Культура

Адаму Глобусу сёньня 50

Адам Глобус

29.09.2008 19:36

“Для мяне самае галоўнае ў гэтым сьвеце — любіць. Тым больш што я веру, што любоў бывае толькі ўзаемнай. Калі ты любіш гэты сьвет — ён табе адплачвае сваёй любоўю”.


Аднаму са стваральнікаў нефармальнага моладзевага літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя”, аўтару кніг “Парк”, “Адзінота на стадыёне”, “Сьмерць — мужчына”, “Дамавікамэрон”, “Толькі не гавары маёй маме”, “Койданава”, “Новы дамавікамэрон”, “Post scriptum”, “Тэксты”, “Браслаўская стыгмата”, “Сшыткі”, “Дом”, “сУчасьнікі” і іншых сёньня споўнілася паўвека. Свой юбілей Адам Глобус сустрэў у гішпанскай Барсэлёне. Да яго датэлефанавалася Валянціна Аксак.

Пра творчасьць Адама Глобуса ходзяць самыя розныя чуткі і паданьні, часта даволі скандальнага зьместу. Асабліва вакол кніг яго адметнай прозы “Дамавікамэрон” і “сУчасьнікі”. Але ў ягонай паўвекавой душы па-ранейшаму жыве юначы рамантык і закаханы ў жыцьцё лірык. Пэўна, таму з усіх жанраў, падуладных ягонай музе, любімым засталася паэзія.

“Вершы больш за ўсё адпавядаюць мне як чалавеку. Цяпер вершы пішуцца вельмі рэдка, але гэта не азначае, што я іх менш люблю”.

За пражыты час пісьменьнік выснаваў для сябе вельмі простыя рэчы.

“Для мяне самае галоўнае ў гэтым сьвеце — любіць. Тым больш што я веру, што любоў бывае толькі ўзаемнай. Калі ты любіш гэты сьвет — ён табе адплачвае сваёй любоўю”.

Да свайго юбілею Адам Глобус атрымаў падарунак ад выдаўцоў: выйшлі адразу тры яго новыя кнігі. Адна зь іх — зборнік дэтэктываў “Замак”, другая — гэта зборнік эсэ і накідаў пад назовам “Play.by”, і трэцяя — кніга выбранай прозы “Convolutus”.

Пачынаў жа будучы паэт і празаік як мастак, у 1983 годзе ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З таго часу жыве ў ім няспраўджаная мара — зрабіць манумэнтальны росьпіс на нейкім цудоўным будынку, які б распавёў усю гісторыю Радзімы. Эскізы гэтага росьпісу ён стварыў трыццаць гадоў таму. Прычыны неўвасабленьня мары, — кажа Адам Глобус, — у самім нашым жыцьці.

“Наша краіна ня мае такога аб’екту, дзе патрэбен быў бы мастак, які расказаў бы ўсю гісторыю нашай Беларусі ня ў кніжцы, а ў карціне, у шэрагу карцін, у росьпісах”.

На пытаньне ж, што сам сабе пісьменьнік пажадаў у свой пяцідзясяты дзень народзінаў, ён адказаў:

“Каханьня. Я заўсёды сабе жадаю каханьня, таму што веру, што каханьне таксама бывае толькі ўзаемным”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Стары
29.09.2008 20:44

Калі сп. Адам скажа, што ён стаміўся быць маладым, то я яму паверу. Калі скажа, што пасталеў - не.


Імя:: Фрабел.
30.09.2008 12:05

Глобус - моцны беларус,а вось,як асоба,то
... шмат пытанняў.
“Для мяне самае галоўнае ў гэтым сьвеце — любіць." Дык вось,ён любіць толькі сябе ў першую чаргу.
Ды як змагар - нуль.


Імя:: Адам Глобус
04.10.2008 16:27

Фрабел, я такім кажу... [ВЫДАЛЕНА ЗА ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВІЛАЎ ФОРУМУ :)]

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb