Блогі

Палёт савы Мінэрвы над Беларусьсю

04.02.2008 02:14

Расейскі палітоляг Дзьмітрый Фурман прапанаваў іранічную формулу пра “карупцыю, якая перарастае ў лібэралізм” для апісаньня мэханізму пераходу ад брэжнеўскага “застою” да перабудовы і наступнага краху камунізму.


Гэтая формула мае наўпроставае дачыненьне да цяперашніх спрэчак пра тое, ці мяняецца сёньняшняя палітычная, сацыяльная і эканамічная сыстэма ў Беларусі, а калі мяняецца, то ў які бок.

Прыхільнікі меркаваньня, што зьмены адбываюцца, зьвяртаюць увагу на негалосны пачатак маштабнай прыватызацыі, на новую палітыку крэдытаў, на засваеньне афіцыйнай ідэалёгіяй некаторых элемэнтаў ідэалягічнага крэда апазыцыі.

Тыя, хто ніяк зьменаў ня бачаць, адзначаюць, што гэтыя падзеі і працэсы ніяк не мяняюць прыроды сыстэмы і не ляжаць ані ў рэчышчы дэмакратызацыі, ані нават у рэчышчы эканамічнай лібэралізацыі a la Піначэт ці Дэн Сяо Пін: апошнія выспачкі свабоды нішчацца, бізнэс – апірышча лібэралізацыі – зьнішчаецца, словам, дыктататура мацнее, і пра якія перамены можна весьці гаворку.
Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель: "Сава Мінэрвы вылятае толькі ў прыцемках"

Але, як казаў Гегель, “сава Мінэўры вылятае толькі ў прыцемках”. Гэта значыць, што сэнс тых ці іншых гістарычных падзеяў робіцца зразумелым толькі пазьней, калі яны прыводзяць да пэўных наступстваў. У гэтым сэнсе брэжнеўскі “застой” ня быў пэрыядам больш лібэральным, чым хрушчоўская “адліга”. Але менавіта ў брэжнеўскі час канчаткова сканала камуністычная вера: карупцыя і цынізм зьелі яе, – і менавіта таму атрымалася, што камуністычнае панаваньне ўласна камуністычная эліта і скінула – як форму, што ўжо не адпавядала яе новым уяўленьням і памкненьням.

Летась Леанід Заіка ў “Праскім акцэнце” вельмі добра апісаў, як гэты механізм пачынае дзейнічаць і будзе дзейнічаць далей у сучаснай Беларусі: “Беларусь засталася апошняй краінай, дзе не падзялілі маёмасьці. (…) І Аляксандар Рыгоравіч, якіх бы талентаў ён ні меў і як бы ні любіў яго народ, урэшце паўстане перад праблемай, калі і дзеці яго пачнуць яму падказваць: трэба прыватызаваць краіну. Ёсьць буйныя камбінаты – калійныя, мэталюргічныя, – няўжо пакідаць іх гэтай апазыцыі і яе дзецям? Я мяркую, што ўступленьне ў гэтую фазу маральнага цыклю і маральнага пералому наперадзе. А беларускае грамадзтва будзе ставіцца да гэтага вельмі хваравіта. Бо застацца ў дурнях ніхто ня хоча, асабліва ў сытуацыі, калі будуць дзяліцца мільярды. Лукашэнка гэтай праблемы баіцца, ён ня ведае, як яе добра вырашыць – ці то аддаваць расейцам, ці заходнікам, ці арабам. Але намэнклятура гэтага чакае, дзеці чакаюць. Усе ўжо бачаць, што нельга так далей жыць – бязь яхтаў, без уласных самалётаў, без катэджаў на Лязурным беразе”.
Леанід Заіка: "Усе ўжо бачаць, што нельга так далей жыць – бязь яхтаў, без уласных самалётаў, без катэджаў на Лязурным беразе"


Вось нядаўна расейскае выданьне “Твой день” апублікавала фота, як расейскі алігарх №1 Раман Абрамовіч на адпачынку кусае сваю girlfriend за… ну паглядзіце, самі даведаецеся, за што. Але ня ў тым сэнс, што кусае (такую асалоду і ў якіх-небудзь Рыжкавічах атрымаць можна), а дзе – на сваёй уласнай яхце, каля райскай выспы Сьвятога Варфаламея на Карыбах. А чым нашы горшыя? Ну, чым горшыя канкрэтна за Абрамовіча? Зразумела, у яго грошай больш, але ёсьць і іншыя ўзоры: пра забавы расейскай бізнэсовай і чынавенскай эліты ў Куршавэлі пагалоска ня хлусіць, сынок нябожчыка Туркмэнбашы прагульваў мільёны ў казіно ў Гішпаніі за адну ноч. А нашым – што, на Нарач ці на Менскае мора зьезьдзіць? І ўсё? І нават ня ў тым рэч, што ў Эўропу не пускаюць, а што і сам ня рады будзеш, сыстэма такая: грошай ужо маюць, можа, і ня менш, чым у расейскіх, украінскіх ды іншых постсавецкіх калегаў, а правілы патрабуюць паказваць сябе “камісарам у пыльным шлеме”.

У гэтым сэнсе і Эўропа – гэта ж ня толькі край выдатных маральных і палітычных прынцыпаў, ня толькі край эканамічнай эфэктыўнасьці (на што асабліва робяць націск адны), але ж і край спакусаў і глямуру, у прынцыпе недасягальнага ў Раўбічах ці Стайках.

Вось у калегі Сіліцкага душа баліць глядзець на айчынныя імітацыі Эўропы. А ўявіце, як яна баліць у людзей сыстэмы, якія пра сапраўдную Эўропу таксама сёе-тое ведаюць, але грошай маюць значна больш, чым мой паважаны калега.

З маральнага пункту гледжаньня намэнклятурнікі брэжнеўскага часу выглядалі пачварамі ў параўнаньні з сапраўднымі камісарамі ў пыльных шлемах, услаўленымі Акуджавам. Аднак наступствам дзеяньняў апошніх стала жахлівая крыважэрная дыктатура, а наступствам дзеяньняў першых у перабудову стала пахаваньне гэтай сыстэмы і трансфармацыя яе ў менш крыважэрную і жахлівую. Такая вось сава Мінэрвы.
Віталь Сіліцкі: "Калі вас ня верне ад ружова-нябесных інтэр’ераў (Божа, ці бачыў я іх калі ў сапраўднай Эўропе!), то сардэчна запрашаем"


На чыйсьці погляд такі шлях пераходу – брыдкі і амаральны. Дадам, што ён і не гарантуе пераходу як такога, па меншай меры ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. У прынцыпе карупцыйная кругавая парука можа быць нават дадатковым сродкам умацаваньня сыстэмы. На пэўны час.

А потым якраз і адбываецца “каляровая рэвалюцыя” – калі, можа, і ня менш цынічныя, чым іх калегі, прадстаўнікі ўладнай эліты накіроўваюць народнае абурэньне несправядлівасьцю на сваіх менш разумных калегаў.

Чытач, магчыма, ужо падрыхтаваўся да таго, каб закляйміць мяне за мой цынізм. І дарма. Я да такога шляху не заклікаю, грошы зарабляюць і нават крадуць, а таксама спакушаюцца салодкім жыцьцём і без маіх парадаў. Адзінае, што хацелася б рахмана заўважыць, дык гэта тое, што такі шлях пераходу грунтуецца на пачуцьцях і памкненьнях, распаўсюджаных куды шырэй, чым гераізм і самаахвярнасьць.

А, дарэчы, калі жаданы пераход і адбудзецца, то на ўласных яхтах на Карыбах урэшце будуць плаваць зусім не абавязкова тыя, каго цяперашняя сыстэма раздражняе, бо не дае ім такой магчымасьці. Тут ужо як карта ляжа. Больш за тое, атрымаецца ўсё роўна няправільна, што і зразумела: падзяліць па справядлівасьці хлеб, чарку і шкварку ў прынцыпе магчыма, падзяліць яхты на Карыбах па справядлівасьці немагчыма ў прынцыпе. Усё роўна будуць на іх плаваць ня тыя, хто гэтага на наш погляд заслугоўвае.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-16 (з 16)
Імя:: Палёт палітычнай сьцервы
04.02.2008 08:18

А хто заслугоўвае,на ваш пагляд,сп.Дракахруст?


Імя:: drakakhrust
04.02.2008 12:02

to Палёт палітычнай сьцервы Вы, паколькі задаеце такія пытаньні


Імя:: drakakhrust
04.02.2008 13:08

to Палёт палітычнай сьцервы Але баюся, што заслужаная яхта Вам не дастанецца. Па той жа прычыне


Імя:: Зьміцер
04.02.2008 13:30

Гадоў 10 таму Пазьняк казаў, што Расея намагаецца захапіць беларускую маёмасць, ды ўсе крычалі, а каму гэтая лапатная маёмасць патрэбна? А цяпер выяўляецца, што яна каштуе нават не мільёны, а мільярды. І факт, што ўсё лепшае ў Менску -- пад расейцамі.


Імя:: Валеры Грыцук
04.02.2008 17:17

Я ўжо паперджваў Дракахруста, што ягоныя параўнаньня некарэктны і, я вельмі не задаволены ім як вядучым "П.А." . Але ўсё залежыць ад нас, ад людзей , якія лічаць сябе дэмакратамі. Калі мы зможам пераканаць насельніцтва ў выгодзе дэмакратычнага шляху, то будзе больш-меньш справядліва, калі НЕ, то будзе кіраваць краінай мафія, якія пашпарты у мафіёзі, то не істотна. Тут як у матыматыце lim - &, імкненьне павінна быць да Справядлівасьці і нашая супольная актыўнасьць. А яхты - гэта потым. Нацыяналізацыя таксама магчыма.


Імя:: uzrushany chytach Горад:: Miensk
04.02.2008 17:39

Artykul bliskuchy (zreshty, jak i usi papiarednija dopisy tut); Maju adnu vazhnuju zauvahu: metaj uradu, jaki robic' reformy, music' byc' poshuk efiektyunaha ulasnika dlia aktyvau, razmieschanykh na jaje terytoryi, i stvaren'nie najliepshykh mahchymas'ciau dlia ikh. U sherahu vypadkau dziarzhava takim ulas'nikam byc' nia mozha. Tut i uznikaje patreba u pryvatyzacyi, h.zn., shto pryvatyzacyi - heta nie samadastatkovaja meta, a srodak. Historyja pryvatyzacyji uva Ukrainie i Rasieji - heta historyja buntu srodku suprac' mety. Toje samaje datychyc' i shmat jakikh "new EU member states" ... josc' in'shyja shliakhi/madeli pryvatyzacyi, pra heta treba razmauliac' ... jasche nia pozna


Імя:: RADA
04.02.2008 18:41

Прыватызацыя без нас. Крыўдна. Заўсёды цешыла, што ў нас не было таго, як у Расеі. Любая прыватызацыя бяскроўна не даецца. Ці Лукашэнка гарант незалежнасці ў сэнсе, пакуль нічога не здаў расейцам? Ці застануцца гарантыі для яго ўлады ў выпадку, калі нават пачне раздаваць сваім, нават дзецям?


Імя:: drakakhrust
04.02.2008 21:00

to uzrushany chatach Вы абсалютна маеце рацыю наконт мэты прыватызацыі, але на жаль гэта ня чыста адміністрацыйнае мерапрыемства, а сацыяльны працэс. Па аналёгіі - можа з нейкіх меркаваньняў добра было б, калі б атрымалася прымусіць траву расьці пад вуглом 45 градусаў. Ну паспрабуйце. Дарэчы, схемы прыватызацыі , якую ўжвалі, скажам, расейцы ці ўкраінцы, былі ня самыя кепскія і наконт мэты яны разумелі ня горш за Вас. Проста, як той казаў, жыцьцё ўзяло сваё. Калі казаць без мэтафар і пры гэтым крыху звужаючы праблему, то для реалізацыі ідэальнай мадэлі прыватызацыі патрэбны як мінімум ідэальны, ў духу Макса Вэбэра, чынавенскі апарат: чысты ад карупцыі, дысцыплінаваны ня страхам, а ідэяй дзяржаўнага служэньня, здольны супрацьстаяць ціску моцных лябістаў і пры гэтым надзвычай кампэтэнтны. Вы такіх чыноўнікаў шмат у Беларусі ведаеце? Ці Вы думаеце, што яны толькі пры Лукашэнку не такія, а пры, скажам, Мілінкевічы ці Пазьняку ператворацца ў тое, што трэба? Ці дзесьці ў апазыцыйных кустах сядзіць запасная каманда дзесяткаў тысяч чыноўнікаў з пазначанымі якасьцямі? Ідэальную мадэль прыватызацыі нават пры самых спрыяльных стартавых палітычных умовах будуць жа рэалізоўваць нашы людзі і Вы іх ведаеце. Адсюль ня вынікае, што ня трэба імкнуцца рабіць як лепш. Але, відаць, ня варта надта паддавацца ілюзіям і веры ва ўсемагутнасьць правільных формул.


Імя:: Палёт палітычнай сьцервы
04.02.2008 23:50

а чаму вы так хваравіта рэагуеце на зусім нармалёвае пытаньне, сп.Дракахруст? Можа вам усё ясна, дык адкрыйце вашу пазыцыю, калі ласка. Ваша наступная тэза закладае ў нацыянальную будучыню непазьбежны фаталізм сацыяльнай несправядлівасьці: "падзяліць яхты на Карыбах па справядлівасьці немагчыма ў прынцыпе. Усё роўна будуць на іх плаваць ня тыя, хто гэтага на наш погляд заслугоўвае." Так можа быць, а нават ужо ёсьць. Маюцца сур"ёзныя падставы так думаць. Аднак,па-першае яхты Ромы Абрамовіча і пацалункі ў ж...прадажных прыгажуняў - гэта вельмі дрэнна характарызуе немаладога ўжо расейскага габрэя і зусім ня прыклад для новых капіталістаў, з пагляду на абыходжаньне з мільёнамі. Але толькі сьведчаньне таго, што як злачынна лёгка грошы здабытыя, так яны і трацяцца. Праблема палягае ў тым, каб не дапусьціць рабаваньня нацыянальных багацьцяў аніякімі злачынцамі. Гэта задача для дэмакратычнага корпусу у тым ліку і не ў апошнюю чаргу для журналістаў радыё Свабода. А вось, калі дэмакратычны капіталізм для вас, сп. Дракахруст, "немагчымы ў прынцыпе", то аніякімі рэвэрансамі ваш цынізм не схаваеце. Лепш саступіць месца тым у каго ёсьць і "гераізм і самаахвярнасьць"


Імя:: uzrushany chytach Горад:: Kieu-Miensk
05.02.2008 10:45

to drakakhrust: bliskuchaje udakladnien'nie, spravakavanaje nia nadta bliskuchym [tamu shto karotkim?] kamientaram. Zrabliu 2-uju sprobu vykazacca. Vashyja slovy, shto pierad, shto pas'lia skazu "для реалізацыі ідэальнай мадэлі прыватызацыі патрэбны як мінімум ідэальны, ў духу Макса Вэбэра, чынавенскі апарат" nie vyklikajuc' vialikikh piarechan'niau. Adnak sam pamianiony skaz adsiakaje ladny kavalak ad prastory mahchymykh rashen'niau. Maja kontr-teza: peunaja kambinacyja novykh instytutau mozha miec' za vynik taki balans intaresau, pry jakim khcivaje chynavienstva, "вшивые блохи", rakhmany eliektarat, kirujuchysia svaimi "vuzkimi" intaresami, buduc', tym nia mien'sh, nablizhac' zadumany[stvaral'nikam hetykh novykh instytutau] sacyjal'ny vynik. Idealizm? Ja b raiu nie spiashacca z adkazam, i spacharku pasbrabavac' padumac' vos' u jakim kirunku: navat nievialikaja firma - heta sucel'ny kanflikt intaresau ulas'nikau, menedzhmentu, najmanykh pracaunikou. Dastatkova azirnucca vakol kab pabachyc', shto u bol'shas'ci vypadkau i ulas'niki, i menedzhment, i najmanyja pracauniki nie ideal'nyja, adnak balans dasiahal'ny. Chamu? Bo my mozham byc' upeunienyja tol'ki u adnym - jakim by chalaviek nia byu, u bol'shas'ci vypadkau svoj vuzki materyalistychny intares jon nie upus'cic'. Ciapier, nam patrebny niezaliezhny manitorynh za chynavienstvam i biznesoucami? Dyk chamu b nie zrabic' eliektarat dy in'shykh biznesoucau materyjal'na zacikaulienymi u takim manitorynhu? Da chaho ja? Namiok na jaki instytut zaraz prahuchyc'? Kali viel'mi koratka [tut treba prapisac' jasche cely sherah dadatkovykh momantau, alie na heta zaraz niama chasu], to heta: pryvatyzacyja pa skhiemie "kozhnamu hramadzianinu pa adnoj akcyi kozhnaha pradpryjemstva" + fondavy rynak z admyslovymi dadatkovmi miekhanizmami ...


Імя:: drakakhrust
05.02.2008 14:08

to Палёт палітычнай сьцервы А чаму Вы так хваравіта рэагуеце на нявінную іронію? З прычыны Вашай суровай антыбуржуазнасьці? Дарэчы, падруга Абрамовіча Дарья Жукава - дачка москоўскага нафтавага мільянэра. А калі гэта каханьне? Яе "прадажнасьць" ўяўляецца відавочнай толькі ў межах Вашых рэвалюцыйных поглядаў. Я, між іншым, не зразумеў сутнасьць Вашага адказу на пытаньне пра яхты. Вы лічыце, што іх заслугоўваюць ўдарнікі дэмакратычнага капіталізму? Што да "задачаў дэмакратычнага корпусу", то сказана да Вас і значна прыгажэй: "Долой литераторов беспартийных! Долой литераторов сверхчеловеков! Литературное дело должно стать частью общепролетарского дела, "колесиком и винтиком" одного-единого, великого социал-демократического механизма, приводимого в движение всем сознательным авангардом всего рабочего класса".


Імя:: Валеры Грыцук
05.02.2008 18:00

Відавочна, што спадар Дракахруст добра ведае наследие т.В.И.Ленина. Але мае рацыю " Палёт..". Заўсёды рэальна справы робяць не массы, не 10000 чыноўнікаў і г.д. Больш таго, ТРЭБА імкнуцца ДА ІДЭАЛЬАГА, ДА СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ. Дзіўна, але вы забыліся на функціі масс-медыя, чэсна абраных дэпутатаў ( і мясцовых), якія могуць пракантраляваць прыватызацыю пры абуджэньні народу. Навошта вы прапагандуеце з "цёплай" і дэмакратычнай Прагі і ўтульнага месца песымізм і бездзейнасьць? Гэта для чаго?


Імя:: Палёт палітычнай сьцервы
05.02.2008 23:37

сп.Дракахруст мяне зусім не цікавяць эратычныя фантазіі Ромы Абрамовіча. Гэтаксама і ягоныя вычварэнствы з яхтамі і міні-субмарынамі. Сам факт нараджэньня расейскім крымінальным капіталізмам такіх гратэскавых a La Бэндер-пэрсанажаў яскрава сьведчыць пра саўковы характар нашых усходніх суседзяў. Яны, бадай, як дзеці... Я спадзяюся, што вамі згаданыя яхты, гэта вобраз нейкага супэршыкоўнага жыцьця вельмі багатых нуварышаў, якія нарэшце накраліся і дарваліся да казіно і куршавэляў ? Дык вось духам Вэбэра, вы і сам разумееце тут не тхне ані блізка. А тады навошта вы, седзячы за мікрафонам РС, прапануеце нам сумніцельныя экзэрсісы з жыцьця і мрояў блатной публікі? Прычым так рупліва ўбіваеце мэнтальны цьвічок: "па справядлівасьці немагчыма ў прынцыпе." Вось такім чынам і дыскрэдытуецца ўсялякае змаганьне за свабоду і сацыяльную справядлівасьць. Бо кралі пры саветах,крадуць пры Лукашэнку, будуць красьці пры кожных наступных урадах. Тое, што чалавецтва -сапсаванае грахом мы і без вас ведаем. Тэалогія або антрапалогія , здаецца не ваша прафесія ? А якая - ваша? Журналістыка? Дык вось і заняліся б вы папулярызацыяй сацыялагічных ідэяў "пратэстанцкай этыкі капіталізму" таго ж вялікага Макса Вэбэра. Крэатыву было б больш... Слабо вам?


Імя:: drakakhrust
06.02.2008 03:03

Неяк ціхія радасьці сп-ра Абрамовіча парушылі спакой Вашай душы. Калі, як заўважыў спадар Грыцук, я спадчыну Леніна крышачку ведаю, то Вы ёй натхняецеся, магчыма, не ўсьведамляючы гэтага. Адсюль і Вашае абурэньне забавамі сп-ра Абрамовіча (“твоим потом жиреют обжоры”), і сьвятая ўпэўненасьць, што такія вялікія грошы абавязкова накрадзеныя (“чтоб в игре биржевой они совесть и честь продавали”). А можа выбітным прадпрымальніцкім талентам заробленыя, якога няма ні ў Вас, ні ў мяне, нягледзчы на веданьне Вебэра? Мяне асабіста справядлівасьць падзелу яхтаў на Карыбах наагул не цікавіць, хто імі валодае, хай і валодае. Але Вашая рэакцыя падцьвяржае як раз маю тэзу, што шмат каго справядлівасьць гэтага падзелу вельмі моцна хвалюе. Па-просту гэта называецца зайздрасьцю і ня вельмі стасуецца з ідэаламі дэмакратычнага капіталізму, якім Вы гэтак адданы. Я, дарэчы, так і не зразумеў, як Вы-та хацелі яхты па справядлівасьці падзяліць? З Вашага апошняга посту я так зразумеў, што калі ўзнікаюць пасеяныя мною сумневы ў магчымасьці справядлівага падзелу менавіта гэтага дабра, то адразу ж “дыскрэдытуецца ўсялякае змаганьне за свабоду і сацыяльную справядлівасьць”. Але наагул мой опус тычыўся крыху іншай праблемы: якім чынам, празь якія сацыяльныя мэханізмы адбудуцца ці ўжо адбываюцца перамены ў Беларусі, не таго, ці можна, скажам, правесьці справядлівую прыватызацыю, а таго, да якіх наступстваў прывядзе цяперашняя прыватызацыя. Чаму Вы, дарэчы, лічыце, што разгул – асаблівасьць менавіта гаспадароў жыцьця нелюбімай Вамі Расеі? А іх украінскія калегі паводзяць сябе, як сапраўдныя вэбэраўскія носьбіты духу капіталізму? А айчынныя нуварышы за плотамі сваіх дамоў толькі і думаюць, як кожную капейчыну ўкласьці ў справу? Ім проста разгарнуцца ў задавальненьні іх разгульных патрэбаў няма дзе. І калі Лукашенка ім гэтую магчымасьць дасьць, цалкам магчыма, што з цягам часу, калі пра іх забавы будуць пісаць, як пра цяперашнія забавы Абрамовіча, яны нарвуцца на праведны народны гнеў. Вашая рэакцыя на Абрамовіча паказвае, што гэтая другая палова схемы гатовая. Прычым самыя разумныя з гэтых гаспадароў жыцьця гэты гнеў падтрымаюць, а можа нават і ўзначаляць. А наконт такого аксімарону, як “крэатыўная папулярызацыя” чаго б то ні было, то мне ня толькі слабо, я нават і ўявіць гэта сабе не магу.


Імя:: Палёт палітычнай сьцервы
06.02.2008 12:15

Сп.Дракахруст я прасіў бы вас трымацца нейкага этычнага дэкоруму і пазьбягаць мухляваньня ў рамах палемікі("радасьці сп-ра Абрамовіча парушылі спакой Вашай душы","Па-просту гэта называецца зайздрасьцю", etc.). Шукаючы аргуманты, не прыпісвайце апанэнтам вашых прыдумкаў,please: ("Чаму Вы, дарэчы, лічыце, што разгул – асаблівасьць менавіта гаспадароў жыцьця нелюбімай Вамі Расеі? А іх украінскія калегі... А айчынныя нуварышы за плотамі сваіх дамоў...") Адылі павернемся да тэмы вашага "опусу": "...да якіх наступстваў прывядзе цяперашняя прыватызацыя." Вы прэтэндуеце на статус нейкага сейбіта-першаадкрывальніка сацыяльнага пэсымізму: "пасеяныя мною сумневы ў магчымасьці справядлівага падзелу". Супакойцеся,сп.Дракахруст,аўтары і пасьлядоўнікі вядомага крэдо "кожнаму - сваё" існавалі задоўга да вас.Ёсьць яны і цяпер. Крымінальная прыватызацыя,што адбываецца на постсавецкх тэрыторыях стала магчымай толькі дзякуючы мэнтальнаму інфантылізму насельніцтва, якое не магло не стаць аб"ектам для маніпуляцыяў з боку крымінальнай улады і прадажнай журналістыкі(лепш называць такія СМІ - Сродкі Масавай Дэзы,СММаніпуляцыі). Бальшавіцкі палітычны досьвед - (пошта,тэлеграф,тэлефон, ЧК) выкарыстоваецца на поўную катушку. Так я разумею,што вы падзяляеце канцэпцыю: "зло,як несправядлівасьць, угрунтаваная ў прыродзе чалавека" і такім чынам прадукуецца ва ўсе сфэры грамадства - сацыяльную,палітычную,гаспадарчую? А гэта значыць,што ўсё дазволена. І чаму разумным журналюгам з абслугі не пакарыстацца пладамі "легітымнай злачыннасьці" гэтага сьвету? Тым больш,што ў вашых практыкаваньнях існуючае ліха пераліваецца ў такое ж цынічнае ліха і так бязконца: "...і адбываецца “каляровая рэвалюцыя” – калі, можа, і ня менш цынічныя, чым іх калегі, прадстаўнікі ўладнай эліты накіроўваюць народнае абурэньне несправядлівасьцю на сваіх менш разумных калегаў."


Імя:: uzrushany chytach
06.02.2008 14:08

to Палёт палітычнай сьцервы: ja pieraprashaju za umiashal'nictva u vash dvuboj sa sp. Drakakhrustam. Ci dazvol'cie skiravac' khoc' kol'ki adsotkau pary, jakuju vy vypuskajecie, u in'shaje rechyscha? Kali tak, to adkazhycie, kalilaska, ci zhodnyja vy z tezaj, jakuju sp. Drakhrust ahuchyu vyshej:"для реалізацыі ідэальнай мадэлі прыватызацыі патрэбны як мінімум ідэальны, ў духу Макса Вэбэра, чынавенскі апарат: чысты ад карупцыі, дысцыплінаваны ня страхам, а ідэяй дзяржаўнага служэньня, здольны супрацьстаяць ціску моцных лябістаў і пры гэтым надзвычай кампэтэнтны"?

Камэнтары 1-16 (з 16)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks