Блогі / Сяргей Дубавец

Як жыць?

30.09.2008 14:42
Сяргей Дубавец

Жыць трэба тут і цяпер. Бессэнсоўна чакаць, што “прыйдуць нашы” (і хто такія ў нас цяпер “нашы”?), што Лукашэнка “дрогне”, што Захад прымусіць Ярмошыну правільна лічыць галасы на выбарах...

Бессэнсоўна чакаць таго, ня ведаеш чаго. А тым часам усё драбнейшая наша апазыцыя, усё больш у ёй унутранага разладу, усё менш саграваюць яе заклікі: “Мы – за выборы, но против избирательного фарса!” 15 гадоў мы чакаем, што нешта зьменіцца, хтосьці нават роспачна называе гэтыя гады выкрасьленымі з жыцьця.

Жыць трэба наперад, а не назад ці ўбок.

Калі на пачатку 1990-х апазыцыя засталася ў парлямэнце (а мусіла сысьці пасьля незаконнага неабвяшчэньня рэфэрэндуму) – у яе быў шанец павярнуць сытуацыю на сваю карысьць – калі б яна выйшла на вуліцу. Гэта й быў астранамічны час беларускай сьпеўнай рэвалюцыі. Але дэпутаты вырашылі, што і так ужо зрабілі больш, чым маглі.

Калі ў 1996-м на вуліцу выходзіла 50 тысяч, яшчэ можна было ажыцьцявіць тое, што называюць словам “байкот”. Бо для байкоту сілы павінны быць больш-менш роўнымі. Але тады дэманстрацыі поўзалі па горадзе адно каб нацешыцца сваёй масай, каб накрычацца “Жыве Беларусь!”, і ні да чаго не прыходзілі. Памятаю адзін кур’ёзны выпадак, калі ўся гэтая людзкая маса ўперлася ў рэстаран “Канстанцін”, пастаяла-пакрычала і разышлася.

Наступныя гады ўсё ішло на здрабненьне і страту сэнсу таго, што ўсё яшчэ называлася словам “змаганьне”. Цяпер у краіне няма апазыцыі як сілы. Дакладней, яна ня выяўленая. А тая, што называе сябе апазыцыяй, ператварылася ў лабістаў, якія нашэптваюць Захаду не прызнаваць выбары, увесьці санкцыі для рэжыму і даць на змаганьне-барацьбу, – яны страцілі сувязь з народам.

Што сагравае мне сэрца?

Калі прыяцель кажа мне, што гэтыя выбары ня выбары і – толькі байкот! – я думаю:

а) няўдзел пазбаўлены сэнсу (як і ўдзел таксама);

б) на чым трымаюцца мае спадзевы на перамены, што там за сьвятло ў канцы тунэля, з кім я зьвязваю свае думкі-мары, каб і надалей, пасьля гэтых 15 гадоў, утрымліваць сябе як грамадзяніна ў гэтым квазіпратэстным палітычным кантэксьце?

Інакш кажучы, калі я падтрымліваю непрызнаньне выбараў, палаткі, рэжыму, тады – за што я? Што я падтрымліваю? Што ці хто сагравае мне сэрца? “Толькі Зянон!” – гучыць паэтычна і таму прывабна. Урэшце, гэта адзінае апазыцыйнае дацзыбао, зь якім можна жыць. Але яно ў сэрцы, а жыць трэба тут і цяпер.

Можна, вядома, яшчэ 15 гадоў пакрыкваць “верым, можам, пераможам” і не зьвяртаць увагі на пабочных, якія паглядаюць на цябе ў лепшым выпадку зь непаразуменьнем, у горшым – як на ідыёта.

А рэч у тым, што пабочныя – гэта й ёсьць шматмільённы беларускі народ. Ён галасуе за Лукашэнку, але галоўнае – імкнецца жыць тут і цяпер, наперад, а ня ўбок. Наш апазыцыйны актывізм даўно стаў незразумелым для яго атавізмам 1990-х, калі ён яшчэ мог і прыняць і падтрымаць наш парыў да будаваньня беларускае Беларусі або наш пратэст супраць вяртаньня калхозных русіфікатарскіх парадкаў.

Мы сталі групай гарадзкіх вар’ятаў...

Не скажу, што гэта толькі мы самі загналі сябе на дысыдэнцкую кухню, ясна, што над гэтым сур’ёзна папрацаваў дзяржаўны апарат. Але тое, што сёньня мы сталі групай гарадзкіх вар’ятаў са сваімі “байкотамі” і прынцам на белым кані – гэта факт. Мы, рамантыкі беларускай і дэмакратычнай Беларусі, даўно не жывем ні тут ні цяпер. А хто жыве – той штодня выходзіць з дому, надзеўшы маску “пад звычайнага чалавека” і публічна скідае яе толькі тры разы на год, калі становіцца ў ланцуг неабыякавах людзей.

Жыць у дысэнце па-свойму прасьцей. Табе заўсёды скажуць, калі ўставаць і куды ісьці. Ты ведаеш, што Лукашэнка – дыктатар, Захад нам дапаможа, а твая задача – стварыць адпаведную карцінку. Зь іншага боку, даўно зразумела, што дысэнт – форма існаваньня маскоўскіх інтэлектуалаў 1968 году – ва ўсіх сэнсах ня ёсьць жыцьцём тут і цяпер і ніякім бокам ня можа быць успрыняты шматмільённым народам, які праз тое не перастае быць народам тваім.

Дысэнт ня кожны і вытрымае ва ўмовах, дзе дысэнт больш падобны да сэкты. Яшчэ цяжэй штодня быць двухаблічным і пры тым адганяць назольнае пытаньне – навошта табе гэта трэба. На што і каго ты спадзяесься, з чым і кім зьвязваеш надзею на перамены? Зь ціскам з боку Захаду? Хіба што, бо надзея на ціск з боку Расеі ня спраўдзілася, надзея на сябе заўсёды была прывіднай, а надзея на свой народ сарамліва не агучваецца ўжо шмат гадоў.

Народ цэніць не навуку змагацца, а навуку жыць

“Трэба жыць, як набяжыць” – вядомая мудрасьць думаць пра турботы па меры іх зьяўленьня, а не абрастаць хімэрамі магчымых праблем яшчэ да таго, як яны зьявіліся. У нас шмат хімэраў зьвязаныя з уладай, выбарамі, электаратам. І гэта менавіта хімэры, яны няўчэпныя для нас. Інакш, калі б мы глядзелі на іх як на праблемы, мы не прыходзілі б да выбараў кожны раз аж настолькі разгубленымі і непадрыхтаванымі.

Народ цэніць не навуку змагацца, а навуку жыць. Мы ўсе толькі вучымся жыць ва ўмовах цяперашняй цывілізацыі – без экстрыму і не за працадні. Спэцыфіка дысэнту ў тым, што дысыдэнты якраз у жыцейскім сэнсе не асабліва прыстасаваныя, яны жыць ня ўмеюць і нікога гэтаму не навучаць.

Гаворка зусім не пра матэрыяльны бок справы, хоць ён і хутчэй кідаецца ў вочы. Гаворка найперш пра дачыненьні паміж людзьмі, пра тое што нас яднае, пра агульныя каштоўнасьці, традыцыі, “цёплыя месцы сьвядомасьці”.

Еднасьць

Амаль кожны мой прыезд у Беларусь адзначаецца чарговым адкрыцьцём. Ці то прадавачка ў краме ці білецёрка ў акенку ці чалавек на прыпынку абавязкова зьдзівіцца: “А вы заўсёды размаўляеце па-беларуску?” “А хіба вам болей такія не сустракаліся?” – перапытваю я. А сам сабе думаю – а дзе ж тады жывуць сотні й сотні маіх беларускамоўных знаёмцаў, доблесных палемістаў з інтэрнэт-форумаў, аўтараў кніг, часопісаў, газэт і радыёперадач? Хіба ня тут? Ці – не цяпер?

Апошні такі эпізод адбыўся з паркоўшчыкам на Верхнім горадзе ў Менску. Штохвіліну тут перамяняюцца сотні машын. І прапечаны на сонцы паркоўшчык, пачуўшы маю мову, адразу сам пераходзіць на беларускую: “Гэта ты прыкалываесься ці заўсёды гаворыш па-беларуску?” “А што вам болей такія не сустракаліся?” “Не” – усьміхаецца.

Мне вельмі падабаюцца такія моманты. Бо адчуваньне еднасьці з тым дзядзькам большае за адчуваньне карпаратыўнай повязі на былой Варвашэні 8. Асабліва калі ўсё сканчаецца з выгадай і паркоўшчык – за мову! – скідае табе пару тысяч з васьмі.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-20 (з 31)
Імя:: Стары
30.09.2008 15:49

Cп. Сяргей!
Ці выкладзены ў сеціве Ваш артыкул 1995 (1996 ?) году "НЯ ЗЛОМІШ!", які быў надрукаваны ў "Нашай Ніве". Падкажыце. Вялікі дзякуй. Зь неадменнай павагай


Імя:: zmicer-licvin Горад:: Mensk
30.09.2008 15:54

I адзiн у полi воiн,калi за табой прауда....як Хрыстос,Cакрат-рабi што можаш, што умееш ...улёткi ,газэты ,мову калi -некалi сваю ужывай неабавязкова зараз гэта усё дасьць плён ...Хрыстос таксама ведау што пройдзе пэуны час каб людзi усьвядомiлi веру праз яго вучняу...таму не трэба пэсiмiзму,жыцьцё i так кароткае...


Імя:: Дубавец
30.09.2008 16:18

Старому
Той артыкул быў адказам на рэфэрэндум 1995 году. У сеціве яго няма. Дайце свой адрас на edit@vilnia.com, пашукаю й перашлю.


Імя:: annasev Горад:: менск
30.09.2008 17:22

Вялiкi дзякуй за артыкул, Сяргей. Пасля любых выбарау апошнiя 15 год я ледзь утрымлiваю агiднае пачуцце "скончанага жыцця", таго, што нiчога нельга змянiць, што дзецi мае так i узгадуюцца пры адзiным першаабраным. Я не апазiцыянерка, проста "абывацель", але шмат у каго з нас, "абывацелей", узнiкае i гэтае пачуцце,i гэтае пытанне "як жыць". Дзякуй вам за адказ i сугучнасць настрою. Нават каментар пiшу па-беларуску,напэуна, няумела, прабачце, звычайна я зусiм рускамоуная. Карацей кажучы, вялiкi дзякуй.


Імя:: Іван
30.09.2008 17:52

А я страшна зьнясмачаны гэтым артыкулам. Гістарычныя адсылкі прыдуманыя: 1) сыход з апаўыцыі зь Вярхоўнага Савету нічога не памяняў бы ў хадзе падзей, гэта проста ідэя, якую аўтар тады вылучыў, у большасьць адкінула, 2) у 1996-м на вуліцу выходзіла не 50 тысяч (Дубаўцоў міф), а два разы 20 і адзін раз 30. Выходзіла б тры разы 50, то мы, магчыма, і жылі б у іншай краіне, 3) ад рэстарану Канстанцін (вызначанага ўладамі як месца мітынгу) 2.04.96 людзі пайшлі на дастойную пляцоўку да Палацу спорту і там быў мітынг. Калі аўтар гэтага не памятае, значыць, ён рана сышоў - тыпова для некаторых людзей. Што да гэтага артыкулу, то ў ім многа мізантропіі, мэлянхоліі і мала... рэальнасьці. Калі б аўтар пабыў назіральнікам, ён пабачыў бы, якія "выбары" ў нас. І не паўтараў бы прапагандысцкія міфы пра ўвесь народ, які за, і жменьку тых, якія супраць. Пабачыў бы, што нават пры цяперашнім інфармацыйным тэроры цэлыя гарады і рэгіёны большасьцю падтрымліваюць іншы курс, іншую Беларусь, толькі што ня маюць сілы, каб дабіцца свайго прадстаўніцтва. Сама горш што аўтар не дае ніякіх парадаў - ні ўдзелу, ні байкоту, і ваабшчэ бяз шанцаў. Дык нашто трэба вось такое зудзеньне? Аўтар, лепш не пішы, калі ня маеш нічога, акрамя сваёй жоўці і расчараваньня.


Імя:: Siarhei Горад:: Менск
30.09.2008 18:46

Добра написана...
Думкi i пытаннi, якiя наведваюць час ад часу, але тут выкладзеныя вельмi фiлiгранна.
Дзякуй.


Імя:: Генадзь Горад:: Менск
30.09.2008 23:31

Добра напісана. Й мае станоўчы сэнс.
Але? Сяргей. Што,"рабіць" таму? У каго, па сутнасьці, не засталося, "зьвычайнага" часу "Жыцьця". Ды тым болей, калі ён, "па духу", ваяр.
Цікаць,"Да волі", на "захад". Ці, "проста". "Заспяваць Банародзіцу". Й, пачаць(?!). "Жыць"!


Імя:: Дубавец
01.10.2008 00:01

Генадзь,
у нашага народу ёсьць свой адказ на інтэлігенцкае пытаньне "Што рабіць?" (выбачаюся за грубасьць): пярдзець ды лавіць! Чалавеку з ваярскім духам нічые падказкі не патрэбныя. Зрабеце так, каб у Вас у Менску не зьдзіўляліся кожны раз, маўляў, упершыню чуем ад вас беларускую мову. Нешта перашкаджае? Прыбярыце перашкоды, прынамсі, на сваім шляху. Самы чысты горад, паверце, варты гэтага.


Імя:: Дубатоўк Горад:: Мінск
01.10.2008 08:20

сапраўды добры каментар.
а тым, хто яшчэ пра нейкія гарады і рэгіёны марыць - дзе былі гэтыя вашы гарады 28-га вечарам? не трэба ў Мінск ехаць, на плошчу, няхай бы сабе ў сваіх гарадах і рэгіёнах выйшлі, калі так іх галасы перакруцілі! нешта не заўважыў..


Імя:: 11 Горад:: сяло
01.10.2008 08:53

чалавек жыве за мяжой ужо 15 (ці колькі там?) год, бывае ў менску наездамі і павучае, што нам, тутэйшым, рабіць... прэлесна, няма чаго дадаць


Імя:: ryhorauna Горад:: Барысаў
01.10.2008 10:13

Думала, пасьля паза-пазаўчорашняга карыкатурнага "двойчы шэсьця" не зайду ні ў інэт, ні, тым больш, ня буду пакідаць каментароў. Тым больш, што іх зьмяшчаюць толькі часткова (у т.л. і тут, на сайце "Свабоды"). Ня вытрывала...

Сяргей, а Вы дзе жывяце? Тут і цяпер? А скажыце, калі ласка, а што для Вас сёньня _тут_? Вільня ці Менск? І дзе Вы зараз жывяце (і Вашыя дзеці): _тут_ ці _там_?
Я жыву тут.
Можа, Вы зьдзівіцеся ці не паверыце - але мне ўжо даўно не задаюць пытаньняў, ці я заўсёды "гавару чыста па-беларуску". Хаця, канечне, здараецца... І ў маіх судачыненьнях са знаёмымі і сябрамі (мабыць, сярод іх больш усё ж такі рускамоўных - хаця... ня ведаю - не лічыла) гэты фактар не замінае. Ня ведаю - можа, гэта Вам так шанцуе увесь час на такія пытаньні...

Ня ведаю - можа, і праўда мне ў жыцьці больш шанцуе, чым іншым, - але я не лічу свой народ быдлам (быдла ёсьць - я яго таксама бачыла, але народ - ня быдла). Чаму я так думаю? Проста я гэта бачыла.
Няпраўда, што ўсе нашыя людзі за Лукашэнку (ну, ці "большасьць", калі ня "ўсе" - калі пачаць прыдзірацца да словаў). Нават калі ўзяць пенсіянераў - самы 100-працэнтавы "электарат". Паслухайце, што яны кажуць. Хаця... для гэтага трэба праехацца хоць бы у грамадскім транспарце... і не адзін раз у якасьці экскурсіі, а карыстацца ім пастаянна...
А каб Вы бачылі іх - гэтых бабак - з 21-га па 23-е 2006 па менскім адрасе Кастрычніцкая, 1а зь іхнімі торбамі зь піражкамі, катлетамі, бутэрбродамі... - чаго там толькі не было... Я не кажу пра маладзейшых. Колькі там народу паперабывала. Колькі падыходзілі і казалі: "я не магу тут стаяць, у мяне дома хворыя дзеці (жанчына)... "я не понимаю по-белорусски"... - скажыце, што вам трэба, што вам прынесьці?.. Усе гэтыя людзі нікуды ня дзеліся... яны жывуць _тут_ і _цяпер_. Яны і цяпер тут жывуць.
Ня ведаю, ці Вы іх бачылі.


Імя:: Малады
01.10.2008 13:37

Здаецца, "Наша ніва" пасля выбараў напісала пра тое, што наіўнасць не загана, гэта злачынства, калі яна робіцца жыццёвым прынцыпам для тых, хто павінен весці за сабой. Хто ж спрачаеццца, што трэба гаварыць па-беларуску (я па-беларуску гавару ад 1995 года ўсюды. Дарэчы, недзе года ад 2000-га я практычна не сутыкаюся з неўразуменнем што да маёй мовы.) Вось гэта Дубаўцова наіўнасць - усе дурні, усё безнадзейна, "народ" галасуе за Лукашэнку, прасвету няма - гэта нешта член-саюза-савецка-пісацельскае. Чым Панчанка адрозніваўся ад "такога Дубаўца"? Ці Броўка? Нічым. Мы ўсё панімаем, але што зробіш - народ думае інакш... Дык гэта савецка-гэбоўска-лукашысцкі міф. Блін, даб'емся нармальнага падліку галасоў, даб'емся раўнапраўя СМІ - скуль што возьмецца. І мову пачуеце, і гордасць. Для таго трэба дзейнічаць як Гавэл, Валенса, Ландсбергіс, а не як Броўка. Палітычна трэба дзейнічаць, а не апраўдваць канфармізм. Трэба дзейнічаць навукова, з апорай на сацыялагічныя даследванні. Гаўністасць, самаапраўданне, крыўда на свет цэлы гучаць у сённяшніх дубаўцовых развагах. А ведалі ж мы і іншага Дубаўца.


Імя:: Дубавец
01.10.2008 13:52

ryhorauna,
бачыў. Пра многіх зь іх мы распавялі ў нашай кнізе "Плошча". Мае дзеці (мая дачка) жывуць і працуюць у Менску. Гэты артыкул я напісаў у Вільні, куды пазаўчора вярнуўся зь Менску і адкуль заўтра паеду ў Астравецкі раён. Далей, відаць, будзе Наваградчына, можа быць, Гарадок (хачу), ну й ніколі не абміну родны Мазыр. Сваё "тут і цяпер" я даганяю на колах, і часам мне гэта ўдаецца. Але "Вільня, як вядома, самы прыгожы горад у сьвеце" (М.Гарэцкі).


Імя:: Iгар Горад:: Масква
01.10.2008 15:03

не магу больш назираць тым, што адбываецца у краине. на гэтую бессэнсоунасць. таму зьехау. зьехау да расеи, хаця усё нутро супрациу. не хачу тут жыць. але тут я працую на прафсаюзы и ведаю, што раблю карысную справу, ад якой ёсць пэуны плён. таму у маскве я жыву тут и зараз. а на радзиме никому не патрэбныя мае здольнасци. там наогул нихто никому не патрэбны. адна балтауня, здрада дый абыякавасць. прыкра


Імя:: Карэтнікаў
01.10.2008 19:05

Цудоўны артыкул, абсалютна слушны і актуальны. Дзякуй. Будзем жыць тут і цяпер!


Імя:: Віталь
01.10.2008 19:32

Што яшчэ можна дадаць? - Усё зроблена. Хана дэмакратыі.


Імя:: Таццяна
02.10.2008 10:26

Спадар Дубавец, цудоўны артыкул дзякуй! У тэму, якраз сёння ехала на таксі і дзядзька мне сказаў што за 10 год я 5 чалавек у яго таксоўцы, які па-беларуску размаўляе. Цудоўнага дню!


Імя:: Мэнтар з-за бугра Горад:: Вільня
03.10.2008 19:37

Чаго дамагаецца сп.Дубавец?
Ён прыдумаў сабе позу.Яму падабаецца быць замежным мэнтарам для ідыётаў.Усьцяж павучае нас неразумных. Але добрага выніку аніякага. "дзе ж тады жывуць сотні й сотні маіх беларускамоўных знаёмцаў, доблесных палемістаў з інтэрнэт-форумаў, аўтараў кніг, часопісаў, газэт і радыёперадач?" - з гульлівым патасам выпытвае штатны публіцыст. А яны жывуць так і там дзе жыве "доблесны" наш эмігрант сп.Дубавец. Калі і не ў Вільнюсе,то ў тым жа статусе, з хьвігай у кішэні. Можа сп.Дубавец зарганізаваў нацыянальны корпус зь віленскіх беларусаў,так бы мовіць па месцы свайго цяперашняга 15-гадовага пражываньня? Не. Абсалютовае НЕ. На жаль,беларускае насельніцтва ў Вільнюсе катастрафічна асімілюецца і большай часткай знаходзіцца пад палітычным уплывам апарату лукашэнкаўскай амбасады.


Імя:: Дубавец
04.10.2008 10:47

Дамагаюся паразуменьня, шукаю адпаведных часу формаў традыцыйнае этыкі, таму задаюся пытаньнем – як? – галасаваць, жыць, любіць, яднацца, быць сабой, паміраць... Не хаваюся за мянушкай, але й ня маю патрэбы прыдумляць “позу”. Калі знаходжу аднадумцу або ахвочага суразмоўцу (а звычайна знаходжу шмат), лічу гэта добрым вынікам. Паразуменьне магчымае, калі суразмоўца памыляецца, калі ж расплёўваецца – не. Калі ананімны камэнтатар піша не па сутнасьці тэксту, а пра асобу аўтара, прычым яўную напраўду, тады наш добры інтэрнэт ператвараецца ў “дом з пацукамі” (гл. http://naviny.by/rubrics/opinion/2007/12/12/ic_articles_410_154430/). Але на няпраўду трэба адказваць, бо яна вядзе нас ад паразуменьня, а не да яго. Па-першае, я ня “штатны публіцыст”, бо ні ў якім “штаце” не “састаю”. Па-другое, не “эмігрант”, бо жыву на этнічнай тэрыторыі свае Радзімы, маю беларускі пашпарт і ўсе мае справы – у Беларусі і ў беларушчыне. Па-трэцяе, “хвігі ў кішэнях” не паказваю (у тым ліку і зараз -- майму апанэнту). Па-чацьвертае, у Вільні я больш-менш стала з 1978 году, калі быў прызваны сюды на тэрміновую службу, у 1991-м мы стаялі пад Літоўскім парлямэнтам і тады ж у Вільні пачала выходзіць адноўленая “Наша Ніва”. Гэта значыць, “15-гадовае пражываньне” – таксама няпраўда. Што да віленскіх беларусаў, якія “катастрафічна асімілююцца”, дык варта спытацца пра гэта не ў “публіцыстаў” і “мэнтараў”, а ў лідэраў дыяспары. На маю прыватную думку, яны апошнія 15 гадоў (тут гэтая лічба будзе на месцы) шмат зрабілі для разбурэньня беларускае супольнасьці ў Вільні, калі ад суполак адышлі найбольш аўтарытэтныя і крэатыўныя са старэйшых і маладзейшых беларусаў, а таксама для прафанацыі беларушчыны (убогія сьвяты, убогія сядзібы, убогія шыльды па горадзе). Сёлета перад 25 Сакавіка была спроба паразуменьня, але ініцыявалі яе ня лідэры дыяспары, якія засталіся пры сваім, у сваіх гермэтычна закрытых суполках. Пасьля трагічнае гібелі Валеры Місюка сёлета ўлетку (многія верылі, што ён, новы чалавек, аб’яднае беларусаў) пэрспэктыва “нацыянальнага корпусу” выглядае зусім прывідна. На мой погляд. Зь іншага боку, гэта аб’ектыўнае адлюстраваньне сытуацыі ў самой Беларусі, дзе таксама спадзевы на перамены зьвязваюцца са зьменаю цэнтральнай фігуры, паразуменьне зь якой немагчымае ў сілу яе закрытасьці, самадурства і аўтарытарызму.


Імя:: зеня Горад:: менск
04.10.2008 20:11

на які час пакідалі аўто сп.Сяргей?Здаецца Вас кінулі?

Камэнтары 1-20 (з 31)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb