Блогі / Віталь Цыганкоў

Казус Абрамавай, альбо Пусты гранатамёт Кучынскага

01.10.2008 17:21

Калі Вольга Абрамава выйгравала парлямэнцкія выбары ў 2000-м і 2004-м гадах, больш за ўсё мяне ўражвала (і, прызнаюся, раздражняла) яе нахабная (ці наіўная) упэўненасьць, што на выбарах яна перамагае дзякуючы выключна сваім палітычным здольнасьцям і клапатлівай працы з насельніцтвам сваёй акругі. Гэтыя выбары даказалі відавочнае – Абрамаву, як і іншых дэпутатаў, “прызначалі”. А цяпер не прызначылі.

Ведаеце, што больш за ўсё даказвае “намаляванасьць” і апэрэткавасьць вынікаў гэтых выбараў? Не, не параза ў сваіх акругах яркіх апазыцыйных фігураў. Аб’ектыўна кажучы, мы ня ведам, якая рэальная папулярнасьць гэтых асобаў сярод выбарнікаў – экзыт-полаў не было, сацыялягічных апытаньняў таксама не праводзілася, у дэпутаты яны не абіраліся даўно, мы ня ведаем, наколькі яны вядомыя людзям.

“Улады не палічылі патрэбным выставіць вядомага чалавека”

Больш за ўсё пра характар гэтых выбараў гаворыць неабраньне Вольгі Абрамавай і Віктара Кучынскага. Віктар Кучынскі ў беларускі парлямэнт (раней Вярхоўны Савет, цяпер Палата прадстаўнікоў) абіраецца нязьменна ад 1990 году, і ўвесь час па адной, Кобрынскай акрузе. Вольга Абрамава першы раз перамагла ў сваёй акрузе на ўсходзе Менску ў 1995 годзе, яшчэ на дэмакратычных выбарах.

28 верасьня 2008 году Абрамава “набрала” 24 працэнты галасоў. Улады нават не палічылі патрэбным выставіць у яе акрузе нейкага вядомага чалавека (артыста, доктара) альбо мясцовага вэртыкальніка, каб потым можна было казаць, што гэты чалавек настолькі важны і вядомы сярод выбарнікаў, што тыя прагаласавалі менавіта за яго. Улады выставілі раней не заўважанага ў палітычным жыцьці і грамадзкай актыўнасьці 62-гадовага фізыка, галоўнага вучонага сакратара НАН Мікалая Казака. Віктар Кучынскі, які калісьці сказаў легендарную фразу, што гадовы абараняць прэзыдэнта нават з гранатамётам, у сваёй акрузе таксама заняў другое месца – яго “перамог” генэральны дырэктар ЗАТ “Аптымалсэрвіс” Аляксандар Зазуля.

“Нашы героі ня трапілі ў “сьпісы”

Што здарылася? Чаму выбарнікі раптам адвярнуліся ад сваіх дэпутатаў, якія больш як дзесяць гадоў працуюць у акрузе, вырашаючы іхнія канкрэтныя праблемы – Абрамава і Кучынскі, нарэшце, адны зь нямногіх, хто выступаў супраць адмены льгот?

Можа, Аляксандар Лукашэнка недзе публічна выступіў супраць гэтых кандыдатаў? Альбо мясцовыя ўлады разгарнулі шалёную прапагандысцкую кампанію супраць Абрамавай і Кучынскага, закляйміўшы іх як ворагаў стабільнасьці ці прэзыдэнта? Не, нічога такога не было. Проста нашы героі ня трапілі ў “сьпісы”.

Калі Вольга Абрамава выйгравала выбары ў 2000 і 2004 годзе, больш за ўсё мяне ўражвала (і, прызнаюся, раздражняла) яе нахабная (ці наіўная) упэўненасьць, што на выбарах яна перамагае дзякуючы выключна сваім палітычным здольнасьцям і клапатлівай працы з насельніцтвам сваёй акругі. “Вось апазыцыя ня ўмее працаваць з выбарнікамі, – гаварыла Абрамава, – яна са сваёй мовай і дэмакратыяй не разумее іхніх патрэбаў, а я са сваім змаганьнем за камунальныя паслугі ведаю, што трэба людзям”.

Чытаючы гэта, мне хацелася задаць пытаньне: “Вольга Міхайлаўна, няўжо вы не разумееце, што перамагаеце толькі таму, што ўлада вам гэта дазваляе?” І другое: “Як вы думаеце, калі ўлада вырашыць не пусьціць вас у парлямэнт, вы выйграеце гэтыя выбары?”

Калі б Вольга Міхайлаўна шчыра казала: “Так, мяне прызначылі, але я стараюся выкарыстаць гэта дзеля дэмакратыі і маіх выбарнікаў”, – я б зразумеў, гэта было б сумленна.

Зрэшты, адказу на мае пытаньні не давялося доўга чакаць. З пэўных прычынаў на гэтых выбарах Абрамава, Кучынскі, Гайдукевіч, Красуцкі, Касьцян ды іншыя найбольш прыкметныя дэпутаты Палаты ня трапілі ў зацьверджаныя сьпісы “прызначаных” дэпутатаў. Гайдукевіч адчуў адразу, што шанцаў няма і не вылучаўся, рознымі супярэчлівымі заявамі спрабуючы захаваць твар, Касьцян, Красуцкі ды іншыя зьняліся ўжо пасьля рэгістрацыі кандыдатамі (ці дачакаліся прапановаў нейкіх пасадаў, ці ім проста даходліва “растлумачылі”). І толькі Абрамава і Кучынскі пайшлі на выбары, спадзеючыся на сваю папулярнасьць сярод жыхароў акругі. Ці гэта наіўнасьць ці крок адчаю – ня мне меркаваць.

“Ня выбарнікі тут вырашаюць, і ня варта прыкідвацца незалежнай”

Большасьці дэпутатаў Палаты ўсё выключна зразумела – ім “аказваюць давер”, іх прызначаюць, яны ў адказ служаць. Вольга Абрамава як інтэлігентны чалавек ніяк не хацела зьмірыцца з такой фармулёўкай – празаічнай і непрывабнай для яе, такой яркай і здольнай палітычнай фігуры. Але цяпер рэальнасьць зазірнула ў вочы прадстаўніцы “канструктыўнай апазыцыі” – палітычная вага, самастойнасьць і клопат пра выбарнікаў ня маюць ніякага значэньня, больш за тое, гэта падазроныя якасьці. Абрамаву, як і ўсіх іншых дэпутатаў, “прызначалі” і ў 2000-м, і ў 2004-м. А цяпер не “прызначылі”.

Можа, Абрамава рэальна набрала 28 верасьня і 80 працэнтаў – я цалкам такое дапускаю, але ня выбарнікі тут вырашаюць, і ня варта прыкідвацца незалежнай.

Тут такая вядомая псыхалягічная абэрацыя. Калі мы недзе перамагаем, нам здаецца, што гэта выключна дзякуючы нашым здольнасьцям, талентам і намаганьням. Калі прайграем, то – вінаватыя надвор'е, абставіны, варожыя прошукі і гэтак далей. Так і Абрамава, напэўна, прымушала сябе верыць, што яна перамагала дзякуючы сваёй клапатлівай працы па “вяртаньні пэнсіянэрам ільготнага праезду ў дачны пэрыяд”. Не, Вольга Міхайлаўна, вас прызначалі, а вы за гэта павінны былі казаць “дзякуй”. А вы, няўдзячная, галасавалі супраць адмены льготаў. Зрэшты, калі я бачу, як асьцярожна вы даяце інтэрвію пасьля выбараў, калі я чытаю, як вы заклікаеце вашых выбарнікаў не аспрэчваць вынікаў галасаваньня па вашай акрузе, заклікаеце іх спыніць іхні “стыхійны бунт” – я разумею, што для вас ня ўсё страчана. Магчыма, улада яшчэ ацэніць вашу “стрыманасьць”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-11 (з 11)
Імя:: Генадзь Горад:: Менск
01.10.2008 17:41

"За што-е", "зьмагаліся"? То_е. Й, "атрымалі"! Каму? Патрэбныя, " зьдраднікі", ад "вялікага розуму".
"Нікому"!


Імя:: Бенедзікт
01.10.2008 17:53

Добры аналіз паводзінаў "дэпутата" Абрамавай.


Імя:: Валеры Грыцук Горад:: МЕНСК
01.10.2008 21:20

Я згодзен з Цыганковым, больш таго палитыка Абрамавай была увесь час цыничнай. Мне гэта асаблива балиць, таму што я мог перашкодзиць яе дэпутатству. У 1995 г, я быу дэпутатам и кирауником БНФ у Першамайским раёне Менска и вельми проста мог заблакаваць яе выбары.Я карыстауся вяликим аутарытэтам и у мясцовай улады, таму мяне папрасили не перашкаджаць выбару Абрамавай у 1995г. Я не ведаю, ци яна сама, ци нехта, але тады у яе акрузе з явилася антысимицкая улётка. Такая улётка таксама не дазваляла на актыуныя дзеянни супраць Абрамавай, каб БНФ не абвинавацили у антысемитызме. А зараз я ВЕЛЬМИ ЗАДАВОЛЕНЫ "пралётам" г-жи Абрамавай.
Я добра ведаю и Виктара Кучынскага, бо я родам з Кобрына. тут ситуацыя другая. Ён не гуляу у дэмакрата, але проста ягоны гаспадар стамиуся ад яго.
Сёньня ситуацыя ясная: чорна-белая!


Імя:: Ясь
02.10.2008 01:26

Заклікаючы не аспрэчваць вынікі "выбараў", у якія яна сама не верыць, гэтая "канструтыўная апазіцыянерка" мабыць спадзяецца на іншую цёплую пасаду


Імя:: у дадатак
02.10.2008 09:17

Бліскучы камэнтар Цыганкова.

Адзінае, што і ў 1995 годзе "абраньне" Абрамавай адбылося пры дапамозе ўладаў. Тады, прыгадаем, у ВС не патрапіў ніводны з трыццаці дэпутатаў апазыцыі БНФ у папярээднім парлямэнце. Каб не патрапіла палова, ці большасьць, ці каб прайшлі толькі адзін ці два -- было б зразумела. Але не патрапіў НІХТО, не прайшлі супэрвядомыя на той час асобы, у тым ліку Пазьняк. Цяпер зразумела, што гэта была стратэгічная мэта ўладаў -- нікога з БНФ не прапусьціць. Сёньня Абрамава наракае, што як гэта так, прагаласавалі за нейкага невядомага, які нічога выбарнікам добрага не зрабіў, а яе, якая так шмат "дабра" зрабіла для выбарцаў, завалілі. Дык вось, у 1995 годзе Абрамава вылучылася па акрузе, дзе балатаваўся Уладзімер Заблоцкі - намесьнік Пазьняка па апазыцыі БНФ, прэмьер Ценевага Кабінэту, аўтар эканамічных праграмаў і законапраектаў БНФ (некаторыя палажэньні з іх былі ўсё ж прынятыя ВС і ўрадам Кебіча і паспрыялі беларускай эканоміцы). Тое, што зрабіў за часы свайго дэпутацтва для ЎСЯГО беларускага народа Заблоцкі, непараўнальна з асфальтаваньнем вуліц у акрузе. Але Абрамава прапанавала сябе для блакіроўкі Заблоцкага. І ўлада ўжо тады зрабіла на яе стаўку, бо раней менавіта Абрамава адной з першых заявіла пра неабходнасьць двухмоў'я і адпаведнага рэфэрэндума. Выбары ж 1995 г. улады якраз спалучылі з такім рэфэрэндумам. Ужо тады Абрамава спрацавала (ў імя сваіх амбіцый) на палітычны інтарэс улады, прычым яшчэ паспрыяла знявазе вялізнай нацыянальнай каштоўнасьці -- беларускай мовы, якую яна люта ненавідзіць. Усе гэтыя гады Абрамава верна служыла рэжыму (галасаваньне супраць ільготаў -- дробязь у параўнаньні з падтрымкай ідэі легітымізацыі "палаткі").


Імя:: Міхась
02.10.2008 10:53

Я сам у 108-ай акрузе жыву.Помню усе выбары,якія былі з 90-га.Помню ,як заклікала Абрамава спыніць беларусізацыю сярэдніх школ на пачатку 90-х і вярнуць рускамоўе у адукацыю.Напэўна за тое і трапіла у "правільную" апазіцыю.У сённяшняй сітуацыі мне яе зусім не шкада.Гаспадар яе мажліва не пакіне,як трапна заўважыў Цыганкоў.


Імя:: Korj Горад:: Менск
02.10.2008 12:06

"Мне ж падаецца, што канчаткова ён [шанец на дэмакратычнае
разьвіцьцё Беларусі] быў страчаны якраз увосень 1994-га, калі быў заблякаваны закон аб выбарах па зьмяшанай
сыстэме.
...Аргумэнты прыхільнікаў новага варыянту
выбарчага закону, як быццам, успрымаліся. Аднак
потым на трыбуну ўзьнялася, як яе прадставілі,
„палітоляг” Вольга Абрамава (пазьней – лідэр
арганізацыі, якая пазыцыянавала сябе часткай
расейскай партыі „ Яблоко”). Абрамава азнаёміла
прысутных з вынікамі нейкага быццам бы сацыялягічнага апытаньня. Зь яго нібыта вынікала,
што калі выбары пройдуць па новым варыянце
Закону – „ бэнээфаўцы возьмуць 80 працэнтаў
складу парлямэнту, а то і болей”. Гэтае глупства
выклікала шок у дэпутатаў-вэтэранаў.
...Што такі варыянт мог даць Беларусі?
Найперш – Вярхоўны Савет 13 скліканьня меў
бы прынцыпова іншы расклад палітычных сілаў.
За кандыдатаў БНФ на выбарах у 1995 годзе прагаласуе каля мільёна выбарцаў. Гэта значыць, што
ў выпадку наяўнасьці партыйных сьпісаў дэпутаты Фронту мелі б мінімум 20 адсоткаў „ партыйных” мандатаў, гэта значыць – каля 15 чалавек
(гэта мінімум). І нават пры тым, што ніводны дэпутат БНФ не абраўся б па акрузе (што пазьней
і адбылося), БНФ меў бы прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце ў якасьці найменш як пятнаццаці
дэпутатаў.
Зразумела, што ўзначальваў бы сьпіс БНФ і
прайшоў бы ў ВС Пазьняк. Пазьней Лявон Баршчэўскі заўважыў, што менавіта адсутнасьць Пазьняка на сумна вядомых начных перамовах Шарэцкага і членаў Прэзыдыюму ВС з Лукашэнкам пры
пасярэдніцтве Чарнамырдзіна і іншых прадстаўнікоў Крамля ў лістападзе 1996 г. дазволіла падпісаць пагадненьне аб спыненьні імпічмэнту. Сам
Пазьняк на пытаньне, што ён рабіў бы ў той сытуацыі, адказвае, што фізычна выцягнуў бы Шарэцкага за каўнер. У верагоднасьці менавіта такога
варыянту паводзін Пазьняка ў мяне асабіста няма
ніякага сумневу. Аднак быць на тых перамовах
Пазьняк мог толькі ў адным выпадку – калі б меў
статус дэпутата Вярхоўнага Савета (прысутнічалі
ж там Карпенка і Калякін)."
С.Навумчык - 7 гадоў адраджэньня.


Імя:: pmar Горад:: Менск
02.10.2008 16:56

Вольга Міхайлаўна, адкажыце, калi ласка што небудзь.


Імя:: Ясь
02.10.2008 22:31

па першае, мала верагодна,што змагарка з мовай чытае беларускамоўныя сайты, па другое, калі ўлада прызначыла мала вядомага чалавека кандыдатам па яе акрузе, палітолаг Абрамава павінна была зразумець, што дэпутатсву прышоў канец і трэба самой здымацца. Вынікі "выбараў" пакзазалі- любоў народа па акрузе да Абрамавай па афіцыйнай версіі скарацілая з 61% у 2004 да 24% сёлета. Таяж гісторыя і з гранатамётчыкам


Імя:: Эбэнэзэр Дорсэт
02.10.2008 22:40

Меня терзают смутные подозрения, что скоро Абрамова займет место изрядно траченного молью пропагандиста Яўгена Новікава ды стане зь якога-небудзь тэлеэкрану клясьці нацдэмаў, камуністых зь ПКБ ...ад Пазьняка да Петрушэнкі (рэспект!). Не зьдзіўлюся, калі ў падтрымку кінутай на RL выступіць нехта кшталту Шымава-jr


Імя:: Имярек
04.10.2008 19:42

Заинтересована ли партия власти в том, чтобы оппозиционеры осознали всю серость и неумелость своего политического поведения? Не для того ли, чтобы отвлечь оппозиционеров от осознания порочности их политического поведения, партия власти и выводит их на ложный след «фальсификации» выборов? Если Вы не согласны с данным предположением, то назовите хотя бы одну умелую, талантливую, убедительную политическую акцию оппозиционеров с 1994 года, которая, видите ли, не помогла им победить только из-за фальсификаций, «вінаватыя надвор'е, абставіны, варожыя прошукі і гэтак далей».

Камэнтары 1-11 (з 11)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb