Палітыка

Хто дасьць грошы Лукашэнку: Масква ці Захад?

06.10.2008 16:46

Сёньня ў Менск прыбыў кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін. Ён правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, удзельнічаў у паседжаньні Савета Міністраў так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.


Рэакцыя беларускіх палітыкаў на гэты візыт і на пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Дзяніс Мельянцоў
Менскі палітоляг Дзяніс Мельянцоў зьвяртае ўвагу на дзьве тэзы Аляксандра Лукашэнкі зь ягонай размовы з расейскім прэм’ерам. Першая — саюзным дачыненьням патрэбны дадатковы імпульс. І другая — Беларусь ніколі ня будзе гандляваць дружбай з Расеяй і яе народам.

Палітоляг адзначае, што заклікі да паглыбленьня інтэграцыі ўзьнікаюць раз-пораз:

“Гэта сьведчыць пра тое, што дачыненьні знаходзяцца ў крызісе. І другое — беларускае кіраўніцтва спрабуе падвысіць свае стаўкі ў гэтым торгу з Расеяй.

Пайшлі чуткі пра тое, што Лукашэнку ў Эўропе прапанавалі да 10 мільярдаў эўра крэдыту. І цяпер беларускае кіраўніцтва чакае, каб паглядзець, што здолее прапанаваць Расея. Гэта трэба, каб вырашыць, ці варта працягваць далей курс на збліжэньне з Захадам, або варта балянсаваць усё ж дачыненьні расейскія і беларускія”.

Спадар Мельянцоў разам з тым сьцьвярджае, што зьвяртаць увагу трэба ня толькі на словы Аляксандра Лукашэнкі, але і на ягоныя дзеяньні:

“Дзеяньні гэтыя праявяцца, найхутчэй, падчас перамоваў пра газ. А яны звычайна працягваюцца ў лістападзе-сьнежні. І па тых пазыцыях, якія будуць на перамовах, будзе відавочна, якім чынам ідуць і перамовы палітычныя паміж Беларусьсю і Расеяй”.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў дзейнага скліканьня Вадзім Папоў кажа, што дачыненьні паміж дзяржавамі найперш характарызуе іхняе эканамічнае супрацоўніцтва. А тут лічбы яскрава паказваюць вялізарны плён для Беларусі ад супрацоўніцтва з Расеяй:

“Нядаўна прэзыдэнт Расеі называў лічбу — гандлёвы абарот зь Беларусьсю сёлета перавысіць 30 мільярдаў даляраў. Насамрэч ён будзе большы за 40 мільярдаў. Параўнайце — было 26 мільярдаў з паслугамі, а будзе больш за 40. Вось адказы на ўсе пытаньні тых, хто сумняваецца”.

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: сёньняшнія перамовы беларускага кіраўніцтва з Уладзімерам Пуціным яшчэ ня вызначаць цану расейскага газу для Беларусі. Сваё меркаваньне ён тлумачыць так:

“Вельмі ж шмат тут такіх чыньнікаў, якія трэба браць пад увагу. Таму што эканомікі ў гэтай цане 20—25%. А астатняе — гэта палітыка, геапалітыка. Такі расклад”.

Яраслаў Раманчук прагназуе: валютныя магчымасьці расейцаў будуць імкліва памяншацца:

“Расейцы ўжо далі 50 мільярдаў даляраў для выратаваньня сваіх банкаў. Потым яны зьбіраюцца яшчэ даць такую ж суму. Калі так пойдзе і далей, дык я думаю, што за два гады ўвесь стабілізацыйны фонд будзе патрачаны. Тым больш, што ўжо сёньня кошт нафты ніжэйшы за той, які Кудрын заклаў у бюджэт.

І, безумоўна, расейцы будуць спрабаваць рабіць тое-сёе, каб не дапусьціць, каб некаторыя краіны атрымлівалі датацыі, не даючы нават палітычных дывідэндаў для Расеі. Таму будзе ціск па Абхазіі і Асэтыі, па супрацьракетнай абароне... Гэта будзе такі шырокамаштабны націск”.


 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Валеры Грыцук
06.10.2008 20:06

1.стабілізацыйны фонд Росии - гэта 700 млрд
2. гульня , як заусёды будзе да 31 снежня.
3. Эуропа не дасьць ( и зараз ня можа) дыктатару грошы

Расеи трэба неяк трымацца апаошняга хаурусника.


Імя:: Mikola Горад:: З ЭЗ
06.10.2008 22:30

Такое ўражаньне, што ўсёй Беларусі моцна сьвярбіць яшчэ раз згуляці ў нафтавую афэру ў Вэнэсуэле разам з Лукашэнкам і Пуціным. Адзін раз гэтыя хаўрусьнікі згулялі і грошы апынуліся ў банках ЗША на рахунках "Белнафтахіму" - ад радасьці прыйшлося выганяці вон з РБ амбасадарку ЗША. А каго цяпер будзеце выганяці з РБ калі яшчэ 2 млрд. даляраў дзе небудзь замарозяць у Заходніх банках?
А каб Захад даў грошай Беларусі ў пазыку, як кажуць па заходняму трэба музыку іграці і скакаці, пакуль гэтага у РБ не назіраецца. Выбары ж прайшлі горш чым у Афрыцы...Хто растрэльваў зніклых палітыкаў, хто загадаў іх выкрасьці і забіць - тожа маўчыце. Рана вам "таварышчы" беларусы прасіць грошай на Захадзе, трэба перавыхоўвацца і здаваці сваіх крымінальнікаў у міжнародны трыбунал у Гаазе.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb