Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкананы запавет Васіля Быкава


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 15 чэрвеня.


“Дажыць да зялёнай травы” – кнігу пад такой назвай Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін пісалі сорак тры гады. Складаецца яна зь сяброўскага ліставаньня двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960-м годзе й закончылася ў 2003-м. Пра эпісталярны зборнік, які днямі выходзіць у сьвет у адным зь менскіх выдавецтваў, мы гутарым з Рыгорам Барадуліным.

“Клееныя і пераклееныя канвэрты – тое не было для нас навіной”

Міхась Скобла: “Спадар Рыгор, падзагаловак кнігі “Дажыць да зялёнай травы” гучыць так – “Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін: дыялёг на працягу 43 гадоў”. Гэта значыць, першы ліст датуецца 1960 годам. А ці можаце прыгадаць сваю першую сустрэчу з Быкавым, першыя лісты ад яго?”

Рыгор Барадулін: “Мая першая сустрэча з Васілём Быкавым адбылася на пачатку 1960-х гадоў, як гэта ні дзіўна гучыць, мінулага стагодзьдзя. Па заданьні рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия”, дзе я займаў пасаду літсупрацоўніка ў аддзеле культуры, я паехаў у Горадню, дзе жыў і працаваў Васіль. Мы зь ім хутка паразумеліся, як людзі вушацкай зямлі. Тады ж у нас пачалася перапіска, перазвоньваньне па тэлефоне. І пісалі мы адзін аднаму, і званілі практычна да апошніх Васілёвых дзён”.

Скобла: “У адным зь лістоў да вас, зьмешчаных у кнізе “Дажыць да зялёнай травы”, Быкаў піша: “Атрымліваю твае клееныя-пераклееныя, чытаныя-перачытаныя лісты”. Ці было ў вас адчуваньне, што вашыя лісты чытае яшчэ нехта апрача адрасата?”

Барадулін: “Значыць, цікава было некаму пачытаць. Чым чалавек болей чытае, тым болей ведае... Часам Васіль лісты перадаваў празь некага, тыя ўжо былі нечапаныя”.

“Малюнкі Быкава дапаўняюць сьвет вялікага мастака, ён глядзеў на сьвет зь вясёлай усьмешкай”

Скобла: “Прыгадваецца мне адна незабыўная “Вольная студыя”. У 2000 годзе выйшла ў сьвет кніга “Лісты ў Хельсінкі” – вашыя вершы і малюнкі Быкава. Тады ў нашай размове ўдзельнічаў па тэлефоне і Васіль Уладзімеравіч, які на той час жыў у Нямеччыне. У новай кнізе таксама зьмешчаныя быкаўскія малюнкі. Дык можа, варта іх сабраць і выдаць асобным альбомам?”

Барадулін: “Калі я вучыўся ў школе, у нас кватаравала Марыя Быкава з Бычкоў. Не сваячка Васілёва, проста цёзка па прозьвішчы. Яна хвалілася, што ў школе яе партрэт пісаў Васіль Быкаў. У Васіля было вока мастака. Ён маляваў са школы. Рука яго міжволі рабіла накіды. Я пры нагодзе стараўся даць яму блякнот, каб ён намаляваў мне што-небудзь. Калі ён прысылаў мне лісты, паштоўкі, у іх былі малюнкі, пераважна вясёлыя. І ў мяне сабралася вельмі шмат ягоных малюнкаў. Безумоўна, іх трэба сабраць і выдаць. Яны дапоўняць сьвет вялікага мастака.

Мне нядаўна трапіў на вочы альбом малюнкаў Уладзімера Караткевіча, выдадзены Аршанскім літаратурным музэем. Караткевіч як бы запачаткаваў сэрыю выданьняў, якія ўмоўна можна назваць “Малюнкі пісьменьнікаў”. Караткевіч распачаў, а Быкаў хай бы прадоўжыў. Тым болей, Быкаў-мастак – вясёлы, гумарыстычны. Ён усё ж з прыхаваным скепсісам, зь вясёлай усьмешкай глядзеў на многія рэчы. Гэта – яшчэ адна грань быкаўскага таленту”.

“Я зьбіраўся наведаць Васіля ў Фінляндыі, але перашкодзілі хваробы”

Скобла: “У многіх лістах Васіля Быкава апошніх гадоў, калі ён быў вымушаны жыць на чужыне, – скаргі на адзіноту. “Жыву тут, як у ссылцы, адзін”, – піша ён вам зь Фінляндыі. І неаднойчы згадвае пра ваш магчымы прыезд да яго. Быкаў нават дамаўляўся пра гэта зь фінскімі ўладамі. Чаму ўсё ж гэтая паездка не ажыцьцявілася?”

Барадулін: “Я зьбіраўся наведаць Васіля. Але хваробы пачалі мяне наведваць часьцей, чымся ў маладыя гады вясёлыя госьці. А душой я быў там з Васілём заўсёды – калі званіў яму, калі пісаў. Васіль заўсёды быў у маёй душы. Ён і цяпер там застаецца”.

Скобла: “Вы неаднойчы пісалі пра Быкава. Ёсьць у вас і ўспаміны пра яго, і артыкулы, і эсэ, і вершы. А першы прысьвечаны яму верш вы напісалі яшчэ ў 1962-м. І называўся ён “Бусел”. Чаму верш пра бусла вы прысьвяцілі Быкаву?”

Барадулін: “Бусел у нашых мясьцінах лічыцца ледзь ня хатняй птушкай. Зь ім зьвязана шмат легендаў, песьняў, паданьняў, дзіцячых цьвялілак кшталту: “Буцян, буцян даўганосы прапіў боты, а сам босы”. Дарэчы, і сёньня каля Васілёвай хаты ў Бычках бусел мае гняздо, дасюль носіць навіны, робіць над Бычкамі кругі спакою. З бусламі зьвязана ўсё жыцьцё – і ў Васіля, і ў мяне. Бо Вушаччына – баравінна-азёрна-бусьліны край”.

“Быкаў прыдумаў адмыловае слова – віншаванка"

Скобла: “У кнізе “Дажыць да зялёнай травы” апрача лістоў і паэтычных пасланьняў зьмешчана шмат віншавальных паштовак. Прычым на некаторых зь іх, як тлумачыць складальнік кнігі Сяргей Шапран, рукой Быкава перапісаныя расейскамоўныя надпісы, напрыклад, “С Рождеством!” стала “З Калядамі!” А ўвогуле, зь якімі сьвятамі вы лістоўна віншавалі адзін аднаго?”

Барадулін: “Віншавалі мы адзін аднаго з Новым годам, з Калядамі, зь Вялікаднем. Васіль нават прыдумаў адмысловае слова – віншаванка. Дарэчы, у ліпені 1962 году Васіль першым павіншаваў мяне з дачкой, якая нарадзілася ў Горадні, дзе ён тады жыў. Ён і пабачыў яе першым, пакуль я з таго Менску прыехаў”.

“Дык вяслуй у век наступны, Васіль, двухвасільна, двухвясёльна, дзьвюхвясёлкава!”

Скобла: “Многія вашыя пасланьні да Васіля Быкава напісаныя ў форме вершаў, частка зь іх апублікаваная ў кнігах “Лісты ў Хельсінкі” (2000) і “Калі рукаюцца душы” (2003). У кнізе “Дажыць да зялёнай травы” таксама зьмешчана шмат паэтычных твораў. Але апрача вершаў сур’ёзных там безьліч жартоўных экспромтаў. Можа, прыгадаеце пару-тройку?”

Барадулін: “На адно з навагодзьдзяў дасылаў я Васілю гэткую віншаванку: “Пойдуць з часам партбрэхічы на ўтыль, Застанецца слова Быкаўскае колкае. Дык вяслуй у век наступны, Васіль, двухвасільна, двухвясёльна, дзьвюхвясёлкава!” Пісаў і гэткае: “Не магу цягацца з зоразнаўцамі, проста так скажу без пахвалеб: Быкаў – васілёк у жыце нацыі, наш духоўны і надзённы хлеб!” І яшчэ памятаецца: “Ад прасавечанай начы, ад падкалодных сыкаў тры словы буду берагчы – Бог, Бацькаўшчына, Быкаў!”

Скобла: “Хоць выбівай “на камні, жалезе і золаце”, паводле Максіма Танка. У наш час рэдка хто піша лісты ад рукі – звычайную пошту перамагае пошта электронная. Ці не карысталіся вы пры ліставаньні інтэрнэтам?”

Барадулін: “Я заўсёды пісаў ад рукі, толькі што не гусіным пяром. Інтэрнэтам я так і не авалодаў, ды і не авалодаю ўжо. Ад рукі пішацца больш шчыра. Памятайма, што ўся клясыка напісаная ад рукі, гэта векавая традыцыя. Лісты з інтэрнэту – яны халодныя. І Васіль мне пісаў толькі ад рукі, хоць у апошні час, здаецца, засвоіў і кампутар. Наогул, прагрэс утылізуе, робіць нашыя пачуцьці й мазгі плястмасавымі”.

Скобла: “Быкаў некалькі гадоў пражыў на чужыне – у Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі. А чалавек да ўсяго прывыкае. Ці адбылося ў Быкава прывыканьне да чужыны?”

Барадулін: “Не, Васіль да чужыны ня мог прывыкнуць. Усё жыцьцё ён імкнуўся на радзіму – і ў Беларусь, і на родную Вушаччыну. Спачатку вайна яго адрывала ад радзімы, пасьля выгнаньне адрывала. Васіль проста ня мог жыць без Беларусі. Калі ўзяць усю ягоную творчасьць, то там усе падзеі ўбачаныя як бы чалавекам з Вушаччыны, які нарадзіўся на гэтай баравой, на гэтай азёрнай, на гэтай бусьлінай зямлі”.

“У Зборы твораў Быкава ў 14 тамах лісты зоймуць тамы два, калі ня болей”

Скобла: “Кнігу “Дажыць да зялёнай травы” склаў Сяргей Шапран – журналіст, дасьледчык жыцьця і творчасьці Васіля Быкава. Цяпер ён з намі на тэлефоннай сувязі. Сяргей, ты даволі працяглы час займаесься зьбіраньнем эпісталярнай спадчыны Быкава, нядаўна ў маскоўскім часопісе “Вопросы литературы” надрукаваў перапіску Быкава з Аляксандрам Твардоўскім. Ці шмат лістоў Быкава захавалася ў прыватных і дзяржаўных архівах?”

Сяргей Шапран: “Што датычыць ліставаньня Быкава з Твардоўскім, то ў мяне першапачаткова не было намеру друкаваць гэтыя лісты. Я зьвяртаўся да дачкі Твардоўскага Валянціны Аляксандраўны, прасіў даслаць копіі лістоў Быкава, паколькі ў мяне былі толькі лісты Аляксандра Трыфанавіча, якія зьберагаюцца ў хатнім архіве Быкава і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва. І так атрымалася, што акурат у той час Валянціна Аляксандраўна рыхтавала быкаўскія лісты для “Вопросов литературы”. І яна прапанавала зрабіць сумесную публікацыю.

А эпісталярная спадчына Васіля Быкава вельмі вялікая. Думаю, што ў тым Зборы твораў у 14 тамах, які цяпер выдаецца Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і маскоўскім выдавецтвам “Время”, лісты зоймуць тамы два, калі ня больш. Сёньня ўжо ў расейскім друку апублікаваныя лісты Быкава да Ігара Дзядкова, Вячаслава Кандрацьева. Дарэчы, нядаўна выйшла кніга расейскага журналіста Юрыя Растоўцава пра Віктара Астаф’ева – там таксама публікуюцца лісты Быкава. У беларускіх выданьнях апублікаваныя быкаўскія лісты да Ларысы Геніюш, Алеся Адамовіча, Аляксандра Лукашука, Сяргея Навумчыка, Лазара Лазарава (у перакладзе на беларускую мову).

Але ліставаньне Быкава з Барадуліным, на мой погляд, самае цікавае. Яно, дарэчы, і самае працяглае. Тут да месца будзе працытаваць фрагмэнт зь ліста Васіля Ўладзімеравіча да Рыгора Іванавіча: “Усе твае лісты я хаваю, берагу і маю надзею, што калі-небудзь, хоць пасьля нас, іх надрукуюць. Бо і ў эпісталярным жанры ты ня меней цікавы, чым у паэтычным”. Такім чынам Васіль Быкаў быццам пакінуў нам запавет – надрукаваць гэтыя лісты. На вялікі жаль, Васіля Ўладзімеравіча ўжо няма, але ёсьць Рыгор Барадулін, на нашае шчасьце. І я думаю, што гэтая кніга павінна была зьявіцца хоць бы таму, што ёсьць яшчэ з намі Рыгор Барадулін”.

“Васіль Быкаў быў, як Прамэтэй, прыкуты да скалы творчай, самаахвярнай працы”

Скобла: “Спадар Рыгор, у адным з вашых лістоў Быкаву, датаваным 1999 годам, я напаткаў гэткія словы: “Можа, і добра, што ты жывеш далёка ад нашай бессэнсоўнай калатнечы”. Як вы лічыце, чаго больш дала Быкаву чужына: пакутлівай настальгіі, ці магчымасьцяў для творчасьці?”

Барадулін: “Не скажу, чаго болей было – настальгіі ці прагі творчасьці. Відаць – і таго, і таго, аднолькава. Таму што настальгія падштурхоўвала Быкава да пісаньня. Недарэмна Васіль паўтараў: толькі працай можна ратавацца. Наогул, Васіль Быкаў быў, як Прамэтэй, прыкуты да скалы творчай, самаахвярнай працы. Ды й праца да самазабыцьця не магла заглушыць тугу па радзіме. У нас, крывічоў, любоў да роднай зямлі своеасаблівая, балючая, пякучая, незагойная. Змалку чулі мы: дарагі той куток, дзе адрэзаны пупок. Па-мойму, гэта вяло Васіля па жыцьці. Ён імкнуўся на радзіму, і радзіма яго ніколі не забудзе. У адным зь лістоў Васіль напісаў: “Радзіма маладзіла, а чужына старыць”. Але ніколі не састарэе творчасьць Васіля Быкава. Пранікнёная думка заўсёды вясновая і маладая”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG