Праграмы / Паштовая скрынка 111

“Я — рабочы чалавек, і мяне баіцца рэпрэсіўная машына....”

04.06.2008 13:12

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 4 чэрвеня 2008 году


Многія школьнікі і іхныя бацькі з трывогай чакаюць абяцанага дэкрэта прэзыдэнта Лукашэнкі, якім будзе згорнута рэформа сыстэмы сярэдняй адукацыі. Беларускія дзеці замест цяперашніх 12 гадоў будуць вучыцца, як і раней, 11. Як да такога павароту ставяцца бацькі школьнікаў — асабліва старшаклясьнікаў, на якіх вяртаньне да старой сыстэмы адаб’ецца самым непасрэдным чынам?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Яго аўтар — Васіль Пятровіч з Бабруйску, бацька сына-дзесяціклясьніка — піша:

“Людзі не разумеюць, дзеля чаго былі патрэбны ўсе гэтыя экспэрымэнты? Як кажа кіраўнік дзяржавы, у “вэртыкалі” назьбіралася шмат гультаёў, непрафэсіяналаў, безыніцыятыўных асобаў, для якіх дзень мінуў — і добра. І раптам — такі імпэт, калі дайшло да школьнай рэформы. Ці ня шкодніцтва гэта?

Узьнікае шмат пытаньняў. Як сёньняшнія дзесяціклясьнікі за адзін год засвояць праграму двух навучальных гадоў? Гэта ж — падман дзяцей. Так, для школьнай адукацыі дастаткова 11 гадоў. Але калі вы памыліліся, дык навошта дзяцей у зман уводзіць?

Ці яшчэ адна навацыя — так званая “пяцідзёнка” для ўсіх. Ды балбатня ўсё гэта. І раней так казалі, а вучыліся ўсё роўна шэсьць дзён.

І пра тое, што будзе ня больш як шэсьць урокаў на дзень — балбатня. Прымусяць наведваць па 2—3 факультатывы.

У гімназіях дзеці ў апошнія гады сядзяць па 8—10 гадзін. А потым мы гаворым пра слабое здароўе школьнікаў.

Вось ня пусьцяць бацькі сваіх дзяцей у школу на знак пратэсту — і правільна зробяць”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Пятровіч з Бабруйску.

Пераход на 12-гадовую сыстэму школьнай адукацыі праводзіла тая ж улада, якая цяпер у сьпешным парадку гэтую сыстэму адмяняе. Адметна, што ні тады, ні цяпер думкі грамадзтва наконт гэтага чыноўнікі не пытаюць. Напэўна, яны адчуваюць, што тых пратэстаў, пра якія пішаце вы, спадар Пятровіч, — ня будзе. Калі б былі ўпэўненыя ў адваротным, то да грамадзкай думкі ставіліся б, верагодна, зусім па-іншаму.

Алесь Цадко з Маладэчна ў сваім новым лісьце на “Свабоду” згадвае Вярхоўны Савет 12 скліканьня, у якім цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка быў дэпутатам. Слухач піша:

“Я сачыў за тагачаснымі жывымі трансьляцыямі з Авальнай залы. Памятаю, як выступаў дэпутат Лукашэнка. Нярэдка здаралася, што падчас такіх выступаў тагачасная намэнклятура з дэпутацкімі значкамі ад ягоных слоўных пэрлаў надрывала жываты ад сьмеху.

Праўда, цяпер амаль усе яны (і ня толькі яны, але і пэўная частка цьвярозых разумных людзей з дэмблёку) верна служаць гэтаму чалавеку, зносячы, як іх зьневажаюць з экрана на ўсю краіну. Звычайна абгрунтоўваюць гэта разумным канфармізмам у імя дасягненьня ўласных і дзяржаўных мэтаў.

У сувязі з гэтым адна просьба да рэдакцыі беларускай Свабоды. Хопіць вам усур’ёз камэнтаваць выказваньні Лукашэнкі і спрачацца ў эфіры пра ягоныя моўныя экспромты, поўныя супярэчнасьцяў”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Цадко з Маладэчна.

У Беларусі створана такая сыстэма ўлады, пры якой фактычна ўсе найбольш значныя для дзяржавы рашэньні прымаюцца адной асобай. Журналісты, якія асьвятляюць беларускія падзеі, ня могуць ігнараваць альбо несур’ёзна ставіцца да выказваньняў і дзеяньняў гэтай асобы. Як бы, спадар Цадко, вы і вашы аднадумцы ні ацэньвалі дзейнасьць прэзыдэнта, але трэба прызнаць, што рэальная палітыка ў Беларусі робіцца пераважна ў будынку прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Адпаведна і журналісты ставяцца да выказваньняў, якія гучаць адтуль.

У сакавіку і траўні мы падрабязна асьвятлялі гісторыю перасьледу гомельскіх грамадзкіх актывістаў, якія да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі правялі гістарычную экскурсію па мясьцінах, зьвязаных зь дзяячкай БНР Палутай Бадуновай. Арганізатараў і ўдзельнікаў той акцыі пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі. Адзін з пакараных, Аляксандар Процка, даслаў ліст на “Свабоду”, у якім піша:

“За што нас пакаралі? За тое, што каля 30 чалавек з аб’яднанай апазыцыі сабраліся разам ды ішлі зь бел-чырвона-белымі папяровымі сьцяжкамі і паветранымі балёнікамі. За гэта нам “прыпячаталі” арганізацыю ды ўдзел у несанкцыянаваных шэсьці і пікеце. Пяцёра пакараныя арыштамі, трое — вялікімі штрафамі. Так мы сталі сапраўднымі палітычнымі вязьнямі. Абгрунтаваньне судзьдзі гучала прыблізна так: сваім выглядам прыцягвалі ўвагу грамадзкасьці да ўласных палітычных поглядаў”...

Я вельмі задаволены такім вынікам, бо я — рабочы чалавек, ня маю ніякай пасады, а мяне баіцца такая рэпрэсіўная машына, такі рэжым (відаць, ужо трухлявы). Мяне на вуліцы цяпер вітаюць незнаёмыя мне людзі, спачуваюць і адначасова падтрымліваюць мой учынак. Я думаю, што гэта — вельмі добры прыклад і вынік”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Процка з Гомеля.

Людзі, пра якіх гаворка, прайшлі па горадзе зь белымі й чырвонымі паветранымі балёнікамі. У Навабеліцы, на месцы, дзе калісьці стаяў дом Палуты Бадуновай, усклалі кветкі й запусьцілі балёнікі ў паветра. І за гэта — арышты і буйныя грашовыя штрафы. Пакараньне выглядае неадэкватным нават на тле беларускіх рэаліяў. Але адбываюцца зьмены і ў гэтай справе: у рэгіёнах апошнім часам дайшло да таго, што трапіць на пятнаццаць сутак у турму можна нават за бела-чырвоны парасон альбо шалік.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на “Свабоду”. З вамі Валянцін Жданко.

Наша слухачка Галіна Александроўская з Магілёва разважае пра палітычную сытуацыю ў Расеі і пра тое, як адаб’ецца зьмена ўлады ў Крамлі на беларуска-расейскіх дачыненьнях. У сваім лісьце на “Свабоду” яна піша:

“Пуцін, як і Лукашэнка, настолькі звыкся з уладай і заблытаўся ў ёй, што не жадае і ня можа выпусьціць са сваіх рук усе лейцы кіраваньня. Таму Мядзьведзеў, мяркуючы па ўсім, што адбываецца, будзе непаўнавартасным прэзыдэнтам. Вельмі ўжо ў яго кароткія рукі. Чакаць ад яго нічога ня варта. Усе рашэньні будзе прымаць Пуцін. А Мядзьведзеў вымушаны будзе ўсё падпісваць, калі ўжо ён пагадзіўся на такую ролю.

Нялёгкія часы чакаюць і расейцаў, і нас. Будзем мы, як рабы, працаваць на тых галерах, на якія нас пасадзіць гэтая салодкая парачка — Пуцін ды Мядзьведзеў. Вось што пагражае ўсім нам у бліжэйшыя пяцьдзясят гадоў, калі ўсё будзе працягвацца ў гэтым жа рэчышчы”, —

— гэтак лічыць Галіна Александроўская з Магілёва.

Мяркую, заўчасна рабіць такія катэгарычныя высновы на падставе ўсяго аднаго месяца прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева. Наколькі самастойны новы лідэр Расеі і наколькі залежны ён ад папярэдніка, стане зразумела крыху пазьней. Першыя высновы ў такіх выпадках робяць прынамсі праз сто дзён пасьля прыходу палітыка на пасаду.

Што да сьцьвярджэньня пра аднолькавую залежнасьць ад улады былога расейскага прэзыдэнта Пуціна і нязьменнага беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі — варта нагадаць, што Ўладзімер Пуцін таксама стаяў перад спакусай перагледзець Канстытуцыю і ўвесьці пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. У выніках такога рэфэрэндуму, да якога яго штурхалі многія палітычныя сілы ў Расеі, сумнявацца не выпадала. Тым ня менш Пуцін абраў іншы шлях.

На заканчэньне — ліст зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Наш даўні сябар Алесь Васілеўскі паведамляе пра сваё стаўленьне да прадпрымальнікаў ды іхнага грамадзкага руху:

“Стаўленьне гэтае ўсё яшчэ паважлівае, аднак даволі ўскладненае тым, наколькі мудрагелістым і ня надта празрыстым чынам здабываюць гандляры свае даходы, — піша слухач. — Прыёмы гэтыя ведае кожны. Так што, з аднаго боку, мы бачым напружаную і вельмі часта няўдзячную працу (паспрабуй памерзьні цэлы дзень пад адкрытым небам на рынку, ды яшчэ й ці прадасі што); а з другога — усе хоць раз сутыкаліся з махлярамі, якія недзе купляюць за бесцань абы-які тавар, а потым тут збываюць, зацікавіўшы пакупнікоў даступнай (але зусім ня нізкай для нас) цаной. Людзі крыўдуюць, бо на тое ёсьць важкія прычыны. На рынак часам ісьці проста боязна — бо перад тым як выбраць і купіць, трэба здаць цяжкі іспыт, каб не застацца падманутым”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну.

Гандляры падладжваюцца пад попыт. На ня надта платаздольным беларускім рынку (асабліва ў рэгіёнах) найхутчэй прадаецца тое, што таннае. Таму і перапоўнены гэты рынак капеечным, падробленым пад фірменны таварам, вырабленым у падпольных цэхах у Расеі кітайскімі ды віетнамскімі гастарбайтэрамі. Наіўна спадзявацца, што красоўкі, набытыя на местачковым кірмашы за дзесяць даляраў, і праўда выпушчаныя ўсясьветна вядомай фірмай, як пазначана на ўпакоўцы. І ці выпадае тады наракаць, што такі абутак не праслужыць і аднаго сэзону?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: навіцкі на в. Клетнае
07.06.2008 23:07

Падобныя рынкі існуюцьня паўсюдна ня толькі на ВАРОЖЫМ "діком" Захадзе, але і на "дружаственым" Усходзе, зь якім мы сябруем і ў якога вучымся. У гэны спосаб зарабляюць усе народы сусьвету. Але ніхай шаноўны спадар Васілеўскі назаве хоць-бы адзіны кірмаш у вёсцы, раённы ці нават абласны горад, у якім прадпрымальнік на кожным рынку здолее спрадаць якасны нават хінскі тавар, не кажучы ўжо пра эўрапейскі (нават па сабекошце)? Нават самыя танныя тавары турэцкай ці маскоўскай вытворчасьці даводзіцца закупаць толькі нізкаякасныя, а ўжо нешта сярэдняе набываецца толькі пад замову альбо пад задатак для добра знаёмых кліентоў. Бо тое, што хацелі-б набыць звычайныя мінакі за той кошт, які яны прапануюць, увогуле не існуе. Лічыцца чамусьці, што за мяжой увесь тавар можна браць тонамі за даляр. А потым залатая рыбка пераносіць яго празь межы і таможні, праз тысячы кіль дарог ў абход падатковых інспэкцыяў, адміністрацый рынкоў ды рожных санэпід-пажар-рай-гар-абл-крывасмокаў.

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb