Палітыка

Што вязе з сабою Ўладзімер Пуцін?

06.10.2008 08:43

Сёньня ў Менску чакаюць Уладзімера Пуціна. У кіраўніка расейскага ўраду заплянаваная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.



Расейскі прэм’ер-міністар прылятае ў сталіцу Беларусі для ўдзелу ў паседжаньні Савету Міністраў так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Сустрэча Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам выклікае куды больш цікавасьці параўнальна з саюзнымі справамі. Тым больш, што яшчэ два тыдні таму ў Менску афіцыйна распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што расейскі прэм’ер просіць асабістай размовы з кіраўніком беларускай дзяржавы.

Беларускія палітолягі ды і іхныя маскоўскія калегі, якія займаюцца беларускімі справамі, цьвердзяць, што высокі госьць, сымбалічна кажучы, паставіць перад беларускім кіраўніком шалі. На адной чашы будуць ляжаць ільготны крэдыт і нізкія цэны на газ, на другой – прызнаньне Беларусьсю дзяржаўнага сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а таксама свабодны доступ расейскага капіталу ў Беларусь.

Менскі палітоляг Алесь Лагвінец таксама кажа, што вакол гэтага і пойдзе гандаль:

Расея вельмі моцна чакае ад Беларусі прызнаньня самаабвешчаных рэспублік
“Я думаю, што Расея сапраўды вельмі моцна чакае ад Беларусі (і яна казала пра гэта вуснамі свайго амбасадара і праўладных палітолягаў) прызнаньня гэтых самаабвешчаных рэспублік, якія належаць да Грузіі. Калі сёньняшні беларускі рэжым іх прызнае, дык відавочна ёсьць пагроза таго, што Беларусь будзе яшчэ мацней прывязаная да Расеі.

Хаця, я думаю, што сёньня ці ў бліжэйшай пэрспэктыве гэта прызнаньне наўрад ці адбудзецца, паколькі тут для Расеі ёсьць і іншыя вельмі важныя пытаньні. І я думаю, што яна ня будзе да канца спальваць усе масты, патрабуючы толькі аднаго гэтага рашэньня. Размова будзе ісьці і пра льготны крэдыт, і пра магчымасьці прыватызацыі расейскімі кампаніямі тых прадпрыемстваў, якія зьбіраецца прадаваць беларускі ўрад, і г.д.”

Беларусь ужо даволі працяглы час вядзе перамовы з Расеяй аб атрыманьні льготнага крэдыту ў памеры 2 мільярды даляраў. Новы міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец літаральна тры дні таму ў размове з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў выказаў сваё меркаваньне наконт магчымасьці атрыманьня такога крэдыту:

“Мы будуем сумесна саюзную дзяржаву. І таму, зразумела, расейскаму боку не абыякава тое, што адбываецца ў нашай краіне. Было заяўлена на вышэйшым роўні, што пры неабходнасьці Расейская Фэдэрацыя нас падтрымае. Пытаньне тут толькі – у тэрмінах, суме і на якіх умовах гэты крэдыт дадуць. Гэта цяпер якраз і абмяркоўваюць экспэрты. Да нас прыяжджае міністар фінансаў Расеі спадар Кудрын. І мы плянуем наступны раўнд перамоваў на гэтую тэму”.

Яшчэ адна балючая тэма – цэны на расейскі газ. Беларусь настойвае, каб у наступным годзе Расея прадавала яго па 140 даляраў за кожную тысячу кубоў. Расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў ў мінулую пятніцу ня выключыў, што цана можа ўзрасьці да 250 даляраў.

Аглядальніца Тацяна Манёнак, якая стала займаецца гэтай тэмай, прагназуе вялікую складанасьць газавых перамоваў:

Сяргей Сідорскі заявіў, што максымальны кошт – гэта 140 даляраў
“Таму што для Беларусі надзвычай важна дамовіцца ня толькі пра кошты на наступны год, але і на бліжэйшыя некалькі гадоў. Зусім нядаўна беларускі прэм'ер Сяргей Сідорскі заявіў, што максымальны кошт – гэта 140 даляраў. Ён сыходзіць з папярэдніх прагнозаў міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.Але, калі складаліся гэтыя прагнозы, ніхто ня ўлічваў, што кошт нафты так імкліва падвысіцца. І цяпер сытуацыя з нафтай зусім іншая. Але беларускі бок, нягледзячы на гэта, патрабуе, каб кошт быў менавіта такі, які запісалі ў міждзяржаўным пагадненьні напрыканцы 2006 году”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: БелаЭмігрант Горад:: Rodam z BSSR
06.10.2008 09:46

Нізкія цэны на газ і нафту гэта высокія адкаты цяпер ужо на трох Пуціна, Лукашэнку і Мядзведзева, значную частку нафтапрадуктаў і газу "для Беларусі" гэтыя бізнясоўцы перапрадаюць у ЭЗ, а "навар" ідзе на іх рахункі ў Швэйцарыі, Германіі, нават у Аргэнціне.
А вось шантаж прызнаці аннэксію да Расеі грузінскіх зямель будзе гістэрычны па ўсіх парамэтрах, Але цяпер, калі Захад папрасіў Расею дэнансаваць гэтую аннэксію,
Лукашэнка можа ў кішэні фігі паказваць Пуціну, бо для яго і так зямля гарыць на Захадзе пад нагамі,а на Ўсходзе сьвеціць аннэксія РБ у склад губерній Пуцінскай імпэрыі чэкістаў-мачыл. Лукашэнка і так добра ведае, што расейскія шпіёны хацелі яго "замачыці" у Вільні ў 1997 р. і ў Менску летам 2008 р.Для яго кожная размова з галоўным чэкістам-мачылай Расеі пэўны зьдзек над сабою. Спачуваем вашаму прэзыдэнту...

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb