Блогі / Юры Дракахруст

Бяз нас-2 альбо “пайшлі вы ўсе…”

08.01.2008 18:37

Не, гэта ня вам, паважаныя чытачы. Дакладней, не ад мяне.


На пачатку новага году літоўскі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) вывесіў на сваім сайце дадзеныя і аналіз свайго сьнежаньскага апытаньня ў Беларусі. Там шмат цікавага, але маю ўвагу прыцягнулі яшчэ не апублікаваныя вынікі таго самага дасьледаваньня, пра якія я даведаўся і якія тычацца важнай і нечаканай структурнай асаблівасьці беларускага грамадзтва. Зразумела, у першую чаргу людзей цікавяць рэйтынгі – як там народ ставіцца да Аляксандра Рыгоравіча. Але рэйтынг – рэч кан’юнктурная, як вынікі бягоў прусакоў, сёньня рэйтынг падняўся, заўтра ўпаў, ды і ў падзеньні рэйтынгу пасьля скачка інфляцыі і скасаваньня льготаў нічога нечаканага няма.

Нечаканасьць – у адкрыцьці вялікай групы насельніцтва зь вельмі дзіўнымі якасьцямі.

Сацыёлягі задавалі пытаньне пра тое, давяраюць ці не давяраюць апытаныя розным грамадзкім і дзяржаўным інстытутам: ад прэзыдэнта і праваслаўнай царквы да апазыцыі і незалежных СМІ. А потым паспрабавалі клясыфікаваць апытаных паводле іх адказаў.

Адной групай такіх апытаных аказаўся клясычны апазыцыйны электарат – тыя, хто не давярае ўладным інстытутам ад кіраўніка дзяржавы да міліцыі і мясцовых саветаў, але мае даволі вялікі давер да незалежных мэдыяў, свабодных прафсаюзаў, праваабарончых арганізацый і нават апазыцыі. Другая група – адданыя прыхільнікі ўлады, сярод іх давер да дзяржаўных установаў – вышэй няма куды. Нарэшце трэцяя група – таксама прыхільнікі ўлады, але памяркоўныя, яны больш за ўладу, чым за альтэрнатыву, але шмат ацэнак – блізкія да нуля. Здаецца, пакуль усё паводле вядомых схемаў: ёсьць тыя, хто за, тыя, хто супраць, ну і “балота”, якое хутчэй за, чым супраць.

Але гэта ня ўсё. Ёсьць яшчэ адна група, каго сацыёлягі назвалі “адчужанымі”, якая вызначаецца татальным, надзвычайным недаверам да ўлады ва ўсіх яе праявах, але разам з тым настолькі ж татальна гэтыя людзі не давяраюць і любой альтэрнатыве, ня толькі апазыцыі, але і незалежным СМІ, праваабаронцам, свабодным прафсаюзам – усім.
Фактычна гэтыя людзі адмаўляюць у даверы грамадзтву, у якім яны жывуць, у цэлым, яно ўсё, як такое, чужое ім і яны чужыя яму.

Гэта як пытацца ў чалавека, які ненавідзіць футбол, якая каманда яму больш падабаецца, за каго ён заўзее – ды ні за каго, ён самую гэтую гульню цярпець ня можа. А ў дадзеным выпадку размова ну калі не пра нянавісьць, то пра нешта подобнае, усё ж недавер – рэч сур'ёзная, гэтыя людзі ня проста ставяцца абыякава да ўсіх грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў. І тут размова ня толькі пра палітыку, скажам, зь міліцыяй, мясцовай уладай, судамі звычайныя людзі сутыкаюцца ня толькі і ня столькі ў сувязі з выказваньнем сваіх палітычных поглядаў. І такіх “адчужаных” – ня пару адсоткаў, а прыкладна кожны пяты, прыкладна столькі ж, колькі і апазыцыйнага электарату.

Дарэчы, наяўнасьць такой катэгорыі была зафіксаваная сацыёлягамі і ў Расеі (гл. напрыклад тут) . Сьведчаньне таму – даволі шырокая папулярнасьць там галасаваньня “супраць усіх”, пакуль адпаведная опцыя ў бюлетэнях не была адмененая законам.

Некалькі гадоў таму мудры Валянцін Акудовіч напісаў горкі артыкул “Бяз нас”. У ім – роспач актыўнага ўдзельніка грамадзскага працэсу ад таго, што дарагія яму ідэі не ўспрымаюцца (ці недастаткова ўспрымаюцца) грамадзтвам. Назву артыкулу “адчужаныя” маглі б палічыць сваім жыцьцёвым дэвізам, але ўкладаючы ў яго зусім іншы сэнс: ня роспач ад паразы ў гульні, а грэбаваньне самай гульнёй – “ды пайшлі вы ўсе”, як і было сказана.

Беларускай апазыцыі часта закідаюць няздольнасьць скансалідаваць хаця б тых, што супраць улады. Закід, можа, і справядлівы, але наяўнасьць “адчужаных” спараджае глыбокі сумнеў у тым, ці можна зьдзейсьніць такую кансалідацыю ў прынцыпе. Людзей, якія адмаўляюць у даверы грамадзтву ў цэлым, наўрад ці можа прывабіць якая б то ні было зьмена вобразу апазыцыі, хай яна хоць на галаву ўстане.

Дарэчы, дадзеныя апытаньня НІСЭПД даюць пэўнае ўяўленьне пра тое, да чаго схільныя “адчужаныя”: гэтая група аказваецца самай неталерантнай адносна ўсіх без выключэньня этнічных меншасьцяў – ад расейцаў да ўраджэнцаў Паўдзённа-Ўсходняй Азіі. Што і натуральна: ня церпячы, не прызнаючы свайго грамадзтва, з чаго б гэтым людзям цярпець чужакоў? Выглядае, што калі гэтых людзей і можна завабіць у палітыку, то толькі на помсту - помсту ўсім.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-9 (з 9)
Імя:: Michal Zaleski Горад:: Mensk
08.01.2008 19:15

Знайшлі сякеру пад лаўкай... Гэта ж самыя звычайныя беларусы, вынік адраджэньня нацыі.


Імя:: drakakhrust
08.01.2008 23:12

Міхась, а астатнія - хто за ўладу, хто за альтэрнатыву, і хто ні тое ні сёе, хіба яны незвычайныя? Іх разам 80%.


Імя:: Michal Zaleski Горад:: Mensk
09.01.2008 19:25

Безумоўна. Вы у тых 80 адсоткаў яшчэ пра сэнс жыцьця спытайцеся і яны вам скажуць, што сэнс ёсць. Але гадоў праз 20 ўсе стануць звычайнымі.


Імя:: Іннакенцій Альгердавіч Горад:: San Francisco
10.01.2008 01:24

15% амерыканцаў вераць, што краінай кіруюць іншапланетныя гуманоіды-іллюмінаці, прыняўшыя чалавекападобную форму - і нічога... Дарэчы, калі тыя 20% усіх на ... - і бухаць/красці - гэта адно, а калі ўсіх на... - і негладзячы ні на што і каго працаваць, зарабляць грошы любымі шляхамі(і не самымі законнымі з пункту гледжання нашага надзвычай дасканалага заканадаўства) сабе ды сваім блізкім на жыццё - дык гэта ўжо, як кажуць у Адэссе, дзве вялікія розніцы.


Імя:: Леанід Горад:: Minsk
10.01.2008 10:15

Параю чытаць Юрыя Станкевіча. Беларусаў можна назваць апошнімі тубыльцамі Еўропы. На сайце НН абмеркаваньне - чаму ў беларусаў у арміі мянушка "бульбаш" не выклікае пратэсту. Чаму няма там беларускага зямляцтва. Ды таму, што нацыя не дарасла хоць бы да стану туркменцаў і узбекаў. Беларусы нагадваюць Вождя ў фільме "Пралетаючы над зязюліным гняздом". І нездарма такое шчыльнае сяброўства між індзейцамі Венесуэлы і тубыльцамі Еўропы.


Імя:: кінік
10.01.2008 19:13

Блогі Бяз нас-2 альбо “пайшлі вы ўсе…” Юры Дракахруст: “На пачатку новага году літоўскі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) вывесіў на сваім сайце дадзеныя і аналіз свайго сьнежаньскага апытаньня ў Беларусі. Там шмат цікавага, але маю ўвагу прыцягнулі яшчэ не апублікаваныя вынікі таго самага дасьледаваньня, пра якія я даведаўся і якія тычацца важнай і нечаканай структурнай асаблівасьці беларускага грамадзтва. Нечаканасьць – у адкрыцьці вялікай групы насельніцтва зь вельмі дзіўнымі якасьцямі…,каго сацыёлягі назвалі “адчужанымі”, якая вызначаецца татальным, надзвычайным недаверам да ўлады ва ўсіх яе праявах, але разам з тым настолькі ж татальна гэтыя людзі не давяраюць і любой альтэрнатыве, ня толькі апазыцыі, але і незалежным СМІ, праваабаронцам, свабодным прафсаюзам – усім. Фактычна гэтыя людзі адмаўляюць у даверы грамадзтву, у якім яны жывуць, у цэлым, яно ўсё, як такое, чужое ім і яны чужыя яму. Некалькі гадоў таму мудры Валянцін Акудовіч напісаў горкі артыкул “Бяз нас”. У ім – роспач актыўнага ўдзельніка грамадзскага працэсу ад таго, што дарагія яму ідэі не ўспрымаюцца (ці недастаткова ўспрымаюцца) грамадзтвам. Назву артыкулу “адчужаныя” маглі б палічыць сваім жыцьцёвым дэвізам, але ўкладаючы ў яго зусім іншы сэнс: ня роспач ад паразы ў гульні, а грэбаваньне самай гульнёй – “ды пайшлі вы ўсе”, як і было сказана”. Радыё «Свабода» 08.01.2008 Бяз нас-3 альбо “прывітаньне…” Алесь Анціпенка: “праблема палягае і ў тым, што большасьць цяперашняга беларускага грамадства зусім не жыве паводле таго самага палітычнага каляндара, які прапануюць ці навязваюць яму ці то ўлады, ці то апазіцыя, ці то ўлада і апазіцыя разам. Большасьць насельніцтва, як кажуць філёзафы, жыве ў іншай тэмпаральнасьці і зусім іншымі падзеямі. Тое азначае, што ў нашым грамадстве адбыўся яшчэ адзін зрух:а менавіта, калі ня большасьць, дык ладная частка беларускага грамадства аднолькава старонне ставіцца зараз як да ўлады, так і да палітычнай апазіцыі. Тое азначае, што найбольш істотныя зьмены ў беларускім грамадстве адбыліся не ў сістэме палітычных каардынат і не ў стаўленьні да феномэна беларускай палітыкі (хаця і тут зьмены, безумоўна, мелі месца), а ў рэчышчы грамадзянскай самаідэнтыфікацыі і жыцьцёвых перспектываў, не зьвязаных з палітыкай, а таксама ў рэчышчы прыватнага і індывідуальнага стаўленьня да сітуацыі ў краіне. Па вялікім рахунку, сьвядомасьць людзей, якія ўжо інакш успрымаюць сітуацыю ў краіне, не належыць ніводнаму з палітыкаў. У тым ліку і А. Лукашэнку. Яны не ідэнтыфікуюць сябе ні з уладай, ні з апазіцыйнымі палітычнымі структурамі. У рэальнасьці гэтыя людзі ўяўляюць зь сябе дысперсную групоўку, хаця іх (публічна не заманіфеставанае) стаўленьне да сёньняшняй беларускай сітуацыі, у тым ліку і палітычнай, – аднолькава негатыўнае. Пасьля прэзідэнскіх выбараў 2001 г. значная маса беларускага насельніцтва зрушыла зь мёртвай кропкі і «пусьцілася ў вольнае плаваньне». Ня маючы рэальных магчымасьцяў для самарэалізацыі ані ў палітычнай, ані ў публічнай прасторы яна аддае перавагу індівідуальным праектам свайго ўласнага жыцьця над калектывісцкімі. Адбываецца гэта паводле прыкладна такога прынцыпу: «Ды пайшлі вы ўсе на хрэн, не замінайце жыць». Сайт “Наше мнение” 03.02.06


Імя:: drakakhrust
11.01.2008 12:32

to кінік Дзякуй за спасылку, але справа, па-першае, ў прапорцыях - "калі ня большасьць, то ладная частка" і 20%, гэта розныя рэчы. Па-другое, тыя, пра каго пісаў Алесь, "не ідэнтыфікуюць сябе ні з уладай, ні з апазіцыйнымі палітычнымі структурамі". Тыя, каго вызначылі экспэрты НІСЭПД і пра каго пішу я,"у труне бачылі", ня толькі апазыцыю, але і незалежны друк, NGO's і ўсю астатнюю прыгажосьць грамадзянскай супольнасьці. Гэта не зусім палітычныя сфэры. Але тое, што "ды пайшлі вы ўсе на хрэн" - капірайт Алеся, прызнаю. Дарэчы, можа мы тут моцна перабольшваем сваю унікальнасьць. Вэрсія Леаніда - адчужаныя як вынік браку нацыянальнай сьвядомасьц, вынік тубыльнасьці, напрошваецца, але наколькі яна адекватная? Я прывёў спасылку на расейскія крыніцы, там такі фэномен таксама існуе, пры тым што расейская масавая сьвядомасьць якая заўгодна, але не тубыльная. Я не выключаю, што наяўнасьць адчужаных - наагул канстанта мадэрных грамадзтваў, можа, прычына таго, што гэта ёсьць і ў Беларусі і ў Расеі - у тым, што менавіта яны - самыя ўрбанізаваныя краіны рэгіёну.


Імя:: Лёкса
11.01.2008 13:55

"Людзей, якія адмаўляюць у даверы грамадзтву ў цэлым, наўрад ці можа прывабіць якая б то ні было зьмена вобразу апазыцыі, хай яна хоць на галаву ўстане." Праблема якраз і палягае ў тым што апазіцыя зьмяняе свой вобраз, але ня сутнасьць. Абвінавачваем уладу, што яна "праядае" крэдыты і інвестыцыі. Тое самае робіць і апазіцыя, праядаючы "інвестыцыі" Захаду. І там і там бюракратыя і кланавасьць. Хіба што лёзунгі розныя. Тобок сутнасьць аднолькавая, вопратка розная.


Імя:: Leanid Горад:: Minsk
11.01.2008 17:55

My friend and me have meet one interesting man. We have told about ten ours about the history, culture, nobility ... A week later I remember my friend about the ideas of Pan Skirhaila. And a friend of mine told me that the name of this man is Pan Skrihaila. It is definitely so. A few days later I have told the friend of mine: "You are wrong. See, there is an article about Pan Skirhaila: http://www.sb.by/print.php?articleID=24757 " An answer of the was very interesting one. The answer was:"Do you trust the information from the newspaper "Sovetskaja Belorussija" ??!!" A friend of mine trusts the articles of "Nasha Niva". But of course we can see that there are people, that untrust any information from state sources and vice versa. Of course there are many many people, that not trust any mass media (irrelevant state or independent). This is a good base for seeking and finding the elements of plots. This is a very rudimentary trend. When people think, that the information may be inserted in the mind bypass the control of ratio. The people think, the nation may be "zombified" A friend of mine is a very clever man. But... ,but...

Камэнтары 1-9 (з 9)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks