Нобэлеўская прэмія 2008 за досьледы ВІЧ і раку

06.10.2008 14:55
Ян Максімюк

Сёньня былі названыя прозьвішчы ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны.

Імі сталі францускія дасьледнікі Люк Мантэнье і Франсуаза Барэ-Сінусі ды нямецкі дасьледнік Гаральд цур Гаўзэн. Паводле афіцыйнага паведамленьня, Мантэнье і Барэ-Сінусі атрымалі прэмію “за адкрыцьцё віруса імунадэфіцыту чалавека” (ВІЧ). Цур Гаўзэн быў узнагароджаны “за адкрыцьцё чалавечых папіломавірусаў, якія выклікаюць рак шыйкі маткі”.


Мантэнье (76 гадоў) і Барэ-Сінусі (61 год) адкрылі вірус — які з 1986 году называецца вірусам ВІЧ — у 1983 годзе, калі працавалі ў Інстытуце Пастэра ў Парыжы. У 1984 годзе амэрыканскі лекар Роберт Гала пацьвердзіў адкрыцьцё віруса і дадаткова даказаў, што гэты вірус выклікае хваробу пад назвай СНІД (сындром набытага імунадэфіцыту). Цягам некалькіх гадоў вялася вострая навуковая спрэчка, каму прызнаць першынство і большую заслугу ў адкрыцьці ВІЧ. Справа датычыла таксама і грошай — Францыя і ЗША аспрэчвалі адно ў аднаго права на ганарар за патэнт на аналіз крыві, які выкрывае наяўнасьць віруса ВІЧ у арганізьме. У 1987 годзе абодва бакі — пры непасрэдным умяшаньні прэзыдэнтаў Ф. Мітэрана і Р. Рэйгана — дайшлі да паразуменьня і пастанавілі дзяліцца заслугамі пароўну. Ня выключана, што Нобэлеўская прэмія для Мантэнье і Барэ-Сінусі можа аднавіць колішняе француска-амэрыканскае непаразуменьне.

Досьледы гэтак званых папіломавірусаў, запачаткаваныя нямецкім навукоўцам цур Гаўзэнам (72 гады) у 1970-х гадах, давялі да вынаходзтва прышчэпкі супраць раку шыйкі маткі.

Нобэлеўскую прэмію ў галіне мэдыцыны або фізіялёгіі — згодна з пажаданьнем заснавальніка прэміі, Альфрэда Нобэля — прызнае адмысловы камітэт, утвораны з прафэсараў Каралінскага Інстытуту (Karolinska Institutet), мэдычнага ўнівэрсытэту, які знаходзіцца ў мястэчку Сольна каля Стакгольму.

Сёньняшняя грашовая вартасьць Нобэлеўскай прэміі — 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў (каля 1.4 мільёна даляраў). Цур Гаўзэн атрымае палову гэтай сумы, а Мантэнье і Барэ-Сінусі па чвэрці.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb