэі, прапановы, матэрыялы, мы вельмі адкрытыя да супрацоўніцтва, будзем рады усім, хто напіша ці патэлефануе нам”.

На сайце будуць выкладацца пасьля кожных заняткаў тэксты ўрокаў з малюнкамі, пытаньнямі, песьнямі. Таму Галіна яшчэ нагадала – просьба адгукнуцца тым, хто можа дапамагчы ў пошуках беларускіх дзіцячых песенак, – і ёсьць прозьба і да беларускіх мастакоў:

“Ведаеце, так добра было б, каб мастакі знайшліся, якія маюць ахвоту малюнкі зрабіць для заняткаў. Бо без малюнкаў такія урокі зрабіць і выставіць – нескладана, але ж без малюнкаў дзецям не цікава!

Пачынаеш шукаць малюнкі – усё ў інтэрнэце абаронена аўтарскімі правамі. Тое, што абаронена аўтарскімі правамі, ня хочацца чапаць, не прыгожа ж так рабіць.

Будзем вельмі рады, калі хто зацікавіцца і вырашыць дапамгчы малюнкамі!

А для школы – найлепшая дапамога – гэта паведаміць усім сваім знаёмым, якія жывуць у Нью-Ёрку, ці ў Нью-Джэрзі, ці ў Канэктыкуце, каму гэта можа быць цікава, каб яны прыяжджалі і прывозілі сваіх дзяцей. Будзем усім рады!”

Заняткі беларускай нядзельнай школы адбываюцца ў царкоўна-грамадзкай залі катэдральнага сабору сьв. Кірылы Тураўскага (401 Atlantic Avenue, Brooklyn, NY 11217) двойчы ў месяц, больш падрабязная інфармацыя і расклад, а Галіне і Андрусю Падлескім можна напісаць на адрас galinapodles@hotmail.com. Пісаць аўтару перадачы можна на адрас pokladt @ yahoo.co.uk.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: Уладзімер Русаковіч Горад:: Буйнічы
15.06.2008 20:38

Вось чым розьніцца сапраўдная Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ад падначаленага аддзелу маскоўскага патрыярхату ў Беларусі.


Імя:: православный Горад:: N.Y.
16.06.2008 01:00

чему может учить НЕПРАВОСЛАВНАЯ по вероисповеданию учительница в "православном" соборе?


Імя:: Lok Горад:: Нью-Ёрк
16.06.2008 02:25

Людзі, людзі, як вы далёкія ад рэальнасьці. Але ж трэба зь нечага рабіць навіны свабодаўцам.
Хачу зьвярнуць увагу, што сп. Вінакураў у Нью-Ёрку кіруе так званым Беларускім Маладзёвым Рухам, а не Згуртаваньнем Беларускай Моладзі ў Амэрыцы. Так памыліцца - гэта як пераблытаць БАПЦ з аддзелу маскоўскага патрыярхату ў Беларусі, як напісаў сп. Русакевіч. Будзьце ўважлівей, калі ласка!
Дзейнасьць ЗБМА Радыё Свабода да гэтуль цалкам ігнаравала, піярачы Рух Вінакурава, а цяпер гэтаму выпускніку лукашэнкаўскай вайсковай вучэльні і цэлую арганізацыю падаравалі. Шчодры падарунак. Няйначай, як на Father's Day яго вырашылі абрадаваць. Ці гэта такія мары ў вас, каб ён у Нью-Ёрку стаў бацькам ўсіх грамадзкіх арганізацыяў і вам ў рэдакцыю слаў справаздачы пра сваю ахвярную дзейнасьць? Піярыцца ён любіць, толькі надта часта не адпавядае ягоная пахвальба рэчаіснасьці.
Гэта нават і не памылка, а, хучэй, дэзынфармацыя з вашага боку. То вы ігнаравалі сп. Пазьняка гадамі, а тут, як яго ачмурыў Вінакураў, раптам слухаеце ва ўсе вушы. Прасоўваючы па рэкамэндацыях адных,і па тых жа рэкамэндацыях замоўчваючы іншых, да еднасьці сваіх суродзічаў не прывядзеце. Сымпатыі мець не забаронена, але будзьце аб'ектыўнейшымі. Пашукайце інфармацыю і пра іншых, тым больш, што яны і самыя вам яе часта дасылаюць.


Імя:: Т.Поклад
16.06.2008 14:43

Дзякуй ўсім, хто адгукнуўся на перадачу, і за лісты з прапановамі дапамогі і за гэтыя камэнтары!

Сп. Уладзімеру Русакевічу: гэтая школка -- ініцыятыва саміх бацькоў, маладых беларусаў.

Праваслаўнаму: Паводле арагнізатараў школкі, запрашаюцца дзеці розных канфэсіяў, іх вучаць беларускай мове і асновам Бібліі, якая для ўсіх хрысьціянаў, як адзначае настаўніца, адна. А бацькі абіраюць тое, што падабаецца ім і іх дзецям.

Lok'у: Адносна назвы арганізацыі: памылка атрымалася з-за таго, што дакладна былі працытаваныя словы аднаго з удзельнікаў перадачы, які выказаў падзяку -- у тэксьце бачна, што гэта -- цытата (удзельнік перадачы памыліўся, я не заўважыла памылкі ў назве, аднак спасылка на сайт арганізацыі была дадзеная ад самага пачатку слушна). Што падзяка прагучала -- гэта права удзельніка перадачы, які не хавае ні свайго імя, ні сваіх каардынатаў. Калі вы хацелі б, каб прагучала вашае меркаваньне -- вы можаце таксама ўзяць удзел у перадачы, напішыце мне. А за памылку прашу прабачыць.

Пра абедзьве арганізацыі і ў нашых інфармацыйных праграмах, і у перадачах "Беларускае замежжа" згадвалася дакладна аднольковую колькасьць разоў, а калі абедзьве арганізацыі ладзяць акцыі да адной падзеі у адзін дзень, як напрыклад, дэманстрацыя да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы -- Свабода распавядае пра абедзьве.

Дастаткова набраць назвы арганізацыяў у пошуковіку на сайце Свабоды, і можна пабачыць усе матэр'ялы. І Свабода, і яе слухачы ведаюць, што ЗБМА робіць шмат цікавага -- напрыклад, скокам з парушатаў у часе акцыі у памяць Цімафея Вострыкава было прысьвечана нават некалькі матэр'ялаў Свабоды, у тым ліку і перадача "Беларускае замежжа". Карыстаючыся нагодай, дзякую сп. Мікалаю Цімашэнку і іншым актывістам ЗБМА, якія выступалі на Свабодзе, за дабразычлівасьць і арганізаванасьць у кантактах са СМІ. Дарэчы, са Згуртаваньня Беларускай моладзі Амэрыкі "Беларускае замежжа" пачынала гэты 2008 год -- быў вельмі цікавы расповяд актывістаў ЗБМА пра сьвяткаваньне Новага году і Калядаў :)

Камэнтары 1-4 (з 4)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks