Палітыка

Севярынец: Расколу “Маладога фронту” ня будзе

07.10.2008 18:23

“Праблема ў тым, што не сышліся характарамі два хлапцы. З дапамогай некаторых дабрадзеяў і спэцслужбаў сытуацыя была даведзеная да кіпеньня”.


Незарэгістраваная арганізацыя “Малады фронт” перажывае чарговы ўнутраны крызыс. Лідэры “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, былыя палітвязьні, не знайшлі паразуменьня наконт некаторых аспэктаў дзейнасьці гэтай моладзевай структуры.

Унутраны канфлікт паміж старшынём “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам і ягоным намесьнікам Артурам Фінькевічам стаў здабыткам галоснасьці. Журналісты атрымалі два прэс-рэлізы. Адзін — пра тое, што Артур, згодна з рашэньнем Сойму арганізацыі, зьняты з пасады намесьніка старшыні. З другога прэс-рэлізу вынікала, што дзейнасьць і Фінькевіча, і Дашкевіча на кіраўнічых пасадах прыпынена да пачатку зьезду, які адбудзецца напрыканцы месяца.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч абвінавачвае Артура Фінькевіча ў дэструктыўнай дзейнасьці, якая можа пацягнуць за сабой раскол арганізацыі:

“Артур Фінькевіч зьбіраўся правесьці фіктыўны зьезд. Шукаў дэлегатаў, любых людзей, якія б змаглі яго на зьезьдзе падтрымаць. Калі зразумеў, што ня ўдасца, пачаў ствараць нейкія ініцыятывы і арганізацыі. Яму была вынесена строгая вымова, але ён не адступіўся ад сваёй дзейнасьці.

Калі стала зразумела, што інтрыгі такіх людзей, як Дранчук і Фінькевіч, ніхто не падтрымае, ён пачаў заяўляць, што працуе на развал арганізацыі і на зьезьдзе абвесьціць пра выхад шмат якіх структураў”.

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч, у сваю чаргу, абвінавачвае Зьмітра Дашкевіча ў таталітарных замашках.

“Усё гэта адбылося толькі таму, што ёсьць два бакі бачаньня разьвіцьця “Маладога фронту”. Адзін бок — бок Дашкевіча — больш агрэсіўна настроены. Дашкевіч хоча захаваць месца старшыні арганізацыі і вынішчыць любое іншадумства.

У яго зьявіліся таталітарныя замашкі. Насамрэч, калі мы змагаемся за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, лічу, што мы ня маем права быць такімі ж, як Лукашэнка, у тых ці іншых момантах. Спадзяюся, што міне час, і Зьміцер стане больш дарослым, і ў яго гэта пройдзе”.

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка прыняла бок Зьмітра Дашкевіча:

“Паўгода таму я шчыра агітавала за Артура Фінькевіча як за намесьніка старшыні арганізацыі. Але Артур, сапраўды, абраў іншы шлях кіраваньня арганізацыяй. На вялікі жаль, мы натыкаліся на шматлікія непрыстойныя дзеяньні зь ягонага боку.

У Артура ёсьць людзі, якія ідуць за ім. Але гэта ня больш як 20% сяброў арганізацыі. Прапаную Артуру Фінькевічу, калі ён кажа, што будзе ствараць моладзевы рух, то сыходзіць і ствараць моладзевы рух”.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец некалькі гадоў ад пачатку стварэньня арганізацыі быў лідэрам “Маладога фронту”. Ён перажыў пяць сур’ёзных крызысаў арганізацыі і лічыць, што цяперашняя сытуацыя — звычайная рэч для моладзевай структуры.

Павал Севярынец
“Такіх крызысаў рух перажываў пяць ці шэсьць. Дзякуй Богу, “Малады фронт” заўжды захоўваўся і заставаўся наймацнейшым і найбольш масавым моладзевым рухам. Гэтак будзе і на гэты раз.

Праблема ў тым, што не сышліся характарамі два хлапцы. З дапамогай некаторых дабрадзеяў і спэцслужбаў сытуацыя была даведзеная да кіпеньня. Але цяпер, я думаю, празь некалькі тыдняў разбору завалаў, як кажуць, убачым, што насамрэч рух захоўваецца і “Малады фронт” будзе дзейнічаць, як і дзейнічаў раней”.

“Малады фронт” летась адзначыў дзесяць гадоў сваёй дзейнасьці. Сябрамі арганізацыі былі шмат якія вядомыя цяпер грамадзкія дзеячы і палітыкі. Маладафронтаўцы — адны з асноўных удзельнікаў вулічных акцый і ініцыятываў, накіраваных на адраджэньне беларускай мовы і культуры.

Сябры “Маладога фронту” — лідэры па колькасьці адбыцьця арыштаў і крымінальных спраў. Дзесяць актывістаў арганізацыі судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сябры арганізацыі ў Менску і ў рэгіёнах знаходзяцца пад пільнай увагай спэцслужбаў.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-11 (з 11)
Імя:: tt
07.10.2008 18:51

KALI INTRYGANSTA I PODKUM DELEGATAU FINKEFICHA, SEVJARYNEC NAZYVAE HARAKTARAM, DYK NE ZRAZUMELA, SHTO ZA PRYNCYPY PANUJUC U BHD.


Імя:: Чалавеча Горад:: Менск
07.10.2008 19:25

Незразумела чаму Фінькевіч стварае столькі шуміхі вакол МФа, хоча скінуць Дашкевіча, не прызнае намеснікаў і іншых ворганаў кіравання? Навошта яму гэта, калі ён хоча працаваць над нейкім новым маладзёвым рухам? Гэта паводзіны абсалютна не шчырыя, гэта паводзіны не палітычнага лідэра! І ўвогуле не палітыка. Растаньцеся сябрамі! Будзьце разумнымі! Артур, ты ж усёроўна сыходзіш у іншы Рух, тым болей, калі ён твой! :) Няўжо трэба ствараць уражанне вайны і расколу той арганізацыі, якой ты аддаў лепшыя гады жыцця? Ты ж не Дашкевічу, Шыле і Палажанцы жыццё тым самым псуеш - а псуеш імідж сваёй жа арганізацыі. Арганізацыі якая ўсёроўна будзе змагацца далей. Арганізацыі, дзе не толькі кіраўніцтва, але і звычайныя актывсіты! Ці падумаў ты, Артур пра іх? Я лічу, што, калі Фінькевіч Артур чалавек слова і адданасці сваёй справе - ён пакіне МФ у спакоі, пацісне ўсім руку- і зоймецца сваім праектам.


Імя:: Чалавеча Горад:: Менск
07.10.2008 19:43

Незразумела чаму Фінькевіч стварае столькі шуміхі вакол МФа, хоча скінуць Дашкевіча, не прызнае намеснікаў і іншых ворганаў кіравання? Навошта яму гэта, калі ён хоча працаваць над нейкім новым маладзёвым рухам? Гэта паводзіны абсалютна не шчырыя, гэта паводзіны не палітычнага лідэра! І ўвогуле не палітыка. Растаньцеся сябрамі! Будзьце разумнымі! Артур, ты ж усёроўна сыходзіш у іншы Рух, тым болей, калі ён твой! :) Няўжо трэба ствараць уражанне вайны і расколу той арганізацыі, якой ты аддаў лепшыя гады жыцця? Ты ж не Дашкевічу, Шыле і Палажанцы жыццё тым самым псуеш - а псуеш імідж сваёй жа арганізацыі. Арганізацыі якая ўсёроўна будзе змагацца далей. Арганізацыі, дзе не толькі кіраўніцтва, але і звычайныя актывсіты! Ці падумаў ты, Артур пра іх? Я лічу, што, калі Фінькевіч Артур чалавек слова і адданасці сваёй справе - ён пакіне МФ у спакоі, пацісне ўсім руку- і зоймецца сваім праектам.


Імя:: cioma
07.10.2008 20:25

Нам, беларусам, вораг не патрэбны - мы самі адно аднаго перадушым


Імя:: Ганна
07.10.2008 21:06

Столькі людзей хвалявалася за Фінькевіча тады, калі ен быў ў турме, на хіміі. Столькі людзей будзе змагацца за яго, калі з ім што дрэннае атрымаецца і ўпэўнена, што першым руку дапамогі працягне Дашкевіч, а не Круткін. Але ж разам ў "Маладым Фронце" ім не быць. Бо зараз Фінькевіч не разумее тых каштоўнасцей, якіх прытрымліваецца "Малады Фронт". Яму трэба куды-небудзь з'ехаць і паглядзець на сябе з боку. Спадзяюся, што ен убачыць сябе ў такім брудным выглядзе, што будзе вельмі сорамна за сябе, за свае паводзіны.
Дашкевіч, дарагі чалавек, трымайся. Ведаем, як зараз табе марудна і цяжка. Мы з табой! Жыве Беларусь!


Імя:: наш чалавек
07.10.2008 21:30

Цікава, а што Павал Севярынец называе характарам Финькевіча? Подкуп дэлегатаў?


Імя:: Я
07.10.2008 22:40

шум і нічога больш! нічога, акрамя шуму... пустамелі... адзін і другі.


Імя:: нехта
07.10.2008 23:38

Севярынец, што з табою?


Імя:: It's all about the money Горад:: Мамона
08.10.2008 12:16

Хлопчыку грошай сыпанулі, вось яны яму ў галоўку і стукнулі :( Зараз нойме на працу пару прыхільнікаў, абвесьціць нейкі рух (свой :)), каторы потым так жа, як ЗУБР сыйдзе ў нябыт, калі актывістам башляць зьнікне магчымасьць. А потым дзівімся, што заходнікам гэты цырк надакучае...

А яшчэ дзівімся, што няма ў аппазіцыі ўнутраных крыніцаў фінансаваньня. Бо людзям шкада якіх 50 Эўра ў месяц ахвяраваць на справу? На новы ўласны рух Фінькевічу - шкада...


Імя:: Ігар
11.10.2008 09:40

Самае страшнае, на мой погляд, што у каманды Фінькевіча, якая хоць, трэба прызнаць, зараз з'яўляецца даволі арганізаванай і ініцыятыўнай, няма глабальнай ідэі, дзеля якой варта было б ствараць новую арганізацыю.

Трэба аднак адзначыць, што і ў Дашкевіча апроч цяпер ужо не зразумелых лозунгаў няма хацяб мінімальнай праграмы дзеяння. Менавіта з-за такой ідэйнай адсутнасці і ўзнікаюць канфлікты ў арганізацыі - тады, калі няма з кім змагацца звонку.

Таму нявольна паўстае прапанова да усіх гэтых Фінкевічаў, Дранчугоў, Дашкевічаў, Палажанак і ўсіх да іх набліжаных - Ідзіце і працуйце! На карысць Беларусі, незалежнасці, свядомасці, паспалітага светапогляду, ці, на худы канец, хоць сабе нейкую карысць прынясіце, а то так і памрэце неадукаванымі і нерэалізаванымі.


Імя:: Ігар to Мамона
11.10.2008 09:47

Не зразумела толькі да канца, каму з іх сыпанулі?

Бо як Артур быў гатовы любога прыбіць за датычнасць да кола Дашкевіча, так жа сама і Зміцер над дудку Хартыі адзінаасобна улез у байкот і цэлы тыдзень яшчэ пасля 28 верасня казаў усім, што гатовы быў да рэвалюцыі, аднак... на плошчу не прыйшло амаль нікога. Бывае.. :)

Камэнтары 1-11 (з 11)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb