Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вярніце забойцаў у турму!”


70 жыхароў вёcкі Пухавічы Жыткавіцкага раёну накіравалі заявы прэзыдэнту, у Генэральную і Гомельскую абласную пракуратуры, Савет бясьпекі. Яны патрабуюць, каб забойцы аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, які падазраваўся ў падпалах, былі пакараныя на падставе закону і да суду знаходзіліся пад арыштам.


Мясцовыя жыхары абураныя тым, што забойцы адпушчаныя пад хатні арышт. У калектыўнай скарзе яны зьвяртаюць увагу на тое, што ў кожнай вёсцы ёсьць свае ізгоі, але гэта не азначае, што ўсіх раней судзімых, калі яны й учынялі нешта супрацьпраўнае, трэба забіваць.

Трое жыхароў Пухавічаў, якія спрычыніліся да забойства, былі адпушчаныя са сьледчага ізалятару на падставе асабістага распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Адзін з вызваленых з-пад варты, Ігар Макарэвіч, распавёў нашаму радыё, што не спадзяваўся на такі хуткі паварот лёсу:

“Вядома, не спадзяваўся. Але ўся вёска паднялася. Пачалі паўсюль расказваць, што ён тут рабіў, пісаць у вышэйстаячыя органы. Гэтак дайшло да прэзыдэнта, і мы апынуліся дома. Пакуль. Так, я вельмі яму ўдзячны, што разабраўся, падышоў з чалавечага боку да таго, што тут было, што адбывалася, калі гэты ўсіх на вушы ставіў”.

Тым часам сьледзтва сьцьвярджае, што раней з просьбай у вышэйшыя інстанцыі на вызваленьне трох абвінавачваных падпісваліся ў асноўным іхнія сваякі. Зараз, сапраўды, паднялася ўся вёска. Міліцыя засьведчыла, што адзін з абвінавачваных парушаў рэжым хатняга арышту — быў у стане алькагольнага ап’яненьня.

Выявілася таксама, што саўдзел у забойстве брала мясцовая жыхарка. Яна цяпер адбывае пакараньне абмежаваньнем волі за наўмыснае раненьне нажом свайго сужыцеля. Жанчына, як і іншыя саўдзельнікі забойства аднавяскоўца, знаходзіцца цяпер пад хатнім арыштам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG