Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Беларусь-ЗША: чаму канфлікт пайшоў на новы віток?

16.05.2008 20:35

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 16 траўня. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і экспэрт Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар.


ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць трох прадпрыемстваў кампаніі “Белнафтахім”. У чым прычыны такіх дзеяньняў Злучаных Штатаў? Чаму ЗША адмовіліся ад ідэі закрыцьця сваёй амбасады ў Менску? Якія практычныя наступствы могуць мець эканамічныя санкцыі?

Чаму ЗША перайшлі да такога жорсткага ціску?

Валер Карбалевіч: “Дыпляматычны канфлікт паміж Менскам і Вашынгтонам пачаўся з таго, што ЗША ў лістападзе мінулага году абвясьцілі эканамічныя санкцыі супраць кампаніі “Белнафтахім”. Чаму ЗША перайшлі да такога жорсткага ціску на беларускія ўлады? Палітзьняволеныя ў Беларусі існуюць ужо шмат гадоў. Але вось толькі ў апошнія месяцы ЗША дасьпелі да санкцыяў. Ці то заканчэньне дзейнасьці адміністрацыі Буша падштурхнула яе да рашучых крокаў? Ці то зьяўленьне на амэрыканскім рынку ў значнай колькасьці прадукцыі прадпрыемстваў “Белнафтахіму” актуалізавала гэтую праблему?”

Андрэй Фёдараў
: “Безумоўна, адна з прычынаў — заканчэньне тэрміну знаходжаньня адміністрацыі Буша ў Белым доме. Яна абвяшчала была вялікія пляны ў замежнай палітыцы, але рэальныя дасягненьні выявіліся значна сьціплейшымі. Калі не атрымоўваецца, напрыклад, вырашыць праблему Іраку, то можна паспрабаваць дасягнуць вынікаў на іншым кірунку, напрыклад, у Беларусі.

Затым, пачаў дзейнічаць вядомы “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які быў прыняты чатыры гады таму. За гэты час была назапашана інфармацыя пра сытуацыю ў Беларусі, пра кампанію “Белнафтахім”. Гэтыя чыньнікі і паспрыялі гэтым захадам ЗША”.

Аляксандар Рар: “Адміністрацыя Буша, сыходзячы, выказвае актыўнасьць на постсавецкім абшары. Сапраўды, прэзыдэнт наймагутнейшай дзяржавы імкнецца скончыць сваё васьмігадовае знаходжаньне ва ўладзе пасьпяхова. І гэта можна найлепш зрабіць за кошт постсавецкага абшару. Гэта тычыцца Ўкраіны, Паўднёвага Каўказу. І вось цяпер ЗША імкнуцца дасягнуць нейкіх зрухаў у вырашэньні беларускага пытаньня”.

Чаму санкцыі замест закрыцьця амбасады?

Карбалевіч: “Пасьля таго як беларускі бок тры разы вымусіў ЗША адклікаць сваіх дыпляматаў, было зразумела, што Вашынгтон ня можа на гэта не адрэагаваць. Першай рэакцыяй Дзярждэпартамэнту ЗША была ідэя закрыцьця сваёй амбасады ў Менску. І нават калі 1 траўня амэрыканскі бок прыпыніў гэтае рашэньне, было афіцыйна заяўлена, што Беларусі выстаўляецца патрабаваньне да 15 траўня. Калі яно ня будзе выканана, то магчыма закрыцьцё амбасады.

Вось наступіла 15 траўня, беларускі бок, гледзячы па ўсім, ня выканаў патрабаваньняў, і ЗША былі вымушаныя дзейнічаць. Але замест закрыцьця амбасады Вашынгтон зьвярнуўся да новых эканамічных санкцыяў. Чаму зьмяніліся амэрыканскія пляны?”

Фёдараў: “На мой погляд, рашэньне ЗША аб закрыцьці амбасады было больш імпульсіўным. Нездарма яно было адмененае ўжо праз тры гадзіны. Вашынгтон, мабыць, вырашыў: хто адсутнічае, той прайграе.

Але, зразумела, ЗША мусілі рэагаваць. Незразумела, чым скончыліся кантакты паміж беларускімі і амэрыканскімі дыпляматамі, якія адбыліся на пачатку траўня. Цяжка ўявіць, каб афіцыйны Менск пагадзіўся вызваліць палітзьняволеных”.

Рар: “Закрыцьцё амбасады прывяло б да поўнага спыненьня дачыненьняў паміж краінамі, да страты ўплыву ЗША на палітыку Беларусі. Вядома ж, што амбасада ЗША падтрымлівае беларускія дэмакратычныя структуры. А вось санкцыі — гэта тыповы інструмэнт уплыву на краіны, зь якімі адбываецца канфлікт”.

Наступствы і пэрспэктывы

Карбалевіч: “Якія практычныя наступствы могуць мець гэтыя санкцыі? Якія эканамічныя страты можа панесьці беларускі бок? Ці будуць нейкія крокі ў адказ?”

Фёдараў: “Цяжка казаць пра эканамічныя страты. Будзе страчаны гандаль тых прадпрыемстваў з ЗША, адносна якіх уведзены санкцыі. Як сказаў нядаўна кіраўнік Нацбанку Пракаповіч, галоўная шкода ад гэтых санкцыяў — гэта ўдар па іміджы беларускіх прадпрыемстваў у вачах патэнцыйных інвэстараў.

Што да палітычнага аспэкту, то, я мяркую, беларускі бок не пакіне гэтыя дзеяньні ЗША проста так. Але ня думаю, што Менск вышле астатніх амэрыканскіх дыпляматаў. Ён хацеў бы, каб гэта зрабілі самі амэрыканцы. Лічу, што гэтым разам усё абмяжуецца жорсткай рыторыкай”.

Рар
: “Думаю, Беларусі цяжка весьці дыпляматычную, тым больш гандлёва-эканамічную барацьбу з Захадам. У яе мала рычагоў уплыву. Хоць нядаўна Лукашэнка пагражаў Эўропе праблемай паставак энэргарэсурсаў. ЭЗ пакуль трымаецца ўбаку і не далучаецца да санкцыяў ЗША.

Дарэчы, на Захадзе існуюць розныя пазыцыі адносна беларускага пытаньня. Ёсьць жорсткая пазыцыя ЗША, якую падтрымліваюць новыя сябры ЭЗ, напрыклад, Польшча.

А вось старыя сябры ЭЗ займаюць мякчэйшую пазыцыю. Яны зыходзяць з таго, што зьдзейсьніць рэвалюцыю ў Беларусі не атрымаецца, бо дэмакратычныя сілы тут слабыя. І зьмены тут могуць адбыцца толькі эвалюцыйным шляхам. Таму ўплываць на Беларусь можна мякка, не будуючы новыя бар’еры, а далучаючы яе да агульнага супрацоўніцтва”.

Карбалевіч: “Такім чынам, дыпляматычны беларуска-амэрыканскі канфлікт ня толькі працягваецца, але і абвастраецца. Гэтым разам свой крок зрабілі ЗША. Крок больш сымбалічны, чым рэальны, які павінен прадэманстраваць нязгоду з палітыкай беларускіх уладаў. Мае суразмоўцы выказалі спадзяваньне, што абодва бакі не зацікаўленыя ў далейшай эскаляцыі супрацьстаяньня”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: BY Горад:: Z VKL
17.05.2008 10:30

Пан Рар корміцца ў немцаў таму сьпявае і скача пад іх дудку. Справа цяпер набыла вельмі драматычны для РБ накірунак, бо ЗША
злавілі рэжым Лукашэнкі на спробе раскруціць вялікі гандалі зброяй з тэрарыстамі і наркамафіяй ў Лацінскай АМэрыцы пад носам у самых ЗША. Вяскоўцы з атачэньня Лукашэнкі прымітыўна папаліся на пераводзе грошай праз банкі ЗША ў Вэнэсуэлу праз рахункі БелНафтаХім прызначаныя на спэкуляцыю нафтай на рынку ЗША, а палкоўнік Х,Чавэс усадзіў 1,5 млрд даляраў на пакупку зброі ў РБ у банку ў Англіі. Усё іншаё гзта проста гістэрыкі
гандлёўцаў зброяй па чорнаму з атачэньня Лукашэнкі. бо грошы ім пазычыў Пуцін і такі правал... ЗША маюць рэальны шанец завалачы людзей Лукашэнкі ў Гаагскі трыбунал за гандаль зброяй з тэрарыстамі
або судзіць іх у сябе, як яны цяпер спрабуюць зрабіць з расейцам Бутам.
РБ не у той вагавай катэгорыі, каб сесць на шыю Захаду з выкрунтасамі ў гандлі зброяй па чорнаму і ЗША гэта паказалі Лукашэнку і ЭЗ. Гандлю зброяй з тэрарыстамі праз Вэнэсуэлу не будзе, пане Рар, тым больш расейскай зброяй.


Імя:: Gleb Горад:: orsha
19.05.2008 06:30

Неужели господин Рар, друг нашего православного правительства, эволюционист, моралист, контролирует также этот сайт.
Цензура почище заочно- аграрно- исторической. Вы что боитесь что господин Рар перестанет платить вам зарплату? Неужели так много платит что пылинки с него стряхиваете?
Хотелось бы спросить у святого Рара,человека который не получает ни копейки от мягкого присоединения беларусского правительства к общему сотрудничеству, где и в какой диктаторской стране опозиция сильна? И если она сильна, то зачем ей вы нужны со всеми вашими поддержками? Нужно было бы хотя бы иногда заглядывать в учебники истории( а не сдавать зачёты принося кур преподавателям)что бы уразуметь что оппозиция набирает силу только тогда когда появляются ростки свободы.
Люди миллионами умирали от голода в советские тридцатые годы и никакой оппозиции.
Ваше, сотрудничество с диктатурой привело к тому что власть в Беларуси не меняется 12 лет и уже подрастают наследники на ближайшие 40-50.
И, всё-таки, есть надежда что не все на Западе бескорыстные господины Рары и что как только оппозиция в Беларуси придёт к власти, господин Рар наконец-то перестанет умничать. В новой Беларуси на мягком незаборном присоединении в общему сотрудничеству больше не заработаешь.


Імя:: Мiкола Турынскiй
20.05.2008 19:14

Чытаеш Рара,удумаешся - Зiмоускi.Не пайму, якi уплыу на палiтыку Беларусi мае амбасада ЗША?На палiтыку апазiцыi,згодзен.Калi уплываць на палiтыку праваслаунага атэiста мякка,то ён сапрауды дажыве i паставiь свайго малодшага сына прэзiдэнтам Беларусi.Рар адстойвае пррасейскую палiтыку.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ