Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вёскі вяртаюць гістарычныя назвы


Вячаслаў Кулік, Менск Тапанімічная камісія Нацыянальнай акадэміі навук нядаўна распаўсюдзіла зьвесткі, што з 25 тысяч вёсак Беларусі прыкладна адна траціна мае зьмененыя за савецкім часам назвы. Камісія зьвяртае ўвагу, што асаблівы бум перайменаваньняў прыпаў на 1964 – 1967 гады, хаця працэс працягваўся аж да 1980-х. Цяпер ёсьць праявы адваротнага працэсу. Некалькім дзясяткам паселішчаў вернутыя гістарычныя назвы.

Сябра тапанімічнай камісіі, прафэсар Валянціна Лемцюгова гаворыць, што ініцыятывы аб перайменаваньні праходзяць надзвычай цяжка:

(Лемцюгова: ) “Каб перайменаваць іх, трэба прайсьці складаную працэдуру. Вельмі цяжка гэта даецца, таму што перайменаваньне – толькі са згоды мясцовага насельніцтва і ўладаў”.

На пытаньне, хто зьяўляецца ініцыятарам перайменаваньняў, Валянціна Лемцюгова перадусім называе навукоўцаў, пісьменьнікаў, журналістаў. Гаворыць таксама пра нераўнадушных настаўнікаў, спэцыялістаў сельскай гаспадаркі, культработнікаў.

Цяпер, напрыклад, ініцыятыўная група ў мядзельскай вёсцы Нарач змагаецца за тое, каб вёсцы вярнулі гістарычную назву – Кабыльнік.

Расказвае паштальёнка Ніна Кароткая:

(Кароткая: ) “Мы па звычцы гаворым сваім на тэлеграфе: “Гэта Кабыльнік”. Маем моду такое слова сказаць. Усім больш зразумела. Бо гэта наша вёска, а Нарач – суседні курортны пасёлак. Хаця і там раней была Купа. Не курортны пасёлак, а Купа”.

Ніна Кароткая ўдакладняе, што ў пісьмовых дакумэнтах гандлёвае месца Кабыльнік згадваецца ад XV стагодзьдзя. Пяць разоў на год там адбываліся конныя кірмашы. Працавалі касьцёл, царква, сынагога, крамы, карчма, паштовая станцыя.

Адначасова мясцовыя людзі адмаўляюцца ад прапановы Менскага аблвыканкаму надаць вёсцы статус гарадзкога пасёлку. Сытуацыю тлумачыць намесьніца старшыні сельсавету Людміла Аблам:

(Аблам: ) “У нас прапісана 2,5 тысячы чалавек. Вёска мае 35 вуліц. Мы можам быць гарадзкім пасёлкам. Але настаўнікі, бацькі і вучні – супраць. Пры паступленьні ў навучальныя ўстановы дзеці атрымліваюць дадатковыя два балы”.

***

Тое, што цяпер ёсьць магчымасьць вярнуць вёсцы ранейшую назву, пацьвярджае гісторыя беларускага Парыжу. 18 ліпеня гэтага году дэпутаты Пастаўскага райсавету аднагалосна прынялі рашэньне вярнуць вёсцы Навадруцк назву Парыж. Расказвае карэнная жыхарка Алена Васілевіч:

(Васілевіч: ) “Сам Напалеон Банапарт даў гэтую назву ў 1812 годзе 18 ліпеня ў 12.30. Гэта дакладны час, калі Напалеон назваў наш Парыж Парыжам”.

Суразмоўніца мае прэтэнзіі да ўлады. Як кажа Алена Васілевіч, 33 гады таму камуністы зьмянілі назву вёскі, а пасьля вынішчалі там усё, што нагадвала пра далёкую гісторыю:

(Васілевіч: ) “Вось цяпер улады што натварылі! Сталоўку зачынілі, шпіталь таксама. Насьмешку зь людзей робяць. У нас дзіцячы садок, школа, мэдычны пункт, аптэка. Ну ўсё, што трэба для аграгарадка, якія цяпер уводзяць у моду. Дык наш разбураюць, а недзе будуюць новыя. У Літве хутар: тры сям’і жывуць – Парыж! І ў іх ёсьць Эйфэлева вежа, Элізэйскія палі. У нас у Беларусі – гэта яшчэ ў 1973 годзе было – не падабаўся панскі маёнтак. Ну і што, што яно панскае? Ад яго нічога не засталося! Цяпер аднаўляем фрагмэнты, дык пытаюся ў найстарэйшых: колькі вокнаў было ў палацы з аднаго боку, другога і трэцяга?”

А што думаюць пра зьмену назвы вёскі іншыя дасьведчаныя людзі? Гаворыць супрацоўніца Пастаўскага краязнаўчага музэю Лідзія Невар:

(Невар:) “Магчыма, што гэта нейкі цікавы момант. Людзям цікава. “Нарадзіўся дзе?” – “У Парыжы!” Але ў нас свая гісторыя. Навошта нам заваёўніка ўхваляць?”

Слова – кіраўніцы справаў Пастаўскага райвыканкаму Вользе Мышко:

(Мышко: ) “Да прыкладу, даведкі гэтыя... Для людзей іх вельмі шмат давядзецца шукаць. “Дзе ты працаваў?” – “У Навадруцку”. – “Навадруцка няма!”

У пастаўскім Парыжы на сёньня 375 жыхароў. Прыблізна кожны пяты – зь іншых мясьцінаў, як, напрыклад, Галіна Вяршыніна.

(Вяршыніна: ) “Мне бяз розьніцы. Я не адсюль родам. Па-мойму, Навадруцк лепш нават гучыць”.

Зьвяртаюся да вядомага ў Беларусі ксяндза Ёзаса Булькі. Сьвятар Мосарскага касьцёлу на Глыбоччыне пераконвае, што апякуецца цяпер пастаўскім Парыжам:

(Булька: ) “Каля лякарні будзем рабіць бульвары. Напісаў прэзыдэнту, ён аддае гандлёвы цэнтар, што развальваецца. Там будзе плябанія. Будзе заля для вывучэньня катэхізісу і будзе касьцёл. Дзе цяпер касьцёл, там будзе музэй Яна Паўла ІІ”.

***

Прыкладаў вяртаньня гістарычнай тапанімікі цяпер хапае ці ня ў кожнай вобласьці. Нядаўна жыхары вёскі Нёман Узьдзенскага раёну вярнулі ранейшую назву паселішчу – Магільнае. Менавіта гэтая назва згадваецца ў старажытных летапісах, дарэвалюцыйнай і савецкай навуковай літаратуры як месца бітвы войска Вялікага Княства Літоўскага ў ХІІІ стагодзьдзі з мангола-татарскімі заваёўнікамі. Чужынцы былі разьбітыя.

Перайменаваньня вёскі Вішнявец у Гавязну патрабуюць у Стаўпецкім раёне. Гаворыць каардынатар гэтай ініцыятывы, беларускі эколяг і журналіст Валеры Дранчук:

(Дранчук: ) “Мы вяртаем гістарычную назву на месца. Ну, скажам, у Горадні цяпер ёсьць мікрараён Вішнявец. У Расеі Вішняўцоў чорт ведае колькі. А Гавязна – адзіная! Гэта нават такая навуковая інтрыга”.

Паводле Валер’я Дранчука, створаны пры мясцовай школе ансамбль носіць імя “Гавязьняначка”. Дранчук кажа, што ня дасьць выкрасьліць з людзкой памяці гэтай назвы тамтэйшая рэчка Гавязянка.

Таксама на патрабаваньне жыхароў вёска Дзіўная Лужкоўскага сельсавету на Віцебшчыне набыла ранейшую назву – Гарадзец.

Магчыма, што і ля Воршы насельніцтву тамтэйшай вёскі Краснаполец удасца аднавіць гістарычную справядлівасьць. Першы на гэтым месцы хутар меў назву Амэрыка.

Адзначу яшчэ вяртаньне назвы вёскі Юркаўшчына, якая на Случчыне ад 1939 году насіла імя Чапаева.

У Гомельскай вобласьці паселішчу вернута спрадвечная назва Ленін (існавала ад 1582 году) замест найменьня Леніна, якое памылкова зьвязвалі з правадыром рэвалюцыі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG